На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 29,1 тыс.чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.
Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш.пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.
Вегетац. перыяд 207 сут. Найб.р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб.меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял.Лукава; бат.мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-патрыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 46,3 тыс.га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛ,
горад, цэнтр Мядзельскага р-на Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 160 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. 7,7 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў у 11 ст. памежны горад Полацкай зямлі. Да 20 ст. падзяляўся на Стары і Новы М. Стары М. упамінаецца ў 1454 з нагоды буд-ва тут касцёла; уладанне Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабоўскіх, Кошчыцаў, Дваржэцкіх, Козел-Паклеўскіх. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 разбураны і разрабаваны. З 1736 мястэчка Віленскага ваяв. У 1754 пабудаваны касцёл і кляштар. У 1762 атрымаў магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1886—254 ж., царква, яўр. малітоўны дом, царк.-прыходская школа, бровар, піваварня, карчма. Новы М. вядомы з 1463. У 1519 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 разбураны. Драўляным мостам злучаўся з каралеўскім замкам на востраве воз. Мястра (гл.Мядзельскі замак). З 1588 уладанне Сапегаў, Бжастоўскага, М.Аскеркі, Ф.Праўскага. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. выраблялася Мядзельская кафля. З 1793 у Рас. імперыі, казённае мястэчка. У 1885—713 ж., 95 двароў, цэнтр воласці Вілейскага пав., царква, касцёл, сінагога, капліца, нар. вучылішча, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фельчарскі пункт. З 1921 М. у Польшчы, цэнтр гміны Дунілавіцкага (з 1925 Пастаўскага) пав. Віленскага ваяв., 825 ж., 170 двароў, 2 касцёлы, царква, мячэць, гарбарня, аптэка, млын. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр Мядзельскага раёна Вілейскай вобл. і сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 420 чал., 3079 вывезлі на работы ў Германію. Вызвалены 4.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1959 гар. пасёлак, з 1998 горад.
Працуюць хлебазавод, камбінат каап. прам-сці, лясгас, майстэрня па рамонце быт. тэхнікі. Мядзельскі музей народнай славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія (18 ст.). Помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬ,
горад у Гродзенскім р-не на р. Скідзелька. За 30 км ад Гродна. Чыг. станцыя на лініі Гродна—Масты; вузел аўтадарог на Гродна, Ліду, Масты, Азёры, Астрыну. 11,3 тыс.ж. (2001).
Вядомы з пач. 16 ст. як велікакняжацкі двор з воласцю ў Гродзенскім пав.ВКЛ. З 1588 С. — каралеўскі двор Гродзенскага староства Трокскага ваяв., адм.-гасп. цэнтр воласці. Паводле прывілея 1644 караля Уладзіслава IV у С. праводзіліся 2 кірмашы на год, таргі 2 разы на тыдзень. З 1783 мястэчка Гродзенскай эканоміі, цэнтр ключа. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. У 1885 — цэнтр воласці Гродзенскага пав., 1531 ж., гарбарная прамысловасць, бровар, нар. вучылішча (з 1860), 2 царквы, 4 крамы, аптэка, таргі. У 1897—2790 ж., 482 будынкі, бальніца. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 — гар. пасёлак. цэнтр Скідзельскага раёна і сельсавета (з 12.10.1940) Беластоцкай, з 20.9.1944 — Гродзенскай абл. 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў С. лагер смерці і загубілі там 2330 чал. На тэр раёна дзейнічалі Скідзельская раённая антыфашысцкая арганізацыя і Скідзельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. 14.7.1944 С. вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 25.12.1962 у Гродзенскім р-не. У 1967 у межы С. ўключаны нас.пункт Саўгас Скідзельскі і пас. Цукровы Завод. У 1973—8,6 тыс.ж. З 30.1.1974 горад.
Працуюць прадпрыемствы: адкрытыя акц. т-вы «Скідзельскі цукровы камбінат» і «Гроднахлебапрадукт», Скідзельскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, племптушкарэпрадуктар «Юбілейны», камбінат быт. абслугоўвання і інш.; цэнтр саўгаса «Скідзельскі». У горадзе 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, З б-кі, 2 дамы культуры, музей бел. паэта Міхася Васілька. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы камсамольцаў-падпольшчыкаў, магіла ахвяр фашызму, помнік камсамольцам-падпольшчыкам. Помнікі архітэктуры: царква Міхаіла Архангела (1851), касцёл Успення Маці Божай (1870-я г.), Скідзельскі парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА ПРЫДАРО́ЖНАЯ,
розныя паводле характару і прызначэння збудаванні ці інш. аб’екты. якія ставяцца ўздоўж дарог і спалучаюць рысы скульптуры і архітэктуры малых форм; жанр манументальнага мастацтва. С.п. рэліг. і мемар. характару вядома здаўна ў многіх краінах свету (слупы са скульптурамі ў Індыі, скульптуры багоў і герояў у Стараж. Грэцыі). У выніку хрысціянізацыі ў Еўропе, у т. л. на ўсх.-слав. землях, вял. пашырэнне атрымалі прыдарожныя крыжы і каплічкі. На Беларусі С.п. вядома ад язычніцкіх часоў, склалася як духоўная традыцыя бел. народа. Лаўрэнцьеўскі летапіс (14 ст.) упамінае пра звычай у радзімічаў і крывічоў пахавання каля дарог, які быў звязаны з міфалагічнымі вераваннямі ў апошні адыход і абароннае значэнне праху продкаў. Пасля хрысціянізацыі і асабліва ў перыяд сярэдневякоўя пашырылася буд-ва прыдарожных крыжоў і каплічак са скульпт. выявамі. Яны прызначаліся найперш для пакланення, а таксама мелі знакава-інфарм. значэнне. Ставілі іх звычайна на скрыжаваннях, раздарожжах ці на ўездах у населены пункт. У кампазіцыю ўключалі скульпт. выявы Хрыста, Дзевы Марыі, святых. Аздабленне адметнае высокім узроўнем разьбы па дрэве, коўкі металу. У ваен. часы ўздоўж дарог будавалі помнікі, якія нагадвалі пра гіст. падзеі і якім пакланяліся (Мілавідская мемарыяльнай капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца). Пасля Вял.Айч. вайны каля дарог пастаўлена вял. колькасць помнікаў, мемар. комплексаў, звязаных з брацкімі пахаваннямі і ваен. дзеяннямі, якія тут вяліся (Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Рыленкі); яны ўключаюць у свае кампазіцыі элементы С.п. З 1960-х г. распаўсюдзіліся сімвалічныя манум.-дэкар. збудаванні на межах краіны, абласцей, раёнаў, гарадоў, у афармленні якіх выкарыстоўваюцца элементы старых гербаў, новая геральдыка. Архітэктура малых форм уздоўж аўтамаб. дарог прадстаўлена рознымі аб’ектамі добраўпарадкавання (аўтобусныя павільёны, навесы, альтанкі, кветнікі, паказальнікі і інш.). У іх аздабленні выкарыстоўваюцца фалькл. матывы дэкар. мастацтва і нар. дойлідства (прыдарожны знак каля павароту на ўрочышча Бервянец па дарозе Стоўбцы—Мікалаеўшчына, паказальнік у Купалаўскім мемар. запаведніку «Вязынка» і інш.).
А.С.Сардараў.
Да арт.Скульптура прыдарожная. Капліца на ўскраіне вёскі Квяткоўцы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Скульптура прыдарожная. Крыж у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ РАЁН,
на ПнУ Мінскай вобласці Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 3 тыс.км². Нас. 50,1 тыс.чал. (1995). Сярэдняя шчыльн. 16,7 чал/км². Цэнтр — г.Барысаў, 305 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Аздзяціцкі, Бродаўскі, Весялоўскі, Вяляціцкі, Глівінскі, Забашавіцкі, Зачысценскі, Зембінскі, Іканскі, Карсакавіцкі, Кішчынаслабодскі, Лошніцкі, Майсееўшчынскі, Мётчанскі, Мсціжскі, Навасёлкаўскі, Неманіцкі, Перасадскі, Прыгарадны, Траянаўскі, Хаўхоліцкі, Чарневіцкі.
Тэр. раёна займае паўн.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўд.ч. Верхнебярэзінскай нізіны і ПнУ Мінскага ўзвышша. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш.пункт 260 м (каля в. Дзядзілавічы). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 647 мм за год. Вегетацыйны перыяд 187 дзён. Гал. рака — Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Пліса, Рова (справа), Сха, Мужанка, Бобр (злева). На Пнвоз. Палік. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 54% тэрыторыі; вял. масівы на Пн і З; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Агульная пл. балотаў 12 тыс.га, балотныя масівы — Цна, Карма, Лісінскае і інш. У межах раёна — паўд.ч.Бярэзінскага біясфернага запаведніка і біял. заказнік Чэрнеўскі.
Пад с.-г. ўгоддзямі 102,7 тыс.га, з іх асушаных 23,5 тыс.га. На 1.1.1995 у раёне 21 калгас і 8 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля і льнаводства, пашыраны пасевы збожжавых, кармавых культур, бульбы і гародніны. Птушкагадоўля. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), металаапр. і харч. (крухмал, кансервы) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Орша і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі на Плешчаніцы, Беразіно, Бягомль. Суднаходства па Бярэзіне. У раёне 27 сярэдніх, 8 базавых, 10 пачатковых і 1 спарт. школы, 37 дашкольных устаноў, 52 бібліятэкі, 43 клубныя ўстановы, 2 паліклінікі, 4 амбулаторыі, раённая і 9 сельскіх участковых бальніц. Помнікі прыроды: геал. разрэз Мурава, Барысаўскае лесанасаджэнне. Помнікі архітэктуры: цэрквы 2-й пал. 19 ст. ў вёсках Бытча і Зембін, касцёл пач. 19 ст. ў в. Зембін, царква 19 — пач. 20 ст. ў в. Зорычы. Мемар. комплекс у гонар перамогі рус. войскаў над Напалеонам пры пераправе цераз р. Бярэзіна ў 1812 (каля в. Брылі). Выдаецца газ. «Адзінства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААМЫ́НЬ (партуг. Макао),
тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц. — г. Аамынь. Нас. 497 тыс.чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш.Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.
Тэр. Аамыня са стараж. часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.
Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сцьтэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар.гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн.гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ РАЁН,
на ПдЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,2 тыс.км². Нас. 36,1 тыс.чал. (1997), гарадскога 29,6%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Докшыцы, г.п.Бягомль, 277 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 10 сельсаветаў: Бярозкаўскі, Бярэзінскі, Ваўкалацкі, Докшыцкі, Крулеўшчынскі, Крыпульскі, Параф’янаўскі, Парплішчанскі, Сітцаўскі, Тумілавіцкі.
Большая ч. раёна ў межах Верхнебярэзінскай нізіны і Нарачана-Вілейскай нізіны, на Пн адгор’і Свянцянскіх град, на ПдМінскае ўзвышша. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 160—200 м, найвыш.пункт 264,4 м (каля в. Лусцічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, легкаплаўкія гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C. Ападкаў 623 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі Бярэзіна з Поняй (бас. Дняпра), Вілія і Сэрвач (бас. Нёмана). Найб. азёры Сэрвач, Плаўна, Вольшыца, Медзазол, Межужол, Манец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 44% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і бярозавыя лясы. На тэр. раёна Бярэзінскі біясферны запаведнік, гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння: Верхневілейскі, Галубіцкая пушча, Сэрвач. Помнік прыроды — дуб (узрост больш за 450 гадоў) у парку в. Сітцы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 82,7 тыс.га, з іх асушаных 24,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 14 калгасаў, 7 саўгасаў, 55 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства і малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў, паліўнай (торфабрыкет), харч. (кансервы, кандытарскія вырабы, вытв-сць він і спірту і інш.), лёгкай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Полацк—Маладзечна, Крулеўшчына—Глыбокае, аўтадарогі Глыбокае—Докшыцы—Бягомль, Лепель—Бягомль—Плешчаніцы, Ушачы—Докшыцы—Вілейка. У раёне 16 сярэдніх, 12 базавых, 7 пач. школ, 1 вочна-завочная школа, дапаможная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт., 2 муз. і дзіцячая школа мастацтваў, 19 дашкольных устаноў, 38 клубаў, 43 б-кі, 8 бальніц, 2 амбулаторыі, 23 фельч.-ак. пункты, санаторый «Лясное» і санаторый-прафілакторый «Баравое». Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.) у в. Ваўкалаты, царква (18 ст.) у в. Камайск; касцёл Іаана Хрысціцеля (1908) у в. Параф’янава; Спаска-Праабражэнская царква (1627) у в. Порплішча; брама (пач. 18 ст.) і Георгіеўская царква (1913) у в. Сітцы; Юр’еўская царква (1870) у в. Тумілавічы. Выдаецца газ. «Родныя вытокі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІ РАЁН,
на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Каралінскі р-н, перайменаваны (1931) у Ельскі (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 23,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 51,7%. Сярэдняя шчыльнасць 17,3 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Ельск, 70 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Багуціцкі, Валаўскі, Засінцаўскі, Качышчанскі, Млыноцкі, Рамязоўскі, Роза-Люксембургскі, Скараднянскі, Старавысокаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Поўнасцю адселена 5 нас. пунктаў (1996), у зоне з правам адсялення знаходзяцца 46 нас. пунктаў, дзе пражывае 18,8 тыс. чал.
Тэр. раёна пераважна ў межах Мазырскага Палесся, цэнтр. і паўд.-ўсх.ч. ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня пласкахвалістая. 75% тэр. раёна на выш. 130—140 м, 25% — 140—160 м. Найвыш.пункт 177,8 м на Пд раёна (урочышча Ямны). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, нафтавыя праяўленні, мінер. крыніца. У Е.р. ў 1952 упершыню на Беларусі атрымана са свідравіны нафта (18 т). Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. У паўд.ч. раёна працякае р. Славечна з прытокамі Чэрцень, Батыўля, Ясенец, Жалонь, на ПнУ — Мытва з прытокам Млынок. Меліярац. каналы: Белякоўскі, Воўне, Высокі, Высока-Махнавіцкі, Валаўскі, Зашыр’еўскі і інш. 10 вадасх., найб. Кочышча, Бабруйкаўскае, Княжабор’еўскае. Пераважаюць глебы (79,3%) дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 53% тэрыторыі. Найб. лясістасць на ПдЗ, лясы хваёвыя і бярозавыя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць 16,9% тэр., усе асушаны. Найб. балотныя масівы: Гала, Перасечанае балота.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 45,4 тыс.га, з іх асушаных 27,6 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 6 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэблевая ф-ка), буд. (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.) і харч. прам-сці. Леспрамгас. Лясгас.
Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Калінкавічы—Оўруч (Украіна), нафтаправод «Дружба». Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Нароўля і г.п. Лельчыцы. У раёне 13 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пачатковыя, 2 муз. школы, школа-інтэрнат, міжшкольны вытв.-вучэбны камбінат, 18 дашкольных устаноў, 38 клубаў і дамоў культуры, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — царква (18 ст.) у г. Ельск. Выдаецца газ. «Народны голас».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКАЎСКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,7 тыс.км². Нас. 25,7 тыс.чал. (1997), гарадскога 48,6%. Сярэдняя шчыльнасць 37 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жабінка, 98 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Азяцкі, Крыўлянскі, Ленінскі, Пятровіцкі, Сцяпанкаўскі, Хмелеўскі, Якаўчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Брэсцкага Палесся, на Пн заходзіць Прыбугская раўніна. Паверхня нізінна-раўнінная, 80% тэр на вышынях да 150 м. Найвыш.пункт 181 м (за 6 км на Пн ад в. Сцяпанкі). Карысныя выкапні: торф, суглінкі, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 523 мм за год. Вегетац. перыяд 205 сут. У цэнтр.ч. раёна з У на ПдЗ працякае р. Мухавец з прытокамі Рыта, Трасцяніца, Асіпоўка, Палахва і Жабінка; меліярац. каналы Чорны Роў, Сяхновіцкі, Барысаўскі і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя (36,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,8%), дзярнова-падзолістыя (18,5%). Пад лесам 18,8% тэр.Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя і інш., штучныя насаджэнні складаюць 10%. Балоты займаюць 0,17% тэр.Найб. балотны масіў Гатча-Восаўскае на Пд. Заказнік мясц. значэння «Непакойчыцы», зона адпачынку Сасновы Бор, 5 помнікаў прыроды — 3 дубы чарэшчатыя, сасна веймутава, ліла драбналістая.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 46,7 тыс.га, з іх асушаных 23 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 10 калгасаў, 2 саўгасы, рыбгас «Сакалова». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі. Вырошчваюць буракі, лён, збожжавыя і бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя і хлебабулачныя вырабы, цукар, безалкагольныя напіткі), Жабінкаўскі цукровы завод; паліўнай (торфабрыкет); будматэрыялаў і камбікормавай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель, аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец; нафтаправод «Дружба», транзітныя газаправоды. У раёне 9 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач., 3 муз. школы, 2 садкі-школы, 13 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 26 б-к, 2 бальніцы, 13 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Буг». Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Азяты, Пакроўская царква (1761) у в. Арэпічы, Мікалаеўская царква (1727) у в.Вял. Сяхновічы, Мікітаўская царква (пач. 16 ст., перабудавана ў 1787) у в. Здзітава, царква (1720) у в. Маціевічы, Міхайлаўская царква (1780) у в. Сцяпанкі, Праабражэнская царква (1725) у в. Хмелева, Уладзімірская царква (1894) у в. Чыжэўшчына, рэшткі замка (17 ст.) у в. Крыўляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,
на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс.км². Нас. 51,2 тыс.чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш.пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-растудз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр.Найб. лясістасць на Пн, З і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр.Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш.Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс.га, з іх асушана 33,5 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.
Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.