гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс.ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.І.Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр.з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс.ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.
Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял.Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭ́ХНІКА,
навука аб метадах генерацыі, распаўсюджвання ў прасторы, прыёму і выкарыстання радыёхваль; галіна тэхнікі, якая ажыццяўляе распрацоўку, выраб і выкарыстанне радыёапаратуры. Асн. прынцып — выкарыстанне энергіі эл.-магн. поля для перадачы інфармацыі. Грунтуецца на дасягненнях фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела, тэорыі ваганняў і інш., а таксама тэхналогіі вакуумных і паўправадніковых прылад, вытв-сці крыніц электрасілкавання, тэхнікі высокачастотных вымярэнняў і інш.
Даследаванні М.Фарадэяэл. і магн. палёў (1831) далі пачатак вучэнню аб распаўсюджванні эл.-магн. поля без правадоў. На іх аснове Дж.К.Максвел абгрунтаваў аднолькавасць прыроды светлавых і эл.-магн. хваль (1864), што пацверджана эксперыментальна Г.Герцам (1888). У 1895 А.С.Папоў прадэманстраваў сістэму перадачы — прыёму радыёсігналаў, прыдатную для практычнага выкарыстання. На пач. этапе развіцця Р. створаны прасцейшыя перадавальныя і прыёмныя радыёапараты для забеспячэння радыёсувязі. Далёкасць і якасць радыёсувязі істотна выраслі з пераходам на слыхавы прыём сігналаў і выкарыстаннем дэтэктара. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць стварыць магутныя радыёперадатчыкі, высакаякасныя радыёпрыёмнікі і інш. радыёапаратуру, значна павялічыць далёкасць радыёсувязі, развіць радыётэлефанію і радыёвяшчанне, перадаваць відарыс — фотатэлеграфію і тэлебачанне. Дасягненні Р. садзейнічалі ўзнікненню новых галін навукі і тэхнікі: радыёастраноміі, радыёметэаралогіі, радыёспектраскапіі і інш. На аснове Р. і электронікі ўзнікла радыёэлектроніка. Павышэнню эфектыўнасці радыётэхн. апаратуры садзейнічала выкарыстанне паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, малекулярных і параметрычных генератараў і ўзмацняльнікаў, квантавых генератараў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р. вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ і інш.; працуюць радыётэхн. з-ды, якія выпускаюць радыёпрыёмнікі, тэлевізары і інш. радыётэхн. апаратуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЫ́Я ДАРО́ГІ,
горад, цэнтр Старадарожскага р-на Мінскай вобл.Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Асіповічы, на аўтадарозе Бабруйск—Слуцк. За 148 км ад Мінска. 12,1 тыс.ж. (2001).
Вядомыя з 1524 як сяло Дарогі Глускай вол. ў ВКЛ. Уласнасць Гальшанскіх, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, з 1846 дзярж. ўладанне. З 1565 у Навагрудскім ваяв. З канца 16 ст. мястэчка на Слуцка-Бабруйскім тракце. У канцы 17 ст. за 6 км на У утварылася аднайм. паселішча, таму мястэчка атрымала назву С.Д. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, вёска, з 1861 у Новадарожскай вол. Бабруйскага пав. У 1886—271 ж., 40 двароў. З 1896 за 2 км на З заснавана аднайм.чыг. станцыя Лібава-Роменскай чыгункі, новае паселішча вакол яе дало пачатак сучаснаму гораду С.Д. З 17.7.1924 цэнтр Старадарожскага раёна. З 27.9.1938 — горад. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 1423 чал., разбурылі горад; дзейнічала Старадарожскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 28 чэрв. воінамі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944.
Працуюць масла-, хлеба-, пладова-агароднінны, мех. з-ды, цэх безалкагольных напіткаў, швейная ф-ка, лясгас; 4 сярэднія, мастацтваў, спарт., завочная школы, дзіцячы дом, Дом культуры, Старадарожскі мастацкі музей, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, камбінат быт. паслуг; дзейнічае Свята-Мікалаеўская царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: Вызвалення, воінам-вызваліцелям, партызанкам-падпольшчыцам Г.Каралёвай і С.Бабаковай, ахвярам фашызму «Рэквіем», воінам-афганцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЛА,
гарадскі пасёлак у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., прыстань на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні р. Ула. За 27 км на ПнЗ ад Бешанковіч, 80 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Лоўжа на лініі Віцебск—Полацк; аўтадарогамі злучана з Бешанковічамі, Лепелем, Ушачамі. 1,2 тыс.ж. (2002).
Вядома з 14 ст. ў Полацкім княстве, з 16 ст. мястэчка ў Полацкім ваяводствеВКЛ. Належала Кішкам, потым Жабам. У Інфлянцкую вайну 1558—82 паводле загаду Івана IV Грознага пабудаваны Ульскі замак. 6.1.1564 пад У. адбылася Ульская бітва 1564. У 1577 атрымала магдэбургскае права і герб: у чырв. полі замак з вежай пасярэдзіне. У 16—18 ст. належала кн. Быстрыцкім, Лукомскім, Ржэцкім, Патоцкім, Рэутам, А.Д.Меншыкаву Паводле інвентара 1764, у горадзе да 600 ж., 187 двароў Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) У. ў складзе Рас. імперыі. гандл. мястэчка, цэнтр воласці Лепельскага пав., прыстань, 2 гарбарныя і піваварны з-ды, млын, школа. У канцы 19 ст. каля 2,5 тыс.ж., больш за 200 дамоў, царква, касцёл, 48 крам. У 1924—31, 1946—56 цэнтр Ульскага раёна. З 1938 гар. пасёлак. З ліп. 1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1931—46 і з 1956 у Бешанковіцкім р-не.
Працуюць хлебапякарня, сярэдняя школа, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, дзіцячы сад, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 665,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).
Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).
Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн.т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-растудз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.
Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш.араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс.ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст.н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл.ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд.дол. (1994), каля 20 тыс.дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн.т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж.Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн.т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс.га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс.га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс.км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд.дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд.дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКІ РАЁН,
на ПдУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 17 тыс.чал. (1996), гарадскога 29%. Сярэдняя шчыльн. 9 чал./км². Цэнтр — г.п.Брагін; г.п.Камарын, 83 сельскія нас. пункты, падзяляецца на 12 сельсаветаў: Асарэвіцкі, Астраглядаўскі, Верхняжараўскі, Вуглоўскі, Крыўчанскі, Малейкаўскі, Малыжынскі, Мікуліцкі, Новаялчанскі, Спярыжскі, Хракавіцкі, Чамярыскі. Раён асабліва пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. Насельніцтва 47 вёсак адселена.
Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня — слабахвалістая раўніна. Пераважаюць выш. 110—120 м над узр. м., найвыш. пункт 134,4 м. Карысныя выкапні: торф, гліна. Сярэдняя т-растудз. -6,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 533 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Верхняя Брагінка, Сярэдняя Брагінка і Ніжняя Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя забалочаныя. Пад лясамі 31% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя лясы. 64,3 тыс.га (32,8%) тэр. раёна займае Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 57,4 тыс.га, з іх асушана 45,8 тыс.га, выкарыстоўваецца 28,7 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў і 2 саўгасы. У выніку радыеактыўнага забруджання тэрыторыі значна скараціліся мяса-малочная жывёлагадоўля і пасевы збожжавых (жыта, пшаніцы, ячменю), кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. прам-сці (крухмальны і масла-малочны з-ды). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогі Хойнікі—Брагін—Камарын—Холмеч. Суднаходства па Дняпры. У раёне 12 сярэдніх, 2 базавыя і 8 пач. школ, 8 дашкольных дзіцячых устаноў, 18 б-к, 8 клубаў, 2 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 18 ст. ў в. Тэльман. Карцінная галерэя, прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі. Выдаецца газ. «Маяк Палесся».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАРА́ (Ankara),
Ангора, горад, сталіца Турцыі і адм. ц. аднайменнага іля. 2,56 млн.ж. (з прыгарадамі каля 3,2 млн.; 1990). На выш. 848 м у катлавіне Анаталійскага пласкагор’я ў месцы зліцця рэк Чубук і Анкара. Адзін з важнейшых прамысл. і гандл. цэнтраў краіны. Блізкасць Анкары да металург. базы (з-д у г. Карабюк), каменнавугальнага бас. Зангулдак і крыніц с.-г. сыравіны спрыяе развіццю разнастайнай прам-сці: металаапр., маш.-буд. (авіяц., электратэхн., трактаразборачны і інш. з-ды), хім., цэментнай, шыннай, харчасмакавай, паліграфічнай. Рамесная вытв-сць — вырабы з воўны ангорскіх коз (тыфтык), ткацтва дываноў і інш. Чыгункі і аўтатрасы звязваюць Анкару з асн.прамысл. цэнтрамі і партамі краіны, праз міжнар. аэрапорт — з многімі краінамі свету.
Засн. ў 7 ст. да н.э. фрыгійскім царом Мідасам. Уваходзіла ў Рымскую імперыю, Візантыю, з 14 ст. ў Асманскую імперыю. У стараж. і сярэднія вякі — важны цэнтр караваннага гандлю ў Анатоліі. Каля горада адбылася Анкарская бітва 1402. Анкара — цэнтр нац.-вызв. руху 1918—22, рэзідэнцыя Прадстаўнічага к-та, з 23.4.1920 — Вял.нац. сходу Турцыі і створанага ім урада. З 1923 сталіца Турцыі.
У Старым горадзе з вузкімі вулачкамі — храм Аўгуста і Ромы (засн. ў 2 ст. да н.э.), тэрмы (канец 2 ст. — пач. 3 ст.), калона Юліяна (4 ст.), сцены цытадэлі (эпоха Аўгуста), мячэці Алааддзіна (1178), Арслан-хана (1210, перабудавана ў 1330), крыты рынак Махмудпашы (паміж 1464 і 1471). У Новым горадзе (развіваецца з 1920) рэгулярная планіроўка, шматпавярховыя дамы, катэджы, комплекс мін-ваў і новага меджліса, маўзалей Атацюрка (1953, арх. Э.Анат, А.Арда, скульпт. З.Мюрыдаглу і інш.). Помнік Атацюрку (1971, скульпт. Х.Гезер). 3 ун-ты, кансерваторыя, 6 дзярж. тэатраў. Археал. і этнагр. музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫ́С-АБЕ́БА (па-амхарску новая кветка),
горад, сталіца Эфіопіі, адм. ц. правінцыі Шоа. Знаходзіцца на Эфіопскім нагор’і на выш. больш за 2,4 тыс.м над узр. мора. Больш за 1,5 млн.ж. (1993).
Засн. ў 1887 імператарам Мэнелікам II. У 1889 абвешчана сталіцай. Пасля перамогі ў італа-эфіопскай вайне 26.10.1896 тут заключаны мірны дагавор, паводле якога Італія прызнала незалежнасць Эфіопіі. 5.5.1936 акупіравана італьян. войскамі, вызвалена 6.4.1941 англа-эфіопскімі войскамі.
Аўтамаб. дарогі звязваюць Адыс-Абебу з буйнейшымі гарадамі Эфіопіі і суседніх краін. Чыгунка на Джыбуці. Міжнар. аэрапорт. Металаапр. і зборачныя з-ды (зборка трактароў, с.-г. машын, аўтамабіляў, веласіпедаў і інш.). Тэкст., гарбарна-абутковыя, мукамольныя, алейныя, па перапрацоўцы кавы, дрэваапр., мяса-малочныя прадпрыемствы. Вытворчасць буд. матэрыялаў і саматужных ткацкіх, гарбарных, керамічных, метал. і драўляных вырабаў. Гандаль кавай, скурамі, збожжам і інш.Ун-т. Рэзідэнцыі Эканам. камісіі ААН для Афрыкі і Арганізацыі афр. адзінства (АЛА).
Першыя манум. мураваныя будынкі ўзведзены замежнымі архітэктарамі. Вялікі палац з рысамі інд. архітэктуры (1894), Новы палац і сабор св. Георгія (абодва пач. 20 ст.) у стылі неакласіцызму, шпіталь Мэнеліка II (1910), атэль «Ытэге» (1907), каля 200 жылых дамоў еўрап. тыпу (1912). У 1950—60-я г. пабудаваны Нац. Тэатр на пл. Адуа (франц.арх. А.Шамет); універсітэцкі комплекс (англ.арх. Г.К.Фалек); аэрапорт, Дом Афрыкі (вітраж пл. 150 м², мастак А.Тэкле), муніцыпалітэт, Нац. банк (усе італьян.арх. А.Медзэдымі, інж. М.Фанана; тэлевіз. цэнтр, Гандл. Палата, Мін-ва замежных спраў (арх. З.Энаў, М.Тэдрас). У 1970—80-я г. па праектах югасл. архітэктараў пабудаваны паштамт, шпіталь, атэль «Вебі-Шэбелі». Музеі: Археал., Ін-та эфіопскіх даследаванняў. Нацыянальны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГАМА́НАЎ Міхайла Пятровіч (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),
укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.Паўлыкам і С.Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.Шаўчэнкі, П.Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кіўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.Б.Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.
Тв.:
Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.
Літ.:
Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;
Злупко С.М. М.П.Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук.канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Мярэя, на аўтадарозе, якая злучае Л. з г. Горкі. Да 1918 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і племзавода. За 17 км на ПнУ ад г. Горкі, 103 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 1955 ж., 506 двароў (1999).
Упамінаецца ў Дагаворнай грамаце 1523 аб перамір’і паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ. У 1529 яе купіў кн. Астрожскі і перадаў у пасаг сваёй дачцэ, якая выйшла замуж за Х.М.Радзівіла. У выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. З 1647 мястэчка, 56 двароў, фальварак, царква, вінакурня, млын, сукнавальня, карчма. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскай прав., потым Аршанскага пав. З-за адмовы ўладальніка К.Радзівіла прысягнуць імператрыцы Кацярыне II мястэчка ў 1773 перададзена ў казну, а ў 1774 падаравана кн. Дандуковым-Корсакавым. 8.11.1812 тут размяшчалася гал. кватэра М.І.Кутузава. У 1897 мястэчка, 958 ж., царква, 2 малітоўныя дамы, гарбарны і клеяварны з-ды, 7 кузняў, царк.-прыходская школа, нар. вучылішча, фельчарскі пункт, пошта, 21 крама, карчма; 4 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Горацкага раёна Аршанскай акругі БССР (да 1930), з 1938 — Магілёўскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў 1943 вёску спалілі ням.-фаш. захопнікі, загубілі 186 жыхароў. 12—13.10.1943 у баі за вёску ўпершыню ўдзельнічалі воіны 1-й Польскай дывізіі імя Т.Касцюшкі. У 1972—730 ж., 210 двароў.
Жыллёва-камунальная гаспадарка, швейны цэх. Горацкае педвучылішча, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Мемар. комплекс, які ўключае Музей савецка-польскай баявой садружнасці, брацкія магілы сав. і польскіх воінаў.