ЛЕ́НІНА,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Мярэя, на аўтадарозе, якая злучае Л. з г. Горкі. Да 1918 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і племзавода. За 17 км на ПнУ ад г. Горкі, 103 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 1955 ж., 506 двароў (1999).

Упамінаецца ў Дагаворнай грамаце 1523 аб перамір’і паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ. У 1529 яе купіў кн. Астрожскі і перадаў у пасаг сваёй дачцэ, якая выйшла замуж за Х.М.Радзівіла. У выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. З 1647 мястэчка, 56 двароў, фальварак, царква, вінакурня, млын, сукнавальня, карчма. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскай прав., потым Аршанскага пав. З-за адмовы ўладальніка К.Радзівіла прысягнуць імператрыцы Кацярыне II мястэчка ў 1773 перададзена ў казну, а ў 1774 падаравана кн. Дандуковым-Корсакавым. 8.11.1812 тут размяшчалася гал. кватэра М.І.Кутузава. У 1897 мястэчка, 958 ж., царква, 2 малітоўныя дамы, гарбарны і клеяварны з-ды, 7 кузняў, царк.-прыходская школа, нар. вучылішча, фельчарскі пункт, пошта, 21 крама, карчма; 4 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Горацкага раёна Аршанскай акругі БССР (да 1930), з 1938 — Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў 1943 вёску спалілі ням.-фаш. захопнікі, загубілі 186 жыхароў. 12—13.10.1943 у баі за вёску ўпершыню ўдзельнічалі воіны 1-й Польскай дывізіі імя Т.Касцюшкі. У 1972—730 ж., 210 двароў.

Жыллёва-камунальная гаспадарка, швейны цэх. Горацкае педвучылішча, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Мемар. комплекс, які ўключае Музей савецка-польскай баявой садружнасці, брацкія магілы сав. і польскіх воінаў.

В.М.Князева.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)