МЕДУ́ЗА,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі малодшая і самая страшная з трох гаргон, сярод якіх толькі яна была смяротная. Як і інш. гаргоны, М. ператварала ў камень усё жывое, да чаго датыкаўся яе позірк. Персей адсек ёй галаву і аддаў яе Афіне. З крыві або з тулава М. нарадзіўся Пегас — плод яе сувязі з Пасейдонам. Іл. гл. пры арт. Гаргоны.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,

распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́МІЯ (ад лац. praemium узнагарода),

1) грашовае ці інш. матэрыяльнае заахвочванне як узнагарода за поспехі, заслугі ў якой-н. галіне дзейнасці.

2) Грашовая сума, што выдаецца некат. ўрадамі як заахвочванне за вываз пэўных тавараў.

3) Розніца паміж біржавай і намінальнай вартасцю каштоўнай паперы.

4) Грашовая сума, якую выплачвае страхавальнік страхавой установе за рызыку, якую яна нясе.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІБРА́ЦЫЯ (ад лац. vibratio ваганне, дрыжанне),

механічныя ваганні пругкіх цел, механізмаў і збудаванняў. Характарызуецца частатой (звычайна вібрацыяй лічаць ваганні частатой больш за 1 Гц) і амплітудай. Падзяляецца на карысную і шкодную. Выяўляецца і запісваецца вібрашчупамі, частатамерамі, вібрографамі, сейсмографамі, асцылографамі ў выглядзе графіка — вібраграмы.

Карысная вібрацыя ўзбуджаецца вібратарамі. Выкарыстоўваецца ў многіх тэхнал. аперацыях (гл. Вібрацыйная тэхніка), медыцыне (гл. Вібратэрапія) і інш. Шкодная вібрацыя ўзнікае пры руху транспарту, рабоце машын, механізмаў і інструментаў. Яна асабліва небяспечная пры рэзанансе (калі па частаце супадае з уласнымі ваганнямі канструкцыі, напр. флатэр у самалёта). Шкодная вібрацыя паскарае знос машын, зніжае трываласць матэрыялаў. Яна памяншаецца вібраізаляцыяй і дэмпфіраваннем (правільнай падвескай або ўстаноўкай прылад і машын, выкарыстаннем амартызатараў з пругкіх матэрыялаў, спружынных і дынамічных гасільнікаў, іншых паглынальнікаў энергіі вібрацыі). Згубна дзейнічае на здароўе чалавека (гл. Вібрацыйная хвароба).

Літ.:

Вибрации в технике: Справ. Т. 4. М., 1981;

Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969.

У.​М.​Сацута.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЯРЭ́ЗІНСКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы, герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі са стараж. літоўскага баярства, роднасныя Манівідавічам, Гедыгольдавічам, Аляхновічам, Дарагастайскім. У сярэдзіне 15 ст. баярын Юрый Рымавідавіч ад вял. кн. ВКЛ Казіміра атрымаў маёнтак Забярэззе ў Ашмянскім пав. (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Ян (каля 1440—2.2.1508), сын Юрыя, маршалак дворны ў 1486—92, намеснік полацкі ў 1490—96 і новагародскі ў 1496—98, кашталян у 1492—99 і ваявода ў 1498—1505 трокскі, маршалак земскі з 1498. Адзін з найбуйнейшых магнатаў у Беларусі. Забіты ў час Глінскіх мяцяжу 1508. Ян (каля 1480—1538), сын Яна Юр’евіча, намеснік ваўкавыскі і крычаўскі, маршалак дворны ў 1503—16, ваявода новагародскі ў 1509—31, староста драгічынскі ў 1514—16, маркаўскі ў 1518 і мерацкі ў 1520, маршалак земскі ў 1522—37, ваявода трокскі з 1531. Ян (мянушка Малодшы; каля 1510 — каля 1545), сын Яна Янавіча, маршалак дворны з 1529. Апошні з роду З., іх маёнткі перайшлі да Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Збаражскіх.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДО́ВА (Moldova),

гістарычная вобласць на У Румыніі паміж Усх. Карпатамі на З і р. Прут на Усх. Назва, верагодна, ад р. Малдова, названай так, паводле падання, легендарным заснавальнікам Малдаўскага княства В.​Драгашам у гонар свайго сабакі Молды, які патануў у час палявання на дзікага быка (выява галавы гэтага быка — асн. элемент гіст. герба малд. дзяржавы). Сляды чалавека ў М. прасочваюцца з часоў палеаліту. З 6 ст. да н.э. населена фракійскімі плямёнамі гета-дакійцаў, скіфамі і інш. У 1 ст. да н.э. ў складзе царства (плем. саюза) Берэбісты. У 6—7 ст. н.э. адбывалася засяленне М. славянамі. З 10 ст. яна ў складзе Кіеўскай Русі, з 11 ст. — Галіцкага княства. У 10—12 ст. печанегі і полаўцы знішчылі тут або выцеснілі на Пн слав. насельніцтва. У 13 — пач. 14 ст. М. падначалена Залатой ардзе, потым — Венгрыі. З 1359 яна з’яўлялася тэр. ядром Малдаўскага княства. З 1862 у складзе Румыніі.

т. 10, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЦЭ́СІЯ (ад лац. praecessio рух наперад),

1) рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.

Складаецца з уласнага вярчэння цела з вуглавой скорасцю Ω вакол восі OZ (O — нерухомы пункт) і вярчэння вакол восі OZ1 з вуглавой скорасцю ω = dψ dt (ψ — вугал П.; гл. Эйлеравы вуглы). Адначасова могуць адбывацца нутацыйныя ваганні цела, пры якіх мяняецца вугал нутацыі θ (гл. Нутацыя). Калі ў час руху велічыні θ, Ω, ω пастаянныя, то П. наз. рэгулярнай; пры гэтым вось ΟΖ апісвае вакол восі ΟΖ1 прамы кругавы конус.

2) П. ў астраноміі — павольны рух восі вярчэння Зямлі па кругавым конусе, вось якога перпендыкулярная да плоскасці зямной арбіты, з перыядам поўнага абароту ≈ 26 000 г. З’ява П. Зямлі адкрыта Гіпархам і растлумачана І.Ньютанам. Яна абумоўлівае павольнае зрушэнне пунктаў веснавога і асенняга раўнадзенстваў, перамяшчэнне полюсаў свету паміж зоркамі, змену экватарыяльных і экліптычных каардынат нябесных цел. Адначасова з П. адбываюцца нутацыйныя ваганні зямной восі. Гл. таксама Гіраскоп.

Схема прэцэсіі.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ (Тэадор Геранім) (1643 — 14.4.1707),

дзярж. дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. У 1657—69 пры двары караля Яна Казіміра Вазы. У 1672 і ў 1678—1700 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. У 1673 удзельнічаў у бітве пад Хоцінам супраць туркаў. Паломнічаў у Рым (1674). Падкаморы (1693) і кашталян (1700) навагрудскі. Аўтар «Дыярыуша», які ахоплівае падзеі грамадска-паліт. жыцця Рэчы Паспалітай 1656—1700.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў (Хрыста Іванаў) (н. 31.3.1940, Дзебнева, Балгарыя),

балгарскі перакладчык, журналіст. Скончыў Сафійскі ун-т (1966). Працуе на Балг. радыё. На балг. мову пераклаў паэмы Я.​Купалы «Яна і я», «Адвечная песня», вершы Я.​Коласа (усе ў зб. «Выбраныя творы», 1982), творы М.​Багдановіча (зб. «Залатыя струны», 1984), У.​Някляева, Я.​Янішчыц. Аўтар арт. «У свеце беларускай паэзіі» («Далягляды», 1982) пра бел. лірыку.

т. 12, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГУ́ТНАСЦЬ,

фізічная велічыня, што вымяраецца адносінамі работы да прамежку часу, за які яна выконваецца. Сярэдняя М. вызначаецца формулай: N = A/t, дзе A — работа, якая выконваецца за час t. У агульным выпадку N = dA/dt. У СІ М. вымяраецца ў ватах (часам выкарыстоўваюць пазасістэмную адзінку — конскую сілу). М. — найважнейшая энергет. характарыстыка розных сістэм і машын (рухавікоў, генератараў, кампрэсараў і інш.).

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)