ЛЕДАВІКО́ВЫ ПЕРЫ́ЯД,
этап геал гісторыі Зямлі, на працягу якога шматразова чаргаваліся адрэзкі часу з вельмі халодным (ледавікоўе) і з больш цёплым (міжледавікоўе) кліматам на фоне агульнага пахаладання. Вядомы ў ніжнім пратэразоі Паўн. Амерыкі, верхнім рыфеі Афрыкі і Аўстраліі, вендзе Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, канцы карбону — пач. пярмі на стараж. мацерыку Гандвана і ў плейстацэне (найб. даследаваны). Змены клімату прыводзілі да перамяшчэнняў геагр. зон на Пд, міграцыі флоры і фауны, утварэння вял. плошчаў і аб’ёмаў мацерыковых зледзяненняў і пашырэння горных ледавікоў. У час міжледавікоўяў ва ўмераных шыротах значная частка ледавікоў раставала. Перыяды слабейшых пацяпленняў наз. міжстадыяламі (інтэрстадыяламі). На тэр. Беларусі добра захаваліся ледавіковыя адклады, ледавіковы рэльеф, рэшткі раслін і жывёл плейстацэну. Яны далі магчымасць высветліць падзеі, што адбыліся 1,65 млн. гадоў назад.
А.Ф.Санько.
т. 9, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАЎТВАРЭ́ННЕ,
працэс, які бесперапынна адбываецца ў нефрыдыях або іншых выдзяляльных органах беспазваночных і ў нырках пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае выпрацоўку мачы і мочавыдзяленне. Складаецца з працэсаў ультрафільтрацыі, рэабсорбцыі (зваротнае ўсмоктванне) і канальцавай сакрэцыі. Пачатковы этап М. (ультрафільтрацыя плазмы крыві) адбываецца ў ныркавых клубочках (са 100 л вадкасці, што праходзіць праз клубочкі ныркі чалавека, у мачу ператвараецца 1 л). У першаснай мачы ёсць амаль усе рэчывы плазмы крыві, акрамя бялкоў. Большая ч. вады і неабходных для арганізмаў рэчываў (амінакіслоты, глюкоза, вітаміны і інш.) зваротна ўсмоктваецца ў канальцах. У прасвет нефрона адбываецца сакрэцыя арган. к-т, іонаў вадароду, некат. прадуктаў абмену, чужародных рэчываў і інш. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца праз ныркі эферэнтнымі нервамі і гармонамі (напр., альдастэрон, паратгармон).
Літ.:
Наточин Ю.В. Ионорегулирующая функция почки. Л., 1976.
С.С.Ермакова.
т. 10, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАРЭНЕСА́НС (ад прота... + Рэнесанс),
этап у гісторыі італьян. мастацтва 13 — пач. 14 ст., які падрыхтаваў глебу для культуры эпохі Адраджэння. Вытокі П. адносяцца да 11—12 ст. і звязаны з уздымам свабодных італьян. гарадоў, дзе хутка развіваліся рамяство і гандаль. Найб. раннія формы выявіліся ў архітэктуры Тасканы, дзе дойліды надавалі формам готыкі ўраўнаважанасць і спакой. Мастацтву П. характэрны тэндэнцыі нагляднага адлюстравання рэчаіснасці, свецкі пачатак і цікавасць да ант. спадчыны, пераканаўчасць прасторавых пабудоў, эмац. выразнасць вобразаў. Сярод прадстаўнікоў П.Арнольфа ды Камбіо, Джота ды Бандоне, П.Каваліні, Н.Пізана і інш. Тэндэнцыі П. часта спалучаліся з традыцыямі т.зв. італа-візант. мастацтва і готыкі (творчасць Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, братоў Ларэнцэці і інш.).
Літ.:
Алпатов М.В. Итальянское искусство эпохи Данте и Джотто. М.; Л., 1939;
Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1. Искусство Проторенессанса. М., 1956.
т. 13, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКА-ДАНЕ́ЦКІ АЎЛАКАГЕ́Н,
пахаваны палеазойскі рыфт. Уключае Данецкі рыфт, Брагінска-Лоеўскую седлавіну і Прыпяцкі рыфт. Даўж. 1200 км, шыр. 70—170 км. Сфарміраваўся ў герцынскі тэктанічны этап, пераважна ў познім дэвоне. У паўн.-зах. напрамку глыбока ўразаецца ва Усх.-Еўрап. платформу з боку яе паўд. складкавага абрамлення і заканчваецца на ўсх. схіле Палескай седлавіны. На ПнУ аўлакаген адмежаваны ад Беларускай і Варонежскай антэкліз Баранавіцка-Астраханскім, а на ПдЗ ад Украінскага шчыта — Палеска-Маныцкім глыбіннымі мантыйнымі разломамі. Запоўнены магутнай тоўшчай вулканагенна-асадкавых парод рыфею, венду і дэвону; адклады карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену складаюць накладзеную на рыфт Прыпяцка-Дняпроўскую сінеклізу. Магутнасць асадкавага чахла павялічваецца ад 1—6 км на ПнЗ да 12 км, магчыма да 24 км на ПдУ.
В.С.Конішчаў.
т. 13, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРС НО́ВА (лац. ars nova літар. новае мастацтва),
прагрэсіўны кірунак у французскай і італьянскай музыцы 14 ст.; процілеглы тэрміну арс антыква (лац. ars antiqua старое мастацтва), які мае на ўвазе муз. мастацтва да пач. 14 ст. Тэрмін узнік каля 1320 у выніку дыскусіі паміж прадстаўнікамі новага мастацтва (Іаан дэ Мурыс, Філіп дэ Вітры) і старога (Якаб Льежскі) і адлюстраваў пералом, што адбыўся ў франц. музыцы таго часу. У сучасным музыказнаўстве тэрмін «арс нова» часта выкарыстоўваюць у значэнні шырокай гісторыка-стылявой катэгорыі, якая характарызуе зах.-еўрап. музыку 14 ст. як новы этап у развіцці муз. мастацтва на шляху ад сярэднявечча да Адраджэння. Гал. рысы: адмаўленне ад выкарыстання выключна жанраў царк. музыкі і зварот да свецкіх вак.-інстр. камерных жанраў (ронда, балада, вірэле ў Францыі, балаты, мадрыгалы, качы ў Італіі), збліжэнне з бытавой песеннасцю, выкарыстанне розных муз. інструментаў.
т. 1, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАДУ́КЦЫЯ,
перасяленне асобных відаў жывёл і раслін за межы іх натуральнага арэала, у мясцовасці ці экасістэмы, дзе яны раней не жылі або іх шчыльнасць была нізкая; пачатковы этап акліматызацыі. Від, які перасяляюць, павінен мець перавагі перад блізкімі абарыгеннымі відамі або не мець аналагаў. На Беларусі інтрадукавана каля 30 відаў жывёл, у т. л. 13 відаў млекакормячых (напр., андатра, янот-паласкун), 2 віды птушак (курапатка барадатая, фазан), 12 відаў рыб (напр., еўрапейскі вугор, карась сярэбраны, пелядзь), некалькі відаў беспазваночных (мізіды). І. раслін вядзецца (паводле археал. даследаванняў) з 3 ст. да н.э. (напр., віка, проса, пшаніца); бульбу пачалі вырошчваць у 18 ст. З 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з развіццём садова-паркавага мастацтва пачалася І. іншаземных відаў дрэвавых і кустовых раслін, пераважна лек. і вітамінаносных (абляпіха, барбарыс, лімоннік кітайскі, рабіна чарнаплодная і інш.).
т. 7, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНЫ АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКІ ФРОНТ (ПАГФ, ПАФ),
аб’яднанне антыфаш. сіл Румыніі ў 2-ю сусв. вайну. Узнік у чэрв. 1943 па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Уваходзілі КПР, «Фронт земляробаў» (засн. ў 1933), Саюз патрыётаў (засн. ў 1942), Саюз венг. працоўных у Румыніі (засн. ў 1934), Сял. сацыяліст. партыя, некаторыя мясц. арг-цыі С.-д. партыі; сац. база — рабочыя, сяляне, ч. інтэлігенцыі. Яго праграма (платформа) прадугледжвала арганізацыю актыўнай, у т. л. ўзброенай, барацьбы за звяржэнне ваен. дыктатуры І.Антанеску, выхад Румыніі з вайны на баку фаш. дзяржаў і далучэнне да антыгітлераўскай кааліцыі, неадкладнае спыненне паставак харч. і ваен. тавараў Германіі, пакаранне ваен. злачынцаў і інш. ПАФ — этап на шляху да Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944. 12.10.1944 арг-цыі — удзельніцы ПАФ разам з прафсаюзамі і інш. аб’яднаннямі ўтварылі Нац.-дэмакр. фронт, які істотна паўплываў на далейшае паліт. развіццё Румыніі.
т. 12, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАЛО́Ў (Барыс Сяргеевіч) (н. 9.4.1914, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія),
расійскі геолаг і палеантолаг. Акад. Рас. АН (1968, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Ленінградскі ун-т (1937), дзе і выкладаў у 1937—11 і 1945—58, з 1960 — у Новасібірскім ун-це. З 1958 у Ін-це геалогіі і геафізікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1975 акад.-сакратар Аддз. геалогіі, геафізікі і геахіміі і чл. Прэзідыума АН СССР. Навук. працы па палеазойскіх каралах, стараж. арганізмах пратэразою і кембрыю, гісторыі развіцця арган. свету і біясферы Зямлі ў дакембрыі, па праблеме біястратыграфічных межаў. Абгрунтаваў вылучэнне самага верхняга стратыграфічнага падраздзялення пратэразою — венду.
Тв.:
Табуляты палеозоя Европейской части СССР: Введение. Ч. 1-4. Л.;
М., 1951—55;
Биохронология и стратиграфические границы // Проблемы общей и региональной геологии. Новосибирск, 1971;
Вендский этап в истории Земли // Палеонтология. М., 1972.
т. 14, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКЕПТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,
крытычны кірунак у рас. гістарыяграфіі 1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — М.Т.Качаноўскі. Да «С.ш.» належалі В.М.Бадзянскі, С.М.Строеў, блізкія погляды мелі П.М.Строеў і інш. Прадстаўнікі «С.ш.» крытыкавалі канцэпцыі афіц. гісторыкаў, асабліва М.М.Карамзіна, даказвалі неабходнасць параўнальна-гіст. вывучэння мінулага Расіі, крытычных адносін да крыніц, праверкі сапраўднасці тэкстаў і аналізу зместу выкладзеных у іх падзей. Яны лічылі, што рус. летапісы 11—12 ст., Руская праўда, «Слова аб палку Ігаравым» і інш. стараж. помнікі не могуць служыць гіст. крыніцамі пры вывучэнні Кіеўскай Русі, бо ўзніклі, на іх думку, значна пазней за перыяд яе існавання і выключна пад уплывам замежных літ. і дакумент. крыніц. Выступалі супраць нарманскай тэорыі, падзялялі погляды І.Эверса пра хазарскае паходжанне Русі. Нягледзячы на спрэчнасць яе канцэпцый, «С.ш.» — важны этап у фарміраванні рас. гістарыяграфіі.
т. 14, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫДАЛАГІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
аналіз характару наследавання асобных уласцівасцей і прыкмет арганізмаў пры палавым размнажэнні з дапамогай сістэмы скрыжаванняў; адзін з асн. метадаў генет. аналізу. Дае магчымасць расшыфраваць генатыпічную структуру асобін, што скрыжоўваюцца, і іх патомкаў.
Класічная схема гібрыдалагічнага аналізу ўключае: вылучэнне зыходных гомазіготных форм, атрыманне ад іх гібрыдаў 1-га пакалення (F1) і скрыжаванне F1 паміж сабой — атрыманне гібрыдаў 2-га пакалення (F2). У гібрыдалагічным аналізе выкарыстоўваюць таксама рэцыпрокныя, зваротныя і аналітычныя скрыжаванні (гл. адпаведныя арт.). Метад гібрыдалагічнага аналізу дазваляе выявіць характар дамінавання і вызначыць колькасць генаў, якія кантралююць адрозненні па дадзенай прыкмеце, лакалізацыю генаў, што вывучаюцца. З яго дапамогай вырашаюць многія праблемы сучаснай генетыкі: атрыманне арганізмаў з зададзенымі генет. ўласцівасцямі, складанне генетычных картаў храмасом для розных відаў, вызначэнне філагенетычнай роднасці паміж групамі арганізмаў і інш. Прыватны выпадак гібрыдалагічнага аналізу — метад радаслоўных (генеалагічны аналіз), аднак у ім, як правіла, адсутнічае этап падбору бацькоўскіх форм.
т. 5, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)