пераход энергіі ад часціцы-донара (малекулы або яе часткі) на другую часціцу-акцэптар; вынік электрамагнітнага ўзаемадзеяння часціц. Прымае ўдзел у працэсах жыццядзейнасці, напр., у фотабіял. працэсах, якія з’яўляюцца асноватворнымі для біял.сістэм. У працэсе фотасінтэзу квант святла пераводзіць малекулу хларафілу або інш. пігменту ў электронна-ўзбуджаны стан. Потым энергія мігрыруе ад адной малекулы пігменту да другой, пакуль не дасягне асобай малекулы, якая служыць цэнтрам пераўтварэння энергіі электроннай узбуджанасці ў хім. энергію (энергію хім. сувязей). Акрамя міжмалекулярнай М.э., магчымы і ўнутрымалекулярны перанос энергіі, напр., паміж асобнымі азоцістымі асновамі ў малекуле ДНК ці РНК, пасля паглынання гэтымі малекуламі кванта ультрафіялетавага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАНА—ФРА́НЦА ЗАКО́Н,
фізічная заканамернасць, што звязвае цеплаправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЫМО́ВІЧ (Леў Андрэевіч) (25.2.1909, Масква — 1.3.1973),
сав. фізік. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. з 1946), праф. (1947). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў БДУ (1928). З 1930 у фізіка-тэхн. ін-це, з 1944 у Ін-це атамнай энергіі, з 1957 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі АНСССР. Навук. працы ў галіне атамнай і ядз. фізікі, электроннай оптыкі, фізікі плазмы. Даказаў выкананне закону захавання імпульсу пры анігіляцыі электрона і пазітрона, распрацаваў эл.-магн. метад раздзялення ізатопаў, упершыню атрымаў тэрмаядз. рэакцыю ва ўстойлівай квазістацыянарнай плазме (у сааўт.). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫО ((Berio) Лучана) (н. 24.10.1925, г. Імперыя, Італія),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Дж.Ф.Гедыні, у Л.Далапікалы (у Танглвудзе, ЗША). Арганізатар (з Б.Мадэрна) «Студыі фаналогіі» ў Мілане (1955). У 1965—71 выкладаў у Джульярдскай муз. школе ў Нью-Йорку. З 1976 маст. кіраўнік Рымскай філарманічнай акадэміі. Творчасць звязана з рознымі авангардысцкімі кірункамі: пошукамі новага акустычнага асяроддзя і муз. тэкстуры, выкарыстаннем электроннай музыкі, санарыстыкі, серыйнай тэхнікі і інш. Сярод твораў: сцэнічныя — «Опера» (1970), «Праўдзівая гісторыя» (1982); сімфонія для 8 галасоў і арк. (1968); вак.-інструментальныя — «Перспектывы» (1956), «Траекторыі» (1—4, 1965—75), «Знайсці пункты на крывой...» (1974); арк. п’есы; цыкл «Песні народаў свету» для голасу і арк.; камерна-інстр. ансамблі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКАЯ (Галіна Адамаўна) (н. 28.2.1937, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.матэм.н. (1987), праф. (1993). Чл. Нью-Йоркскай АН (1995). Дачка А.І.Залескага. Скончыла БДУ (1959), дзе і працавала да 1966. З 1966 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це атамнай і малекулярнай фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай спектраскапіі і лазернай фізіцы. Распрацавала метады даследаванняў электроннай і вагальнай рэлаксацыі шмататамных малекул, метады і сродкі газавага аналізу тэхнал. працэсаў і навакольнага асяроддзя.
Тв.:
Энергетические зависимости характеристик столкновительного обмена колебательной энергией в парах многоатомных молекул (разам з Дз.Л.Якаўлевым) // Оптика и спектроскопия. 1995. Т. 78, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ФШЫЦ (Ілья Міхайлавіч) (13.1.1917, г. Харкаў, Украіна — 23.10.1982),
украінскі і расійскі фізік-тэарэтык. Акад.АНСССР (1970, чл.-кар. 1960), АН Украіны (1967). Брат Я.М.Ліфшыца.
Скончыў Харкаўскі ун-т (1936) і Харкаўскі політэхн.ін-т (1938). У 1937—68 у Харкаўскім фіз.-тэхн. ін-це АН Украіны. З 1969 у Ін-це фіз. праблем АНСССР. Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, электроннай тэорыі металаў, фіз. кінетыцы, статыст. тэрмадынаміцы палімераў. Устанавіў сувязь паміж назіранымі ўласцівасцямі металаў і геаметрыяй іх паверхні Фермі, абгрунтаваў магчымасць аднаўлення энергет. спектра кандэнсаваных цел па эксперым. даных. Ленінская прэмія 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМНАЖА́ЛЬНІК ЧАСТАТЫ́,
радыёэлектронная прылада, якая павялічвае частату падведзеных эл. ваганняў у зададзеную колькасць разоў. Асн. параметр — каэфіцыент памнажэння m. Характэрная асаблівасць — пастаянства m пры зменах у пэўных межах частаты ўваходных ваганняў і параметраў П.ч.
Найб. пашыраныя П.ч. складаюцца з нелінейнай прылады (напр., транзістара, варыкапа, шпулі індуктыўнасці з ферытавым асяродкам, электроннай лямпы) і эл. фільтраў, а таксама з нелінейных элементаў са спец. характарыстыкамі. Нелінейная прылада змяняе форму зыходнага вагання, у выніку чаго ў выхадным спектры выяўляюцца ваганні з кратнымі частотамі, якія вылучаюцца з дапамогай фільтраў. Існуюць П.ч., дзеянне якіх заснавана на сінхранізацыі ваганняў аўтагенератара. П.ч. выкарыстоўваюцца для павышэння частаты генератара (напр., стабілізаванага кварцам на больш нізкай частаце) у радыёперадавальных, радыёлакацыйных, вымяральных і інш. устаноўках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́МЕРФЕЛЬД ((Sommerfeld) Арнольд) (5.12.1868, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія —26.4.1951),
нямецкі фізік-тэарэтык, заснавальнік мюнхенскай школы тэарэт. фізікі. Чл.-кар. Берлінскай АН (1920), замежны чл.АНСССР (1929). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1891). З 1891 працаваў у розных ВНУ Германіі, у 1908—40 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, спектраскапіі, электроннай тэорыі металаў. Рашыў задачу аб выпрамяненні вертыкальнага дыполя, які знаходзіцца на мяжы 2 асяроддзяў (1909), удакладніў мадэль атама Бора і стварыў тэорыю тонкай структуры спектра вадародападобных атамаў (1916), распрацаваў тэорыю тармазнога выпрамянення электронаў (1931). Аўтар падручнікаў па тэарэт. фізіцы.
Тв.:
Рус.пер. — Пути познания в физике. М. 1973.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 391—392.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНА́КІС ((Xenakis) Яніс) (н. 29.5.1922, г. Брэіла, Румынія),
французскі кампазітар. Па паходжанні грэк. Чл. Ін-та Францыі (1983). Скончыў Політэхн.ін-т у Афінах (1947, педагог Ле Карбюзье), працаваў архітэктарам. Музыцы вучыўся ў А.Анегера і Д.Міё (1948—50), у Парыжскай кансерваторыі ў А.Месіяна (1950—53). З 1965 жыве ў Парыжы. Адзін з лідэраў муз.авангарда. Арганізаваў шэраг муз. цэнтраў па вывучэнні ўзаемасувязей музыкі і матэматыкі (Францыя, Індыя), стварыў уласную, т.зв. стахастычную сістэму кампазіцыі, заснаваную на матэм. тэорыі верагоднасцей. Звяртаўся да т. зв. прасторавай музыкі. Аўтар балетаў, твораў для аркестра (1954, 1956, 1966, 1968, 1982), для хору і арк. (1973); для барытона, ударных і арк. (1980), электроннай і лазернай музыкі, кніг «Музычныя формулы» (1963), «Музычная архітэктура» (1971) і інш. Прэмія Акадэміі Шарля Кро (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮРЫЗА́ЦЫЯ (франц. miniaturisation ад miniature нешта вельмі маленькае),
сукупнасць метадаў значнага змяншэння габарытаў, масы і энергаспажывання радыёэлектронных апаратаў з адначасовым павелічэннем іх надзейнасці; кірунак у канструяванні прылад, механізмаў, машын і інш. (пераважна ў электроніцы, электратэхніцы і прыладабудаванні).
Абумоўлена пашырэннем функцый і галін выкарыстання электронных сродкаў аўтаматызацыі вытв-сці, выліч. і вымяральнай тэхнікі, радыётэхнікі і інш., што звязана з ускладненнем электроннай апаратуры і павелічэннем колькасці яе элементаў. Грунтуецца на рацыянальным канструяванні і вырабе вузлоў і элементаў апаратуры з выкарыстаннем пячатных плат, мікрамодуляў, інтэгральных схем і інш. Ажыццяўляецца змяншэннем памераў вузлоў і элементаў прылад, павелічэннем шчыльнасці іх упакоўкі, скарачэннем колькасці і памераў міжэлементных злучэнняў, выкарыстаннем новых канструкцыйна-тэхнал. рашэнняў з мэтай змяншэння колькасці асобных дэталей і іх габарытных памераў.