ВЕНГЕ́РКА (Węgierko) Аляксандр (17.7.1893, Варшава — 1941),
польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Вучыўся ў школе пры Варшаўскіх тэатрах. Акцёрскую дзейнасць пачаў у Вільні (1912), потым выступаў у т-рах Варшавы, Кракава і Лодзі. Выкладаў у Варшаве на драм. аддзяленні кансерваторыі (1924—25), у Ін-це тэатр. мастацтва (1932—39). У пач. 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у СССР. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1939—41) Дзяржаўнага польскага тэатра БССР. Пастаўленыя ім спектаклі «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвае» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу (і выканаў ролю Прафесара Хігінса; усе 1940), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (і роля Фігаро; 1941) і інш. вызначаліся арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй, яркай эмацыянальнасцю, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў, тонкім адчуваннем стылістыкі твора. У 1941 у Брэсце арыштаваны гестапа, загінуў. Яго імем названы драм. т-р у Беластоку (Польшча).
т. 4, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́РАЖАВА Людміла Іванаўна (н. 7.2.1925, г. Кіраў, Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю пры Грозненскім рус. драм. т-ры (1945). Працавала у т-рах Грознага, Чэркеска, Клайпеды (1944—59), Арла (1974—81). З 1959 у Брэсцкім, з 1962 у Гродзенскім, у 1968—74 у Гомельскім абл. драм. т-рах. Выканаўца драм. і характарных роляў, творчасці ўласціва адчуванне часу і стылю драматург. твора, рамант. прыўзнятасць. Сярод роляў у Брэсцкім т-ры: Ганна Карэніна (аднайм. п’еса паводле Л.Талстога), Ірына («Тры сястры» А.Чэхава), Джудзіт («Вучань д’ябла» Б.Шоу), Катрын («Від з моста» А.Мілера); у Гродзенскім т-ры: Манахава («Варвары» М.Горкага), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра), Гарэцкая («Першы ўрок» К.Губарэвіча); у Гомельскім т-ры: Параска («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Хрысціна («Грэшнае каханне» А.Дзялендзіка), Кукушкіна, Агудалава («Даходнае месца», «Беспасажніца» А.Астроўскага).
т. 15, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЧАНІ́НАВА Еўдакія Дзмітрыеўна (14.3.1870, Масква — 27.12.1963),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1943). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1891). З 1891 актрыса Малога т-ра ў Маскве. У характарных і камедыйных ролях дасягала непасрэднасці, эмац. насычанасці, лепшыя з якіх у п’есах класічнага рэпертуару, асабліва А.Астроўскага: Барабошава («Праўда добра, а шчасце лепш»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Усціння Навумаўна («Свае людзі — паладзім»), Анфуса і Мурзавецкая («Ваўкі і авечкі»), Турусіна і Глумава («На ўсякага мудраца хапае прастаты») і інш. Сярод інш. роляў: Багаеўская («Варвары» М.Горкага), Крахоткіна («Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» паводле Ф.Дастаеўскага), місіс Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), міс Кроўлі («Кірмаш пыхлівасці» паводле У.Тэкерэя) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1948.
Літ.:
Филиппов В. Е.Д.Турчанинова. М.; Л., 1948;
Е.Д.Турчанинова на сцене и в жизни. М., 1974.
т. 16, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́СКАЛА (Eskola) Антс (17.2.1908, Талін — 14.12.1989),
эстонскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). У 1925—49 (з перапынкам) працаваў у т-ры «Эстонія», з 1949 у Эстонскім драм. т-ры (з 1952 т-р драмы імя В.Кінгісепа), у 1966—83 у Эстонскім маладзёжным т-ры (усе ў Таліне). Сярод роляў: Маўрус («Чалавек і бог» паводле А.Тамсаарэ), Лео Саалеп («Няўлоўны цуд» Э.Вільдэ), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.Ібсена), Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1947 здымаўся ў фільмах: «Святло ў Каордзі», «Справа Румянцава», «Новы Нячысты з пекла», «Мёртвы сезон», «Маленькі рэквіем для губнога гармоніка», «Школа пана Маўруса», «Суровае мора» і інш. Яго творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, дакладнасцю і лаканічнасцю характарыстык герояў, псіхал. глыбінёй, прастатой сродкаў выразнасці. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.
т. 18, кн. 1, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Э́ШКРАФТ (Ashcroft) Пегі (сапр. імя Маргарэт; 22.12.1907, г. Кройдан, Вялікабрытанія — 14.6.1991),
англійская актрыса. Ганаровы д-р л-ры Оксфардскага ун-та (1961). Вучылася ў Цэнтр. школе драм. мастацтва ў Лондане. Дэбютавала ў 1926. З 1927 выступала ў т-рах Лондана (у т. л. ў «Олд Вік»), г. Стратфард-он-Эйван. У 1934—40 працавала з рэж. Ф.Камісаржэўскім. Сярод роляў: Дэздэмона («Атэла» У.Шэкспіра), Клеапатра («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу). Наомі («Яўрэй Зюс» паводле Л.Фейхтвангера), Рэбека («Росмерсхальм» Г.Ібсена), Ірына («Тры сястры» А.Чэхава), Алена («Дні Турбіных» М.Булгакава) і інш. Здымалася ў кіно: «Гісторыя манахіні», «Тайная цырымонія», «Нядзеля, праклятая нядзеля», «Падарожжа ў Індыю» (прэмія «Оскар» 1985), «Забойства па кнізе», «Мадам Сузацка», «Яна знікла прэч» (прэмія Міжнар. кінафестываль) у Венецыі 1989) і інш. Т-р у г. Кройдан носіць яе імя (з 1991).
т. 18, кн. 1, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРКЕ́ВІЧ Сяргей Пятровіч (14.12.1910, Баку — 27.1.1985),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў муз.-тэатр. студыю ў Харкаве (1930). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1934—37). З 1930 працаваў у т-рах Чарнігава, Кіева, Новакузнецка, з 1952 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца драм. і характарных роляў. Яго творчасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў сутнасць характараў, мастацтва пераўвасаблення, тонкі гумар. Найб. значныя ролі ў Брэсцкім т-ры: Дзяржынскі, Траўбе («Брэсцкі мір», «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Дзед, Камендант, дзед Цыбулька («Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Галутвін («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Жавакін («Жаніцьба» М.Гогаля), Пярчыхін («Мяшчане» М.Горкага), Худзякоў («Характары» паводле В.Шукшына), Дулітл («Пігмаліён» Б.Шоу). Здымаўся ў кіно.
Р.М.Бакіевіч.
т. 18, кн. 1, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ (Leigh) Віўен [сапр. Хартлі
(Hartley) Вівіян Мэры; 5.11.1913, г. Дарджылінг, Індыя — 8.7.1967], англійская актрыса тэатра і кіно. Вучылася ў Парыжы і Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва ў Лондане. У 1935 дэбютавала ў лонданскім т-ры «К’ю». Выступала ў «Олд Вік» і інш. т-рах Лондана. Сярод роляў: Тытанія, Віёла, лэдзі Макбет, Лавінія («Сон у летнюю ноч», «Дванаццатая ноч», «Макбет», «Ціт Андронік» У.Шэкспіра),
Джэніфер Дзюбеда («Дылема доктара» Б.Шоу), Сабіна («На валаску ад гібелі» Т.Уайлдэра), Антыгона («Антыгона» Ж.Ануя) і інш. З 1934 здымалася ў кіно. Лепшыя ролі: Скарлет О’Хара («Унесеныя ветрам», 1939, прэмія «Оскар»), Майра («Мост Ватэрлоо», 1940), лэдзі Гамільтан («Лэдзі Гамільтан, 1941), Ганна («Ганна Карэніна», 1948), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне», 1951, прэмія «Оскар»), Мэры Трэдвел («Карабель дурняў», 1964). Стварала складаныя, супярэчлівыя характары, якія раскрываліся ў драм. сутыкненнях з жорсткай рэчаіснасцю.
Літ.:
Утилов В.А. Вивьен Ли. М., 1980.
т. 9, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУАРЦЫ́НА (Squarzina) Луіджы (н. 18.2.1922, г. Ліворна, Італія),
італьянскі рэжысёр і драматург. Скончыў Нац. акадэмію драм. мастацтва ў Рыме (1946). У 1952 арганізаваў і ўзначаліў (сумесна з В.Гасманам) «Тэатр італьянскага мастацтва» ў Рыме, з 1962 кіраўнік (з І.К’езай) «Тэатра стабіле» ў Генуі, у 1977—84 — «Тэатра стабіле» ў Рыме. Паставіў спектаклі ў драм. і оперных т-рах («Ла Скала» ў Мілане, Рымскай оперы): «Гамлет» У.Шэкспіра (1952, сумесна з Гасманам), «Дачка Іорыо» Г. Д’Анунцыо (1957), «Федра» І.Піцэці (1959), «Фальстаф» Дж.Вердзі (1960), «Чалавек і звышчалавек» Б.Шоу і «Кожны па-свойму» Л.Пірандэла (1961), п’есы К.Гальдоні, Ф.Дастаеўскага і інш. Аўтар п’ес «Тры чвэрці месяца» (1953), «Сусветная выстаўка» (1955), «Дзяўчына з Раманьі» («Раманьёла», 1957), «Пяць дзён у порце» (1968, сумесна з В.Фаджы). «8 верасня» (1972, сумесна з Э. дэ Бернартам і Р.Дзанграндзі) і інш.
т. 14, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́СТЭРТАН (Chesterton) Гілберт Кіт (29.5.1874, Лондан — 14.6.1936),
англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў дэтэктыўнай літаратуры. З 1900 супрацоўнічаў у перыяд. друку. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (зб-кі «Гуляючыя старыя», «Дзікі рыцар», абодва 1900). У філас. рамане «Шар і крыж» (1909), зб-ках апавяданняў з займальнай інтрыгай пра сышчыка-свяшчэнніка Браўна (1911—35), зб. «Чалавек, які ведаў вельмі многа» (1922) дзіўнае, рамант., перайначанае жыццё, дзе традыцыйна ўсталяваныя адносіны з’яўляюцца фікцыяй, а свет вял. грошай і «высокай» палітыкі паўстае як цэнтр ілжывых прэтэнзій і дутых рэпутацый. У гумарыст. раманах «Напалеон з Нотынг-Хіла» (1904), «Вяртанне Дон Кіхота» (1926) сац.-утапічныя матывы, звернутыя да сярэдневякоўя. Аўтар фантаст. буфанады «Чалавек, які быў Чацвяргом» (1908), цыкла рэліг.-філас. эсэ «Артадоксія» (1908), паэм, літ.-крытычных прац, у т. л. пра творчасць Ч.Дзікенса, Б.Шоу.
Тв.:
Рус. пер. — Рассказы. М., 1974;
Писатель в газете: Худож. публицистика. М., 1984.
т. 17, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),
сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.
М.Ф.Сарока.
т. 4, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)