ЦЯЧЭ́ННЕ МЫ́СА ГОРН,

халоднае паверхневае цячэнне ў Ціхім акіяне, у раёне Дрэйка праліва, каля зах. і паўд.зах. берагоў архіпелага Вогненная Зямля, частка Заходніх Вятроў цячэння. Накіравана з 3 на У з Ціхага ак. ў Атлантычны акіян. Т-ра вады 0—5 °C. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Расход вады каля 150 млн. м³/с. Летам нясе айсбергі.

т. 17, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ ГРЭНЛА́НДСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне Паўн. Ледавітага ак., працяг цячэння, якое перасякае Арктычны басейн. Праходзіць з Пн на Пд каля ўсх. берага Грэнландыі. Шыр. 350—540 км. Т-ра вады каля берагоў Грэнландыі ніжэй за 0 °C, на ўсх. ускраіне летам да 2,4 °C. Скорасць да 0,9 км/гадз. Салёнасць 32—33‰. Круглы год нясе льды Арктычнага басейна, у летнія месяцы — айсбергі.

т. 16, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае цячэнне Індыйскага ак. каля зах. берагоў Аўстраліі; паўн. адгалінаванне Заходніх вятроў цячэння. Накіравана з Пд на Пн. Скорасць летам 0,9—1,8 км/гадз, зімой запавольваецца. Т-ра ў лют. ад 19 °C на Пд да 26 °C на Пн, у жн. адпаведна ад 15 да 21 °C. Салёнасць 35,5—35,7‰. У тропіках Паўд. паўшар’я З.ц. зліваецца з Паўднёвым Пасатным цячэннем.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНЕ-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак. каля ўсх. берага Аўстраліі, галіна Паўд. Пасатнага цячэння. Накіравана з Пн на Пд, каля в-ва Тасманія зліваецца з цячэннем Зах. Вятроў. Шыр. паміж 25 і 32° паўд. ш. 100—200 км. Т-ра вады зімой 11—20 °C, летам 15—26 °C. Скорасць 1,1—1,8 км/гадз, у цэнтры больш за 2,7 км/гадз. Салёнасць каля 35,5%.

т. 16, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІХ ВЯТРО́Ў ЦЯЧЭ́ННЕ,

паверхневае цячэнне ў Паўд. паўшар’і. Напрамак цячэння з З на У паміж 40° і 55° паўд. ш., абкружае зямны шар, перасякаючы Атлантычны, Індыйскі і Ціхі акіяны, у якіх адпаведна адгаліноўваюцца халодныя цячэнні Бенгельскае, Заходне-Аўстралійскае і Перуанскае. Працягласць да 30 тыс. км, шыр. каля 1000 км. Утвараецца ў паверхневым слоі пад уздзеяннем пераважных у гэтых шыротах зах. вятроў. Стрыжань цячэння супадае з паўд. палярным фронтам, які аддзяляе адносна цёплыя воды паўд. ч. Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. ад халодных антарктычных вод. Скорасць 0,4—0,9 км/гадз. Т-ра вады паверхневага слоя 12—15 °C у паўн. ч. цячэння і 1—2 °C у паўднёвай. Салёнасць адпаведна ад 35‰ да 34‰ Зону З.В.ц. з-за частых і моцных штормаў наз. «равучымі саракавымі» шыротамі.

т. 7, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гальфстрым (цячэнне) 3/320; 11/168

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,

паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн. ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.​Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Курасіо (цячэнне) 6/209; 11/120, 168

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАСІ́О, Японскае цячэнне,

цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак., каля паўд. і ўсх. берагоў Японіі, працяг Паўн. Пасатнага цячэння. Паўд. ч. шыр. каля 170 км, глыб. пранікнення да 700 м. Т-ра вады на паверхні ад 12 да 28 °C. Скорасць ад 0,9 да 2,9 км/гадз. Перанос вады каля Японіі 40—50 млн. м³/с, на Пд да 20—30 млн. м³/с. Утварае ў паўн. ч. Ціхага ак. сістэму цёплых цячэнняў. Каля 36° паўн. ш. і 150° усх. д. пераходзіць у Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне. Галіны К. пранікаюць у паўн. напрамку (вышэй за 40° паўн. ш.), сустракаюцца з халодным Курыльскім цячэннем і ўтвараюць шматлікія кругавароты. На У яго працягам з’яўляецца цёплае Аляскінскае цячэнне. Аказвае вялікі ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Ціхага ак.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФАРТЫЁЗ коней,

гельмінтозная хвароба жарабят і дарослых коней, якая выклікаецца нематодай Alfortia edentatus. Пашыраны ўсюды. Паразіты пашкоджваюць тоўсты кішэчнік і выклікаюць запаленне брушыны. Хвароба працякае востра і хранічна. Вострае цячэнне (прыгнечанне, адмова ад корму, анемія, павышэнне т-ры цела) звычайна бывае ў жарабят, многія з захварэлых гінуць. Хранічнае цячэнне (2—3 месяцы) часцей у дарослых коней. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)