СМО́ЛЬСКІ Бекір Міхайлавіч (12.7.1913, Мінск — 28.9.1982),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Чл.-кар.АН Беларусі (1967), д-ртэхн.н. (1958), праф. (1961). Скончыў БПІ (1935) і працаваў там з 1946. З 1958 заг. лабараторыі, з 1959 нам. дырэктара, з 1971 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену АН Беларусі. Навук. працы па прамысл. цеплаэнергетыцы, ачыстцы газавых прамысл. выкідаў, метадах цеплавільготнай апрацоўкі матэрыялаў, працэсах пераносу цеплаты і рэчыва ва ўмовах вакууму, вызначэнні аптымальных умоў інтэнсіфікацыі сублімацыйнага абязводжвання капілярна-порыстых рэчываў, вывучэнні ўплыву тэрмадыфузіі пры тэрмічнай апрацоўцы капілярна-порыстых матэрыялаў.
Тв.:
Внешний тепло- и массообмен в процессе конвективной сушки. Мн., 1957;
Реодинамика и теплообмен нелинейно вязкопластичных материалов. Мн., 1970 (разам з З.П.Шульманам, В.М.Гарыславец);
Нестационарный теплообмен. Мн., 1974 (разам з Л.А.Сяргеевай, У.Л.Сяргеевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУР’Е́ (Fourier) Жан Батыст Жазеф [21.3.1768, г. Асер (Аксер), Францыя — 16.5.1830], французскі матэматык і фізік. Чл. Парыжскай АН (1817). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1829). Скончыў ваен. школу ў Асеры (матэм. адукацыю атрымаў самастойна), дзе і працаваў. У 1796—98 у Політэхн. школе ў Парыжы. З 1822 сакратар секцыі матэматыкі Парыжскай АН. Навук. працы па алгебры (сфармуляваў тэарэму пра лік сапраўдных каранёў алг. ўраўнення), дыферэнцыяльных ураўненнях і матэм. фізіцы. У працы «Аналітычная тэорыя цеплаты» (1822) выклаў тэорыю цеплаправоднасці, вывеў дыферэнцыяльнае ўраўненне цеплаправоднасці і для яго рашэння распрацаваў метад раздзялення пераменных (гл.Фур’е метад), прапанаваў формулы раскладання функцый на гарманічныя кампаненты (гл.Фур’е інтэграл, Фур’е пераўтварэнне, Фур’е шэраг), што дало пачатак стварэнню трыганаметрычных шэрагаў і распрацоўцы агульных праблем матэм. аналізу.
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, якія працуюць на цеплавой энергіі, што вылучаецца пры спальванні гаручага газу. Выкарыстоўваюцца ў жылых і грамадскіх будынках для прыгатавання страў, награвання вады, ацяплення памяшканняў і інш.
Складаюцца звычайна з гарэлкі газавай з падвадным цеплаправодам, цеплаабменніка, сродкаў аўтаматызацыі і прыстасавання для выдалення прадуктаў згарання. Падзяляюцца на бытавыя (газавыя кухонныя пліты, праточныя і ёмістасныя воданагравальнікі), ацяпляльныя (ёмістасныя воданагравальнікі, газавыя каміны, ацяпляльныя апараты з вадзяным контурам і ацяпляльна-варачныя, ацяпляльнікі канвекцыйнага і выпраменьвальнага абагрэву; гл.Газавае ацяпленне), газавыя прылады прадпрыемстваў грамадскага харчавання (рэстаранныя пліты, страваварачныя катлы, духавыя шафы, прыстасаванні для смажання, кіпяцільнікі), прылады для спец. мэт (гарэлкі лабараторныя і інфрачырвонага выпрамянення). Характарызуюцца цеплавой нагрузкай, прадукцыйнасцю (колькасцю цеплаты, якая выкарыстоўваецца), ккдз (звычайна 56—83%). Вырабам газавых прылад на Беларусі займаецца брэсцкі з-д «Газаапарат».
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
Да арт.Газавыя прылады. Газавая пліта на прыродным газе з магчымасцю прыстасавання для свяцільнага газу і прапан-бутану.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГЕНЕРА́ЦЫЯ (тэхн.). 1) у вылічальнай тэхніцы — аўтам. перазапіс даных для захоўвання інфармацыі ў запамінальных прыстасаваннях аператыўнай памяці ЭВМ.
2) У сувязі — узнаўленне зыходнай формы сігналу, які прымаецца з дапамогай спец. (рэгенерацыйных) схем у рэтранслятарах.
3) У цеплатэхніцы — вяртанне часткі адведзенай цеплаты (унутранай энергіі паліва) для выкарыстання ў энергет. устаноўках. Цеплатой адведзеных з агрэгатаў газападобных прадуктаў згарання («гарачага» цепланосьбіта) падаграюць газападобнае паліва, паветра ці іх сумесі («халодны» цепланосьбіт), што паступаюць у гэтыя ж агрэгаты. Адбываецца ў рэгенератарах.
Таксама Р. выкарыстоўваецца ў розных галінах вытв-сці, напр., у ліцейнай — пры перапрацоўцы выкарыстаных фармовачных сумесей для аднаўлення зерневага стану пяску; у вытв-сці гумы для вырабу пластычнага прадукту (рэгенерату), які атрымліваюць тэрмічнай апрацоўкай (дэвулканізацыяй) зношаных гумавых вырабаў і адходаў гумавай вытв-сці; пры аднаўленні эксплуатацыйных уласцівасцей выкарыстаных нафтавых масел для паўторнага іх выкарыстання; пры перапрацоўцы ядзернага паліва, што выкарыстоўвалася ў ядзерным рэактары, для захоўвання радыеактыўных адходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІВА,
рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл.Нафтаперапрацоўка).
Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв.альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,
з’явы, што ўзнікаюць у праводзячых асяроддзях пры адначасовым дзеянні магн. поля і градыента т-ры. Абумоўлены ўздзеяннем магн. поля на накіраваны рух носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) пад дзеяннем градыента т-ры.
Магн. поле адхіляе звязаныя з. пераносам часціц эл. ток і паток цеплаты ад першапачатковага напрамку (гл.Лорэнца сіла). У выніку паяўляюцца складальныя эл. току і цеплавога патоку ў напрамку, перпендыкулярным магн. полю. Адрозніваюць Т.з. папярочныя і падоўжныя ў залежнасці ад таго, у якім напрамку — перпендыкулярным ці паралельным першапачатковаму градыенту т-ры адпаведна — яны вымяраюцца. Да Т.з. належаць: Нернста—Этынгсгаўзена эфект, Рыгі—Ледзюка эфект (папярочны — узнікненне тэмпературнага градыента, падоўжны — змена цеплаправоднасці з-за ўзнікнення дадатковага цеплавога патоку) і інш. Вывучэнне Т.з. дае магчымасць атрымаць важную інфармацыю аб носьбітах зараду ў паўправадніках; на ім заснавана дзеянне пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў электрычную.
Літ.:
Аскеров Б.М. Электронные явления переноса в полупроводниках. М., 1985;
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПЕ́ННЕ,
пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін з фазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).
Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ СТАНу фізіцы,
раўнаважны стан двухфазнай сістэмы, у якім розныя фазы становяцца аднолькавымі па сваіх фіз. уласцівасцях. Характарызуецца крытычнымі значэннямі т-ры, ціску і аб’ёму; на дыяграме стану яму адпавядаюць лімітавыя пункты на крывых раўнавагі фаз (крытычныя пункты). Уласцівасці рэчыва ў К.с. вывучаюць і выкарыстоўваюць пры стварэнні ўстановак звадкавання газаў, раздзялення сумесей, энергет. установак на звышкрытычных параметрах і інш.
Пры набліжэнні да К.с. адрозненні ў шчыльнасцях, складзе і інш. уласцівасцях фаз, а таксама скрытая цеплата фазавага пераходу і міжфазнае паверхневае нацяжэнне змяншаюцца і ў крытычным пункце роўныя нулю. Уласцівасці новай фазы бясконца мала адрозніваюцца ад уласцівасцей зыходнай і таму пры яе ўзнікненні выключаецца пераграванне (пераахаладжэнне), а таксама выдзяленне (паглынанне) цеплаты, што характэрна для фазавых пераходаў 2-га роду. Значна ўзрастаюць флуктуацыі шчыльнасці і канцэнтрацыі (у сумесях); у крытычных пунктах растваральнасці становіцца неабмежаванай узаемная растваральнасць кампанентаў. Гл. таксама Крытычныя з’явы.
П.А.Пупкевіч.
Да арт.Крытычны стан. Крывыя расслаення на 2 фазы раствораў: а — вада—фенол; б — вада—нікацін (1, 2 — верхні і ніжні крытычныя пункты адпаведна). Выдзелены вобласці двухфазнай раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць макраскапічных цел, якія ўзаемадзейнічаюць (абменьваюцца энергіяй і рэчывам) паміж сабой і з інш. целамі (навакольным асяроддзем). Бывае адкрытая (абменьваецца энергіяй і рэчывам з навакольным асяроддзем), закрытая (без абмену рэчывам), адыябатная (без цеплаабмену) і ізаляваная (без цеплаабмену і абмену рэчывам). Уласцівасці раўнаважных Т.с. вывучае тэрмадынаміка раўнаважных працэсаў, нераўнаважных — тэрмадынаміка нераўнаважных працэсаў.
Складаецца з вял. колькасці структурных адзінак (атамаў, малекул і інш.), што дае магчымасць кожную яе макраскапічную частку таксама лічыць Т.с. і характарызаваць макраскапічнымі параметрамі (шчыльнасцю, ціскам, канцэнтрацыяй, хім. саставам, аб’ёмам і інш.). Т.с. знаходзіцца ў раўнавазе (гл.Раўнавага тэрмадынамічная), калі яе параметры не мяняюцца з цягам часу і ў сістэме адсутнічаюць стацыянарныя патокі цеплаты, рэчыва і інш. Для раўнаважных Т.с. уводзіцца паняцце тэмпературы як параметра стану, і яна мае аднолькавае значэнне для ўсіх макраскапічных частак сістэмы. Лік незалежных параметраў стану роўны ліку ступеней свабоды, астатнія параметры звязаны з незалежнымі з дапамогай ураўнення стану. Т.с. можа быць фіз. аднароднай (гл.Гамагенная сістэма) і неаднароднай (гл.Гетэрагенная сістэма). У выніку фазавых і хім. пераўтварэнняў (гл.Фазавыя пераходы) гетэрагенная Т.с. можа стаць гамагеннай і наадварот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕПЛАТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі па вытв-сці і выкарыстанні цеплавой энергіі ў тэхнал. працэсах, на транспарце, у побыце; навука, якая вывучае асн. заканамернасці пераўтварэння хім. энергіі паліва ў цеплату, мех. і эл. энергію. Тэарэт. асновы Ц. — тэрмадынаміка, тэорыя цеплаперадачы, тэорыя цеплаабменных апаратаў, турбін і інш.
Асн. крыніца атрымання цеплаты — паліва (цвёрдае — вугаль, торф, сланцы; вадкае — нафта; газ — прыродны і доменны). У працэсе гарэння ўдзельнічаюць паліва і акісляльнік. Прадукты згарання маюць высокую т-ру і з’яўляюцца энерганосьбітам, цяпло якога ідзе на розныя мэты. Важная крыніца цяпла — ядзерная энергія. Выкарыстоўваюць таксама сонечную энергію (гл.Геліятэхніка, Геліяўстаноўка) і глыбіннае цяпло Зямлі (гл.Геатэрмальная электрастанцыя). Адрозніваюць 2 асн. кірункі Ц.: цеплавыкарыстанне (спажыванне цяпла ў прамысл. печах, цеплаабменных апаратах, тэхнал. працэсах, побыце, гл.Цеплазабеспячэнне, Ацяпленне) і цеплаэнергетыка (выкарыстоўвае цяпло для атрымання інш. відаў энергіі, гл.Энергетыка). На Беларусі даследаванні ў галіне Ц. праводзяцца ў Інстытуце цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава, Бел.нац.тэхн. ун-це.
Літ.:
Телегин А.С., Швыдкий В.С., Ярошенко Ю.Г. Термодинамика и тепломассоперенос. М., 1980;