ваганні часцінак пругкага асяроддзя (газападобнага, вадкага або цвёрдага), якія распаўсюджваюцца ў ім у выглядзе хваль; пругкія хвалі малой інтэнсіўнасці. У залежнасці ад частаты ваганняў адрозніваюць чутныя гукі (частата ад 16 Гц да 20 кГц; выклікаюць гукавыя адчуванні пры ўздзеянні на органы слыху чалавека), інфрагук (умоўна ад 0 да 16 Гц), ультрагук (ад 20 кГц да 1 ГГц) і гіпергук (больш за 1 ГГц; верхняя мяжа вызначаецца атамна-малекулярнай будовай асяроддзя). Гук вывучаецца ў акустыцы.
Гук можа ўзнікаць у выніку розных працэсаў, што выклікаюць узбурэнне асяроддзя (мясц. змена ціску або мех. напружання ад раўнаважнага значэння, лакальныя зрушэнні часцінак ад стану раўнавагі). У газападобных і вадкіх асяроддзях распаўсюджваюцца падоўжныя хвалі, скорасць якіх вызначаецца сціскальнасцю і шчыльнасцю асяроддзя (гл.Скорасць гуку); у цвёрдых целах акрамя падоўжных могуць распаўсюджвацца папярочныя і паверхневыя акустычныя хвалі са скарасцямі, якія вызначаюцца пругкімі канстантамі і шчыльнасцю (гл.Фанон). У некат. выпадках назіраецца дысперсія гуку (гл.Дысперсія хваль), абумоўленая фіз. працэсамі ў рэчыве, а таксама хваляводным характарам распаўсюджвання ў абмежаваных аб’ёмах. Пры распаўсюджванні гуку маюць месца звычайныя для ўсіх тыпаў хваль з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі, затухання (гл.Паглынанне гуку). Калі памер перашкод ці неаднароднасцей асяроддзя вялікі (у параўнанні з даўжынёй хвалі), распаўсюджванне падпарадкоўваецца законам геаметрычнай акустыкі. Пры распаўсюджванні гукавых хваль вял. амплітуды адбываюцца паступовае скажэнне формы гарманічнай хвалі і набліжэнне яе да ўдарнай і інш. эфекты (гл.Нелінейная акустыка, Кавітацыя). Гук выкарыстоўваецца для сувязі і сігналізацыі (напр., у водным асяроддзі гэта адзіны від сігналаў для сувязі, навігацыі і лакацыі; гл.Гідраакустыка), нізкачастотны гук — пры даследаваннях зямной кары, ультрагук — у кантрольна-вымяральных мэтах (напр., у дэфектаскапіі), для актыўнага ўздзеяння на рэчыва (ультрагукавая ачыстка, мех. апрацоўка, зварка, рэзка і інш.), высокачастотны гук (асабліва гіпергук) — пры даследаваннях у фізіцы цвёрдага цела.
П.С.Габец, А.Р.Хаткевіч.
Адчувальнасць вуха чалавека да Адчувальнасць вуха чалавека да гукаў рознай частаты і інтэнсіўнасці: 1 — крывая парога чутнасці; 2 — вобласць успрымання мовы; 3 — вобласць успрымання музыкі; 4 — крывая адчування болю. рознай частаты і інтэнсіўнасці: 1 — крывая парога чутнасці; 2 — вобласць успрымання мовы; 3 — вобласць успрымання музыкі; 4 — крывая адчування болю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛА́Г, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення,
у СССР у 1934—56 падраздзяленне НКУС (МУС), якое ажыццяўляла кіраўніцтва сістэмай папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1934 створаны саюзна-рэсп. Наркамат унутр. спраў (НКУС), у склад якога ўключана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНКСССР (АДПУ, пазней — Гал. ўпраўленне дзярж. бяспекі — ГУДБ). У канцы 1930 — пач. 40-х г. створана каля 15 спец.Гал. упраўленняў, якія мелі лагеры на месцах (Карагандзінскі — «Карлаг», Салавецкі — СЛОН, Беламорска-Балт., Варкуцінскі, Нарыльскі і інш.). Тэр.СССРумоўна была разбіта на 8 зон дыслакацыі тэр. упраўленняў з падначаленымі ім ППЛ, турмамі, этапамі, перасыльнымі пунктамі. Існавалі лагеры прымусовых работ, асобага прызначэння, катаржныя, спец., буд., лагерныя НДІ, а таксама папраўча-прац., выхаваўча-прац., дзіцячыя і інш. калоніі. Паводле афіц. статыстыкі на 1.3.1940 у ГУЛАГу было 53 лагеры, 425 папраўча-прац. калоній і 50 калоній для непаўналетніх дзяцей «ворагаў народа». У 1920—50-я г. праз ГУЛАГ прайшло каля 10 млн.чал., у т. л. каля 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі. Паводле справаздачы НКУССССР за 1934—37 у лагерах штогод у сярэднім памірала ад 20 да 28 тыс.чал., у 1938 памерла больш за 90 тыс., у 1941 — больш як 100 тыс. У 1942, паводле афіц. звестак, загінула 248 677 чал., у 1943 — 166 967 чал, у наступныя гады (да 1947 уключна) смяротнасць складала ад 18 да 60 тыс.чал. штогод. На Беларусі ў 1930-я г. было 15 турмаў і ізалятараў спец. прызначэння.
Пасля выхаду ў свет кн. А.Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973), дзе ён паказаў сістэму масавых рэпрэсій у сав. дзяржаве, тэрмін «ГУЛАГ» стаў сінонімам лагераў і турмаў НКУС.
Літ.:
Росси Ж. Справочник по ГУЛАГу. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1991;
Адамушко В.И., Иванова Н.В. «Помилуйте...»: Документы по репрессиям 1939—41 гг. в Вилейской обл. Мн., 1992;
Касцюк М., Міхнюк У. Рэпрэсіі — самае цяжкае злачынства таталітарнага рэжыму // Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гг. на Беларусі. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКУНА́БУЛЫ (ад лац. incunabula калыска, пачатак),
друкаваныя выданні, выпушчаныя ў ранні перыяд кнігадрукавання; умоўна — кнігі, выдадзеныя ад першых спроб І.Гутэнберга (1440-я г.) да 1.1.1501.
У гэты перыяд у Зах. і Цэнтр. Еўропе дзейнічала 1099 друкарняў у 246 гарадах, якія выдалі каля 12 млн.экз. кніг (больш за 40 тыс. назваў). Сярэдні іх тыраж — 300, асобных — 1000 і больш экз. Першапачаткова І. вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі І. пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў ант. аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лац. алфавітнай сістэмы, у 1480—90-я г — глаголіцай і кірыліцай.
І. зберагаюцца ў буйнейшых навук. кнігазборах свету, у дзярж., акад., універсітэцкіх б-ках. Вядзецца іх міжнар. ўлік і апісанне; выдадзены «Зводны каталог інкунабулаў» (т. 1—8, 1925—76), выходзяць нац. каталогі І. І. бел. паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з 15—16 ст. Найчасцей іх прывозіла з інш. краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў 16—18 ст. І. меліся ў б-ках манастыроў, навуч. устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся І. з б-кі Радзівілаў (11 з іх у б-цы Рас.АН), з б-кі Храптовічаў у Шчорсах (3). У б-ках Вільнюса захоўваецца больш за 100 І. з розных гарадоў Беларусі, у т. л. з Гродна (з б-к кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі р-н), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат І. зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў. 42 экз. І. зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, 4 — у Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я РЭ́КІ,
невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс.км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.
Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.
І.Я.Афнагель.
Да арт.Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРА́ЦЫЯ (позналац. decoratio літар. ўпрыгожанне) у тэатры і кіно, афармленне трохмернай прасторы, у межах якой адбываецца дзеянне спектакля або фільма. Існуе для вобразнай характарыстыкі гіст. абставін, умоў і атмасферы спектакля або фільма — асяроддзя, у якім дзейнічае акцёр. Ствараецца з дапамогай архітэктуры, жывапісу, графікі, маст. планіроўкі месца дзеяння, спец. фактур, асвятлення і тэхнікі.
Сістэмы тэатр. Д.: кулісная перасоўная — мяккія навясныя кулісы або цвёрдыя на рухомых рамах, размешчаныя ад партала ўглыб сцэны (вядома з 1628); кулісна-арачная пад’ёмная — жывапісныя палотны, зробленыя з улікам перспектывы і сшытыя ў выглядзе арак (вядома з 17 ст.; разнавіднасць кулісна-арачнай Д. — ажурная, умацоўваецца на сетцы або апліцыруецца на цюлі); павільённая — сценкі-рамы, зацягнутыя маляваным палатном, перакрытыя столлю (з 1794); аб’ёмная — камбінацыя плоскіх сцен і аб’ёмных дэталей: станкоў, лесвіц, пандусаў і інш. (з 1870); для змены аб’ёмнай Д. ўжываюцца рухомыя пляцоўкі-фуркі, паваротны круг і інш.; праекцыйная Д. заснавана на праекцыі на экран статычных і дынамічных выяў — арх. і пейзажных матываў, дажджу, полымя і да т.п. (з 1908). Сярод прыёмаў — афармленне з ужываннем розных сістэм Д.: сімультантны (адначасовы паказ розных месцаў дзеяння), умоўны (афармленне ў нейтральных сукнах ці шырмах або ў іх спалучэнні з арх. і бытавымі дэталямі па рухомай устаноўцы), прасторавы (сцэна з Д. акружае гледача з усіх бакоў). Кінадэкарацыі робяцца трохмерныя з улікам умоў здымкі (план, ракурс, асвятленне), характару здымкі і стужкі. Ім дадаюць жывапісную і фактурную апрацоўку: умоўна-абагульненую для агульных і аддаленых планаў і ілюзорна-натуральную для буйных і сярэдніх планаў. Д. ў кіно робяцца ў натуральную велічыню аб’екта або ў выглядзе яго фрагмента (т.зв. «ігравой часткі»), Фрагмент Д. часам дапаўняецца макетамі і рознымі фонамі, якія ў кадры злучаюцца ў адно цэлае. Развіццё мастацтва Д. цесна звязана з развіццём тэатра, кіно, драматургіі, выяўл. мастацтва. Актыўным творчым пошукам адметныя работы мастакоў тэатра і кіно М.Апіёка, М.Блішча, Б.Герлавана, А.Грыгар’янца, Я.Ждана, А.Марыкса, П.Масленікава, Дз.Мохава, С. і Я.Нікалаевых, Ю.Тура, Я.Чамадурава і інш.Гл. таксама Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва.
Літ.:
Козлинский В.И., Фрезе Э.П. Художник и театр. М., 1975;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.
Г.І.Барышаў.
Да арт.Дэкарацыя. М.Апіёк. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Варвары» М.Горкага. 1966.Да арт.Дэкарацыя. П.Масленікаў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Яснае світанне» А.Туранкова. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРАМАНТЫ́ЗМ (ад неа... + рамантызм),
умоўная назва шэрагу эстэт. тэндэнцый у л-ры і мастацтве еўрап. краін канца 19 — пач. 20 ст. У самаст. кірунак не аформіўся. Узнік як рэакцыя на прозу тагачаснага жыцця, песімізм і бязвер’е дэкадэнцтва, пазітывізм у філасофіі, натуралізм у мастацтве. У тэматычным і маст.-стылявым планах генетычна ўзыходзіць да рамантызму. Яго ідэалаг. аснова — абстрактны гуманізм. Характэрныя рысы Н. — непрыняцце рэчаіснасці, вастрыня этычнай праблематыкі, напружанасць фабульных сітуацый, максімалізм, рамантызацыя пачуцця, прыярытэт экспрэсіўнага над апісальным, зварот да таямнічых ці звышнатуральных падзей, фантастыка, гратэск, экзотыка, усхваленне і ўзвелічэнне подзвігаў, героікі і прыгод. Тыповы неарамант. герой — мужны ці незвычайны чалавек, адзінокі, часам проціпастаўлены грамадству; яго жыццё звязана з рызыкай і прыгодамі, свае дзеянні ён падпарадкоўвае альтруістычным ідэалам. Найб. росквіту Н. дасягнуў у 1890-я г.
У літаратуры Н. суіснаваў з рэаліст. і дэкаданснымі, неарэаліст. тэндэнцыямі. Найб. выразна яго рысы выявіліся ў творчасці Р.Кіплінга, Р.Л.Стывенсана, Э.Растана, Дж.Конрада, К.Дойла, Э.Л.Войніч, Дж.Лондана, К.Гамсуна, Г.Ібсена, Ф.Гарсія Лоркі, групы пісьменнікаў «Маладая Польшча» і інш. У рус. л-ры неарамант. тэндэнцыі ўвасобіліся ў паэзіі К.Бальмонта, З.Гіпіус, С.Гарадзецкага, у прозе Л.Андрэева, А.Рэмізава, Дз.Меражкоўскага. У бел. л-ры праявіўся ў творах Я.Купалы (паэмы «Сон на кургане», «На куццю»), Я.Коласа (паэма «Сымон-музыка»), М.Багдановіча, «нашаніўскай» паэзіі і прозе, пазней — у творах У.Караткевіча і інш.
У музыцы Н. — паняцце, якое. абазначае позні рамантызм (творчасць Ф.Ліста, Р.Вагнера). Да неарамантыкаў умоўна далучаюць І.Брамса, А.Брукнера, Г.Вольфа, Г.Малера, Р.Штрауса, а таксама кампазітараў, якія працягвалі некаторыя традыцыі рамант. музыкі ў пач. 20 ст. (М.Рэгер, Л.Яначак, Р.Воан-Уільямс). У 2-й пал. 20 ст. многія кампазітары звярталіся да стылістыкі рамантызму. Н. 1970—90-х г. звязаны з пратэстам супраць «другога авангарда», патрабаваннем адкрытай выразнасці і вяртаннем да «новай прастаты». У бел. музыцы рысы Н. характэрны для твораў Л.Абеліёвіча, Г.Гарэлавай, Я.Глебава, У.Дарохіна, А.Залётнева, У.Кандрусевіча, В.Помазава, Ф.Пыталева, Дз.Смольскага, У.Солтана, А.Соніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЯ,
індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс.чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўнастараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб.культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл.Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.
Літ.:
Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;
Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;
Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ, восень,
жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.
Публ.:
Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;
Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;
Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел.нар. творчасць).
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА АД РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,
сукупнасць фіз. і хім. сродкаў аховы арганізма, накіраваных на стварэнне бяспечных умоў працы персаналу і пражывання насельніцтва пры магчымым уздзеянні радыеактыўнага выпрамянення. Уключае: ахову ад вонкавага выпрамянення «закрытых» крыніц (радыеактыўныя прэпараты, ядз. рэактары, рэнтгенаўскія і паскаральныя ўстаноўкі і інш.); ахову біясферы ад забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі «адкрытых» радыеактыўных крыніц (адходы ядз. прам-сці, прадукты выпрабаванняў ядз. зброі і выкідаў прадпрыемствамі атамнай прам-сці, работа з «адкрытымі» радыеактыўнымі прэпаратамі і інш.).
Ахова ад вонкавага выпрамянення мае на мэце аслабленне выпрамянення пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам асяроддзя: для паглынання альфа- і бэта-часціц дастаткова аркуша паперы, гумавых пальчатак, адзення ці слоя паветра таўшч. 8—9 см; для паглынання электронаў — некалькіх мм алюмінію, плексігласу або шкла; для паглынання гама-квантаў — матэрыялы, якія ўключаюць элементы з вял. атамнымі нумарамі (вальфрам, свінец, жалеза і інш.), для нейтронаў — водазмяшчальныя рэчывы (парафін, гідрыды металаў, бетон і інш.). Каб знізіць пранікальную здольнасць другаснага выпрамянення (напр., жорсткага зыходнага гама-выпрамянення, тармазнога выпрамянення пры паглынанні бэта-часціц), дадаткова ўжываюць літый або бор. Ахова ад вонкавага апрамянення праводзіцца з улікам спектральнага складу іанізавальнага выпрамянення, магутнасці яго крыніц, адлегласці, на якой знаходзіцца абслуговы персанал, і працягласці знаходжання ў сферы ўздзеяння выпрамянення. Ахоўныя прыстасаванні падзяляюцца на суцэльныя, частковыя, ценявыя і паасобныя (ахоўныя сцены, перакрыцці падлогі і столі, дзверы, назіральныя вокны, кантэйнеры і інш.). Ахова біясферы прадугледжвае спец. захады па зніжэнні канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў у вадзе і паветры да гранічна дапушчальных канцэнтрацый (пастаянна ўдакладняюцца і пераглядаюцца; гл.Дозы выпрамянення). Уздзеянне радыеактыўных рэчываў, што трапляюць у арганізм чалавека і жывёлы, зніжаюць пры дапамозе радыеахоўных рэчываў, якія ўводзяць у арганізм перад ці на працягу ўздзеяння іанізавальнай радыяцыі. Іх умоўна падзяляюць на сродкі агульнабіял. дзеяння, якія павышаюць натуральную радыерэзістэнтнасць — агульную супраціўляльнасць арганізма (вадкія экстракты і настойкі элеўтэракоку калючага, жэньшэню, лімонніку кітайскага, лагахілусу, вітаміны, гармоны, каферменты, вітамінна-амінакіслотныя комплексы, некат. мікраэлементы і антыбіётыкі, біястымулятары) і спецыфічныя радыеахоўныя рэчывы — радыепратэктары, якія ствараюць умовы штучнай радыерэзістэнтнасці. Да іх належаць пераважна рэчывы сінт. паходжання, увядзенне якіх за некалькі мінут ці гадзін перад апрамяненнем у арганізм чалавека і жывёлы паніжае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення. Найбольш эфектыўныя індалілалкіламіны і серазмяшчальныя злучэнні (напр., амінаалкілтыяфасфаты, пептыды і адпаведныя ім дысульфіды, серазмяшчальныя амінакіслоты, дытыякарбаматы, вытворныя тыязалідзіну). Яны выкарыстоўваюцца ў асноўным для індывід. засцярогі арганізма ад вонкавага апрамянення ў надзвычайных абставінах (аварыйныя, ваен. ўмовы) і для пераважнай аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Найбольш эфектыўныя сумесі з радыепратэктараў, якія валодаюць рознымі механізмамі ахоўнага дзеяння.
Ва ўстановах, дзе праводзяцца работы з крыніцамі іанізавальных выпрамяненняў, ажыццяўляецца дазіметрычны і радыеметрычны кантроль. Пры рабоце з «закрытымі» крыніцамі робяць замеры індывід. дозаў для ўсіх відаў апрамянення, перыядычны кантроль магутнасцяў дозаў на рабочых месцах і ў сумежных памяшканнях. Пры правядзенні работ з вял. крыніцамі ўстанаўліваюць прылады з аўтам. сігналізацыяй. Пры наяўнасці «адкрытых» крыніц дадаткова кантралююць колькасць радыеактыўных рэчываў у паветры рабочых памяшканняў, забруджанне рабочых паверхняў, абсталявання, рук і адзення працуючых, радыеактыўнасць сцёкавых водаў і паветра, што выдаляецца ў атмасферу. У выпадках буйнамаштабных аварый на АЭС (накшталт Чарнобыльскай) прадугледжваюцца паэтапныя мерапрыемствы: першачарговыя — укрыццё, эвакуацыя і ўвядзенне стабільнага ёду насельніцтву ў першыя дні пасля аварыі; перасяленне, абмежаванні на ўжыванне харч. прадуктаў з забруджаных тэрыторый, дэзактывацыйныя работы і рэкультывацыя с.-г. угоддзяў і інш.
Літ.:
Владимиров В.Г., Красильников И.И., Арапов О.В. Радиопротекторы: структура и функция. Киев, 1989;
Beir V. Health effects of exposure to low levels of ionizing radiation. Washington, 1990.