НАНАЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна навукі і тэхнікі, у якой даследуюцца і выкарыстоўваюцца сістэмы і ўстройствы з памерамі функцыянальных элементаў у нанаметровым дыяпазоне (умоўна ад 0,1 нм да 100 нм).

Прадмет яе даследаванняў — квантаваныя электронныя, фатонныя і атамныя працэсы ў функцыянальных элементах эл., магн. і аптычных сістэм. Прыклад такіх элементаў — штучныя і прыродныя структуры, памер якіх параўнальны з даўжынёй хвалі дэ Бройля сярэднестатыст. электрона праводнасці. У гэтых структурах маюць месца інтэрферэнцыя і рэзананснае тунэляванне электронаў. Да ўстройстваў Н. належаць квантава-размерныя лазеры, аднаэлектронныя і малекулярныя транзістары, аднафатонныя крыніцы і прыёмнікі, квантавыя працэсары і інш.; ствараюцца на аснове нанатэхналогіі.

На Беларусі даследаванні па Н. вядуцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це электронікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Літ.:

Драгунов В.П., Неизвестный И.Г., Гридчин В.А. Основы наноэлектроники. Новосибирск, 2000;

Nanoelectronics and information technology: Advanced electronic materials and novel devices. Darmstadt, 2003.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)