БУ́ДА-КАШАЛЁВА,

горад у Беларусі, цэнтр Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. За 48 км ад Гомеля. Чыг. ст. Буда-Кашалёўская на лініі Мінск—Гомель. 9,5 тыс. ж. (1995).

Да 1861 вёска Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. З 1877 чыг. станцыя Лібава-Роменскай чыг. У 1888 заснавана прадпрыемства па вырабе драўляных дэталей ткацкіх станкоў. У 1897 — 517 ж. З 1924 цэнтр Буда-Кашалёўскага р-на. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З да 27.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 485 чалавек. У 1959 — 4,6 тыс. ж., у 1969 — 7,2 тыс. ж. З 31.12.1971 горад.

У Буда-Кашалёве харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.

т. 3, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАДЭЛІ́ЗМ, аўтамадэльны спорт,

уключае канструяванне і стварэнне мадэляў аўтамабіляў для спаборніцтваў; тэхнічны від спорту. Адрозніваюць 2 тыпы мадэляў: кордавыя і радыёкіроўныя. Кордавыя маюць рухавікі ўнутр. згарання аб’ёмам да 1,5; 2,5; 5 і 10 см³; спаборніцтвы праводзяць на кардадроме — круглай пляцоўцы з бетоннай дарожкай. Радыёкіроўныя паводле тыпу рухавікоў падзяляюцца на мадэлі з рухавікамі ўнутр. згарання і электрычнымі; спаборніцтвы праводзяць на спец. трасах для групавых гонак. На Беларусі спаборніцтвы па аўтамабілізме праводзяць з 1959. Федэрацыя аўтамадэльнага спорту Рэспублікі Беларусь створана ў 1992 (з 1993 член Еўрапейскай федэрацыі). Чэмпіёны б. СССР па аўтамадэлізме (майстры спорту міжнар. класа) — В.​Кротчанкаў (1975, 1987), В.​Дрозд (1991), чэмпіён і рэкардсмен Рэспублікі Беларусь Кротчанкаў (1992).

т. 2, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,

вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з-д. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн. т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн. т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн. т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.

Да арт. «Беларуськалій». У забоі шахты.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАС (ад лац. classis разрад, група),

1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.

2) Буйная сац. група людзей, гл. Класы сацыяльныя.

3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл. Клас у біялогіі.

4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.

5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.

6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.

7) У некаторых спец. навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЖА, тэхнічны вуглярод,

высокадысперсны прадукт няпоўнага згарання або тэрмічнага раскладання вуглевадародаў прыроднага і прамысл. газаў, а таксама нафтавага і кам.-вуг. масел.

Парашок чорнага колеру з сярэднім дыяметрам часцінак 10—50 нм, шчыльн. 1760—1950 кг/м³. Асн. кампанент — вуглярод (не менш за 90%). Атрымліваюць спальваннем прыроднага газу або яго сумесей з нафтавым маслам у спец. печах (пячныя С.) і камерах (канальныя, ці дыфузійныя С.), тэрмічным раскладаннем прыроднага газу ў генератарах без доступу паветра (тэрмічная С). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік гумы (больш за 80% вырабляемай С.) і пластмас, пігмент для друкарскіх фарбаў, капіравальнай паперы і інш., у вытв-сці некаторых сплаваў, спец. гатункаў паперы, гальванічных элементаў і інш.

Літ.:

Зуев В.П., Михайлов В.В. Производство сажи. 3 изд. М., 1970;

Сюняев З.И. Нефтяной углерод. М., 1980.

т. 14, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),

кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).

Літ.:

Антомонов Ю.Г. Моделирование биологических систем: Справ. Киев, 1977;

Биологическая и медицинская кибернетика. Киев, 1986;

Жерарден Л. Бионика: Пер. с фр. М., 1971;

Проблемы бионики. М., 1973.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ (ад анты... + лац. frictio трэнне),

матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.

Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазіты на аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АН Беларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.

А.​У.​Белы.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ЭКАНО́МІКІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1931 у Мінску. Аддзелы (1997): заканамернасцей развіцця эканам. адносін; эфектыўнасці вытв. патэнцыялу; рыначнай інфраструктуры; рэгіянальнай эканомікі; эколага-эканам. праблем; эканомікі навукі.

Асн. кірункі даследаванняў: арг-цыя вытворчасці; удасканаленне сістэмы планавання; паскарэнне навук.-тэхн. прагрэсу; пытанні рэфармавання адносін уласнасці і стварэння змешанай эканомікі; удасканаленне фін. крэдытных адносін. Мэта даследаванняў — распрацоўка нац.-дзярж. мадэлі рыначнай эканомікі Беларусі і адэкватнага ёй дзейснага механізму гаспадарання. Аспірантура з 1945. Выдадзены працы: «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму, 1900—1917» (1963); «Эканоміка Савецкай Беларусі, 1917—1967» (1967), «Тэхнічны прагрэс і пытанні эканомікі» (1969); «Вытворчыя аб’яднанні: Рэгіянальны аспект арганізацыі» У.​С.​Фацеева (1987); зб. «Рыначнае рэфармаванне эканомікі Беларусі» (вып. 1—2, 1996—97); «Эканоміка Беларусі: шляхі стабілізацыі і сацыяльна-эканамічнага абнаўлення» (1995); «Інвестыцыйная палітыка Беларусі: (Аналіз, праблемы, прапановы)», «Інфляцыя. прырода, сутнасць і рэгуляванне, «Праблемы рэфармавання беларускай эканомікі» І.​М.​Абрамава, В.​С.​Булко, І.​В.​Калеснікавай (усе 1996) і інш. У ін-це працавалі акад. АН Беларусі В.​М.​Лубяка, В.​С.​Нямчынаў, І.​А.​Пятровіч, Ф.​С.​Марцінкевіч, чл.-кар. М.​І.​Вядута, Ф.​А.​Дронаў; працуюць акад. Нац. АН Беларусі Г.​М.​Лыч, чл.-кар. П.​Г.​Нікіценка.

Г.​М.​Лыч.

т. 7, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу), ракетадром,

комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.

У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм. аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.

Літ.:

Максимов А.И. Космическая одиссея. Новосибирск, 1991.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СГРАФІ́ТА, графіта (італьян. sgraffito, graffito літар. — выдрапаны),

тэхнічны спосаб манум.-дэкар. жывапісу, засн. на выдрапванні верхняга слоя тынкоўкі да ніжніх кантрастных па колеры слаёў. Вызначаецца трываласцю і ўстойлівасцю да атм. змен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Вядома з эпохі Адраджэння ў Італіі, пазней у Чэхіі, Польшчы і інш. еўрап. краінах. На Беларусі рэшткі С. захаваліся на сценах Гродзенскага Старога замка (16 ст., цяпер затынкаваны) і фрызе Гродзенскага касцёла кляштара брыгітак (сярэдзіна 17 ст., рэстаўрыраваны ў 1978). Цікавасць да С. ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю класіцызму (фрагменты сграфітавага дэкору ў палацы Ружанскага палацавага комплексу). З 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўвалася ў манум. мастацтве: дэкар. кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску (маст. Г.​Гаркуноў, А.​Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Брэсце (маст. І.​Крупскі) і інш. У тэхніцы С. працавалі бел. мастакі Г.​Вашчанка, С.​Дамарад, Г.​Жарын, А.​Жгун, Л.​Каленік, Кішчанка, У.​Крываблоцкі, З.​Літвінава, С.​Рабашчук, С.​Сакалоў, У.​Стальмашонак, В.​Чайка.

Э.​І.​Вецер.

Сграфіта на фасадзе дома «Каля хвіліны» ў Старым горадзе Прагі.
Фрагмент сграфіта на фрызе касцёла кляштара брыгітак у Гродне.
Да арт. Сграфіта. Г.​Гаркуноў, А.​Кішчанка. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску. 1968.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)