ТКА́ЦКІ СТАНО́К,

станок для вырабу тканіны тэкстыльнай; асн. машына ткацтва. Адрозніваюць Т.с.: паводле спосабу пракладвання ўточнай ніткі — чаўнаковыя і бесчаўнаковыя станкі; змены ўтку — аўтам. і мех. з ручной зменай уточных паковак; паводле віду зеваўтваральнага механізма — эксцэнтрыкавыя, карэтачныя і жакардавыя (гл. Жакарда машына); па колькасці чаўнакоў — адна- і многачаўночныя.

На Т.с. ніткі асновы, якія змотваюцца з вял. шпулі (навоя), абгінаюць накіроўны валік (скало), прымаюць гарыз. або нахіленае становішча, праходзяць праз адтуліны ламелей і вочкі рамізак, што перамяшчаюць ніткі асновы ў верт. напрамку. Зеваўтваральны механізм раздзяляе ніткі асновы, утвараючы ромбападобную прастору (т. зв. зеў). У яго чаўнаком або пракладчыкам утку інш. тыпу ўводзіцца ўточная нітка, якая потым прыбіваецца да краю тканіны грэбенем (бёрдам), што робіць зваротна-паступальны рух разам з батанам. Вырабленая тканіна намотваецца на таварны валік.

Найпрасцейшыя ручныя Т.с. з’явіліся за 5—6 тыс. г. да н.э. (гл. Кросны). Механізацыя ткацтва пачалася ў перыяд мануфактуры ў Англіі. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў механічны Т.с. (механізаваны аперацыі пракідвання чаўнака, падымання рамізак, прыбою ўточнай ніткі). У 1804—08 франц. ткач і вынаходнік Ж.​М.​Жакар стварыў машыну для вырабу ўзорыстых тканін (гл. Жакарда машына). Аўтам. Т.с. (з механізмам аўтам. змены ўточных шпуль) зрабіў англічанін Дж.​Нортрап. Т.с. разам з мех. прадзільнымі машынамі адыгралі вырашальную ролю ў станаўленні машыннай тэхнікі.

Ткацкі станок: а — старажытны хатні гарызантальны ткацкі стан «на сохах» (Бабруйскі павет); б — схема прамысловага станка (1 — чаўнок, які пракладвае нітку ўтку; 2 — бёрда; 3 — ламелі; 4 — ніткі асновы; 5 — навой; 6 — рамізка; 7 — батан; 8 — падбатанны вал; 9 — накіравальны і таварны валікі.

т. 15, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСЧАЎНАКО́ВЫ СТАНО́К,

ткацкі станок, у якім уточная нітка ўводзіцца ў зеў (прастору паміж ніткамі асновы) не чаўнаком, а з дапамогай пракладчыка ўтку: рапіраў, іголак, вадзянога ці паветранага струменю, што выходзіць з сапла пад ціскам. Пасля кожнага пракладвання ўточнай ніткі яна абразаецца. У параўнанні са звычайным ткацкім станком, дзе ніткі ўтку змотваюцца са шпулі, якую нясе чаўнок, на бесчаўнаковым станку ніткі ўтку змотваюцца з нерухомых бабін, што знаходзяцца па-за зевам. Бесчаўнаковы станок адрозніваецца большай (у 2—4 разы) скорасцю пракладвання нітак, прадукцыйнасцю ткацтва, меншай вібрацыяй і шумам.

Прынцыповая схема гідраўлічнага ткацкага бесчаўнаковага станка: 1 — бабіна; 2 — уток; 3 — бёрда; 4 — рэмізка; 5 — аснова; 6 — тканіна.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІЯ ДЫВАНЫ́,

вырабы Гродзенскіх каралеўскіх мануфактур, заснаваных А.​Тызенгаўзам у 2-й пал. 18 ст. Адметныя высокай тэхнікай ткацтва і прыгажосцю. Кампазіцыі гродзенскіх дываноў (ворсавых і шпалер) складаліся з раскіданых па полі букетаў, перавязаных стужкамі, вазонаў і кошыкаў з кветкамі. Колеравая гама звычайна блакітная і залацістая. Раслінны арнамент ворсавых дываноў (букеты руж на светлым фоне) вызначаўся лёгкасцю формаў і гарманічнасцю колеравых спалучэнняў. Французскія майстры, якія працавалі на мануфактурах, пераймалі зах.-еўрап. ўзоры і стваралі дываны ў стылях барока і класіцызму. Часам у гродзенскіх дыванах трапляюцца ўзоры ў мясц. арнаментальных традыцыях.

Дз.​С.​Трызна.

Да арт. Гродзенскія дываны. Фрагмент шпалеры 18 ст.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,

тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст. Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Віцебскія ручнікі. Ручнік з Віцебскага раёна. Пач. 20 ст.

т. 4, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1978 у г. Клімавічы Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў краязн. музея гар. сярэдняй школы № 3. Адкрыты ў 1984. Пл. экспазіцыі 282 м², больш за 3,8 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Мае калекцыі пісьмовых крыніц, прадметаў археалогіі, нумізматыкі, зброі, ткацтва, нар. побыту, твораў выяўл. мастацтва Клімавіцкага р-на. Сярод экспанатаў бівень маманта, каменныя прылады працы 3—2-га тыс. да н.э., «Трэбнік» 2-й пал. 19 ст., мінея на крас. 1868, узоры нар. адзення, тканыя посцілкі, ручнікі, матэрыялы пра Клімавіцкія гімназіі, дзейнасць падполля ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, вучоных, мастакоў і пісьменнікаў.

Л.​М.​Андрушкова.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. і адкрыты ў 1959 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 317 м², больш за 31 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў карысныя выкапні, чучалы жывёльнага свету Лідчыны, знаходкі з археал. раскопак стараж. паселішчаў, Лідскага замка, друк. выданні і абразы 19 — пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі, пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, аднаўленне гаспадаркі горада і раёна ў пасляваенны час. Экспануюцца нар. адзенне, узоры дэкар.-прыкладнога мастацтва (разьба па дрэве, вышыванкі, ткацтва), вырабы шклозавода «Нёман» і інш. прадпрыемстваў.

Р.​М.​Жалезны.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІПУ́Р,

штат на ПнУ Індыі, на мяжы з М’янмай. Пл. 22,4 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1991), больш за 50% — народ маніпуры (мейтхеі). Адм. цэнтр — г. Імпхал. У рэльефе чаргаванне мерыдыянальна выцягнутых хрыбтоў (выш. 2—2,5 тыс. м) і шырокіх міжгорных далін на выш. 800—1000 м. Клімат умерана цёплы. Ападкаў ад 1500 мм у далінах да 2500 мм на схілах гор. На наветраных схілах гор пераважаюць вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — лістападныя, якія змяняюцца з вышынёй шыракалістымі і хваёвымі лясамі і лугамі. Міжгорная даліна р. Маніпур — асн. раён рысасеяння. Вырошчванне алейных, тытуню, бавоўны, струковых. Садоўніцтва, шаўкаводства. Развіта ручное ткацтва.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННЕНСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1995, адкрыты ў 1996 у г. Сянно Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 247 м², 1 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Сярод экспанатаў зуб маманта, крамянёвыя і каменныя прылады працы (2-е тыс. да Н.Э.), фрагменты паліванай керамікі 16—17 ст., калекцыі манет ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі, прадметы сял. побыту, ганчарны посуд, вырабы ткацтва, вышыванкі канца 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра дзейнасць падполля і партыз. рух на Сенненшчыне ў Вял. Айч. вайну. У экспазіцыі творы землякоў мастака У.​Гоманава і скульптара З.​Азгура. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

В.​В.​Бандарэвіч.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЦІМСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1996, адкрыты ў 1998 у г.п. Хоцімск Магілёўскай вобл. Пл. экспазіцыі 216 м², 300 экспанатаў асн. фонду (2003). Аддзелы: старажытнасць, этнаграфія, прырода, гісторыя краю; выставачная зала. Сярод экспанатаў каменныя прылады працы, фрагменты керамічнага посуду, калекцыі манет з курганных могільнікаў Хоцімск і Трасціно, калекцыі нар. адзення краснапольскага строю, вырабы майстроў ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве канца 19 — пач. 20 ст., матэрыялы пра падзеі грамадз. вайны 1918—20, дзейнасць падполля і партыз. злучэнняў у Вял. Айч. вайну на тэр. раёна, землякоў Герояў Сав. Саюза М.К.Піліпенку і Я.Я.Сусько, выдатных людзей Хоцімшчыны. У экспазіцыі чучалы прадстаўнікоў дзікай жывёлы і птушак рэгіёна.

І.​І.​Казлоў.

т. 17, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1982, адкрыты ў 1985 у г. Вілейка. Пл. экспазіцыі 258 м², больш за 19 тыс. экспанатаў асн. фонду. Сярод экспанатаў матэрыялы археал. раскопак з паселішча Сосенка і гарадзішча Малышкі на тэр. раёна, манетны скарб 17 ст., царк. летапісы канна 19 ст., дакументы і фотаздымкі пра гісторыю горада і раёна, удзел ураджэнцаў Вілейшчыны ў грамадз. вайне, партыз. руху ў Вял. Айч. вайну і яго кіраўнікоў А.С.Азончыка, А.І.Валынца, матэрыялы пра ўраджэнцаў раёна мастака Н.Ю.Сілівановіча, паэтэсу Г.А.Новік, Герояў Сав. Саюза К.М.Зубовіча, У.С.Лаўрыновіча. Экспануюцца прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., калекцыя самавараў, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве і інш.

Я.​А.​Ігнатовіч.

т. 4, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)