БРУЗДО́ВІЧ Францішак
(1861, в. Бродніца, Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. — 1912),
жывапісец. Вучыўся ў Варшаве (1880—83), у Кракаўскай школе мастацтваў у Я.Матэйкі (1883—87). Працаваў у галіне манум.-дэкар. і станковага жывапісу. Зазнаў моцны ўплыў бел. нар. творчасці. У 1898 удзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Пераможца конкурсу на праект размалёўкі кафедральнага сабора ў Полацку (1900). Выканаў шэраг насценных размалёвак у касцёлах Нясвіжа і в. Цімкавічы (Капыльскі р-н, 1906—08), Мінска (1911), у якіх выкарыстоўваў нар. матывы ўзорыстага ткацтва, вышыўкі, маст. размалёўкі сял. мэблі. Сярод інш. работ: 7 сюжэтных кампазіцый на біблейскія тэмы (касцёл св. Міхала ў Цімкавічах, не захаваўся), «Касцёл у Карнкове», «Копія партрэта мужчыны» (1883), «Інтэр’ер вясковага касцёла» (усе ў Нац. музеі ў Варшаве). Удзельнік маст. выставак у Мінску (1898, 1911), Львове, Варшаве, Кракаве, Дзюсельдорфе.
М.Ф.Раманюк, М.М.Яніцкая.
т. 3, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)