МА́Я,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі багіня вясны і маладосці. Лічылася жонкай Дажбога. Паводле паданняў, створана з бярозы. Аднойчы юны Дажбог заглядзеўся з неба на бярозы і пажадаў, каб яго будучая жонка была такой жа прыгожай і пяшчотнай. І раптам сярод бяроз з’явілася прыгажуня-багіня. Дажбог адразу закахаўся, працягнуў да яе свае рукі-промні і сказаў: «Мая́». Так М. атрымала сваё імя. У паданнях на Гродзеншчыне сцвярджаюць, што перад надыходам зімы М. вяртаецца да сваіх сябровак-бяроз, сама зноў ператвараецца ў бярозу і спіць да таго часу, пакуль вясной яе не паклічуць людзі. Гэтай падзеі прысвечана свята Гуканне вясны, якое праводзіцца ў красавіку.

М.​К.​Багадзяж.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл. Калізійнае права).

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТЫЦЭ́РЫУМ, аленевы рог (Platycerium),

род папарацей сям. мнаганожкавых. 17 відаў. Пашыраны ў трапічных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях культывуюць П. двойчывілаваты, або аленярогі (P.bifurcatum).

Шматгадовыя буйныя эпіфітныя расліны. Замацоўваюцца на вял. галінах, часцей на кары ствалоў буйных вечназялёных і лістападных дрэў, што стаяць паасобку. У папярочніку дасягаюць 1,8 м, пад іх цяжарам дрэвы часам выварочваюцца з каранямі. Маюць стэрыльнае і спараноснае лісце. З дапамогай стэрыльнага лісця П. ўкараняюцца на дрэвах (ніжняя і бакавыя ч. ліста шчыльна прыціскаюцца да ствала ці галіны, а верхняя адыходзіць ад апоры так, што ўтвараецца ніша, у якой з цягам часу збіраецца перагной (масай да 100 кг) пранізаны каранямі эпіфіту. Спараноснае (і асімілюючае) лісце глыбока рассечана і нагадвае рогі аленя (адсюль назва). У сталых папарацей ніжняя паверхня разгалінаваных канцоў ліста пакрываецца цагельна-чырв. налётам шматлікіх спарангіяў. Дэкар. расліны.

Платыцэрыум аленярогі.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБЕ́ЖНАСЦЬ,

уласцівасць матэм. аб’ектаў (напр., паслядоўнасці, рада, інтэграла) імкнуцца да канечнага ліміту, адно з асн. паняццяў матэм. аналізу. Выяўляецца, калі пры вывучэнні якога-н. аб’екта будуецца паслядоўнасць больш простых аб’ектаў, якая набліжаецца да зададзенага аб’екта. Напр., для вылічэння даўжыні акружнасці выкарыстоўваецца паслядоўнасць даўжынь перыметраў многавугольнікаў, упісаных у акружнасць. Паняцце З. дастасавальнае як да лікавых, так і да паслядоўнасцей інш. аб’ектаў, напр., паслядоўнасці функцый, пунктаў, абласцей, бесканечных матрыц, бесканечных вызначнікаў. Акрамя класічнага паняцця З. выкарыстоўваюцца яго розныя абагульненні. Напр., калі паслядоўнасць частковых сум рада неабмежавана ўзрастае (у класічным сэнсе рад разбягаецца), але паслядоўнасць сярэдніх арыфм. гэтых сум мае ліміт, то гавораць, што рад збягаецца ў сэнсе сярэдняга арыфметычнага.

А.​А.​Гусак.

т. 7, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЭКСНЫ МЕ́ТАД у статыстыцы,

сукупнасць спосабаў і прыёмаў статыстычнай навукі, заснаваных на пабудове і аналізе індэксаў, якія дазваляюць сувымяраць складаныя сац.-эканам. з’явы. Спецыфіка І.м. ў тым, што колькасна непараўнальныя велічыні ў індэксе прыводзяцца да адзінства, якое робіць іх параўнальнымі, сувымернымі. Такім адзінствам з’яўляецца грашовая ацэнка (вартасць) несувымерных элементаў з’явы. Так, колькасць рознай прадукцыі (яе відаў) можа быць прыведзена да сувымернага выгляду з дапамогай цэн (памнажэннем аб’ёму прадукцыі на цану яе адзінкі), што дае магчымасць улічваць змяненне толькі дадзенай з’явы, звязанай з ім. У гэтым выпадку ў якасці сувымерніка выступае вартасць сукупнасці рэчаў. У ролі сувымерніка пры пабудове індэксаў выступаюць выдаткі працы (працоўныя адзінкі вымярэння) на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і інш. І.м. шырока выкарыстоўваецца пры вывучэнні дынамікі з’явы, для супастаўлення ў прасторы (пры параўнанні ўзроўняў сац. эканам. з’яў па тэрыторыі — вобласці, краю, рэспублікі) і ў інш. выпадках; ён дазваляе вылучаць і вымяраць уплыў фактараў на змяненне вывучаемай з’явы, у прыватнасці на змяненне яе структуры.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТНАЯ РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ,

рознасць патэнцыялаў паміж праваднікамі з рознай работай выхаду, якія знаходзяцца ў электрычным кантакце, ва ўмовах раўнавагі тэрмадынамічнай.

Пры кантакце двух праваднікоў паміж імі адбываецца абмен электронамі праводнасці. У выніку праваднік з меншай работай выхаду зараджаецца дадатна, з большай — адмоўна. У вобласці кантакту ўзнікае эл. поле, накіраванае так, што патокі электронаў у абодвух напрамках ураўнаважваюцца, і ўстанаўліваецца пастаянная К.р.п. Яна роўная рознасці работ выхаду праваднікоў. аднесенай да зараду электрона. К.р.п. залежыць ад прыроды правадніка, стану яго паверхні і можа дасягаць некалькіх вольт. На існаванні К.р.п. грунтуецца работа важнейшых элементаў паўправадніковай электронікі: p—n пераходаў і кантактаў метал—паўправаднік; яна выкарыстоўваецца для прамога пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную; яе трэба ўлічваць пры канструяванні электравакуумных прылад.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,

метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.

Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення 𝑓(x) = 0 будуюць графік функцыі у = 𝑓(x) і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў 𝑓1(x) = 𝑓2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = 𝑓1(x) і y2 = 𝑓2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = 𝑓(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній 𝑓(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.

С.​У.​Абламейка.

Графічныя вылічэнні: 1 — каранёў ураўнення x​2 + x − 2 = 0; 2 — вызначанага інтэграла ab𝑓(x)dx; 3 — поле напрамкаў дыферэнцыяльнага ўраўнення dx/dt = t​2 + x​2.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭА́ЛЬНАЕ,

1) суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнай рэальнасці, вынік асваення свету чалавекам, прадстаўлены ў формах яго свядомасці, дзейнасці і культуры (у гэтым сэнсе І. звычайна проціпастаўляецца матэрыяльнаму). Сферу І. ўтвараюць пачуццёвыя і мысліцельныя вобразы, спосабы іх пабудовы і аперыравання імі, духоўныя каштоўнасці і арыентацыі і інш. І. — своеасаблівая рэальнасць, звязаная са свядомасцю чалавека і яго псіхікай; адмысловая сутнасная характарыстыка свядомасці. Як і свядомасць, І. мае ўнутраныя (псіхічныя) і знешнія (быційныя) формы выяўлення. Перш за ўсё І. звязана з вобразным адлюстраваннем на ўзроўні пачуццяў і ўражанняў. Наступным этапам з’яўляецца суб’ектыўная ацэнка ўласцівасцей і іх выяўленне ў выглядзе моўных паняццяў. Удасканальванне гэтай сістэмы вядзе да ўдасканальвання мовы (з’яўляюцца пісьменства, кнігадрукаванне). У выніку ўдасканальваецца і сама сфера І. — з’яўляюцца філас. і тэалагічныя сістэмы, узнікае навука, літ. творчасць. З дапамогай мовы І. выходзіць за межы індывід. свядомасці, набывае характар феномена духоўнай культуры, грамадскай свядомасці. Сутыкаючыся з прадметамі культуры, чалавек адчувае іх ідэальны сэнс і да прадметаў прыроды пачынае ставіцца як да чагосьці створанага, вырабленага, што надае ім асаблівы чалавечы сэнс. Так адбываецца перанясенне сэнсаў з прадметаў культуры на прадметы прыроды, іх ажыўленне, адушаўленне і абагаўленне. Прадметы прыроды надзяляюцца ідэальнасцю, а паступова і само І. робіцца аб’ектам рэальнасці. Так з’яўляюцца вера ў самастойнае існаванне душы, у духа, у бога (гл. таксама Абстракцыя, Свядомасць, Псіхіка).

2) Нешта дасканалае, якое адпавядае ідэалу.

3) Вынік працэсу ідэалізацыі — абстрактны аб’ект, які не можа быць дадзены ў доследзе (напр., ідэальны газ, кропка).

А.​М.​Елсукоў.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),

сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт. Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.

Літ.:

Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. modus мера, спосаб),

функцыянальна-семантычная катэгорыя мовы, якая паказвае на спосаб перадачы адносін гаворачай асобы да выказвання і самога выказвання да рэчаіснасці. Той, хто гаворыць, ацэньвае факты і падзеі, пра якія ён гаворыць, рэальныя яны або нерэальныя, пажаданыя ці непажаданыя, магчымыя ці немагчымыя і г.д. Адрозніваюць М. аб’ектыўную (выражае адносіны выказвання да рэчаіснасці) і суб’ектыўную (выражае адносіны гаворачай асобы да зместу выказвання). У бел. мове выражаецца формамі дзеяслоўнага ладу (абвеснага, умоўнага, загаднага), асобнымі словамі («відаць», «магчыма», «напэўна» і інш.), інтанацыяй («Што за ноч!»), парадкам слоў у сказе («Так ён цябе і паслухае!» — са значэннем «наўрад ці паслухае») і інш. моўнымі сродкамі.

Літ.:

Виноградов В.В. О категории модальности и модальных словах в русском языке // Тр. Ин-та рус. яз. АН СССР. М.; Л., 1950. Т. 2;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86.

П.​П.​Шуба.

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)