СКРЫ́ПКА,

у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы; стаўная пастка ў выглядзе аднагорлавага буча з прыбудаваным да ўваходу карытцам. Наз. таксама кош. С. ставілі ў палонцы на неглыбокім месцы так, каб карытца знаходзілася ў адкрытай вадзе, а конус — пад лёдам. Рыба, што з-за недахопу кіслароду ў вадзе імкнулася да паверхні вадаёма, трапляла ў карытца, а пасля, шукаючы выхаду з яго, праз горла заходзіла ў буч. Як і пры лоўлі каробкамі, палонку закрывалі галінкамі, сенам і снегам (каб не замярзала вада). Рыбачылі С. на Палессі, вядома таксама на Магілёўшчыне і ПнУ Гомельшчыны.

І.​М.​Браім.

Скрыпка.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)