ЗО́НА ЭКАЛАГІ́ЧНАЙ РЫ́ЗЫКІ,
тэрыторыя сушы (ці акваторыя), дзе дзейнасць чалавека можа стварыць небяспечныя экалагічныя сітуацыі (падводная здабыча нафты, пахаванне радыеактыўных або ядавітых рэчываў і інш.). Пазбегнуць узнікнення і існавання З.э.р. цяжка, але каб рызыку звесці да мінімуму, праводзяць папярэднюю экалагічную экспертызу пры праектаванні і буд-ве гасп. сістэм, распрацоўцы тэхн. праектаў і інш.
т. 7, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСФЕ́РА (ад гідра... + сфера),
сукупнасць вод зямнога шара; перарывістая водная абалонка Зямлі, якая ўключае хімічна не звязаную вадкую, цвёрдую і газападобную ваду. Ахоплівае воды Сусв. ак., сушы, атмасферы, літасферы і біясферы. Паводле даных 1994 аб’ём вады ў гідрасферы 1386 млн. км³, з іх 1338 млн. км³ (96,5%) у акіянах і морах, 24,1 млн. км³ (1,7%) у ледавіках і снежніках, 23,4 млн. км³ (1,7%) у падземных водах, 0,21 млн. км³ (0,015%) у паверхневых водах сушы (азёры, рэкі, балоты, глебавыя воды), каля 0,013 млн. км³ у атмасферы і каля 0,001 млн. км³ у жывых арганізмах. Гідрасфера — крыніца водных і гідраэнергетычных рэсурсаў планеты. Прэсныя воды гідрасферы — асн. крыніца водазабеспячэння, арашэння і абваднення, складаюць 35 млн. км³ (2,5% яе аб’ёму). Воды гідрасферы знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з атмасферай, зямной карой і біясферай; узаемадзеянні і пераход адных відаў вады ў іншыя адбываюцца ў працэсе кругавароту вады. Мяркуецца, што ў гідрасферы зарадзілася жыццё на Зямлі.
В.В.Дрозд.
т. 5, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРА́ЗІЯ,
самы вялікі мацярык Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і (ч. астравоў у Паўд. паўшар’і). У Е. ўваходзяць дзве часткі свету — Еўропа і Азія. Тэрмін увёў у 19 ст. аўстр. геолаг Э.Зюс, абгрунтоўваючы яго адсутнасцю выразнай структурнай мяжы паміж Еўропай і Азіяй. Абмываецца на Пн Паўн. Ледавітым, на З Атлантычным, на У Ціхім, на Пд Індыйскім ак. і іх морамі. З 3 на У распасціраецца на 16 тыс. км, з Пн на Пд — на 8 тыс. км. Пл. 54,9 млн. км², з астравамі 57,7 млн. км², або больш за 1/3 паверхні сушы. Нас. 4,1 млрд. чал. (1993). Е. аб’ядноўваюць неперарыўнасць сушы, сучасная тэктанічная кансалідаванасць мацерыка, адзінства многіх кліматычных працэсаў. Тут прадстаўлены ўсе геагр. паясы Паўн. паўшар’я, ад арктычнага да экватарыяльнага. Умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй пралягае па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. ч. Каспійскага м., Кума-Маныцкай упадзіне, паўн. мяжы Каўказскіх гор, Азоўскім і Чорным м. і пралівах паміж Чорным і Міжземным м.
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКА (галанд. bank),
водмель, утвораная мясц. падняццем марскога ці акіянскага дна. Бываюць наноснага, вулканічнага, тэктанічнага, каралавага паходжання, часам гэта астаткавы рэльеф сушы пры трансгрэсіі мора. Пясчаныя наносныя банкі пад уплывам цячэнняў могуць мяняць свае абрысы і месцазнаходжанне. Многія банкі з’яўляюцца раёнамі рыбнага промыслу (Ньюфаўндлендская банка ў Атлантычным ак., Догер-банка ў Паўночным м.). Небяспечныя для суднаходства.
т. 2, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫ,
нафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з буйнейшых у свеце. На шэльфе, паўд. ч. на сушы. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1964, распрацоўка мацерыковай ч. з 1967, марской ч. з 1971. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 1055 млн. т. Паклады на глыб. 2,2—2,3 км. Шчыльн. нафты 876 кг/м². Нафтаправод да порта Рас-Танура.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЛ-РО́ЯЛ (Isle Royale),
нацыянальны парк у ЗША, штат Мічыган. Засн. ў 1931. Знаходзіцца на воз. Верхняе (самае вял. прэснаводнае возера свету). Пл. каля 216 тыс. га, у т. л. 54 тыс. га сушы (в-аў Айл-Роял). Захоўваюцца першабытныя хвойныя і цвердалістыя лясы; бабры, разнастайная іхтыяфауна (46 відаў рыб) і арнітафауна (197 відаў птушак). Біясферны рэзерват.
т. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ ў геамарфалогіі,
нізкая і вузкая намыўная паласа сушы ў берагавой зоне ракі, возера або мора, у якой адзін канец злучаны з берагам, а другі заканчваецца ў межах акваторыі. Складзена з пяску, галькі, ракушачніку. Утвараецца ў выніку перамяшчэння наносаў хвалямі і хвалевымі цячэннямі ўздоўж берага і акумуляцыі на ўчастку зніжэння энергіі хвалі пры абгінанні выступу берага.
т. 8, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ ПЕРАМЕ́НЫ ДА́ТЫ,
умоўная лінія на паверхні зямнога шара для размежавання месцаў, дзе ў адзін і той жа момант часу каляндарныя даты розняцца на адны суткі. Праведзена па Ціхім ак., прыблізна па 180° даўгаты так, што яна не праходзіць па сушы, за выключэннем Антарктыды. На захад ад Л.п.д. каляндарная дата на 1 суткі большая, чым на ўсход.
т. 9, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАГЕ́Я (Notogea ад грэч. notos поўдзень + gē зямля),
біягеаграфічнае царства сушы, якое ўключае Аўстралію з навакольнымі астравамі, Новую Зеландыю, астравы і архіпелагі Акіяніі і крайні поўдзень Паўд. Амерыкі. У Н. вылучаюць 4 біягеагр. вобласці: Аўстралійскую, Новазеландскую, Палінезійскую і Патагонскую (гл. адпаведныя арт.). Найб. характэрныя рысы — старажытнае паходжанне і высокі ўзровень эндэмізму флоры і фауны, вял. разнастайнасць сумчатых жывёл.
т. 11, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАГЕ́Я (ад неа... + грэч. gē зямля),
біягеаграфічнае царства сушы, што займае Цэнтр. і Паўд. Амерыку і прылеглыя астравы. У Н. вылучаюць Карыбскую біягеаграфічную вобласць і Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Расліннасць разнастайная, ад вільготных трапічных лясоў (гілеі) да ксерафітаў у пустынях. Для фауны характэрна малая колькасць сумчатых і парнакапытных, вял. разнастайнасць птушак і плацэнтарных млекакормячых. Шмат эндэмічных сям. і родаў.
т. 11, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)