ГІДРАСФЕ́РА

(ад гідра... + сфера),

сукупнасць вод зямнога шара; перарывістая водная абалонка Зямлі, якая ўключае хімічна не звязаную вадкую, цвёрдую і газападобную ваду. Ахоплівае воды Сусв. ак., сушы, атмасферы, літасферы і біясферы. Паводле даных 1994 аб’ём вады ў гідрасферы 1386 млн. км³, з іх 1338 млн. км³ (96,5%) у акіянах і морах, 24,1 млн. км³ (1,7%) у ледавіках і снежніках, 23,4 млн. км³ (1,7%) у падземных водах, 0,21 млн. км³ (0,015%) у паверхневых водах сушы (азёры, рэкі, балоты, глебавыя воды), каля 0,013 млн. км³ у атмасферы і каля 0,001 млн. км³ у жывых арганізмах. Гідрасфера — крыніца водных і гідраэнергетычных рэсурсаў планеты. Прэсныя воды гідрасферы — асн. крыніца водазабеспячэння, арашэння і абваднення, складаюць 35 млн. км³ (2,5% яе аб’ёму). Воды гідрасферы знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з атмасферай, зямной карой і біясферай; узаемадзеянні і пераход адных відаў вады ў іншыя адбываюцца ў працэсе кругавароту вады. Мяркуецца, што ў гідрасферы зарадзілася жыццё на Зямлі.

В.В.Дрозд.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)