ЛІ́НГБІ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), пашыраная на тэр. ад Паўн. Еўропы да бас. р. Прыпяць. Назва ад стаянкі Лінгбі на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. і высакароднага аленяў, лася, дзіка і інш. Характэрныя прылады — рагавыя сякеры і грубыя несіметрычныя крамянёвыя наканечнікі дзідаў і стрэл з шырокай насадкай; вырабляліся кароткія нажы, скоблі, разцы з масіўных пласцін, падобныя да макралітычных. На Беларусі выяўлены стаянкі Л.к. каля в. Адрыжын, Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РАЎСКАЯ СО́ПКА,

гарадзішча, рэшткі крэпасці 11—13 ст. на Пд ад г. Усурыйск Прыморскага краю (Расія), былы адм. і ваен. цэнтр чжурчжэньскай дзяржавы Цзінь у Прымор’і. Мела выгляд трохвугольніка і складаную сістэму абароны: знешнія і ўнутр. валы, форты і інш. У ходзе раскопак (з 1953) адкрыты грамадскія пабудовы з лёгкімі сценамі і чарапічнымі дахамі, глінабітныя жытлы з лёгкім дахам. У грамадскіх пабудовах выяўлены арх. ўпрыгожанні, арнаментаваная дахоўка, жал. замкі, запоры, кручкі, парадныя сферычныя пасудзіны, у жытлах — бытавая кераміка, прадметы ўзбраення з жалеза (наканечнікі стрэл і коп’яў, нажы, панцыры), кіт. манеты.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 2-й пал. 3-га тыс. да н.э., пашыраная ў перадгор’ях Паўн. Каўказа. Назва ад Майкопскага кургана, даследаванага ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. М.к. прадстаўлена шматлікімі курганамі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, на ганчарным крузе вырабляла кераміку (пераважна чырвоную, глянцаваную, зрэдку арнаментаваную), жыло на ўмацаваных паселішчах. На познім этапе з’явіліся каменныя грабніцы, у т. л. дальмены. Сустракаюцца прылады працы і зброя з каменю (сякеры, укладышы для нажоў і сярпоў, наканечнікі стрэл) і медзі (сякеры, матыкі, долаты, нажы, кінжалы, наканечнікі коп’яў). Распаўсюджаны ўпрыгожанні з Усходу. Існавала маёмасная дыферэнцыяцыя.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́А,

археалагічная культура позняга бронзавага веку (апошняя чвэрць 2-га тыс. да н.э.) у Румыніі, Малдове і на ПнЗ Украіны. Назва ад могільніка каля в. Ноўа непадалёку ад г. Брашоў у Румыніі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Для Н. характэрны неўмацаваныя паселішчы са слупавымі наземнымі прамавугольнымі дамамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, сустракаюцца трупаспаленні. Гліняны посуд 2 тыпаў — грубаапрацаваны «мехападобны» з адцягнутым валікам і танкасценны з чорнай або шэрай глянцаванай паверхняй з 2 ручкамі. Знойдзены бронз. наканечнікі дзідаў, утульчатыя кельты, люстэркі, шпількі, касцяныя наканечнікі стрэл і псаліі.

І.​М.​Язэпепка.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ДЧЫЦЫ,

помнікі археалогіі каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.: стаянка грэнскай культуры (12—8 тыс. г. назад) і курганны могільнік 11 ст. На стаянцы выяўлены рэшткі авальнага заглыбленага ў мацярык жытла драўлянай канструкцыі накшталт ярангі. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, вастрыі, пласціны і інш.), паблізу жытла — рэшткі агнішча. Пахавальны абрад на могільніку — трупапалажэнне на мацерыку галавой на 3, адно пахаванне з нябожчыкам у становішчы седзячы на дошцы. Знойдзены пацеркі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, бронзавая літая фігурка чалавека і інш.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬМЕ́ЛА,

археалагічная культура эпохі энеаліту (3000—2500 да н.э.) у Цэнтр. Партугаліі. Назва ад аднайменнага найб. даследаванага могільніка (каля Лісабона). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на неўмацаваных паселішчах. З медзі вырабляла пляскатыя сякеры, а таксама тыповыя для П. наканечнікі стрэл з доўгім дзяржаннем і амаль круглым пяром. Керамічны посуд вырабляўся ў мясц. неалітычных традыцыях, сярод каменных вырабаў сустракаюцца амулеты — плоскавыпуклыя і цыліндрычныя чалавечыя фігуркі і паўмесяцы. Нябожчыкаў хавалі ў грабніцах, у бобападобных камерах, куды можна было трапіць праз доўгі калідор ці праз адтуліну ў даху.

А.​В.​Іоў.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНА́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА, лінейна-стужачнай керамікі культура,

археалагічная культура плямён эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.), якія жылі ў бас. Дуная. У 4500—4000 г. да н.э. распаўсюдзілася ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Больш за 40 помнікаў Д.к. вядомы на З Валыні, яе ўплывы і знаходкі сустракаюцца ў паўд.-зах. Беларусі. Насельніцтва Д.к. займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. Жыллё — паўзямлянка, у зах. ч. арэала — наземнае слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Для Д.к. характэрны шарападобныя гаршкі з цыліндрычным горлам, крамянёвыя нажы, скрабкі, пласціны для сярпоў, наканечнікі стрэл, каменныя зерняцёркі, сякеры і інш. Д.к. ўплывала на нёманскую культуру.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́ЛАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту (канец 5—3-е тыс. да н.э.) у басейне р. Клязьма і прылеглых раёнах на р. Ака і Волга. Назва ад стаянкі каля в. Льялава Маскоўскай вобл. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жыло на сезонных паселішчах у паўзямлянках і шалашападобных жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы з охраю, зрэдку з пахавальным інвентаром. Характэрны керамічны паўяйцападобны і вастрадонны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні радамі ямкавых паглыбленняў і адбіткамі грэбеня. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў і стрэл, разцы, скрабкі, нажы, матыкі, касцяныя рыбалоўныя кручкі і гарпуны, упрыгожанні.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПАЛЬ,

3 стаянкі і крамянёвая майстэрня каменнага веку каля в. Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Стаянка 1-я належыць носьбітам свідэрскай культуры (9—5-е тыс. да н.э.), 2-я адносіцца да эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), 3-я — да нёманскай культуры (8—5-е тыс. да н.э.). Крамянёвая майстэрня адначасовая з 2-й стаянкай. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, разцы, скрэблы, нажы, макралітычныя сякеры, трохгранныя пікі, скоблі, грубыя разцы, шмат крамянёвых адшчэпаў, нуклеусаў і інш. Каля 1-й стаянкі выяўлены рэшткі могільніка жал. веку з пахавальным абрадам трупаспалення.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕШАНКО́ВІЦКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1977 у г.п. Бешанковічы як музей баявой славы, з 1987 — гіст.-краязнаўчы музей. Пл. экспазіцыі 311 м², каля 6,8 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (касцяныя наканечнікі стрэл, каменныя і рагавыя сякеры, бівень маманта, фрагменты гліняных гаршкоў з раскопак, карты археал. помнікаў на тэр. раёна), матэрыялы пра падзеі часоў Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, калектывізацыі, Вял. Айч. вайны (абарончыя баі 1941, дзейнасць падп. антыфаш. арг-цый, партыз. атрадаў, брыгады «За Савецкую Беларусь», вызваленне раёна ў 1944). У экспазіцыі творы жывапісу, графікі, скульптуры (дыярама А.​Гарбунова «Бітва пад Астроўнам у 1812», карціна В.​Ціханенкі «Кірмаш у Бешанковічах» і інш.).

А.​В.​Крачкоўскі.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)