«ДЫНА́МА»,

стадыён у Мінску. Адкрыты ў 1934, рэканструяваны ў 1939. Асн. збудаванні ў час Вял. Айч. вайны разбураны. Новы стадыён пабудаваны ў 1947—54 (арх. М.​Колі, М.​Паруснікаў і інш.). Рэканструяваны ў 1978—80 (арх. С.​Баткоўскі, М.​Гаўхфельд, Л.​Гельфанд, Ю.​Спясіўцаў) да Алімпійскіх гульняў 1980 для папярэдніх спаборніцтваў па футболе. На трыбунах больш за 50 тыс. месцаў. Каля аднаго з уваходаў на тэр. стадыёна размешчана дэкар. скульптура «Бег» (1980, скульптар В.​Занковіч).

Стадыён «Дынама» ў Мінску.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА ў Мінску.

Заснаваны ў 1997, адкрыты ў 1998. Складаецца з выставачнай залы (пл. 147,7 м²), малой выставачнай залы (пл. 54,2 м²), галерэі (пл. 68,3 м²), хола для фотавыставак (пл. 102,8 м²). У зборы больш за 1450 экспанатаў (2000). Аснову калекцыі складаюць творы бел. мастацтва 20 ст. (жывапіс, графіка, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, фатаграфія), захоўваюцца творы замежнага мастацтва. Праводзіць выстаўкі бел. і замежнага мастацтва, у т. л. ў інш. выставачных залах Беларусі і за яе межамі.

Л.​І.​Дабравольская.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІМРУ́Д (стараж. Кальху, бібл. Калах),

адна са сталіц Асірыі. Знаходзіцца непадалёк ад г. Масул (Ірак). Засн. Салманасарам I (1274—45 да н.э.), перажыў перыяд заняпаду, адноўлены і пашыраны Ашурнасірпалам ІІ (883—859 да н.э.), у 612 да н.э. захоплены мідыйцамі. Археал. раскопкі праводзіліся ў 1845—51 і 1949—63. Выяўлены цытадэль з храмамі, зікуратам і палацамі. Знойдзены вял. крылатыя быкі з каменю, рэльефы і пліткі са слановай косці, якія ўпрыгожвалі царскую мэблю, дробная касцяная скульптура 8 ст. да н.э.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́САВА-ПЯТРО́ЎСКАЯ Таццяна Паўлаўна (н. 29.9.1950, Мінск),

бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-мастацкі ін-т (1972). Працуе пераважна ў галіне маст. ткацтва. Творчасць характарызуецца пошукамі выяўленчых магчымасцяў тэкстылю. Асн. работы: дэкар. тканіны «Святочная» (1972), «Натхненне» (1983), габелен-заслона «Нараджэнне планеты кветак» (1978), трыптыхі «Вясна» (1984), «Азёрны» (1986), дыптых «Каляровае паветра» (1988), габелен-скульптура «Лялька» (1989), габелены «А калі б магла» (1990), «Рэльефная кампазіцыя» (1991), «Кантрасты» (1995). Стварае ўзоры вырабаў для маст. прам-сці (абрусы, дарожкі, сурвэткі). Працуе таксама ў галіне пастэлі і малюнка.

Т.Белавусава-Пятроўская. Габелен «Кантрасты». 1995.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́С, Аляксандр,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі і паэме «Іліяда» траянскі царэвіч, сын цара Прыяма і Гекубы. У спрэчцы Афрадыты з Герай і Афінай за званне прыгажуні прысудзіў перамогу Афрадыце. За гэта Афрадыта дапамагла яму выкрасці прыгажуню Алену, жонку спартанскага цара Менелая, што стала прычынай Траянскай вайны. У канцы вайны П. з дапамогай Апалона забіў грэч. героя Ахіла, але і сам загінуў. Вобраз П., асабліва сюжэт «суд П.», карысталіся папулярнасцю ў мастакоў і скульптараў (Л.Кранах Старэйшы, П.П.Рубенс, А.Канова і інш.).

Парыс. Скульптура А.​Кановы. 1810—16.

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТЭРСО́Н Эльмарт Адэльбертавіч (Сяргей Аляксандравіч; н. 1.1.1935, с. Каяк Чулымскага р-на Новасібірскай вобл., Расія),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1974). Скончыў БДУ (1962). З 1960 працаваў у Дзярж. маст. музеі Беларусі, з 1969 выкладае ў Бел. АМ (з 1998 праф.). Даследуе праблемы сучаснага выяўл. мастацтва Беларусі. Аўтар раздзелаў у «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94), творчага партрэта «В.​К.​Жолтак» (1987), зб. артыкулаў «Крытык — давераная асоба мастацтва» (2001).

Тв.:

Андрэй Бембель. Мн., 1980;

С.​М.​Вакар. Мн., 1980;

Леў Гумілеўскі. Мн., 1982;

Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАЗАЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1825—28 з цэглы і бутавага каменю. Прамавугольны ў плане будынак накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам. Сцены складзены з абчасанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз і франтон гал. фасада цагляныя, атынкаваныя. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (18 ст.) — характэрныя ўзоры нар. манум.-дэкар. мастацтва. У падбрамнай званіцы — звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749.

С.​А.​Друшчыц.

Поразаўскі Міхайлаўскі касцёл.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯ́К Віктар Мікалаевіч (н. 20.4.1947, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. мастак-плакатыст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). У 1980—83 выкладаў у БПІ. Працуе ў жанрах паліт., тэатр., рэкламнага плаката, якім уласцівы сінтэз выявы і шрыфту, лаканізм выразных сродкаў, эфектнае супастаўленне вобразаў. Аўтар плакатаў «Кветка шчасця» (1978), «Альпійская балада» (1980), «В.​К.​Бялыніцкі-Біруля» (1986), «Жывапіс і скульптура», «Графіка», «Народнае мастацтва» (усе 1986), «Курган» (1987), «Міраж» (1999), трыпціха «За мірны космас» (1985), тэатр. плакатаў для Дзярж. маладзёжнага т-ра Беларусі (з 2000).

Л.​Дз.​Налівайка.

А.Я.Смалякоў.

т. 15, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у т. л. англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.​Вашынгтона работы Г.​Сцюарта, 1796) і інш.

Літ.:

Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НІЙ Марк (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.

Марк Антоній. Скульптура. 1 ст. да н.э.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)