ГАРБУНО́ВА (Святлана Рыгораўна) (н. 9.7.1954, Мінск),
бел. скульптар. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы Гарбуновай вызначаюцца лаканічным вобразным строем, узнёсласцю і паэтычнасцю. Сярод манум. работ: помнік С.Буднаму ў Нясвіжы (1982, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984), мемар. комплекс на месцы спаленай в. Літавец Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (рэльеф 1987), мемар. дошка Ф.Скарыны для Гомельскага ун-та (1990), надмагільны помнік К.Крапіве (1994); станковыя — «Мелодыя» (1975), «Рабфак» (1978); партрэты С.Цітовіч (1985), І.Чыгрынава (1995); памятныя медалі да 100-годдзя Цёткі (А.Пашкевіч, 1976), П.Броўкі (1982), У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча (1983), Ф.Скарыны (1985), Ефрасінні Полацкай (1994) і інш.
Г.Б.Сачанка.
С.Гарбунова. Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі Літавец Дзяржынскага раёна Мінскай вобл. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́ВА (Святлана Сяргееўна) (н. 16.8.1941, в. Абросаўка Краснаармейскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва і жывапісец. Дачка С.П.Каткова. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1968 працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Алегарычнай ёмістасцю вобразаў, выразнасцю колераў вызначаюцца размалёўкі ў кінатэатры «Вільнюс» (1976), Палацы культуры чыгуначнікаў (1978, абедзве з З.Літвінавай), рэстаране «Планета» (1980) у Мінску, Палацы культуры камбіната нярудных матэрыялаў у р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на (1982), актавай зале тэхн. вучылішча харчавікоў у Слуцку («Купалле», 1984). Дэкаратыўнасць колеру і кампазіцыйнай будовы ўласцівы станковым творам: «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), цыклы «Поры года», «Народныя святы. Калядкі», «Італія. Карнавал» (усе 1995—98). Іл.гл. да арт.Васковы жывапіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСІЕ́НКА (Святлана Піліпаўна) (н. 30.8.1939, г. Краснаармейск, Украіна),
бел.літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1994), праф. (1994). Скончыла БДУ (1963). З 1967 працуе ў Гродзенскім ун-це імя Я.Купалы. Друкуецца з 1968. Даследуе польскі раман 19—20 ст., жанрава-стылявыя асаблівасці польскай прозы, бел.-польскія літ. сувязі 19—20 ст., бел. этнакультурныя фактары ў творчасці А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, З.Налкоўскай і інш. Аўтар манаграфіі «Творчасць Зоф’і Налкоўскай» (1989). Сааўтар зб-каў «Краю мой — Нёман» (1986), «Параўнальнае літаратуразнаўства і руска-польскія літаратурныя сувязі ў XX ст.» (М., 1989), «Зоф’і Налкоўскай прысвечана» (1991), «З боку крэсаў» (Кракаў, 1994), «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (1995), «Адам Міцкевіч і сусветная культура» (1998, кн. 4), «Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры» (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕ́ЕВА (Нона Сяргееўна) (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак. школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.Леанкавала), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.Пучыні), Манон («Манон» Ж.Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н (Святлана Лаўрэнцьеўна) (н. 27.12.1949, в. Рыжкаўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. баяністка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Солапава), з 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1980 салістка і канцэртмайстар групы баянаў Дзярж.акад.нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча. Яе творчасці характэрны віртуознасць, эмацыянальнасць, своеасаблівая інтэрпрэтацыя твораў розных эпох, стыляў і жанраў. Аўтар рэдакцый для баяна з аркестрам і першы выканаўца канцэртаў Р.Шчадрына (фінал 1-га фп. канцэрта), А.Мдывані, А.Клеванца, Э.Наско, С.Хвашчынскага, твораў малой формы Я.Глебава, В.Малых, А.Рашчынскага, М.Сіраты, у т. л. напісаных спецыяльна для яе. Выступае ў складзе дуэта і трыо баяністаў. Запісала на Бел. радыё праграмы апрацовак для баяна бел. і рус.нар. музыкі, творы муз. класікі. Лаўрэат I Рэсп. (Мінск) і V Усесаюзнага (Масква) конкурсаў артыстаў эстрады (абодва 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (9.2.1783, с. Мішанскае Тульскай вобл., Расія — 24.4.1852),
рускі паэт, адзін з заснавальнікаў рус. рамантызму. Акад. Пецярбургскай АН (з 1841). Выхавальнік пры царскім двары (1815—41). Бараніў ад урадавай рэакцыі А.Пушкіна, М.Лермантава, дзекабрыстаў, садзейнічаў выкупу з прыгонніцкай няволі Т.Шаўчэнкі. Удзельнік групы «Арзамас». Выступіў у л-ры як паэт-сентыменталіст (элегіі «Сельскія могілкі», 1802, «Вечар», 1806). Аўтар рамант. балад «Людміла» (1808), «Касандра» (1809), «Святлана» (1808—12), «Вадзім» (1814—17), «Іванаў вечар» (1822) і інш., оды «Пясняр у стане рускіх воінаў» (1812). Паэзіі Ж. ўласцівы інтанацыйна-рытмічнае багацце, эмац. выразнасць, музыкальнасць. Шырока вядомы яго пераклады балад і драмы Ф.Шылера «Арлеанская дзева» (1817—21), «Адысеі» Гамера (1842—49), часткі паэмы Фірдаўсі «Шахнамэ» і інш. Аўтар вершаваных апрацовак нар. казак, якія трапілі ў бел. фальклор (зб. А.Глінскага). На бел. мову творы Ж. перакладалі В.Зуёнак, Э.Валасевіч.