ВАЗІ́ЛА (Аляксандр Цімафеевіч) (9.9.1888, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 1943?),
грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на вышэйшых курсах Лесгафта (у 1908 выключаны за ўдзел у рэв. руху), на курсах кааперацыі ў Петраградзе (1916—17). У 1912—13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник» (літ.псеўд. Алек Дэ-Вазіліні, Аль-Вэ, Клім Злобіч, Праўдалюб, Антон Хатыня). У 1914 у г. Златауст выдаў зб. паэзіі «Хвілі» (канфіскаваны цэнзурай). У 1917—18 належаў да сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. Уваходзіў у склад Бел.абл.к-та пры Усерас.Савецесял. дэпутатаў. На Усебел. з’ездзе 1917 у Мінску выступіў супраць намераў абвясціць незалежную ад Расіі бел. дзяржаўнасць. У 1918 заг. агітацыйна-выдавецкага пададдзела Бел. аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, рэдактар час. «Чырвоны шлях». Пасля 1918 ад паліт. дзейнасці адышоў. Неаднаразова быў рэпрэсіраваны. Паводле некаторых звестак загінуў у палітізалятары г._Уладзімір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ МИ́НСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,
газета. Выдавалася з 5(18).3 да 18(31).10.1917 у Мінску на рус. мове 3 разы на тыдзень. Орган Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. № 1—2 называўся «Известия Совета рабочих депутатов» (рэдактар М.В.Фрунзе), № 3—40 «Известия Совета рабочих и солдатских депутатов». У сак.—крас. прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Друкавала адозвы, заклікі аб утварэнні Саветаў, салдацкіх к-таў, прафес. саюзаў, дэмакр. арг-цый, спрыяла ўтварэнню і дзейнасці Мінскай аб’яднанай арг-цыі РСДРП. З узмацненнем у Мінскім Савеце ўплыву бальшавікоў (май—чэрвень) змест газет набыў парт. адценне. Тэарэт. перадавыя артыкулы грунтаваліся на грамадска-паліт. асэнсаванні падзей у Петраградзе, Маскве і інш. рэгіёнах Расіі. Сялянскі і бел.нац. рух амаль не асвятляўся. Вяла антываенную прапаганду, агітацыю ў час перадвыбарчых сходаў. Выйшла 76 нумароў. Перайменавана ў газ.«Рабочий и солдат».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АБЛАСНЫ́ КАМІТЭ́Тпры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (БАК). Дзейнічаў у ліст. 1917—18. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад бел. губерняў на Усерас. з’ездах сял. дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту (усяго 70 чал.). Старшыня Я.С.Канчар. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. Федэратыўнай Рэспублікі, імкнуўся ўзначаліць бел.нац. рух, разам з Вял.бел. радай узяў на сябе ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Наладзіў кантакт з Наркамнацам, пры якім быў створаны Бел. аддзел у складзе прадстаўнікоў к-та П.М.Караткевіча і В.С.Селіванава. Спрабаваў паслаць свайго прадстаўніка на мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўск. Выдаў працы Я.Ф.Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). У пач. 1918 спрабаваў склікаць 2-і Усебел. з’езд, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Нёман. 1993. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),
міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.
МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савецеААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА (Андрэй Андрэевіч) (18.7.1909, в. Старыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.7.1989),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Д-рэканам.н. (1956). Скончыў эканам.ін-т (1932). З 1939 на дыпламат. службе. Надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у ЗША (1943—46 і па сумяшчальніцтве пасланнік на Кубе) і Вялікабрытаніі (1952—53). Узначальваў сав. дэлегацыю на Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 і Устаноўчай канферэнцыі ААН (1945), удзельнічаў у працы Крымскай і Патсдамскай канферэнцый кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (1945). Пастаянны прадстаўнік СССР у Савеце Бяспекі ААН (1946—48). Міністр замежных спраў СССР у 1957—85. Чл.ЦККПСС (з 1956) і Палітбюро ЦККПСС (1973—88). 1-ы нам. старшыні СМСССР (1983—85). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1985—87). Дэп. Вярх. СаветаСССР (1946—50, 1958—88). Аўтар працы «Знешняя экспансія капіталу: гісторыя і сучаснасць» (1982), успамінаў «Памятнае» (кн. 1—2, 2-е выд., 1990) і інш. Ленінская прэмія і Дзярж. прэмія СССР 1984. У Гомелі яму ўстаноўлены бюст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Пётр Захаравіч) (25.1.1902, б. хутар Альховікі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 12.12.1966),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Рэспубліканскую школу прапагандыстаў пры ЦККП(б)Б (1937), Вышэйшую школу парт. арганізатараў пры ЦК ВКП(б)Б (1941). У 1938 у апараце ЦККП(б)Б, з 1939 нам. наркома земляробства БССР, 1-ы сакратар Вілейскага абкома КП(б)Б. У гады Вял.Айч. вайны 2-і сакратар ЦККП(б)Б, чл.ваен. савета 21-й арміі, нам.нач. штаба партыз. руху пры ваен.савецеЗах. фронту, з вер. 1942 нач.Беларускага штаба партызанскага руху. З 1944 1-ы сакратар Гродзенскага абкома КП(б)Б, з 1948 нам. Старшыні СМБССР. З 1951 міністр саўгасаў, дарожнай і трансп. гаспадаркі, хлебапрадуктаў БССР. Чл.ЦККПБ у 1940—52, 1956—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1938—55, 1959—63, Вярх. Савета СССР у 1946—58. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЧАР (Яўсей Сцяпанавіч) (2.10.1882, в. Сяўкі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.5.1979),
бел.паліт. дзеяч, гісторык, вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Скончыў Петраградскую с.-г. акадэмію (1922). За ўдзел у рэв. руху ў 1906 арыштаваны, у 1908 апраўданы судом. З 1910 у Пецярбургу, супрацоўнік к-та сельскіх т-ваў. З сак. 1917 чл.Бел.нац.к-та (у крас. выйшаў з яго). З ліст. 1917 старшыня Беларускага абласнога камітэта пры Усерас.савецесял. дэпутатаў, адзін з арганізатараў Усебел. з’езда 1917. З лют. 1918 заг.навук.- статыстычнага аддзела Белнацкома, яго Петраградскага аддзялення, заг. статыстычнага аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, старшыня Бел. вольнаэканам. т-ва. У 1918 адстойваў ідэю склікання 2-га Усебел. з’езда. З 1922 на выкладчыцкай працы. З 1929 узначальваў Бел.навук.т-ва ў Ленінградзе. У 1938 арыштаваны. У Вял.Айч. вайну ў блакадным Ленінградзе. Аўтар дапаможнікаў па кааперацыі, эканам. геаграфіі БССР, прац па гісторыі грамадз. вайны, гісторыі грамадскіх, нац. і рэв. рухаў у Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,
дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш.дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.І.Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВКБССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦККП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССР без візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш.сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл.Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Реасе Bureau),
міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв. вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл.Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз.Міжнар.к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т. л. праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Norddeutscher Bund),
федэратыўнае аб’яднанне пад вяршэнствам Прусіі 22 ням. сярэдніх і малых дзяржаў і вольных гарадоў на Пн ад р. Майн у 1867—70; прамежкавае дзярж. ўтварэнне на шляху аб’яднання герм. зямель у адзіную нац. дзяржаву. Ахопліваў пл. каля 415 тыс.км² з насельніцтвам 30 млн.чал. Перадумовы для ўзнікнення П.с. склаліся ў выніку перамогі Прусіі ў аўстра-прускай вайне 1866, калі О.Бісмарк ініцыіраваў падпісанне 18.8.1866 саюзнага дагавора прадстаўнікамі 17 паўн.-герм. дзяржаў (у вер. далучыліся яшчэ 5 дзяржаў). Дзейнічала зацверджаная Паўн.-герм. рэйхстагам саюзная канстытуцыя (набыла сілу 17.4.1867). Паводле яе на ўсёй тэр. Саюза ўводзіліся адзіныя грамадзянства і заканадаўства, свабода перамяшчэння, уладу сканцэнтроўвалі прэзідэнт Саюза (прускі кароль Вільгельм I), ён жа галоўнакаманд. саюзнай арміяй, і прызначаны ім нам. — саюзны канцлер (Бісмарк), які пастаянна старшынстваваў у верхняй палаце рэйхстага — Саюзным савеце (фарміраваўся з прадстаўнікоў саюзных дзяржаў, прычым 17 з 43 членаў Савета прадстаўлялі Прусію; ніжняя палата рэйхстага выбіралася мужчынскім насельніцтвам усеагульнай падачай галасоў). Каталіцкія паўд.-герм. дзяржавы (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Гесен-Дармштат), якія былі звязаны з Прусіяй сакрэтнымі ваен. дагаворамі, далучыліся да П.с. ў ходзе франка-прускай вайны 1870—71, што прывяло да стварэння адзінай Герм. імперыі (абвешчана ў Версалі 18.1.1871).
Літ.:
Галкин И.С. Создание Германской империи, 1815—1871 гг.М., 1986.