навука, якая вывучае хім. састаў касм. цел, законы распаўсюджвання і размеркавання хім. элементаў у Сусвеце, працэсы спалучэння і міграцыі атамаў пры ўтварэнні касм.рэчыва. У К. даследуюцца праблемы паходжання хім. элементаў, гісторыі касм.рэчыва з моманту яго ўзнікнення да сучаснага стану ў аб’ектах Сонечнай сістэмы, рэканструкцыі дагеал. этапу гісторыі Зямлі і інш. Раздзелы К. — К. ізатопная і К. ядзерная, вылучаны як асобныя навукі.
У 1937 (год узнікнення К. як самаст. навукі) на аснове даных аб саставе метэарытаў, рэчыва Сонца і зорак нарв. геахімік В.М.Гольдшміт склаў поўную табліцу распаўсюджанасці хім. элементаў і іх ізатопаў у космасе. Далейшае развіццё К. звязана з навук. працамі амер. фізікахіміка Г.Юры і сав. геахіміка А.П.Вінаградава. Да 1950-х г. даследаванні хім. працэсаў у касм. прасторы і саставу касм. цел ажыццяўляліся ў асн. шляхам спектральнага аналізурэчыва Сонца, зорак, часткова знешніх слаёў атмасферы планет. Непасрэдным метадам вывучэння касм. цел быў аналіз хім. і фазавага саставу метэарытаў (гл.Геахімія). У апошні час К. значна развіваецца дзякуючы дасягненням касманаўтыкі, якая зрабіла магчымымі непасрэдныя даследаванні пазаземнага рэчыва.
Літ.:
Изотопная геохимия и космохимия. М., 1990;
Тугаринов А.И. Общая геохимия: Краткий курс. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСО́РБЦЫЯ,
1) паглынанне рэчыва з газавай сумесі вадкасцю. Адбываецца ва ўсім аб’ёме паглынальніка, праводзіцца ў абсорберах. Выкарыстоўваецца ў хім. вытв-сці (напр., пры атрыманні азотнай, салянай, сернай кіслот, соды), а таксама пры ачыстцы газаў, у аўтаномных сістэмах жыццезабеспячэння.
2) Паглынанне эл.-магн. выпрамянення або гуку пры праходжанні праз рэчыва (гл.Паглынанне святла, Паглынанне гуку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел фіз. оптыкі, у якім аптычныя працэсы, што адбываюцца ў розных асяроддзях, вывучаюцца на аснове ўліку дыскрэтнай (атамнай і малекулярнай) будовы рэчыва. Устанаўлівае сувязь паміж характарам асобных актаў узаемадзеяння светлавой хвалі з часціцамі рэчыва і макраскапічнымі параметрамі (напр., паказчыкам пераламлення) асяроддзя, што дае магчымасць растлумачыць законы распаўсюджвання, пераламлення, адбіцця і рассеяння святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ РЭА́КЦЫІў хіміі,
колькасная характарыстыка інтэнсіўнасці рэакцыі хімічнай; асн. паняцце кінетыкі хімічнай. Вызначаецца змяненнем колькасці часціц (малекул, іонаў) кожнага рэчыва, што прымае ўдзел у хім. рэакцыі, за адзінку часу ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыі рэчыва для гамагенных рэакцый) ці на адзінку плошчы паверхні падзелу фаз (для гетэрагенных і тапахім. рэакцый). Гл. таксама Парадак рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
ядзернае выпрамяненне, якое складаецца з патокаў нейтронаў. Асн. крыніца нейтронаў розных энергій — ядзерны рэактар. Характар узаемадзеяння нейтронаў з рэчывам залежыць ад іх энергіі і складу рэчыва, што апрамяняецца. З-за адсутнасці эл. зараду нейтроны пранікаюць у рэчыва на значную глыбіню. Н.в. адносяць да шчыльнаіанізавальных выпрамяненняў, таму што пратоны, якія яно ўтварае, моцна іанізуюць рэчыва. Атамныя ядры пры паглынанні нейтронаў распадаюцца на моцнаіанізавальныя пратоны, α часціцы і фатоны γ выпрамянення, таксама здольныя ўтвараць іанізацыю (другасную). Пры такіх ядзерных рэакцыях могуць узнікаць радыеактыўныя ізатопы элементаў і наведзеная радыеактыўнасць, якая таксама выклікае іанізацыю. Канчаткова біял. эфект пры Н.в. звязаны з іанізацыяй, што ўтвараецца другаснымі часціцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РКІ,
парныя органы мочаўтварэння і мочавыдзялення пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічаюць у водна-салявым гамеастазе, абмене бялкоў і вугляводаў, утварэнні біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць узровень крывянога ціску, скорасць утварэння эрытрацытаў, сакрэцыю альдастэрону наднырачнікамі, састаў крыві і выводзяць з арганізма канчатковыя прадукты азоцістага абмену рэчываў і інш. Размешчаны па баках пазваночніка ў забрушыннай клятчатцы паяснічнай вобласці. У кругларотых і рыб Н. стужкападобныя, у паўзуноў і птушак — дольчатыя, у большасці млекакормячых і чалавека — бобападобныя. Маса кожнай Н. ў чалавека 120—200 г, даўж. 10—12 см. У вышэйшых пазваночных парэнхіма Н. падзяляецца на коркавае і мазгавое рэчыва, у якім размешчана каля 2 млн.нефронаў; мазгавое рэчыва ўтварае 8—18 пірамід, паміж і над якімі знаходзяцца слаі коркавага рэчыва (нырачныя слупы). Звужаныя верхавінкі пірамід (нырачныя сасочкі) павернуты ў малыя нырачныя чашачкі, што адкрываюцца ў вял. чашачкі, потым — у лаханку і мачаточнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,
з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.
Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.
Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭО́МА (ад астэа... + ...ома),
дабраякасная пухліна з касцявой тканкі. Адрозніваюць астэому зубчастую, астэому з коркавага пласта і губчатага рэчыва (пераважна на сцегнавой і плечавой касцях) і астэому з суцэльнага кампактнага касцявога рэчыва (пашкоджваюцца пераважна плоскія косці чэрапа). Захворванне можа быць працяглым, але бессімптомным, іншы раз выяўляюць астэому выпадкова пры рэнтгеналагічным даследаванні хворага. Лячэнне хірург. (акрамя маленькіх астэом).