СЦІСКА́ЛЬНАСЦЬ, аб’ёмная пругкасць,
здольнасць рэчыва зменьваць свой аб’ём. Адрозніваюць С. ізатэрмічную, якая адбываецца пад дзеяннем ціску пры пастаяннай т-ры, і адыябатычную. калі адначасова са сцісканнем рэчыва адбываецца яго награванне.
Характарызуецца каэф. С., які паказвае змяншэнне адзінкавага аб’ёму цела пры павелічэнні ціску на адну адзінку. Адваротнай велічынёй каэф. С. з’яўляецца модуль аб’ёмнага сціскання (гл. Модулі пругкасці). Калі рэчыва пры сцісканні не набывае хім., структурных і інш. змен, то пры зняцці ціску яго аб’ём аднаўляецца. С. газаў (пары), вадкасцей і цвёрдых цел улічваецца пры канструяванні цеплавых машын, разліку працэсаў і апаратаў хім. прам-сці, лятальных апаратаў і канструкцый, праходцы свідравін і інш.
І.І.Леановіч.
т. 15, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)