1) прынцып ацэнкі ўсіх з’яў з пункту гледжання іх карыснасці, магчымасці служыць сродкам для дасягнення пэўнай мэты.
2) Кірунак у этыцы, прадстаўнікі якога разглядаюць карысць як аснову маральнасці, крытэрый ацэнкі ўсіх чалавечых учынкаў. Быў шырока распаўсюджаны ў Англіі ў 19 ст.Асн. прынцыпы У. распрацаваны англ. філосафамі І.Бентамам і Дж.С.Мілем. Тэарэт. аснова поглядаў Бентама — натуралістычны падыход да чалавека, дзе за аснову маралі прымаецца прыроднае імкненне людзей адчуваць асалоду і пазбягаць пакут. Маральным ідэалам Бентам абвясціў «найбольшае шчасце найбольшай колькасці людзей» шляхам задавальнення іх прыватных інтарэсаў; на яго думку, узровень маральнасці кожнага ўчынку можна разлічыць з матэм. дакладнасцю ў выглядзе балансу прыемнасцей і пакут, якія з’яўляюцца вынікам паводзін чалавека ў пэўнай сітуацыі. Міль імкнуўся да паслаблення гранічнага эгаізму У.; асн. палажэнні У. ён дапоўніў прынцыпам салідарнасці і ўзгаднення асабістых інтарэсаў усіх людзей. Прыхільнікі У. спрабавалі выкарыстаць утылітарысцкі падыход у тлумачэнні сац., эканам. і дзярж.-прававых з’яў. У. паўплываў на англ. сацыялогію 19 ст. (Г.Спенсер і інш.). Своеасаблівае прадаўжэнне У. — прагматызм, які пашырыў прынцып практычнай карыснасці на веды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРБАЛУ́ЖЫЦКІЯ МО́ВЫ,
блізкія паміж сабою верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая мовы сербаў-лужычан. Належаць да паўн. падгрупы зах. групы славянскіх моў. Распаўсюджаны ў Германіі вакол гарадоў Баўцэн (па-сербалужыцку Будышын) і Котбус (па-сербалужыцку Хосебуз). Больш пашырана верхнялужыцкая мова. С.м. уласцівы: у фанетыцы — націск фіксаваны на 1-м складзе, пратэтычны гук w перад u, o, змякчэнне шэрагу зычных; у марфалогіі — парны лік, клічны склон у назоўніках м.р. адз.л., архаічныя дзеяслоўныя формы (аорыст, імперфект, плюсквамперфект), адсутнасць кароткіх прыметнікаў; у лексіцы — шмат калек, запазычанняў з ням. мовы, словы чэш. і польскага паходжання. Асн. адрозненні верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай моў: адпаведнасць верхнялужыцкага праточнага h ніжнялужыцкаму выбухному g, верхнялужыцкага č ніжнялужыцкаму с (цоканне); на месцы палатальных t, d у верхнялужыцкай ć, dź, у ніжнялужыцкай ś, ź і інш.
Пісьменства і друкаваныя кнігі з 16 ст. Сфарміраваліся 2 літ. мовы: верхнялужыцкая (мова паўд. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Саксоніі, цэнтр г. Будышын) і ніжнялужыцкая (мова паўн. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Прусіі, цэнтр г. Хосебуз). Усе сербалужычане двухмоўныя: разам з С.м. карыстаюцца ням. мовай. Алфавіт на аснове лацінкі.
Літ.:
Ермакова М.И. Очерк грамматики верхнелужицкого литературного языка: Морфология. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕВА́НГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЦІЯ́НЕ,
паслядоўнікі адной з плыней пратэстантызму, падобнай да баптызму (гл.Баптысты). Найб.распаўсюджаны ў ЗША. У Расіі з’явіліся ў 1870-я г. ў арыстакратычным асяроддзі Пецярбурга. Першапачатковая назва — рэдстакісты або пашкоўцы (ад імён актыўных прапаведнікаў лорда Рэдстака і палкоўніка В.А.Пашкова). З сярэдзіны 1890-х г.наз. Е.х. У 1909 засн. Усерасійскі Саюз Е.х. на чале з І.С.Праханавым і адбыўся іх 1-ы з’езд у Пецярбургу. У аснову веравучэння, распрацаванага Праханавым, былі пакладзены агульнапратэстанцкія догматы: вучэнне аб спрадвечнай грахоўнасці чалавека і выратавальнай місіі Ісуса Хрыста; догмат аб другім прышэсці Хрыста і магчымасці выратавання толькі асабістай верай у выратавальную ахвяру Хрыста. Іх абраднасць і царк. арганізацыя яшчэ больш спрошчаныя, чым у баптыстаў. У 1930-я г. шмат кіраўнікоў Саюза Е.х. і вернікаў было рэпрэсіравана, дзейнасць яго фактычна спынілася; адноўлена ў 1942. У 1944 Е.х. аб’ядналіся з баптыстамі ў царкву Евангельскіх хрысціян-баптыстаў (Саюз ЕХБ). На Беларусі першыя паслядоўнікі Е.х. (пашкоўцы) з’явіліся ў 1870—90-я г. на Гомельшчыне. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі замежныя місіі заснавалі шэраг абшчын Е.х., у асноўным у Палескім ваяв. Цяпер большасць Е.х. уваходзіць у Саюз ЕХБ Беларусі. 1 абшчына Е.х. зарэгістравана аўтаномна (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТАЛЕ́Т (франц. pistolet, ням. Pistole),
індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.Я.Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.
Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл.Аўтаматычная зброя).
У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаныамер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ, сёмушныя песні,
песні веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі, што спяваліся на Сёмуху (Тройцу), для якой характэрны культ расліннасці. Вядомы слав. народам, у т. л. беларусам. Вылучаюцца песні, цесна звязаныя з абрадавымі дзеяннямі і т.зв. прымеркаваныя (сувязі якіх з абрадамі цяжка вызначыць). Сярод абрадавых вылучаюцца некалькі груп песень: з матывамі ўслаўлення зеляніны (часцей бярозы); пры завіванні вянкоў; кумлення; любоўнай тэматыкі (пра каханне, выбар пары, замужжа, любоўную варажбу). У многіх Т.п. вобразы раслін, дрэў персаніфікаваныя. Асабліва распаўсюджаны ў абрадах і песнях персаніфікаваны вобраз бярозы. Яна была важным абрадавым атрыбутам (да яе ішлі ў лес, галінкі неслі ў хату), у песнях яна адыгрывала ролю распараджальніцы свята, пад бярозай праходзіў абрад кумлення, з яе галінак плялі вянкі «на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты», па вянках дзяўчаты варажылі пра свой лёс і г.д. Паступова траецкія святы ператварыліся ў маляўнічую гульню моладзі, а самі песні страцілі строгую прымеркаванасць да абраду. У наш час бытуюць у асн. на Палессі. Лакальная разнавіднасць Т.п. — куставыя песні.
Публ.:
Веснавыя песні. Мн., 1979.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских. украинцев и белорусов, XIX — начало ХХ в.М., 1979;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаныгербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫсацыяльныя,
буйныя сац. групы, якія аб’ядноўваюць людзей з агульным сац.-эканам. і паліт. статусам і якасна адрозніваюцца паводле такога статуса. У навуцы і дзярж.-паліт. практыцы са стараж. часоў назіраюцца розныя падыходы да паняцця К. Найб.распаўсюджаны аб’ектыўныя крытэрыі, якія звязаны пераважна з сутнаснымі фактамі эканам. жыцця грамадства, напр., з месцам у пэўнай гістарычна абумоўленай сістэме грамадскай вытв-сці, памерамі прыватнага матэрыяльнага багацця (А.Сміт, Д.Рыкарда, Ф.Гізо і інш.), роляй у арганізацыі сучаснай высокатэхнал. вытв-сці і кіраванні ёю. Паводле К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна, К. — гэта вял. групы людзей, якія адрозніваюцца адносінамі да сродкаў вытв-сці (што юрыдычна замацоўваецца ў адпаведных законах), сваёй роляй у грамадскай арганізацыі працы, а ў канчатковым выніку — спосабамі атрымання і памерамі той часткі грамадскага багацця, якою яны карыстаюцца; з прыватным прысваеннем вынікаў грамадскай працы звязана існаванне ў класавым грамадстве К. эксплуататарскіх і эксплуатуемых. М.Вебер лічыў, што К. — гэта спалучэнне разнародных груп людзей, якія адрозніваюцца ўзроўнем адукацыі, занятасцю, даходамі і валодаюць аднымі і тымі ж жыццёвымі шанцамі і перспектывамі. У.Л.Уорнер адносіў да К. групы людзей, якія самі залічвалі сябе да пэўнай пазіцыі ў сістэме сац. іерархіі (вышэйшы, ніжэйшы, сярэдні К.). Сучасныя зах. сацыялогія і паліталогія пры характарыстыцы сац. структуры грамадства зыходзяць з тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫНІЯ́НСТВА,
антытрынітарны рэлігійна-філас. рух 16—17 ст., распаўсюджаны пераважна ў Польшчы і ВКЛ. Асн. палажэнні С. сфармуляваны яго заснавальнікам Ф.Соцынам. Для С. характэрна далейшая рацыяналізацыя ідэй антытрынітарыяў. аднаўленне догмату аб Тройцы і боскай прыроды Хрыста, прызнанне прыярытэту розуму ў пытаннях веры. Адзінай крыніцай веравучэння сацыніяне лічылі Свяшчэннае пісанне. Яны сцвярджалі, што не існуе першароднага граху, адмаўлялі патрэбнасць збаўлення, абвяргалі кальвінісцкі догмат аб прадвызначэнні. Агульным цэнтрам С. быў г. Ракаў Сандармірскага ваяв. ў Польшчы (цяпер вёска ў Свентакшыскім ваяв.), на Беларусі — г. Навагрудак. Соцын і яго першыя паслядоўнікі (на Беларусі Я.Ліцыній Намыслоўскі, Я.Даманеўскі, М.Цвердахлеб, Ц.Кузьміч і інш.) — прадстаўнікі ранняга С. Тэарэтыкі позняга С. (2-я пал. 17 ст.) Я.Крэль, С.Пшыпкоўскі, А.Вішаваты і інш. патрабавалі верацярпімасці, аддзялення царквы ад дзяржавы, вял. ўвагу аддавалі развіццю асветы, прыродазнаўства і матэматыкі. У час Контррэфармацыі ў 1658—60 сацыніяне былі выгнаны з Рэчы Паспалітай і эмігрыравалі ў Германію, Англію і Галандыю. Ідэі С. распаўсюдзіліся ў некат. краіны Зах. Еўропы, паўплывалі на філас. погляды Б.Спінозы, Дж.Лока, англ. дэістаў. Філас. спадчына ідэолагаў С. была выдадзена ў 1665—68 у Амстэрдаме пад назвай «Бібліятэка польскіх братоў».
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІКІ, даўганосікі (Curculionidae),
сямейства падатр. разнаедных жукоў. 2 аддзелы: даўгахобатныя (Phanerognatha; найб. старажытныя паявіліся ў раннім мезазоі), караткахобатныя (Adelognatha; узніклі ў сярэдзіне мезазою). Да 45 тыс. відаў. Трапляюцца на раслінах, у гнілой драўніне, каля вады. На Беларусі 395 відаў, пераважаюць даўгахобатныя; найб.распаўсюджаны: бураковы даўганосік, свірнавы даўганосік, канюшынавы семяед (Apion apricans), скрытнахобатнік каранёвы капусны (Ceutorrhynchus pleurostigma), С. клубеньчыкавы (Sitona), а таксама кветаеды — яблыневы (Anthonomus pomorum), малінавы (A. rubi); у лясах С. вял. хваёвы (Hylobius abietis), смалёўка хваёвая (Pissodes pini), пладажыл арэхавы (Curculio nucum).
Даўж. ад некалькіх да 60 мм (у тропіках). Цела — ад шара- да палачкападобнай формы, укрытае валаскамі або лусачкамі, якія ўтвараюць стракаты малюнак. Галава выцягнута ў галаватрубку, на канцы якой грызучыя ротавыя органы. У даўгахобатных С. галаватрубка даўжэйшая за галаву, іншы раз за ўсё цела, тонкая, часта патончаная на канцы. У караткахобатных С. галаватрубка не даўжэйшая за асн.ч. галавы, амаль заўсёды простая, не патончаная на канцы. Крылы ў большасці добра развітыя, многія караткахобатныя С. іх не маюць. Лічынкі бязногія, белыя, укрытыя рэдкімі валасамі, з жоўта-карычневай галавой і грызучымі сківіцамі. Жукі і іх лічынкі кормяцца травяністымі і дрэвава-кустовымі раслінамі. Шкоднікі многіх культур, расл. прадуктаў і тэхн. драўніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТЫ́ЗМ (франц. conservatisme ад лац. conservo ахоўваю, захоўваю),
сукупнасць разнастайных ідэйна-паліт. і культ. плыняў, якія выступаюць за захаванне традыцый і пераемнасці ў сац. жыцці. Тэрмін «К.» увёў ва ўжытак франц.паліт. дзеяч і пісьменнік Ф.Р. дэ Шатабрыян. Асн. тэарэтыкамі К. ў канцы 18 — пач. 19 ст. былі Э.Бёрк [яго кн. «Разважанні аб французскай рэвалюцыі» (1790) лічыцца «бібліяй» К.], Ж дэ Местр, Л.Банальд, С.Т.Колрыдж і інш. Разнавіднасцямі кансерватыўнай ідэалогіі з’яўляюцца лібералізм, неакансерватызм і традыцыяналізм. Неакансерватызм, які шмат у чым збліжаецца з неалібералізмам, успрыняў ад яго ідэю грамадскага развіцця, гіст., сац. і паліт. актыўнасці індывіда, дэмакратызацыі палітыкі і сац. адносін. Неакансерватары адышлі ад элітарных і арыстакратычных поглядаў на ўладу, парадак, традыцыі; цэнтр. ідэя іх эканам. палітыкі — неэфектыўнасць сацыяліст. метадаў дзярж. рэгулявання. У краінах Зах. Еўропы і ЗША адрозніваюць 3 формы К.: ліберальна-кансерватыўную (выступае за неабходнасць цеснай сувязі паміж рыначнай эканомікай, індывід. свабодай і ўладай закону; найб.распаўсюджаны ў Вялікабрытаніі і ЗША), хрысціянска-дэмакратычную (сцвярджае каштоўнасць хрысц. маральнага парадку, ухваляе дзярж. рэгуляванне паводзін людзей), аўтарытарную (адстойвае ідэю моцнай дзяржавы, яе права ўмешвацца ў эканоміку і дзейнасць асобных ін-таў; прадстаўлены ў Францыі, Ірландыі, Германіі). Характэрныя прынцыпы ўсіх форм К. — прызнанне існавання універсальнага маральнага парадку, які падтрымліваецца рэлігіяй, ідэя недасканаласці чалавечай прыроды і прыроднай няроўнасці людзей, важнай ролі прыватнай уласнасці ў індывід. і грамадскім жыцці, прызнанне традыц. норм рухаючай сілай прагрэсу, неабходнасць абмежавання і збалансаванасці паліт. улады.