КАНСЕРВАТЫ́ЗМ (франц. conservatisme ад лац. conservo ахоўваю, захоўваю),
сукупнасць разнастайных ідэйна-паліт. і культ. плыняў, якія выступаюць за захаванне традыцый і пераемнасці ў сац. жыцці. Тэрмін «К.» увёў ва ўжытак франц. паліт. дзеяч і пісьменнік Ф.Р. дэ Шатабрыян. Асн. тэарэтыкамі К. ў канцы 18 — пач. 19 ст. былі Э.Бёрк [яго кн. «Разважанні аб французскай рэвалюцыі» (1790) лічыцца «бібліяй» К.], Ж дэ Местр, Л.Банальд, С.Т.Колрыдж і інш. Разнавіднасцямі кансерватыўнай ідэалогіі з’яўляюцца лібералізм, неакансерватызм і традыцыяналізм. Неакансерватызм, які шмат у чым збліжаецца з неалібералізмам, успрыняў ад яго ідэю грамадскага развіцця, гіст., сац. і паліт. актыўнасці індывіда, дэмакратызацыі палітыкі і сац. адносін. Неакансерватары адышлі ад элітарных і арыстакратычных поглядаў на ўладу, парадак, традыцыі; цэнтр. ідэя іх эканам. палітыкі — неэфектыўнасць сацыяліст. метадаў дзярж. рэгулявання. У краінах Зах. Еўропы і ЗША адрозніваюць 3 формы К.: ліберальна-кансерватыўную (выступае за неабходнасць цеснай сувязі паміж рыначнай эканомікай, індывід. свабодай і ўладай закону; найб. распаўсюджаны ў Вялікабрытаніі і ЗША), хрысціянска-дэмакратычную (сцвярджае каштоўнасць хрысц. маральнага парадку, ухваляе дзярж. рэгуляванне паводзін людзей), аўтарытарную (адстойвае ідэю моцнай дзяржавы, яе права ўмешвацца ў эканоміку і дзейнасць асобных ін-таў; прадстаўлены ў Францыі, Ірландыі, Германіі). Характэрныя прынцыпы ўсіх форм К. — прызнанне існавання універсальнага маральнага парадку, які падтрымліваецца рэлігіяй, ідэя недасканаласці чалавечай прыроды і прыроднай няроўнасці людзей, важнай ролі прыватнай уласнасці ў індывід. і грамадскім жыцці, прызнанне традыц. норм рухаючай сілай прагрэсу, неабходнасць абмежавання і збалансаванасці паліт. улады.
А.І.Галаўнёў.
т. 7, с. 591
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)