ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
навука пра заканамернасці, паходжанне, развіццё псіхікі жывёл і чалавека, пра падабенства і адрозненне ў іх псіхічнай дзейнасці. Фарміраванне П.п. звязана з працамі Ж.Б.Ламарка, Ч.Дарвіна, У.А.Вагнера. Параўнальна-псіхал. аналіз будуецца на звестках зоапсіхалогіі, псіхалогіі чалавека і накіраваны на выяўленне ў анта- і філагенезе зыходных псіхічных працэсаў жывёл і чалавека і якасных адрозненняў чалавечай псіхікі ад псіхікі жывёл. Асаблівае значэнне мае ўлік сац.-гіст фактараў, якія вызначылі ўзнікненне і развіццё чалавечай свядомасці (прац. дзейнасць, грамадскае жыццё, членараздзельная мова). Даныя П.п. маюць вял. значэнне для вырашэння розных праблем псіхалогіі, філасофіі, антрапалогіі, медыцыны, педагогікі (генет. аснова развіцця дзіцячай псіхікі) і інш. Параўнанне паводзін і псіхікі як неад’емная частка праблематыкі розных дысцыплін, у т. л. эталогіі, сацыябіялогіі, кагнітыўнай эталогіі і антрапалогіі, ператварылася ў міждысцыплінарную галіну.
В.В.Краснова.
т. 12, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАГЕНЕ́З (ад грэч. parthenos нявінніца + ...генез),
нявіннае размнажэнне, адна з форм палавога размнажэння арганізмаў, пры якой развіццё зародка адбываецца з неаплодненай яйцаклеткі без удзелу сперматазоіда. Пашыраны ў жывёл (некат. насякомыя, ракападобныя, чэрві) і раслін (некат. водарасці, грыбы, вышэйшыя расліны). Адрозніваюць П. аблігатны (абавязковы) — яйцо развіваецца толькі партэнагенетычна, факультатыўны (неабавязковы) — яйцо развіваецца таксама ў выніку апладнення, цыклічны — чаргаванне П. з двухполым размнажэннем. Пры П. паяўляецца патомства пераважна аднаго полу (самцы або самкі). Як адаптыўнае прыстасаванне П. дае магчымасць размнажацца пры рэдкіх кантактах разнаполых асобін (напр., на экалагічнай перыферыі арэала), а для відаў з вял. цыклічнай смяротнасцю (напр., насякомыя) — рэзка павялічыць колькасць патомства. Штучны П. (развіццё яйца пад уплывам т-ры, хім. рэчываў і інш.) выкарыстоўваецца ў селекцыі. Гл. таксама Андрагенез, Апаміксіс, Гінагенез, Партэнакарпія, Педагенез.
Р.Г.Заяц.
т. 12, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАДЗІ́ (Даўлетмамед) (1700—60),
туркменскі паэт і вучоны. Бацька Махтумкулі. Прыхільнік містычнай плыні ў ісламе — суфізму. Займаўся тэорыяй верша. Асн. твор — дыдактычная паэма «Пропаведзь Азадзі» («Вагзі-Азад») — разважанні пра справядлівага правіцеля, маральна-этычныя нормы паводзін, развіццё гандлю і земляробства. Мова паэмы архаічная, насычаная араба-персідскімі элементамі.
т. 1, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКУЛІНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. masculinus мужчынскі),
развіццё ў самкі мужчынскіх другасных палавых прыкмет. Назіраецца ў самак рыб, земнаводных, птушак, млекакормячых як вынік парушэння гарманальнага балансу. У эксперыменце перасадка семянніка кастрыраванай курыцы суправаджаецца развіццём у яе петушынага галаўнога ўбору, з’яўленнем здольнасці пець па-петушынаму і інш. М. ў чалавека наз. вірылізмам.
т. 10, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́Л (італьян. memoriale ад лац. memorialis памятны),
1) памятная кніга, дзённік.
2) Спартыўныя спаборніцтвы, прысвечаныя памяці выдатных спартсменаў, а таксама асоб, што зрабілі важкі ўклад у развіццё спорту.
3) М., мемарыяльны ансамбль — архітэктурна-маст. комплекс, створаны ў гонар тых, хто па-геройску загінуў, а таксама выдатных дзеячаў або гіст. падзей.
т. 10, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАНТАЛО́ГІЯ [ад неа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],
комплекс біялагічных навук пра сучасны арган. свет. Вывучае будову і функцыян. асаблівасці жывых арганізмаў, іх індывід. развіццё, роднасныя сувязі, пашырэнне, узаемаадносіны з навакольным асяроддзем і паміж сабой. Пры вывучэнні слаба змененых рэшткаў арганізмаў з антрапагенавых адкладаў (напр., трупаў мамантаў) мяжуе з палеанталогіяй.
т. 11, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТО́Д [ад грэч. pente пяць + (электр)од],
пяціэлектродная электронная лямпа. Мае катод, анод і 3 сеткі (кіравальную, экранную і антыдынатронную, ці ахоўную). З’явіўся як далейшае развіццё тэтрода. Выкарыстоўваецца для генерыравання (гл. Генератарная лямпа) і ўзмацнення нізка- і высокачастотных эл. сігналаў, фарміравання рознай формы эл. ваганняў у індыкатарных прыладах і інш.
т. 12, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (Arab Monetary Fund; АВФ). Засн. ў 1976. Члены — 21 краіна араб. рэгіёна. Штаб-кватэра ў г. Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Мэты: выраўноўванне плацежных балансаў краін-удзельніц; садзейнічанне стабілізацыі курсаў валют; развіццё эканам. інтэграцыі; стварэнне арабскага фін. рынку і ўкараненне арабскага дынара ва ўзаемаразліках араб. краін. Павінен таксама крэдытаваць краіны-ўдзельніцы.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́Р (франц. barriére),
1) невысокая перагародка, якая закрывае свабодны праход, праезд.
2) Спецыяльная перашкода, устаноўленая для пераадолення на спарт бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. 3) Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны былі пераступаць пры стральбе.
4) Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго-н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Гл. таксама Бар’еры біягеаграфічныя.
т. 2, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ «ЗЯЛЁНЫ МІР»,
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне здаровага жыццёвага асяроддзя для чалавека, развіццё духоўнасці і высокамаральных адносін да ўсяго жывога, барацьба за мір паміж народамі і дзяржавамі, забарона асабліва жорсткіх відаў узбраення. Рэгіянальныя аддзяленні партыі існуюць ва ўсіх абласцях Беларусі.
т. 2, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)