ГРЭНАДЗЁРЫ (франц. grenadiers ад grenade граната),
від пяхоты і кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 17—20 ст. З’явіліся ў Францыі ў Трыццацігадовую вайну 1618—48, пазней — у Прусіі, Расіі (існавалі ў 1694—1917), Вялікабрытаніі (з 1697) і інш. У баі спалучалі ружэйную стральбу з кіданнем ручных гранат; конныя грэнадзёры ў конным страі дзейнічалі, як драгуны, у пешым — як гранатамётчыкі. З сярэдзіны 18 ст. — салдаты адборных гвардз. і інш. часцей і падраздзяленняў (напр., грэнадзёрская рота палка пешай гвардыі ВКЛ). У цяперашні час грэнадзёры захаваліся ў каралеўскай гвардыі сухап. войск Вялікабрытаніі (1-ы і 2-і Грэнадзёрскія батальёны) і, як назва мотапяхоты, у арміі ФРГ («панцэр-грэнадзёр»).
Грэнадзёр пешай гвардыі Вялікага княства Літоўскага. 1792.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА 1798—99.
Абвешчана 15.2.1798 рымскімі рэспубліканцамі на тэр.Папскай вобласці, заваяванай арміяй Напалеона. Свецкая ўлада папы Пія VIІ была ліквідавана. Канстытуцыя Р.р. (1798) распрацавана на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Быў прыняты шэраг законаў: аб канфіскацыі царк. маёмасці, ліквідацыі шэрагу феад. прывілеяў, адмене ўласнай залежнасці сялян і інш. Фактычна краінай кіравала франц.ваен. адміністрацыя. Цяжкае эканам. становішча пагаршалася ў выніку сістэматычнага рабавання дзяржавы Францыяй, што выклікала хваляванні ў розных раёнах Р.р. Летам 1799 на яе тэр. з Пн увайшлі аўстрыйскія, з Пд — неапалітанскія войскі. У вер. Рым быў заняты неапалітанцамі, у горад таксама ўвайшоў атрад рус. марской пяхоты. Р.р. была ліквідавана войскамі антыфранц. кааліцыі, папская ўлада адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМБУ́К (Іван Елісеевіч) (28.7.1919, в. Рог Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 27.5.1979),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Томскае артыл. вучылішча (1945), Ваенна-інж. радыётэхн. акадэмію ППА імя Говарава (1956). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Агнявы ўзвод артыл. палка на чале са старшым сяржантам С. вызначыўся ў ліп. 1943 у баях на Арлоўска-Курскім напрамку, дзе 3 дні адбіваў контратакі варожых танкаў і пяхоты, у час фарсіравання Дзясны, Дняпра і Прыпяці агнём гармат садзейнічаў пераправе і наступленню палка. Да 1960 у Сав. Арміі, потым на выкладчыцкай рабоце. Гаўбіца, разлікам якой камандаваў С., экспануецца ў Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНЕАЎТАМАБІ́ЛЬ,
баявая браніраваная колавая машына, прызначаная для агнявой падтрымкі пяхоты ў баі, для разведкі, баявой аховы, патрулявання і сувязі.
Выкарыстоўваліся ў час 1-й і 2-й сусв. і грамадз. войнаў (у 1918 у Чырв. Арміі было 148 бронеаўтамабіляў). Ёсць на ўзбраенні армій Вялікабрытаніі («Саладзін» Мк2), Францыі («Панар» AML-90), інш. краін. Маюць 20—90-мм гармату, 1—2 кулямёты, часам гранатамёт і процітанк. кіроўную ракету. Маса да 12 т, запас ходу да 1000 км, скорасць да 105 км/гадз. У былой Сав. Арміі ў пасляваен. час тэрмін «бронеаўтамабіль» выйшаў з ужытку, а баявыя колавыя машыны атрымалі назву ў залежнасці ад асн. прызначэння (напр., бронетранспарцёр, баявая разведвальная машына).
Да арт.Бронеаўтамабіль: а — браніраваная разведвальна-дазорная машына; б — бронеаўтамабіль «Саладзін» (Вялікабрытанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАЛЕЗНЯКО́Ў»,
пласкадонны рачны манітор, экіпаж якога вызначыўся ў Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Уваходзіў у склад Дняпроўскай (ліст. 1936 — жн. 1940), Дунайскай (жн. 1940—ліст. 1941, крас. 1944—45) і Азоўскай (ліст. 1941—кастр. 1942, люты 1943—крас. 1944) ваен. флатылій, Чарнаморскага флоту (кастр. 1942 — люты 1943). Меў 6—7 гармат (у гады вайны і некалькі зенітных гармат), 3—4 кулямёты, экіпаж 70—72 чал. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Нікалаева, Ачакава, Херсона, Севастопаля (1941), Бярдзянска, Цемрука (1942) і інш., у Будапешцкай аперацыі 1944—45; прайшоў 40 тыс.км, знішчыў 13 артыл. батарэй, 4 батальёны ням.-фаш.пяхоты і інш., адбіў 127 паветр. атак. У 1967 устаноўлены як карабель-помнік на набярэжнай у Кіеве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.В.Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.Я.Ферзена (каля 20 тыс.чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСА́НТ (франц. descente літар. спуск, высадка),
войскі, спецыяльна падрыхтаваныя для высадкі (выкідання) на тэрыторыю праціўніка або высаджаныя (выкінутыя) на ёй з мэтай вядзення баявых дзеянняў. У залежнасці ад характару пастаўленых задач, глыбіні высадкі і колькаснага складу войск Д. бываюць аператыўна-стратэгічныя, аператыўныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя, спец. прызначэння і дэманстратыўныя; паводле сродкаў і спосабаў перакідкі войск — марскія, паветраныя і камбінаваныя. Вылучаюць таксама Д. карабельныя і танкавыя.
Паветраныя Д. бываюць парашутныя (паветрана-дэсантныя войскі і тэхніка выкідваюцца з ваенна-транспартных самалётаў на парашутах), пасадачныя (высаджваюцца з самалётаў, верталётаў і планёраў, якія прызямляюцца ў тыле праціўніка) і камбінаваныя. Марскія Д. перавозяцца на спец. дэсантных караблях і трансп. суднах, высаджваюцца на бераг, на захопленыя прычалы або з дапамогай дэсантна-высадкавых сродкаў і верталётаў. Першымі звычайна высаджваюцца часці марской пяхоты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКЕ́Т (франц. piquet літар. калок, вяха),
1) адзін з элементаў вартавой аховы ў арміях шэрагу еўрап. краін, у т. л.ВКЛ, у 18—19 ст. Прызначаўся ў складзе да ўзвода (пяхоты або кавалерыі) у мэтах прадухілення нечаканага нападу праціўніка на размяшчэнне войска, якое адпачывае. Высылаўся ў бок праціўніка на 2—4 км ад сваіх войск; меў паперадзе парных вартавых або аванпост. У выпадку нападу праціўніка выконваў ролю бліжэйшай падтрымкі аванпоста. У рас. арміі ў канцы 19 ст. называліся вартавымі заставамі.
2) Прынятая ў СНД адзінка вымярэння даўжыні чыг. ліній, роўная 100 м.
3) Часам П. называюць дом лясной аховы, будку дарожнай службы і інш. 4) Група дэманстрантаў, забастоўшчыкаў і інш., якія стаяць каля ўрадавых устаноў, пасольстваў і інш. з напісанымі на плакатах паліт. ці эканам. лозунгамі і патрабаваннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНЫЯ СІ́ЛЫ,
спецыяльныя воінскія фарміраванні пастаяннай баявой гатоўнасці, прызначаныя для адбіцця раптоўных удараў праціўніка, забеспячэння стратэг. разгортвання ўзбр. сіл дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), а таксама для іх узмацнення і вядзення баявых дзеянняў у тыле ворага. Складаюцца з высокарухомых злучэнняў, часцей, падраздзяленняў і інш., гал. характарыстыкай якіх з’яўляецца мабільнасць. М.с. ўваходзяць у склад узбр. сіл многіх краін, у т. л. ў структуры ўзбр. сіл НАТО. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.с. створаны ў 1995 на базе часцей паветрана-дэсантных войск у складзе трох мабільных брыгад, падраздзяленняў сувязі і кіравання; на ўзбраенні маюць баявыя машыны дэсанта (БМД), бронетранспарцёры (БТР), баявыя машыны пяхоты (БМП) і інш. тэхніку. Асаблівасць М.с. — у спалучэнні аэрамабільнасці і агнявой моцы мотастралк. часцей і падраздзяленняў.
Літ.:
Вершалович Ю., Каршакевич Д. Мобильные силы ведут бой // Армия. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ САКСО́НСКІ (Maurice de Saxe; 28.10.1696, г. Гослар, Германія — 30.11.1750),
французскі палкаводзец і ваен. тэарэтык. Маршал Францыі (1744). Граф (1711). Пабочны сын курфюрста Саксонскага Аўгуста II (кароль Рэчы Паспалітай у 1697—1706 і 1709—33). Служыў у саксонскіх, польск., аўстр., з 1720 франц. войсках. Удзельнік войнаў за польск. (1733—35) і аўстр. (1740—48) спадчыну (вызначыўся ў час штурму Прагі ў 1741 і Эгера ў 1742). З 1745 галоўнакаманд. франц. арміяй, атрымаў шэраг перамог над англа-галандскімі войскамі ў Фландрыі, што значна ўзняло ваен. прэстыж Францыі і садзейнічала заключэнню Ахенскага мірнага дагавора (1748). У трактаце «Мае летуценні» (1731) выказаў новыя для таго часу ідэі пра перавагі вайсковай павіннасці перад сістэмай вярбоўкі, неабходнасць мець пастаянныя ваен. кадры, пра атаку пяхоты, ролю інж. умацаванняў на полі бою і інш.Вял. значэнне ў вайне надаваў маральнаму фактару.