ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл. Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.
Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ. развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі аб паліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.
У.В.Ляхоўскі.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,
асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш. Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
т. 7, с. 597
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАІ́ЗМ (ад грэч. hērōs герой),
найвышэйшае праяўленне самаадданасці і мужнасці пры выкананні грамадзянскага абавязку. Патрабуе ад чалавека асабістай стойкасці, гатоўнасці да самаахвяравання. Актам гераізму з’яўляецца подзвіг.
Пытанне аб гіст. прыродзе гераізму ўпершыню пастаўлена ў 18 ст. італьян. філосафам Дж.Віка, які лічыў, што гераізм звязаны выключна з т.зв. «векам герояў», што папярэднічаў «веку людзей». Канцэпцыя Віка ўсебакова развіта ў працах Г.Гегеля. У трактоўцы некаторых прадстаўнікоў рамантызму (Ф.Шлегель, Т.Карлейль і інш.) герой — выдатная асоба, якая ўзвышаецца над народам, «натоўпам». Ф.Ніцшэ разглядаў героя як «звышчалавека», які стаіць «па другі бок дабра і зла», для якога агульначалавечая мараль — гэта мараль «натоўпу». Марксізм трактаваў гераізм як спалучэнне індывід. подзвігу з подзвігам нар. мас. У кожнага народа свае адносіны да гераізму і герояў. Найчасцей гераізм праяўляецца ў экстрэмальных сітуацыях (войны, катастрофы, стыхійныя бедствы і інш.).
т. 5, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ДУ́МКА»,
грамадска-паліт. і літ. штотыднёвая газета. Выдавалася з 24.12.1920 да 8.7.1921 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.Гарэцкі. Асн. ўвагу аддавала паліт. і эканам. становішчу Зах. Беларусі, пашырала ідэі нац.вызв. руху. Выкрывала палітыку бурж.памешчыцкіх колаў, уздымала зямельнае пытанне, змагалася за бел. культуру і асвету. Згуртавала вакол сябе значныя літ. сілы. На яе старонках з апавяданнямі і публіцыст. артыкуламі выступалі Гарэцкі (пад псеўданімамі А.Мсціслаўскі, Дзед Кузьма і інш.), А.Луцкевіч, М.Краўцоў (Косцевіч), Л.Родзевіч, І.Канчэўскі, Ю.Лістапад, з вершамі І.Дварчанін, С.Шыманоўскі, К.Сваяк, П.Прадуха і інш. Друкаваліся творы К.Лейкі, П.Простага, С.Рак-Міхайлоўскага, М.Чарота, творы з фалькл. збораў А.Сержпутоўскага, нар. песні з Сакольшчыны. Змяшчала матэрыялы па пытаннях развіцця тэатра, выяўл. мастацтва, л-ры, гісторыі бел. культуры. Выйшла 27 нумароў. Забаронена польск. ўладамі.
А.С.Ліс.
т. 11, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАЛУЧЭ́ННЯ РУХ,
міжнароднае аб’яднанне дзяржаў, якія ў сваёй знешняй палітыцы кіруюцца недалучэння прынцыпам. Афіцыйна створаны ў вер. 1961 на канферэнцыі 25 дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, пры ўдзеле І.Ціта (Броз Ціта), Сукарна, Дж.Нэру і Г.А.Насэра. У 1960—80-я г. рэгулярна склікаліся канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў — членаў Н.р., на якіх абмяркоўвалася і каардынавалася знешняя палітыка гэтых краін у адносінах да звышдзяржаў — ЗША і СССР. З пач. 1980-х г. назіраўся крызіс Н.р.: некаторыя з недалучаных краін знаходзіліся ў стане ўзбр. канфлікту паміж сабой (Іран і Ірак), некаторыя фактычна дзейнічалі ў альянсе з СССР або ЗША, што парушала прынцып недалучэння. З распадам СССР (1991) востра паўстала пытанне пра змену і ўдасканаленне прынцыпаў Н.р. У 1990-я г. пра ўдзел у Н.р. заявілі больш за 100 краін свету, у т. л. ў 1998 Рэспубліка Беларусь.
т. 11, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Міхаіл Пятровіч) (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),
расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г. — панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.
т. 11, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,
сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.Купала).
Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б [X канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15—20.10.1921 у Мінску. Прысутнічалі 133 дэлегаты з рашаючым і 69 з дарадчым голасам ад 3325 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: аб знешнім і ўнутр. становішчы рэспублікі
(А.Р.Чарвякоў); справаздачы Цэнтр. Бюро КП(б)Б (В.Г.Кнорын),
Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.Х.Гетнер), Кантрольнай камісіі КП(б)Б, павятовых к-таў партыі; эканам. становішча Беларусі і нэп (А.І.Вайнштэйн); агр. пытанне (А.С.Славінскі); роля і задачы прафсаюзаў (Ш.Ш.Ходаш); асвета і задачы партыі (С.З.Кацэнбоген); агітац.-прапагандысцкая работа партыі (І.П.Ашаровіч); пытанні парт. будаўніцтва; выбары. З’езд звярнуў гал. ўвагу на эканам. становішча і пераход да новай эканамічнай палітыкі, ухваліў рашэнні X з’езда РКП(б). Нэп вызначаўся як «адзіна правільны шлях, які ў дадзеных умовах верна вырашае само пытанне існавання савецкай улады». Ухвалены мерапрыемствы Саўнаргаса БССР па перабудове і спрашчэнні сістэмы кіравання прам-сцю, пераводу фабрык і заводаў на гасп. разлік, здачы іх у арэнду. З’езд падтрымаў прапановы Эканам. нарады пры СНК БССР па наладжванні сувязі з суседнімі губернямі і арганізацыі Зах. эканам. вобласці. Канстатавалася імкненне сялян да індывідуальнага землекарыстання, разам з тым адзначалася неабходнасць развіцця сав. гаспадарак і адначасова дапамогі аднаасобнікам. З’езд асабліва падкрэсліў арганізац. і выхаваўчую функцыю прафсаюзаў як «школы камунізму» праз удзел іх у кіраванні прадпрыемствамі і сац. абарону працоўных, павышэнне прадукцыйнасці працы, удзел у рабоце кааперацыі і інш. Былі разгледжаны прынцыпы рэформы агульнаадук. школы, узята арыентацыя на правядзенне асв. работы на нац. мовах, што паклала пачатак палітыцы беларусізацыі, акрэслены задачы друку. формы работы партшкол, сутнасць і формы антырэліг. прапаганды. Выбраў ЦБ КП(б)Б з 9 чл. і 3 канд. у чл., Кантрольную і Рэвіз. камісіі КП(б)Б.
Літ.:
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983.
В.Ф.Кушнер.
т. 13, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТРАЎ (Аляксандр Валянцінавіч) (26.12.1862, Калуга — 26.2.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Аўтар зб-каў апавяданняў «Псіхапаты. Праўда і выдумка» (1893), «Мроі і цені» (1896), раманаў «Атручанае сумленне» (1890; аналіз псіхал. матываў злачынства), «Жар-кветка» (1895; тэма спірытызму і акультызму), «Вікторыя Паўлаўна» (1903; пытанне жаночай эмансіпацыі), «Мар’я Лусьева» (1903; праблема прастытуцыі), гіст. твора «Звер з прорвы» (1911—14), фельетонаў, літ.-крыт. артыкулаў. Раманы-хронікі са шматтомнай серыі «Канцы і пачаткі. Хроніка 1880—1910» — спроба асэнсаваць жыццё рас. грамадства на рубяжы стагоддзяў. З 1921 у эміграцыі. Выдаў раман «Зачараваны стэп» (1921), кн. нарысаў «Тужлівыя нататкі» (1922), зб. «Неўтаймаваная Русь: Дэманічныя аповесці XVII ст.» (1929) і інш. На бел. мову творы Амфітэатрава перакладаў В.Ластоўскі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—30, 33—35, 37. Спб., 1911—16;
Закат старого века. М., 1989;
Мертвые боги. М., 1991;
Бел. пер. — Хілібертава пакута;
Вярба;
Палятуха. Вільня, 1912.
т. 1, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)