РУ́ЖЫЧКА ((Ruźićka) Леапольд) (13.9.1887, г. Вукавар, Харватыя — 26.9.1976),
швейцарскі хімік-арганік. Замежны чл.АНСССР (1958). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Карлсруэ (1910). У 1912—25 і 1929—57 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху (з 1923 праф.). У 1926—29 ва Утрэхцкім ун-це (Галандыя). Навук. працы па даследаванні біясінтэзу і хім. будовы, а таксама сінтэзу прыродных аліцыклічных злучэнняў, у т. л. тэрпенаў, стэроідных гармонаў, пахучых рэчываў. Вынайшаў прамы спосаб вызначэння вугляроднага касцяка сесквітэрпенаў (1921). Сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны з 8—34 атамамі вугляроду ў цыкле (1920—34), цыбетон (1926), гармоны андрастэрон (1934) і тэстастэрон (1935, адначасова з А.Ф.Бутэнантам). Вызначыў будову мускону (1926), сантаніну (1930), абіяцінавай к-ты (1932). Сфармуляваў біягенетычнае ізапрэнавае правіла (1953). Нобелеўская прэмія 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВЫЯ (Turdidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 50—55 родаў, каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды і халодных раёнаў Арктыкі. Жыхары лясоў, зараснікаў, кустоў, абрываў і скал. У Чырв. кнізе МСАП 4 віды і 8 падвідаў. На Беларусі 14 відаў з 6 родаў: гарыхвосткі, дразды (Turdus), заранкі (Erithacus), каменкі (Oenanthe), салаўі (Luscinia), чаканы (Saxicola).
Даўж. 12—40 см, маса 13—200 г. Вонкавы выгляд і афарбоўка дарослых птушак разнастайныя Птушаняты плямістыя. Ногі ў большасці моцныя, пярэдні бок цэўкі ўкрыты 1 шчытком Дзюба моцная, але тонкая. Хвост у большасці прамы. Ва ўмераных шыротах Д. — пералётныя птушкі. Гняздуюцца на дрэвах, кустах, зямлі, у дуплах і інш. Нясуць 2—6 яец. Гадуюць за год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі, восенню і зімой — ягадамі, насеннем. Многія Д. добра спяваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬ (ад лац. normalis прамы) да крывой (паверхні) у зададзеным пункце, прамая, што праходзіць праз зададзены пункт перпендыкулярна да датычнай прамой ці да датычнай плоскасці. Мае дастасаванні ў дыферэнцыяльнай геаметрыі, геам. оптыцы, механіцы і інш.
Плоская крывая мае ў кожным пункце (за выключэннем некаторых асаблівых пунктаў) адзіную Н. Прасторавая крывая ў кожным неасаблівым пункце мае бясконцае мноства Н., сукупнасць якіх утварае нармальную плоскасць. Н., якая ляжыць у судатычнай плоскасці (лімітнае становішча плоскасці, што праходзіць праз 3 пункты крывой пры імкненні адлегласці паміж імі да нуля), наз.галоўнай, а Н., якая праходзіць перпендыкулярна гэтай плоскасці — бінармаллю. Датычная, гал. Н. і бінармаль утвараюць рухомы трыэдр крывой.
Да арт.Нармаль. Рухомы трыэдр да крывой у пункце Μ: N — галоўная нармаль; B — бінармаль; T — датычная да крывой; P — нармальная плоскасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЧКА (Digitaria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 350 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных (пераважна ў Афрыцы) і часткова ў цеплаўмераных абласцях. На Беларусі 4 віды Р.: егіпецкая (D. aegyptiaca), звычайная, або лінейная (D. ischaemum), крывава-чырвоная (D. sanguinalis) і раснічастая (D. ciliaris). Трапляюцца на пясках, па берагах вадаёмаў, як пустазелле на палях.
Шмат-, радзей аднагадовыя травы выш. 10—80 см. Сцёблы моцна галінастыя каля асновы, прамастойныя або ляжачыя, часта чырванаватыя. Лісце лінейна-ланцэтнае. Агульнае суквецце — прамы колас з 2—20 пальчата сабраных коласападобных галінак на верхавінцы сцябла. Плод — зярняўка. Кармавыя, пераважна пашавыя расліны, некат. культывуюць у Паўд.-Усх. Азіі як збожжавыя злакі. Выкарыстоўваюць для барацьбы з эрозіяй, для замацавання пяскоў, насыпаў, стварэння газонаў. Салома ідзе на выраб паперы, цыновак, кошыкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІНО́КЛЬ (франц. binocle ад лац. bini два + oculus вока),
аптычная прылада, прызначаная для візуальнага назірання аддаленых прадметаў абодвума вокамі, а таксама для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Складаецца з 2 зрокавых трубаў з паралельнымі аптычнымі восямі.
Аптычная схема бінокля ўключае аб’ектыў і акуляр. У біноклі са зрокавымі трубамі тыпу Кеплера прамы відарыс аддаленага прадмета атрымліваецца пры наяўнасці паміж аб’ектывам і акулярам абарачальнай сістэмы, якая дазваляе значна зменшыць даўжыню прылады. Прамежкавы відарыс, што дае аб’ектыў, сапраўдны, у яго плоскасці размешчана сетка для вымярэння вуглоў і адлегласцяў. Такія біноклі даюць павелічэнне да 22 разоў. У біноклі з трубамі тыпу Галілея ролю акуляра выконвае рассейвальная лінза перад плоскасцю прамежкавага відарыса, у выніку чаго відарыс атрымліваецца ўяўным і прамым. З-за абмежаванага вугла зроку такія біноклі выкарыстоўваюцца толькі з малым павелічэннем (да 4 разоў), напр. тэатральныя.
Бінокль: а — Галілея (тэатральны); б — прызматычны.
кампанент клеткі нуклеапратэіднай прыроды, які ўтвараецца пры яе дзяленні і забяспечвае разыходжанне храмасом у мітозе і меёзе. Уяўляе сабой сістэму мікратрубачак з двайным праменепраламленнем, што фарміруецца ў праметафазе і распадаецца ў целафазе. Складаецца з апорных, або безупынных ніцей, арыентаваных ад аднаго полюса клеткі да другога (полюсных), і цягнучых, або храмасомных. Цягнучыя ніці злучаюць полюсы клеткі з цэнтрамі храмасом, якія ёсць на экватарыяльнай пласцінцы. Скарачэнне даўжыні цягнучых ніцей лічыцца гал. фактарам анафазнага руху храмасом да полюсаў клеткі. Верацяно дзяленне бывае прамога і непрамога тыпаў (у залежнасці ад характару сувязі храмасом з полюсамі), астральным (з выяўленымі полюсамі, напр. у шматклетачных жывёл) ці анастральным (без выразных полюсаў, напр. у кветкавых раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕЛЬ, заечая канюшына,
заечы хмель (Coronilla),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 55 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і субтрапічных рэгіёнах Еўропы, Азіі, Афрыкі, але пераважна ў краінах Міжземнамор’я і трапічнай Афрыкі. На Беларусі (пераважна ў паўд. раёнах) трапляецца вязель стракаты (Coronilla varia). Расце на сухіх лугах, узлесках, каля дарог.
Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі галінастымі голымі ці валасістымі, прамастойнымі, узыходнымі ці ляжачымі сцёбламі і карэнішчам, радзей паўкусты і кусты. Лісце няпарнаперыстаскладанае, чаргаванае з эліпсоіднымі лісцікамі і ланцэтнымі прылісткамі, рэдка простае або трайчастае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружовыя, бела-ружовыя, бела-фіялетавыя або жоўтыя ў шарападобных парасоніках на доўгіх пазухавых ці верхавінкавых кветаносах. Плод — лінейны, прамы або сагнуты, дугападобны, рэдка смоўжападобна скручаны членісты струк. Лек. (мачагонны, слабіцельны, сардэчны і гіпатэнзіўны сродак), кармавыя, меданосныя, сідэратныя і дэкар. расліны. Асобныя віды — ядавітыя (маюць сардэчныя гліказіды каранізід і каранілін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЧЭ́ННЯ СІСТЭ́МА,
сістэма аўтаматычнага кіравання, выхадны сігнал якой з пэўнай дакладнасцю ўзнаўляе ўваходны сігнал, што змяняецца па папярэдне невядомым законе. С.с. бываюць лінейныя і нелінейныя, неперарыўныя і дыскрэтныя.
У адрозненне ад інш. сістэм аўтаматыкі ўваходны пераўтваральнік С.с. вымярае разузгадненне паміж уваходным і выхадным сігналамі сістэмы (гл. Дыскрымінатар). Структурная схема С.с. ўключае прамы ланцуг уздзеянняў і гал. адмоўную адваротную сувязь. Бываюць С.с. адна- (з адным ланцугом адваротнай сувязі) і шматконтурныя (некалькі ланцугоў адваротнай сувязі). Для кампенсацыі асн. узбуральных уздзеянняў можа мець разамкнутыя контуры. Выкарыстоўваецца ў робататэхн. сістэмах, сістэмах вызначэння каардынат розных аб’ектаў, навядзення ракет, у радыёлакацыі для суправаджэння рухомых аб’ектаў і інш.Гл. таксама Кіраванне ў кібернетыцы.
На Беларусі С.с. распрацоўваюцца ў БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Літ.:
Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЬЦОВАКВЕ́ТНЫЯ (Ranunculales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОД (франц. code ад лац. codex збор законаў),
сістэма ўмоўных знакаў (сімвалаў) для перадачы, апрацоўкі і захоўвання (запамінання) інфармацыі. Канечная паслядоўнасць кодавых знакаў наз. словам. Бывае К. раўнамерны (словы маюць аднолькавую даўжыню — лік элементаў) і нераўнамерны (розны лік элементаў, напр., К.Морзе).
Выбар К. вызначаецца ўмовамі перадачы, апрацоўкі і захоўвання інфармацыі, эфектыўным выкарыстаннем канала сувязі, забеспячэннем перашкодаўстойлівасці перадачы і інш. (гл.Кадзіраванне). К. у вылічальнай тэхніцы — сістэма ўмоўных знакаў для адлюстравання інфармацыі ў ЭВМ. Фіз. форма К. залежыць ад носьбіта інфармацыі, (напр., на перфакартах гэта спалучэнне прабітых і непрабітых участкаў, на магн. носьбітах (дысках, стужках, барабанах) — выбарачнае намагнічванне ўчасткаў. Найб. пашыраныя двайковыя пазіцыйныя К. (гл.Двайковая сістэма лічэння). Для спрашчэння алгарытмаў выканання арыфм. аперацый выкарыстоўваюць К. прамы (напр., у запамінальных прыладах), адваротны (дапаўненне да 1) і дадатковы (дапаўненне да 2; выкананне арыфм. ці інш. аперацый над лікамі).