КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),
мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам з галітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎКЛА́З (ад грэч. eu добра + klasis ломка, расколванне),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, гідраксідсілікат берылію і алюмінію, Al2Be2 [SiO4]2(OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі пласціністыя, таблітчастыя, прызматычныя шматгранныя, агрэгаты снопападобныя і паўсферычнай формы.
Афарбоўка бясколерная, белая. блакітная. сіняя, жоўтая, ізумрудна-зялёная і інш.Празрысты. Цв. 7,5. Шчыльн. каля 3,1 г/см³. Трапляецца ў пустотах пегматытаў, кварцавых жылах, грэйзенах; у экзагенных умовах — у алмазаносных і залатаносных пясках. Э. — адзін з гал. кампанентаў берыліевых руд. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень. Радовішчы ў Швецыі, Эквадоры, Індыі, Танзаніі. Нарвегіі, Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГО́ЛЬНІК,
ударны музычны інструмент высокага рэгістра класа ідыяфонаў. Мае выгляд раўнабедранага трохвугольніка са стальнога прэнта (дыяметр каля 10 мм), незамкнёнага ў адным з вуглоў. Пры ўдары па вугольніку тонкім стальным цвіком ці палачкай ад малога барабана ўзнікае гук неакрэсленай вышыні, адрывісты або трэмалюючы, звонкі, празрысты, пяшчотнага тэмбру. Вугольнік вядомы з 16 ст., з 18 ст. выкарыстоўваецца ў аркестрах (спачатку ў ваенным, пазней у сімф.). У бел.нар.муз. практыцы пашыраны як рытмічна-каларыстычны інструмент у ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам пры выкананні танцаў, вясельных маршаў. Быў найб. вядомы на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у некаторых раёнах Міншчыны і Гродзеншчыны. Зараз сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́Р (назва ад п-ва Лабрадор у Канадзе),
мінерал класа сілікатаў, падгрупы плагіяклазаў, алюмасілікат кальцыю і натрыю, (Ca, Na)[(Al, Si)AlSi2O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Зярністыя агрэгаты або правільныя пласціністыя крышталі, часта з падвоенымі зросткамі. Колер шэрых адценняў да чорнага, часам бясколерны. Характэрна ірызацыя ў ярка-блакітных, чырвона-карычневых, жоўтых, зялёных колерах. Бляск шкляны да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,7 г/см³. Паходжанне магматычнае. Пародаўтваральны мінерал, амаль поўнасцю складае лабрадарыт. На Беларусі трапляецца ў крышт. фундаменце ў складзе габра, дыябазаў, базальтаў валынскай серыі верхняга дакембрыю (Брэсцкая ўпадзіна). Выкарыстоўваецца як дэкар.-абліцовачны матэрыял, ірызуючыя «вочкі» — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦЫ́Т [ад лац. calx (calcis) паленая вапна], вапнавы шпат,
мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю, CaCO3Гал. пародаўтваральны мінерал мелу, вапняку, мармуру; часта змяшчае прымесі магнію, жалеза, марганцу. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ромбаэдрычныя, пласціністыя і інш. Агрэгаты зярністыя, сталактытападобныя, зямлістыя, валакністыя. Бясколерны ці белы, прымесямі можа быць афарбаваны ў розныя колеры. Бляск шляпы. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,7—2,8 г/см³. Крохкі. Разнавіднасці: ісландскі шпат, антраканіт — чорны К. Паходжанне — арганічнае, хім. асаджэнне ў вадаёмах, гідратэрмальнае, метамарфічнае. Выкарыстоўваецца для вытв-сці партландцэменту, вапнавання глеб, як флюс пры выплаўцы жалеза і інш. металаў, у буд-ве і інш. На Беларусі трапляецца па ўсім разрэзе асадкавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЦ (ням. Quarz),
мінерал, аксід крэмнію, SiO2; адзін з самых пашыраных пародаўтваральных мінералаў зямной кары. Крышт. мадыфікацыі: трыганальная (α-К., устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-К., устойлівы вышэй 573 °C). Крышталі прызматычныя ці дыпірамідальныя, часта ўтвараюць зросткі.Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Колер разнастайны: бясколерны К. — горны хрусталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Празрысты. Цв. 7. Крохкі. Шчыльн. 2,65 г/см³. П’езаэлектрычны. Паходжанне пераважна эндагеннае. Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прам-сці, монакрышталі К. — у оптыцы і як п’езаэлектрычны матэрыял, афарбаваныя разнавіднасці К. — у ювелірнай справе. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПІДАЛІ́Т [ад грэч. lepis (lepidos) луска + lithos камень],
мінерал групы слюдаў, падкласа слаістых сілікатаў; фторгідраксільны алюмасілікат калію і літыю, K(Li, Al)2 (Si, Al)4O10(F, OH)2. Мае ў сабе 3,1—6% аксіду літыю LiO2, прымесі жалеза, марганцу, магнію, рубідыю, цэзію. Крышталізуецца ў манаклінальнай, радзей у трыкліннай або рамбічнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, лускаватыя, шкарлупістыя; шчыльныя дробназярністыя агрэгаты. Колер светлы, ружова-фіялетавы, розных адценняў. Празрысты. Бляск перламутравы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см³. Трапляецца ў рэдкаметальных пегматытах і літый-фторыстых гранітах, радзей у грэйзенах. Руда для вытв-сці літыю. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, шкляной і керамічнай прам-сці. Радовішчы ў Казахстане, Расіі, Чэхіі, Швецыі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́Л (грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію BeO, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш.Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРКО́Н (ням. Zirkon ад перс. заргун — залацісты),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, сілікат цырконію, Zr[SiO4], Мае да 67,1% ZrO2, прымесі да 24% HfO2 (альвіт); да 16% Y2O3 і Ce2O3 (хагаталіт); Ta2O5 і Hb2O5 (наэгіт); U3O8, ThO3 (малакон, цырталіт) і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Утварае доўга- і кароткапрызматычныя або дыпірамідальныя крышталі, зросткі з інш. мінераламі, крыжападобныя двайнікі і інш.
Колер саламяна-жоўты (жаргон), пурпурна-чырвоны (гіяцынт), бясколерны (матураалмаз), ярка блакітны (штучна афарбаваны старліт), шэры, радзей зялёны. Бляск алмазны да шклянога. Празрысты. Цв. 7,5. Шчыльн. 4—4,7 г/см³. Крохкі. Малаконы і цырталіты радыеактыўныя. Пашыраны акцэсорны мінерал магматычных і метамарфічных парод, трапляецца ў россыпах. Руда на цырконій, гафній і іх злучэнні. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе, ліцейнай (фармовачныя пяскі) і вогнетрывалай керамічнай вытв-сцях. Радовішчы ў Расіі, Нарвегіі, Бразіліі, Аўстраліі, ЗША, Шры-Ланцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАРБАНА́ТЫ,
сінтэтычныя палімеры, складаныя поліэфіры вугальнай к-ты і дыгідроксізлучэнняў. Маюць агульную ф-лу [—ORO—C(O)—]n, дзе R — араматычны ці аліфатычны радыкал.
Найб. пашыраны араматычныя П. на аснове дыфенілолпрапану (бісфенолу А), найважн. з іх П., які атрымліваюць полікандэнсацыяй бісфенолу А з фасгенам [—OC6H4C(CH3)2C6H4OC(O)—]n. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (2—12)∙104, шчыльн. 1200 кг/м³, tпл 220—230 °C, раскладаецца пры t > 320 oC. Тэрмапласт. Раствараецца ў метыленхларыдзе, хлараформе і інш.арган. растваральніках. Характарызуецца высокімі трываласцю і цвёрдасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Аптычна празрысты, атмасфера- і марозаўстойлівы (т-ра эксплуатацыі ад -100 да 135 °C), цяжкагаручы матэрыял. Выкарыстоўваюць П. як канстр. матэрыялы ў аўтамабілебудаванні, электроннай і электратэхн. прам-сці, як высокачастотныя дыэлектрыкі ў радыёэлектроніцы, у вытв-сці фільтраў для крыві, касцявых пратэзаў, абалонак для лек. сродкаў пралангаванага дзеяння, вочных лінзаў, лінзаў для оптыкі, асвятляльнай арматуры і інш.