СА́РЫЧАЎ (Юрый Аляксеевіч) (28.4.1953, Мінск — 20.9.1997),
бел. акцёр і рэжысёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У 1975—86, 1989—92 і 1996—97 акцёр, у 1987—89 рэжысёр Бел.дзярж.т-ра лялек, у 1992—93 рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкага абл.т-ра лялек, у 1994—96 гал. рэжысёр Мінскага абл.т-ра лялек «Батлейка» (г. Маладзечна). Для акцёрскага мастацтва С. характэрны псіхал. дакладнасць і яркая характарнасць. Найб.поўна талент праявіўся ў спектаклях для дарослых. Сярод роляў: Гефест («Хачу быць богам» А.Вярцінскага), Мядзведзь, Ілья Мурамец («Да трэціх пеўняў» В.Шукшына), Калібан («Бура» У.Шэкспіра), Паэт («Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.Неруды), Анёл А («Боская камедыя» І.Штока) і інш. Паставіў спектаклі: «Церам-Церамок» С.Маршака (1985), «Казка пра Хлапчыша-Кібальчыша» А.Гайдара (1987), «Пра Фядота-Стральца, удалога малайца» Л.Філатава (1988), «Васіліса Прыгожая» С.Пракоф’евай і Г.Сапгіра (1990) у дзярж, т-ры лялек; «Доктар-Айбаліт» В.Карастылёва (1992), «Янка-ўдалец і нячыстая сіла» І.Сідарука (1993) і інш. ў Брэсцкім т-ры лялек; «Меч анёла» Сідарука (1994), «Незвычайныя спаборніцтвы» Я.Спяранскага (1995), «Снежная каралева» Х.К.Андэрсена (1995), «Доктар-Айбаліт» Карастылёва (1996) у т-ры лялек «Батлейка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА-ЧАРНАБЫ́ЛЬСКІ (Філон Сямёнавіч) (каля 1530 — да 29.11.1587),
ваенны і паліт. дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмітаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 камандаваў войскамі на ўсх. мяжы ВКЛ. У 1566 за ваен. заслугі атрымаў каралеўскі прывілей на прызначэнне дзяржаўцам г. Чарнобыль у Кіеўскім ваяв. (адсюль другое прозвішча); аршанскі староста. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскім, што давала права на месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай. У час паходу 1580 на Вял. Лукі быў разбіты. У 1580—81 вёў ваен. дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб рас. тэрыторый. Збераглося 30 лістоў-данясенняў К.-Ч. за 1573—74, дасланых з Оршы ў Вільню членам дзярж. рады ВКЛ (упершыню апубл. ў 1844, найб.поўна з навук. каментарыямі — у 1975), якія з’яўляюцца гіст. дакументам эпохі, помнікам стараж.бел. л-ры. Лісты ўтрымліваюць звесткі пра ваенна-паліт. становішча на ўсх. межах ВКЛ, у Маскоўскай дзяржаве, палітыку Івана IV Грознага, рус.-тат. адносіны і інш.; у іх даецца ацэнка тагачасных гіст.-паліт. падзей. Вылучаюцца лісты да кашталяна трокскага Я.Валовіча, з якіх паўстае асоба аўтара ярка выяўленай індывідуальнасці; яны раскрываюць характар, перажыванні і адносіны К.-Ч. да навакольнай рэчаіснасці, асобныя бакі жыцця і побыту служылай шляхты. Лісты напісаны эмацыянальна, публіцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак і прымавак, сродкаў гумару і сатыры, вобразаў і цытат з літ. твораў.
Тв.:
Лісты // Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАТЭМАТЫ́ЗМ (ад мона... + тэма),
прынцып пабудовы муз. твора на аснове пераўтварэння адной тэмы ці аднаго комплексу тэм. М. трэба адрозніваць ад паняцця «аднатэмнасць», што адносіцца да форм нецыклічнага парадку (фуга, варыяцыі, простыя 2- і 3-часткавыя формы, ронда і інш.). Узнікае пры аб’яднанні санатна-сімф. цыкла або ўтвораных ад яго 1-часткавых форм адной тэмай (лейттэмай ці лейтматывам).
Вобразная трансфармацыя тэмы дасягаецца шляхам жанравага пераасэнсавання, змены меладычнай структуры, метрарытмічных суадносін, тэмпу, гарманізацыі, інструментоўкі і інш. Упершыню выкарыстаны ў 5-й сімфоніі Л.Бетховена. Найб поўна прынцып М. развіты ў Ф.Ліста, у створанай ім форме 1-часткавай сімф. паэмы. Монатэматычны прынцып кампазіцыі цыклічнага твора характэрны для рус. (П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Скрабін, С.Ляпуноў, Дз.Шастаковіч) і замежных (Б.Бартак, А.Анегер, П.Хіндэміт) кампазітараў.
У бел. музыцы ўпершыню на аснове М. пабудаваны сімфоніі М.Аладава (2-я, 1930) і В.Залатарова (4-я, 1934). З 1960-х г. М. — адзін з асн. прынцыпаў у кампазіцыі сімф. цыклаў. Найб. паслядоўна праводзіцца ў сімфоніях Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага.
Літ.:
Мазель Л.А. Строение музыкальных произведений. 2 изд. М., 1979;
Михайлов М. О тематическом объединении сонатно-симфонического цикла // Вопросы теории и эстетики музыки. Л., 1963. Вып. 2;
Савицкая О.П. Некоторые особенности тематической драматургии моноинтонационного цикла в творчестве Е.Глебова // Вопросы теории и истории музыки. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУ́МНАГА ЭГАІ́ЗМУ ТЭО́РЫЯ,
этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб.поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст.франц. асветнікамі, напр., у працах К.Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.Г.Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГАЎ БІБЛІЯТЭ́КІ Існавалі ў 16 — пач. 19 ст. у Слоніме, Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Кодані (цяпер Польшча). Другі па велічыні прыватны кнігазбор на Беларусі (пасля б-к Радзівілаў). Пачатак кнігазбору дала ружанская б-ка канцлера вял. літоўскага Л.Сапегі, якую павялічыў яго сын Казімір Леў. У 18 ст. ружанскі збор перавезены ў Дзярэчын і значна папоўнены Аляксандрам, Міхалам, Францыскам Сапегамі. Б-ка ў Кодані вырасла дзякуючы бібліяфільству канцлера вял. літоўскага Яна Фрыдэрыка і Аляксандра Сапегаў. У ёй найб.поўна прадстаўлена л-ра па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалогіі. Акрамя кнігазбору ў ёй былі архіў стараж. актаў, калекцыя гравюр. У 1644—45 вял. колькасць кніг К.Л.Сапега ахвяраваў б-цы Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1810 А.Сапега перадаў коданскую б-ку варшаўскаму Т-ву аматараў навук. Дзярэчынская б-ка і архіў у 1834 вывезены ў С.-Пецярбург. Захаваліся вопісы на асобныя часткі С.б., экслібрысы некат. уладальнікаў кнігазбору. Большая частка С.б. зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы (С.-Пецярбург), б-цы Вільнюскага ун-та, рэшта — у б-цы Расійскай АН (С.-Пецярбург), б-цы Варшаўскага ун-та і інш. кнігасховішчах.
Літ.:
Иконников В.С. Опыт русской историографии. Киев, 1891. Т. 1, кн. 1. С. 784;
Кн. 2. 1892. С. 1237—1238;
Нікалаеў М. Аблічча сярэдневяковай бібліятэкі: Кнігазборы Сапегаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГРА́ФІЯ (ад гідра... + ...графія),
1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.
2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.
На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст.н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял.кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.
Літ.:
Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТ АСОБЫ,
празмернае ўзвелічэнне якога-н. дзеяча. Гнасеалагічныя карані К.а. ў культавай рэліг. сферы. Шанаванне нябожчыкаў і пакланенне ім было пашырана ў Стараж. Грэцыі, Рыме, Індыі, Кітаі, у слав. народаў, у т. л. ў беларусаў (гл.Культ продкаў). К.а. Буды, Хрыста, Магамета, надзвычайны ўплыў іх вучэнняў на людзей садзейнічалі ўзнікненню і развіццю культаў рэлігійных, адпаведных тром найбуйнейшым сусв. рэлігіям. Абагаўленне і фетышызацыя правадыроў, цароў, каралёў, імператараў былі ўласцівы гіст. перыядам рабаўладання і феадалізму. Напр., усе рымскія цэзары валодалі неабмежаванай і бескантрольнай уладай. Тэарэт. абгрунтаванне і абсалютызацыя ролі выдатных асоб у гісторыі як непадуладных аб’ектыўным законам і звычайным нормам маралі ўтрымліваецца ў навук. працах прадстаўнікоў розных школ ідэалізму (гл.Валюнтарызм, Гегельянства, Народніцтва). У аўтарытарнай асобы канцэпцыі К.а. звязваецца з масавай свядомасцю, калі чалавек па сутнасці адмаўляецца ад асабістай свабоды, незалежнасці, атаясамлівае сябе з аўтарытэтам «моцнага», харызматычнага лідэра. У СССРнайб.поўна праявіўся К.а. І.В.Сталіна. На XX з’ездзе КПСС (1956), у пастанове ЦККПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў» адзначалася, што К.а. Сталіна, які ўзнік у складаных умовах міжнар. і ўнутр. жыцця сав. грамадства, суправаджаўся валюнтарызмам у кіраванні эканомікай і культурай, грубымі парушэннямі сацыяліст. законнасці, масавымі рэпрэсіямі. У розных гіст. умовах і ў розных формах існавалі К.а. Цэзара, Чынгісхана, Людовіка XIV, Напалеона, Мао Цзэдуна і інш. Гарантыяй недапушчэння любога К.а. і звязаных з ім негатыўных вынікаў з’яўляецца пабудова прававой дзяржавы, у якой забяспечваюцца роўныя правы і свабоды ўсіх грамадзян.
(Beer); 5.9.1791, Фогельсдорф, каля Берліна — 2.5.1864], французскі кампазітар, піяніст, дырыжор; прадстаўнік франц. вялікай оперы. Вучыўся ў М.Клеменці (фп.),
К.Ф.Цэльтэра, Б.А.Вебера, Г.І.Фоглера (тэорыя музыкі і кампазіцыя) і інш. З 1816 жыў у Італіі, з 1824 у Парыжы, з 1842 у Берліне (у 1842—46 генерал-музік-дырэктар т-ра «Каралеўскія відовішчы»). Першы поспех М. прынесла рамант. опера «Роберт-Д’ябал» (паст. 1831). Характэрныя рысы вял. оперы (гіст. тэматыка, кантрастнасць вобразаў, складаныя перапляценні гісторыка-сац. і лірычных драматургічных ліній, эмацыянальная насычанасць музыкі, пышная дэкаратыўнасць спектакля) найб.поўна выявіліся ў операх «Гугеноты» (паст. 1836), «Прарок» (паст. 1849), «Дынора» (паст. 1859), «Афрыканка» (паст. 1865; дзве апошнія маюць некат. рысы лірычнай оперы). Стыль вял. оперы М. стварыў разам з драматургам-лібрэтыстам Э.Скрыбам. З інш. твораў: араторыя «Бог і прырода» (1811), хары, песні, рамансы, музыка да драм. спектакляў і інш. Шырока карыстаўся прыёмамі сімф. развіцця, узбагаціў трактоўку хору, аркестра, імкнуўся аб’яднаць дасягненні розных нац. оперных школ. Яго творчасць паўплывала на эвалюцыю еўрап. опернага мастацтва.
Літ. тв.: Briefwechsel und Tagebücher. Bd. 1—3. Berlin, 1960—75.
Літ.:
Соллертинский И.И. Мейербер. М., 1962;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX вв.: Очерки. М., 1962. С. 350—366;
Becker H. G.Meyerbeer in Selbstzeugnissen und Bilddokumenten. Reinbek bei Hamburg, 1980;
Becker H. und G. G.Meyerbeer Ein Leben in Briefen. Leipzig, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЖАЗО́ЎСКАЯ (Людміла Генрыхаўна) (н. 4.6.1946, Мінск),
бел. артыстка балета. Нар.арт. Беларусі (1975). Дачка Г.Ф.Бржазоўскага. Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1966, педагогі Н.Младзінская, І.Савельева), Мінскі ін-т культуры (1987). Удасканальвала майстэрства ў Н.Дудзінскай у С.-Пецярбургу. У 1966—89 вядучая танцоўшчыца Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1989 выкладала ў Дзярж. харэагр. вучылішчы, з 1994 — у Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, завершанасцю ліній, уменнем спалучаць унутр. сутнасць вобраза з пластычным малюнкам танца. Упершыню на бел. сцэне выканала гал. партыі ў многіх балетах, пастаўленых А.Дадышкіліяні, В.Елізар’евым і інш. Сярод партый у бел. балетах: Нэле («Тыль Уленшпігель» Я.Глебава), Дзяўчына («Пасля балю» Г.Вагнера), Маці («Крылы памяці» У.Кандрусевіча); у балетах сучасных кампазітараў: Ева («Стварэнне свету» А.Пятрова), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Каханая («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа) і інш. Яе яркая індывідуальнасць найб.поўна выявілася ў спектаклях класічнага рэпертуару: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Сільфіда («Сільфіда» Х.Левенскольда) і інш. Здымалася ў кінафільмах «Прададзены смех» (1981), «Міф» (1986), у тэлевізійных варыянтах балетаў «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Жызэль», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта», тэлефільме «Танцуе Людміла Бржазоўская».
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993. С. 24—32.
Л.Г.Бржазоўская. Мастак А.Шастакоў.Л.Бржазоўская ў партыі Нэле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
аптымальнае спалучэнне рабочай сілы, сродкаў і прадметаў працы ў працэсе вытв-сці тавараў (паслуг) на аснове падзелу працы, абавязкаў і пэўнай іерархічнай структуры з мэтай дасягнення максімальнай сац.-эканам. эфектыўнасці. Ахоплівае асн., дапаможную і абслуговую вытв-сць, а таксама кіраванне вытворчасцю як гарманічна ўвязаныя звёны адзінага працэсу вырабу прадукцыі. Арганізацыя вытворчасці павінна забяспечыць: бесперапыннасць (выкарыстанне сродкаў працы з мінімальнымі стратамі часу, няспынны рух прадметаў працы праз усе стадыі вытв-сці), прапарцыянальнасць (узаемная адпаведнасць сумежных участкаў, што дазваляе больш поўна выкарыстаць іх вытв. магутнасці), рытмічнасць (раўнамерны выпуск прадукцыі і выкананне аднолькавага аб’ёму работ у роўныя адрэзкі часу). Найважнейшыя формы арганізацыі вытворчасці: камбінаванне, канцэнтрацыя, спецыялізацыя. Важнейшыя метады арганізацыі вытворчасці: непаточны, паточны, аўтаматызаваны; адзінкавы серыйны і масавы тыпы вытв-сці. Кожнае прадпрыемства канкрэтызуе арганізацыю вытворчасці з улікам асаблівасцяў сваёй галіны, віду прадукцыі (паслуг), ступені падзелу працы. Існуюць і агульныя, характэрныя для ўсіх прадпрыемстваў стадыі арганізацыі вытворчасці: тэхнічнай падрыхтоўкі вытворчасці (праектаванне, вытв-сць новых відаў прадукцыі і арганізацыя для гэтых мэтаў канструктарскай, тэхнал. і арганізацыйна-эканам. падрыхтоўкі вытв-сці); стварэнне рацыянальнай вытворчай структуры і арганізацыя асноўных вытворчых працэсаў (склад і структура вытв. падраздзяленняў, рэгламент іх работы, забеспячэнне бесперабойнасці вытв. працэсу); тэхнічнае абслугоўванне вытворчасці (кваліфікаванае абслугоўванне найперш асн. вытв-сці, каб забяспечыць рытмічны выпуск прадукцыі высокай якасці); функцыянальная дзейнасць прадпрыемства (аператыўная, кваліфікаваная і ўзаемазладжаная работа спецыялістаў усіх службаў); рацыянальная арганізацыя кіравання вытворчасцю. На ўсіх стадыях арганізацыі вытворчасці найважнейшае значэнне мае рацыянальная арганізацыя працы. Асн. патрабаванні да вытв. структуры: прастата, гнуткасць і эканамічнасць, якія дасягаюцца змяншэннем колькасці вытв. падраздзяленняў, іх узбуйненнем, пераходам на бясцэхавую структуру кіравання, укараненнем найноўшых тэхнікі і тэхналогій, спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці. Эфектыўнасць арганізацыі вытворчасці заключаецца ў змяншэнні выдаткаў вытв-сці, павышэнні прадукцыйнасці працы. Абагульняльны паказчык эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці — павелічэнне прыбытку ад рэалізаванай прадукцыі ў разліку на 1 руб. сродкаў, укладзеных у работу прадпрыемства.