ГЕРА́СІМАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (12.8.1881, г. Мічурынск, Расія — 23.7.1963),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). З 1947 правадз.чл.АМСССР (у 1947—57 прэзідэнт). Вучыўся ў маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1903—15) у А.Я.Архіпава і К.А.Каровіна. Аўтар пейзажаў («Тройка. Зімовая дарога», 1912, «Пасля дажджу», 1935), партрэтаў (В.В.Лепяшынскай, 1939, групавога партрэта мастакоў І.М.Паўлава, В.М.Бакшэева, В.К.Бялыніцкага-Бірулі і В.М.Мяшкова, 1944), жанравых карцін («Лазня», 1940), ілюстрацый (да «Тараса Бульбы» М.Гогаля, 1947, і інш.), нацюрмортаў, тэатр. дэкарацый. Работы Герасімава прасякнуты аптымізмам, вызначаюцца выразнай кампазіцыяй, маляўнічасцю. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1949. У Нац.маст. музеі Беларусі 5 работ Герасімава (сямейны партрэт, 1934, «Чаромха», 1955, і інш.).
Літ.:
Осипов Д.М. Александр Герасимов: [Альбом]. М., 1981.
малдаўскі пісьменнік, рэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Малдовы (1968). Нар.арт. Расіі (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1964). Аўтар зб-каў вершаў «Збянтэжанасць» (1956), «Рытмы» (1965), «Душа жаўрука» (1974), «Двайная спіраль» (1976), аповесці «Буколіка» (1966), кн. апавяданняў «Белая скрыпка» (1963) і інш. У кіно дэбютаваў героіка-рэв. стужкай «Чакайце нас на світанні» (1964). Зняў фільмы па ранніх творах М.Горкага — «Табар адыходзіць у неба» (1976, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне) і А.Чэхава «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978). Сярод інш. фільмаў «Гэта імгненне» (1970), «Лаугары» (1973), «Ганна Паўлава» (1983, з Вялікабрытаніяй) і інш. Яго работы вылучаюцца рамант. светаадчуваннем, эмацыянальнасцю, імкненнем да адухоўленасці вобразаў. Піша сцэнарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч.Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл.бас. 245 тыс.км². Пачынаецца ў цэнтр.ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́СКІ БАЛЕ́Т ДЗЯ́ГІЛЕВА»
(Les Ballets Russes de Diaghilev),
пастаянная балетная трупа, створаная С.П.Дзягілевым на базе «Рускіх сезонаў» за мяжой у 1911—13 (праіснавала да 1929). Першымі харэографамі былі М.Фокін, В.Ніжынскі, пазней Б.Раманаў, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын. Афармлялі спектаклі Л.Бакст, А.Бенуа, А.Галавін, М.Рэрых і інш. У балетах выступалі К.Гельцэр, Г.Паўлава, Т.Карсавіна, Ніжынскі і інш. Трупа папаўнялася замежнымі танцоўшчыкамі, мастакамі і паступова ператварылася ў агульнаеўрап. культурную з’яву. Акрамя балетаў рус. кампазітараў (І.Стравінскага, С.Пракоф’ева) ставіліся спектаклі замежных кампазітараў, пераважна франц., створаныя для трупы Дзягілева: «Блакітны бог» Р.Ана (1912), «Дафніс і Хлоя» М.Равеля (1912), балет на музыку «Пасля паўдзённага адпачынку фаўна», «Гульні» (1912) К.Дэбюсі, «Лані» Ф.Пуленка (1924) і інш.
Літ.:
Григорьев С.Д. Балет Дягилева, 1909—1929. М., 1993;
Haskell A. Ballet Russe: The Age of Diaghilev. London. 1968;
Kochno B. Diaghilev and the Ballets Russes. London, 1971;
Larionov M. Diaghilev et les Ballets Russes. Paris, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЙГ ((Siig) Арві) (н. 8.11.1938, Талін),
эстонскі паэт, перакладчык. Засл. пісьменнік Эстоніі (1986). Вучыўся ў Талінскім пед. ін-це і Тартускім ун-це (1957—63). Друкуецца з 1958. Аўтар зб-каў вершаў «Сола на трубе» (1962), «Рэпарцёр з кінакамерай верша» (1966), «Блакітнае атэлье» (1969), «Сузор’е цішыні» (1973), «Пераломная пара» (1976), «Радыус чутнасці» (1978), «Эпіграмафон» (1980), «Святыя будні» (1983) і інш. Яго лірыка публіцыстычная, шматгранная, скіраваная да самааналізу, у ёй тэмы сучаснасці і вечнасці. Перакладае вершы Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, У.Паўлава. На бел. мову вершы С. перакладалі Р.Барадулін, Ю.Голуб, А.Грачанікаў, В.Дашкевіч, К.Камейша, Паўлаў, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАСТО́ЎСКІЯ,
шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:
Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.
Канстанцін Казімір, гл.Бжастоўскі К.К.
Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.
Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.
Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.
Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл.Паўлаўская рэспубліка).
Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Дзмітрый Рыгоравіч) (4.11.1897, в.Паўлава Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — ліп. 1941),
сав. ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1937), ген. арміі (1941), удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Скончыў Омскую вышэйшую кав. школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928), акад. курсы пры Ваенна-тэхн. акадэміі (1931). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1931 на ваен. службе ў Гомелі, Бабруйску. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39, баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1940 камандуючы войскамі Зах. асобай ваен. акругі, з пач.Вял.Айч. вайны — войскамі Зах. фронту, пасля разгрому якіх у Навагрудскім «катле»Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР адхілены ад пасады і 22.7.1941 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны 31.7.1957. Чл.ЦВКБССР у 1935—36. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1940.
Літ.:
Качелин М.М. Дальний костер: Воспоминания. М., 1968;
Голубев Е.П. Боевые звезды. 2 изд. Ярославль, 1972;
Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. Т. 1. 10 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЮЦЫНА́ЦЫІ (ад лац. hallucinatio трызненне, прывід),
стан уяўнага (несапраўднага) успрымання чалавекам чаго-небудзь як рэальна існуючага ў навакольным асяроддзі без уздзеяння знешніх раздражняльнікаў. Паводле І.П.Паўлава, у аснове галюцынацый ляжаць парушэнні функцый кары галаўнога мозга. Найчасцей галюцынацыі ўзнікаюць пры псіхічных захворваннях.
Адрозніваюць галюцынацыі: зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя, тактыльныя і інш.; простыя (успышкі святла, шоргат, стук) і складаныя (вобразы людзей, гаворка); сапраўдныя галюцынацыі і псеўдагалюцынацыі (менш выразныя і ў меншай ступені звязаныя з пачуццём рэальнасці; адсутнічаюць у дзіцячым узросце). Да галюцынацый не адносяць ілюзіі. Зрокавыя галюцынацыі характэрныя для псіхозаў інфекц. і інтаксікацыйнага паходжання. Пры белай гарачцы, напр., хворыя бачаць дробных жывёл (мышэй, змей), адчуваюць поўзанне па скуры насякомых, уяўную прысутнасць пачвар, страшыдлаў, забойцаў. Слыхавыя галюцынацыі больш частыя пры шызафрэніі. Нярэдка яны тояць сац. небяспеку, таму што могуць мець імператыўны (загадвальны) змест і накіроўваць хворага на агрэсіўныя дзеянні. У хранічных алкаголікаў слыхавыя галюцынацыі часцей «каментарныя» («галасы» абмяркоўваюць стан ці дзеянні хворага). Нюхальныя і тактыльныя галюцынацыі ўвасабляюцца ў адчуванні несапраўдных пахаў (напр., гнілі, парфумы, газы і г.д.) і дотыкаў да скуры (насякомых, вільгаці, паветраных патокаў і інш.). Шэраг рэчываў (галюцынагены) здольныя выклікаць галюцынацыі штучна, што ўласціва наркаманіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.
Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-рарэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.
Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.К.Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.І.Губкіна, А.І.Цэлікава, А.П.Чакмарова, Г.М.Паўлава, В.П.Севярдэнкі, В.С.Смірнова, В.М.Чачына, А.В.Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел.політэхн. акадэміі і інш.