пасудзіна шарападобнай ці пукатай формы, часта з нізкім паддонам і конусападобным вечкам. Выкарыстоўвалася пераважна пры святочных застоллях, на памінках і інш. На Беларусі медныя і драўляныя браціны бытавалі ў 16—18 ст. Залатыя і сярэбраныя браціны з гравіраваным ці чаканеным арнаментам вядомы ў Расіі ў 16—17 ст., медныя і драўляныя — у нар. побыце 16—19 ст. У 19—20 ст. браціна — дэкаратыўны посуд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЖА́, дзежка, хлебніца,
бандарны выраб, пасудзіна для заквашвання цеста ў беларусаў і некаторых інш.слав. народаў. Мела форму звужанай угору шырокай бочачкі (вышыня раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20—30 л), накрыўку (вечка) з абечкам. Дз. малых памераў (блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі Дз. звычайна з дубовых клёпак. Функцыянальнае выкарыстанне Дз. звязана з культам хлеба, яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля і інш. У сельскай мясцовасці бытавала да сярэдзіны 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБАН,
ганчарны выраб у беларусаў; гліняная пасудзіна для захоўвання малака і інш. вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай-літком і ручкай. Лакальныя адрозненні ў прапорцыях сілуэта такія ж, як і ў гарлачоў. У зах. раёнах Беларусі З. рабілі на 3—6 л з вельмі шырокім вусцем і выкарыстоўвалі яго ў якасці даёнкі. Выраблялі З. пераважна чорназадымленыя і паліваныя, аздаблялі лінейна-хвалістымі ўзорамі, глянцаваным арнаментам у елачку, геам. і расліннай падпаліўнай ангобнай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЖКА,
у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобна да цэбра, але меншых памераў (ёмістасць 15—20 л). Рабілі Р. з кароткіх клёпак, па форме — цыліндрычную ці крыху расшыраную ўверсе. Нярэдка мела ножкі, утвораныя трыма падоўжанымі клёпкамі. Яшчэ 2 больш доўгія клёпкі выступалі зверху і мелі адтуліны, утвараючы вушкі для пяньковай ці лыкавай почапкі. Звычайна ў Р. таўклі параную бульбу і замешвалі паўвадкі корм для свіней. У наш час амаль выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТО́Н (грэч. rhytōn ад rheō цяку),
старажытная рогападобная пасудзіна ці рог для піцця з невял. адтулінай у ніжнім вузкім канцы. Выраблялі з рогу, металу, гліны, слановай косці і шкла, упрыгожвалі рэльефамі і гравіроўкай. Часам Р. мелі на канцы скульптурную выяву. Былі вядомы ў насельніцтва крыта-мікенскай культуры (2-е тыс. да н.э.), пашыраны ў стараж. Грэцыі, Індыі, Персіі, Месапатаміі, Сірыі, Малой Азіі, Рыме, часткова ў Егіпце. У жал. веку знаходкі Р. адзначаны на археал. помніках Польшчы і Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСНІ́К,
керамічная пасудзіна ў выглядзе збана, якую ўмуроўвалі ў сцены будынкаў горлам у інтэр’ер. У якасці галаснікоў выкарыстоўвалі і амфары. Галаснікі паляпшалі акустычныя магчымасці зальных памяшканняў, аблягчалі мураваную сцяну. Вядомыя з часоў Стараж. Рыма. На ўсходнеславянскай тэр. набылі пашырэнне ў 12 ст. (Ноўгарад, Полацк, Гродна). Найб. даследаваныя галаснікі Гродзенскай Барысаглебскай царквы і Гродзенскай ніжняй царквы. Гэта высокія (38—49,5 см) пасудзіны з круглым тулавам і доўгім вузкім горлам (дыяметр 7—8 см). Іх паверхня (у верхняй частцы) аздаблялася густым паралельна-лінейным арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА,
1) у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы. Пасудзіна з конусападобна ўвагнутым дном з адтулінай (горлам) пасярэдзіне. Выраблялі з драніцы, лубу, выпляталі з дубцоў; часта выкарыстоўвалі старыя рашоты, дно якіх замянялі мешкавінай, горла падтрымлівалася вяровачкамі, прымацаванымі да верхняга краю рашот. Устанаўлівалі ў палонках, якія разам з К. закрывалі галінкамі, каб вада не замярзала. Рыба, якая імкнулася да свежай вады, заплывала ў К. Пашырана на Палессі.
2) Ёмістасць для ручной сяўбы; тое, што сявенька.
3) Ёмістасць для захоўвання і пераноскі зерня, круп і інш. сыпучых рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́ШКА, латка,
1) традыцыйны ганчарны выраб у беларусаў і інш.слав. народаў. Глыбокая гліняная пасудзіна з шырокім тулавам і вусцем, гартаваная, радзей паліваная. Выкарыстоўвалася для гатавання ежы, часта замест сталовай міскі для вадкіх страў, разліўкі студзіны. На Беларусі ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. выраблялі прамасценныя з круглым ці падоўжаным (авальным) дном (паўн. і зах. раёны) або з пукатымі сценкамі накшталт міскі (Падняпроўе). З масавага ўжытку выйшлі ў 1-й пал. 20 ст. 2) Кароткая світка на паўн.-зах. Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦІ́Р (грэч. potēr чаша, кубак),
літургічная пасудзіна для прычашчэння (еўхарыстыі) ў выглядзе чашы на высокай складанапрафіляванай ножцы (стаян) з падножжам (паддон). Вырабляюць пераважна з каштоўных металаў і вырабных камянёў, упрыгожваюць каштоўнымі камянямі, перагародчатай эмаллю, чаканкай, гравіроўкай і інш. На П. змяшчаюць сімвалічныя выявы вінаграднай лазы, «Дрэва жыцця» (вобразы «Нябеснага царства», Хрыста, Усяленскай царквы і раю), Дэісус (вобразы святых заступнікаў). Форма і характар дэкору вызначаліся пануючым маст. стылем. Вядомы з 2 ст. На Беларусі выраб П. пашыраны ў канцы 15—19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА, маслабойка,
бандарны выраб; у беларусаў і інш.слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).
Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.