ПЕРЫФРА́З, перыфраза (ад грэч. periphrasis апісальны выраз, алегорыя),
сэнсава-непадзельны выраз, утвораны ў маўленні як апісальная назва прадмета або дзеяння, што адначасова паказвае яго адметнасць.
Структурна П. супадаюць са словазлучэннямі («бачыць вачыма памяці» — успамінаць) або сказамі [«Усюды мае сябры, камбайнер і сталь хто варыць...» (П.Броўка)]. Як вобразны сінонім слова П. і называе пэўную з’яву, і характарызуе яе («крылатая мудрасць народа» — фальклор). Бываюць вобразныя: метафарычныя («раніца жыцця» — маладосць), метанімічныя («зямля Купалы» — Беларусь) і лагічныя («прадзедаў зямля» — радзіма). Амаль у кожным П. ёсць невялічкая загадка. Раскрыць яе дапамагае семантычная арганізацыя самога П. і кантэкст. Пашыраны традыц. П. («пан сахі і касы», «другі хлеб»), некат. з іх патэнцыяльныя фразеалагізмы.
Літ.:
Малажай Г.М. Сучасная беларуская мова: Перыфраза. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬЯРЭ́ЛІ ((Signorelli) Лука) (паміж 1445—50, г. Картона, Італія — 16.10.1523),
італьянскі мастак эпохі Адраджэння. Вучыўся ў П’ера дэла Франчэскі, зазнаў уплыў А. дэль Палаёлы і Перуджына. Працаваў у Картоне, Фларэнцыі, Ларэце, Рыме, Арвіета і інш. Творы вызначаюцца строгасцю, гераічнасцю вобразнага ладу; фрэскі ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—83), у клуатры манастыра Монтэалівета Маджорэ ў Таскане (1497), капэле Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета (1499—1504); станковыя карціны «Мадонна на троне ў акружэнні святых» (1484), «Пан» (1488—90). Асаблівую ўвагу аддаваў выяўленню фігуры чалавека ў складаных ракурсах з падкрэсленай выразнасцю пластычнай мадэліроўкі, напружанасцю контурнага малюнка, якому ў позніх работах уласціва некат. застыласць.
Л.Сіньярэлі. Паўстанне з мёртвых. Фрэска капэлы Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета. 1499—1504.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік 16 ст. Месца стварэння невядомае. Зробленая на кнізе ў 1751 прэсвітэрам «церкви Волковицкой» айцом Іаанам Савічам прыпіска дала магчымасць В.Шматаву звязаць Евангелле з Ваўкавыскам, аднак, магчыма, кніга знаходзілася ў в. Ваўкавічы Навагрудскага пав. (у прыпісцы ўпамінаецца пан Казімір Корсак, навагрудскі гарадскі суддзя). У 19 ст. А.Рачынскі вывез Евангелле з Віцебскага Маркавага манастыра ў Віленскую публічную б-ку. Ваўкавыскае евангелле — рэдкі ўзор рукапіснай бел. кнігі рэнесансавага стылю: шматколерныя раслінныя арнаменты ініцыялаў і заставак выходзяць на правыя і левыя палі рукапісу. Рукапіс пашкоджаны: няма пачатку Евангелляў ад Марка, Матфея, няправільна збрашураваны Саборнік 12 месяцаў і казанні евангелістаў на кожны дзень. Зберагаецца ў б-цы АН Літвы (Вільня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́МБАК ((Gołąbek) Юзаф) (7.6.1889, Борак Фаленцкі, цяпер у межах Кракава — 25.9.1939),
польскі філолаг-славіст. Д-р філасофіі (1914) і філалогіі (1933). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1909). З 1926 дацэнт Варшаўскага ун-та. Асн. працы: «Пан Тадэвуш» у славянскіх перакладах» (1929—31, у т. л. і пераклады на бел. мову), «Іва Войнавіч, югаслаўскі драматург» (1932), «Брацтва св. Кірылы і Мяфодзія ў Кіеве» (1935), «Сербска-лужыцкая літаратура», «Цар Максімілян (народнае відовішча на Русі)» (абедзве 1938), «Гісторыя лужыцкага народа» (1939). Грунтоўнасцю фактычнай асновы, новымі матэрыяламі вылучалася яго манаграфія «Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, польска-беларускі паэт» (1932). Даследаваў бел. л-ру (арт. «Пачаткі беларускай драматургіі», 1925), фальклор і этнаграфію (арт. «Беларускія дзяды», 1925).
Літ.:
Wierzyński S. Józef Gołąbek // Pamętnik literacki. 1946. Т. 36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ШЧА ((Huszcza) Ян) (24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),
польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАДЗІ́НСКІ (Міхаіл Аляксандравіч) (19.11.1937, в. Дубічы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.4.1997),
бел. акцёр, тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1972). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). У 1956—72 акцёр Дзярж.т-ра лялек Беларусі, з 1972 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1985 у Бел.АМ. Сярод роляў: Поп і Пан («Дзед і жораў» В.Вольскага), Васіль-царэвіч («Іван царэвіч і шэры воўк» А.Бычкова), Вярнідуб («Каваль Вярнідуб» паводле А.Якімовіча), Кароль («Сярэбраная табакерка» паводле З.Бядулі), Айбаліт («Доклар Айбаліт» паводле К.Чукоўскага), Люцыус («Чортаў млын» Я.Дрды), Пігмаліён («Цудоўная галатэя» Б.Гадара і С.Дарваша) і інш. Укладальнік кн. «Народны тэатр» (1983), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1, 1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СЬМЯН (Leśmian; сапр.Лесман; Lesman) Баляслаў
(каля 1878, Варшава — 5.11.1937),
польскі паэт; прадстаўнік польск. сімвалізму. Чл. Польскай акадэміі л-ры (1933). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). У 1901—07 супрацоўнік польск. і рус.перыяд. друку. Заснавальнік эксперым.Маст.т-ра ў Варшаве (1911). Аўтар паэтычных зб-каў «Сад на ростанях» (1912), «Луг» (1920), «Цяністы напой» (1936), «Лясное дзеянне» (выд. 1938), апрацовак нар. казак «Казанні пра Сезама», «Прыгоды Сіндбада-Марахода» (абедзве 1913), эсэ, літ. артыкулаў, перакладаў. Паэзіі Л. ўласцівы шчырасць і палкасць пачуцця, імкненне спазнаць прыроду; стыль адметны ўжываннем архаізмаў, дыялектызмаў і неалагізмаў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў А.Мінкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НКІН (Алег Гаўрылавіч) (н. 31.3.1952, в. Чарняўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1975). Працаваў электрамантажнікам, майстрам па буд-ве электрападстанцый, інжынерам у сістэме «Галоўтранснафта». З 1981 у Брэсце. З 1991 у Вільнюсе. З 1998 рэдактар газ. беларусаў Літвы «Рунь». Друкуецца з 1980. Аўтар зб-каў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна» (1991), «Пенаты» (1999), кніжкі для дзяцей «За месяцам месяц» (1994), кн. прозы (антыутопіі) «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994). Паводле бел.нар. казкі напісаў п’есу «Як Лыска ваўком быў» (1985). З польскай пераклаў на бел. мову кнігі паэзіі «Ідзі за мною» Ц.Норвіда (1993), «Пан Блішчынскі» Б.Лесьмяна, «Высокія дрэвы» Л.Стафа (абедзве 1994).
польскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, Берлінскай акадэміі музыкі. З 1907 дырыжор оперы і выкладчык кансерваторыі ў Львове. З 1912 за мяжой. З 1918 у Варшаве. У 1930—39 праф. Варшаўскай кансерваторыі, з 1945 — Дзярж. Вышэйшай муз. школы ў г. Катавіцы. Прадстаўнік «Маладой Польшчы». Для творчасці характэрны ўплывы позняга рамантызму і імпрэсіянізму. Яго стыль вылучаўся яркім нац каларытам, апорай на муз. фальклор імкненнем да павышанай экспрэсіі пышнасцю і сакавітасцю аркестроўкі Сярод твораў: оперы, у т. л. «Эрот і Псіхея» (1916), і балеты, у т. л. «Пан Твардоўскі» (1920), сімф. паэмы для арк., канцэрты для інстр. з арк., камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, рамансы, песні, музыка да спектакляў і інш.Дзярж. прэміі Польшчы 1930, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІ,
бел. казачнік 19—пач. 20 ст. з в. Вялікі Рожан Салігорскага р-на Мінскай вобл. У 1890—1901 ад яго нібыта запісаў 38 казак А.К.Сержпутоўскі. (Некат. даследчыкі лічаць, што Р. — сам Сержпутоўскі.) У традыц. сюжэтах Р. сустракаецца вобразнае апісанне прыроды і псіхал. стану дзейных асоб, праблемы сац. няроўнасці, узаемаадносін сялян з панамі. Склаў казку «Асілак», у якой адбіліся настроі сялян напярэдадні рэвалюцыі 1905—07. Казкі «Прошча», «Мужык і пан», «Іванка-прастачок» і інш. вылучаюцца сац. вастрынёй.
Тв.:
У кн.: Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. Мн., 1999. У кн.: Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. Мн., 2000.
Літ.:
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;
Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984.