САПРА́ЎДНЫЯ ВО́СЫ, грамадскія восы,

складкаватакрылыя восы (Vespoidea ці Vespidae),

надсямейства ці сям. насякомых атр. перапончатакрылых. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. На Беларусі больш за 25 відаў адзіночных, грамадскіх. восаў і шэршняў. Апыляльнікі раслін, знішчаюць шкодных насякомых, шэршні шкодзяць пчалярству.

Цела даўж. 8—30 мм, прадаўгаватае, голае або ўкрыта валаскамі. На брушку чорныя і жоўтыя палосы. Пярэднія крылы складваюцца ўдоўж. Вусікі ніткападобныя, у самцоў 13-, у самак 12-членікавыя. Пярэднягрудзі маюць дугападобную выразку, якая дасягае асновы крылаў. Жывуць у гнёздах (паўсфера з ячэйкамі ў адзін паверх, сфера з шматпавярховымі ячэйкамі ці інш.). Соты будуюць з «паперы», якую атрымліваюць з перажаваных і апрацаваных ферментамі расл. рэшткаў. Лічынак кормяць інш. насякомымі, пераважна вусенямі. Развіццё з поўным ператварэннем. Зімуюць аплодненыя маткі.

Сапраўдныя восы: 1 — звычайная; 2 — французская; 3 — лясная; 4 — гняздо лясной асы.

т. 14, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АРХІРЭ́ЙСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры позняга барока ў Магілёве. Узведзены ў 1762—85 паводле праекта арх. І.​К.​Глаўбіца. Уваходзіў у арх. ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. З’яўляўся рэзідэнцыяй архіепіскапа Г.​Каніскага ў 1785—95 (па яго ініцыятыве пабудаваны), з 1797 — А.​Братаноўскага. Мураваны 3-павярховы будынак (3-і паверх — атыкавы ў цэнтр. частцы), прамавугольны ў плане з сіметрычнымі 2-павярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Гал. і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў, прамавугольныя аконныя праёмы з ліштвамі, філянговыя нішы, тонкапрафіляваныя карнізы. Гал. ўваход вылучаны арачным парталам з казырком на металічных калонках. Пасля 1853 на тэр. архірэйскага двара як гал. ўезд пабудавана мураваная брама: 2 масіўныя пілоны, аздобленыя 2 дарычнымі паўкалонамі і завершаныя франтонамі; да іх паўкругам далучаны мураваныя слупы, аб’яднаныя ажурнай металічнай агароджай.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскі архірэйскі палац. Фрагмент.

т. 9, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.​Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).

Т.​І.​Чаркяўская.

Мінскай жаночай гімназіі будынак.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЯ́Н,

спадніца з прышыўным ліфам-гарсэтам; састаўная частка нар. жаночага адзення беларусаў Падняпроўя ў 19 — пач. 20 ст. Шылі з баваўняных ці льняных тканін з вузкімі плечавымі шлейкамі ліфа і глыбокім выразам проймы. Спадніцу звычайна кроілі з 4 полак андарачнай тканіны, ліф-гарсэт — з фабрычнай (аксаміт, сацін, шарсцянка, парча, шоўк). У паўн.-ўсх. раёнах С. шылі з ільняных пярэстатканых ці маляўніча-набіваных тканін сіняга ці блакітнага колеру. Апраналі паверх кашулі і падпяразвалі вузкім поясам. На Беларусь С. трапіў, відаць, з Зах. Еўропы, дзе быў верхнім адзеннем феад. знаці і духавенства ў 16—18 ст. (шылі з аксаміту, парчы, сукна пераважна чорнага, сіняга, шэрага колераў; складаўся з 2 частак — шчыльнага ліфа з лямкамі або кароткімі рукавамі і фалдзістага нізу). Сустракаецца ў адзенні рускіх, украінцаў (сарафан).

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчынка ў саяне. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНА́Т (лац. ornatus),

верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац. маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФ АН Беларусі.

М.​М.​Яніцкая.

Арнат. Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл. 19 ст.

т. 1, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ РА́ТУША,

помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудавана ў 1775 у Віцебску на месцы драўлянай ратушы 16 ст., якая згарэла. Мураваны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак, у цэнтры якога ўзвышалася 4-ярусная вежа, завершаная шатром са шпілем. У 1883 на вежы ўстаноўлены гадзіннік, замест шатровага даху ўзведзена вежа-ратонда. У 1911 над ратушай надбудаваны 3-і паверх. Будынак перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся ў 1913, 1944, 1970-я і 1980-я г. Цяпер гэта 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, над якім у цэнтры гал. фасада ўзвышаецца 3-ярусная вежа. Тарцовыя фасады завершаны трохвугольнымі шчытамі з 2 вокнамі-люкарнамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі на вышыню двух паверхаў, паміж 2-м і 3-м паверхамі — прафіляваны карніз (18 ст.). Тамбур у цэнтры гал. фасада вылучаны 2 паўкалонкамі і завершаны атыкам. На 2-м паверсе сіметрычна размешчаны 2 балконы з ажурнай метал. агароджай. Ярусы вежы маюць крывалінейныя абрысы, падзелены прафіляванымі карнізамі. У будынку размешчаны Віцебскі абл. краязнаўчы музей.

Віцебская ратуша.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШУ́ЛЯ, сарочка,

асноўная частка нар. адзення беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна. Мужчыны насілі К. паверх нагавіц і падпяразвалі поясам, жанчыны ўбіралі ў андарак ці панёву. Паводле крою вылучаюць 3 тыпы К.: тунікападобныя — у згорнутым удвая палотнішчы на перагіне рабілася пройма для галавы, з прамымі плечавымі ўстаўкамі — пярэдняя і задняя палавіны стана злучаны на плячах прамавугольнымі палікамі, з гесткай — палавіны злучаліся з дапамогай гесткі. Традыц. К. мела прамы рукаў з манжэтай (каўперцам), адкладны ці стаячы каўнер (зрэдку і без яго), прамы разрэз на грудзях, пад пахамі ўстаўныя цвіклі. Рукавы, каўнер, манішка, а ў жаночых і ніз К. аздабляліся натыканым ці вышываным пераважна геам. арнаментам, часцей чырвонага і чорнага колераў. Рэгіянальныя асаблівасці К. выяўляліся ў арнаментыцы, яе кампазіцыйным вырашэнні, тэхнал. апрацоўцы і кроі паасобных дэталей (гл. ў арт. пра Народныя строі, напр., Вілейскі строй).

М.​Ф.​Раманюк.

Жанчыны ў святочных строях з кашулямі. Вёска Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 20 ст.

т. 8, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СТЫКА (ад лац. rusticus грубы, неапрацаваны) у архітэктуры, рэльефная муроўка ці дэкар. абліцоўка сцен будынка каменем з груба абколатай ці выпуклай вонкавай паверхняй (гл. Руст). Выпукласць каменю можа мець розную форму (найб. пашырана пірамідальная). Р. ажыўляе сцяну багатым зіхаценнем святлаценю, стварае ўражанне моцы, масіўнасці будынка. Пры аддзелцы фасада тынкоўкай Р. імітуецца разбіўкай сцяны на прамавугольнікі або палосы. Вядома са старажытнасці (Стараж. Грэцыя і Рым). Асабліва пашырана ў аддзелцы італьян. палацаў эпохі Адраджэння. Найчасцей Р. ўжывалася ў грамадз. і палацава-сядзібнай архітэктуры стылю класіцызму і ампіру. Ёю афармлялі цокаль ці 1-ы паверх будынка, вуглавыя пілястры, лапаткі, рызаліты. Часта выкарыстоўвалася і тынкоўка «пад руст». Пашырана ў афармленні фасадаў будынкаў (аконных і дзвярных праёмаў, архівольтаў і інш.) у архітэктуры канца 19—пач. 20 ст. У драўляным культавым і сядзібным буд-ве выкарыстоўвалася тэхніка разьбы, якая імітавала каменную муроўку, былі пашыраны шалёўка сцен і афармленне вуглоў «пад руст».

Г.​С.​Ларкін.

Рустыка.

т. 13, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РКА,

1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).

2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.

М.​Ф.​Раманюк.

Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.
Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,

помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Засн. ў 1630 М.​Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вул. М.​Багдановіча) пры драўлянай царкве (вядома з 15 ст., знішчана ў 1656, адноўлена ў 2-й пал. 17 ст.). Фасады і інтэр’еры драўлянай царквы св. Тройцы ў 17—18 ст. былі аздоблены аптычным (ілюзорным) жывапісам. У 1799—1800 на месцы старога драўлянага будынка манастыра ўзведзены новы — мураваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.​Крамер): 2-павярховы П-падобны ў плане, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны гал. фасад падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны 3 рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Інтэр’еры ўпрыгожаны насценнай размалёўкай (не захавалася). Тэрыторыя манастыра была абнесена мураванай агароджай з брамай-званіцай. Пасля пажару 1809 манастырскі будынак адноўлены (арх. М.​Чахоўскі), з У да яго прыбудавана галерэя. У 1834 манастыр закрыты, будынак прыстасаваны пад шпіталь гар. бальніцы, у 1840-я г. рэканструяваны (арх. К.​Хршчановіч). Рэканструяваўся ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. (надбудаваны 3-і паверх). Цяпер у ім корпус 2-й гар. клінічнай бальніцы.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак. Галоўны фасад. Чарцёж.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)