паменшанае, матэматычна вызначанае і абагульненае адлюстраванне паверхні Зямлі, іншых нябесных цел або нябеснай сферы і аб’ектаў, з’яў, якія да іх адносяцца, на плоскасці ў пэўнай картаграфічнай праекцыі і сістэме ўмоўных абазначэнняў з дапамогай картаграфічных прылад. З’яўляецца вобразна-знакавай мадэллю рэчаіснасці, мае прасторава-часавае падабенства адносна арыгінала, маштаб, метрычнасць, высокую нагляднасць, што робіць яе важным сродкам фіксацыі і перадачы інфармацыі, навуковага пазнання ў геаграфіі, геалогіі, геафізіцы, сацыялогіі і інш. навуках аб Зямлі і грамадстве. Гл.Геаграфічныя карты, Геалагічныя карты, Геамарфалагічныя карты, Глебавыя карты, Картаграфія, Кліматычныя карты, Марскія карты, Палітыка-адміністрацыйныя карты, Тапаграфічныя карты, Турысцкія карты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЗО́Р’І,
участкі зорнага неба, на якія яно падзелена для зручнасці арыентавання на нябеснай сферы. У старажытнасці С. наз. толькі характэрныя фігуры, утвораныя яркімі зоркамі. Назвы С. звязаны з грэч. ці рым. міфалогіяй (напр., Андрамеда, Персей), з земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем (напр., Валапас, Заяц), з падарожжамі, тэхнікай (напр., Секстант, Мікраскоп) і інш. Канчатковая колькасць і межы С. вызначаны на Міжнар.астр. з’ездзе ў 1922. Зорнае неба падзелена на 88 участкаў — С., межы праходзяць па нябесных мерыдыянах і паралелях, г.зн. да С. адносяцца як яркія зоркі, што ўтвараюць характэрную фігуру, па якой звычайна распазнаецца С., так і слабыя зоркі, у т. л. нябачныя простым вокам. Гл. таксама Зорнае неба, Задыяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́БАС (грэч. phobos страх),
спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 9380 км (бліжэйшы да Марса). Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 27 км. Паверхня складаецца з цёмных мінералаў з нізкім альбеда, пакрытая шматлікімі кратэрамі і тоўстым слоем пылу. Перыяд абарачэння вакол Марса 7 гадз 39 мін 27 с (на працягу марсіянскіх сутак двойчы ўзыходзіць і заходзіць). З прычыны вял. вуглавой скорасці Ф. апярэджвае восевае абарачэнне планеты і, у адрозненне ад інш.нябесных цел, узыходзіць на З, а заходзіць на У. Рухаецца амаль у плоскасці экватара Марса і павернуты да планеты заўсёды адным і тым жа бокам. Адкрыты амер. астраномам А.Холам (1877).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЛІ́ПТЫКА (ад грэч. ekleipsis зацьменне),
вялікая акружнасць нябеснай сферы, па якой адбываецца бачны гадавы рух Сонца (яго цэнтра). Паколькі сапраўды Зямля рухаецца вакол Сонца, Э. можна разглядаць як сячэнне нябеснай сферы плоскасцю арбіты Зямлі.
Паблізу пунктаў перасячэння Э. з арбітай Месяца адбываюцца зацьменні Месяца і Сонца (адсюль назва «экліптыка»). Плоскасць Э. — асн. плоскасць у экліптычнай сістэме нябесных каардынат. Яна нахілена да плоскасці экватара нябеснага пад вуглом 23°27′. Э. перасякаецца з нябесным экватарам у пунктах вясенняга і асенняга раўнадзенства; 2 пункты на Э., якія знаходзяцца на 90° ад пунктаў раўнадзенства, наз. пунктамі сонцастаяння. Уздоўж Э. размешчаны 12 сузор’яў задыяка. Іл.гл. да арт.Нябесныя каардынаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,
пілатуемы касмічны апарат. Адметная асаблівасць — наяўнасць герметычнай кабіны з сістэмай жыццезабеспячэння касманаўтаў. Адрозніваюць: караблі-спадарожнікі — для палётаў па геацэнтрычных арбітах; міжпланетныя К.к. — для палётаў да інш.нябесных цел; транспартныя — для дастаўкі касманаўтаў і грузаў на борт арбітальных станцый і вяртання іх на зямлю. Бываюць аднаразовага і шматразовага выкарыстання. К.к. мае некалькі адсекаў і забяспечаны рухальнай устаноўкай, сістэмамі навігацыі, кіравання, энергасілкавання, сувязі, аварыйнага выратавання, вяртання на Зямлю і інш. Першы ў свеце К.к., выведзены на арбіту ШСЗ, — «Усход» (12.4.1961; Ю.А.Гагарын). Здзейснены запускі інш. К.к.: y СССР — «Узыход», «Саюз», трансп. «Прагрэс»; у ЗША — «Меркурый», «Джэміні», «Апалон», «Спейс шатл». Іл.гл. да арт.Касманаўтыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ПЛЕРА ЗАКО́НЫ,
тры законы руху нябесных цел, выведзеныя І.Кеплерам на аснове звестак Ц.Браге паводле назіранняў бачнага руху планет. 1-ы К.з.: кожная планета рухаецца па эліпсе, у адным з фокусаў якога знаходзіцца Сонца. 2-і: кожная планета рухаецца ў плоскасці, якая праходзіць праз цэнтр Сонца, прычым радыус-вектар, праведзены ад Сонца да планеты, у роўныя прамежкі часу апісвае роўныя плошчы (S1=S2). 3-і: квадраты перыядаў абарачэння планет вакол Сонца адносяцца як кубы іх сярэдніх адлегласцей ад Сонца. К.з. спрыялі адкрыццю І.Ньютанам сусветнага прыцягнення закону, на аснове якога яны былі абагульнены і ўдакладнены. К.з. карыстаюцца пры знаходжанні масы планет, разліку арбіт спадарожнікаў і інш.Гл. таксама Нябесная механіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСА́ЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТу астраноміі і геадэзіі,
пераносны інструмент для вымярэння вуглоў у верт. і гарыз. плоскасцях.
Мае зрокавую трубу, якая можа круціцца вакол верт. і гарыз. восей, 2 раздзеленыя кругі для адліку вуглоў у верт. і гарыз. плоскасцях. З дапамогай У.і. па назіраннях зорак і Сонца вызначаюць каардынаты (вышыні і азімуты) нябесных цел і зямных арыенціраў, геагр. шыроты, папраўкі гадзіннікаў, вырашаюць многія інш. практычныя задачы астраноміі і геадэзіі. У.і. больш дакладны пры вымярэнні вуглоў, чым тэадаліт.
Універсальны інструмент У-5″: 1 — труба для візіравання; 2 — вертыкальны падзелены круг з алідадой і ўзроўнем; 3 — накладны ўзровень; 4 — акуляр; 5 — алідада гарызантальнага круга; 6 — гарызантальны падзелены круг; 7 — павяральная труба з мікрометрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАГАЛА́КТЫКА,
сукупнасць галактык, скопішчаў галактык і інш. пазагалактычных аб’ектаў; найб. з вядомых сістэм нябесных цел. Асн. структурнай адзінкай М. з’яўляюцца групы і скопішчы галактык, якія маюць да некалькіх тысяч галактык, але могуць быць і асобныя галактыкі. Мае ячэістую структуру — галактыкі і скопішчы галактык знаходзяцца на мяжы вял. прасторавых ячэек, памеры якіх каля 100 Мпк, таўшчыня сценак 3—4 Мпк. Вял. скопішчы галактык знаходзяцца ў вузлах такой структуры. У прасторы паміж галактыкамі існуе міжгалактычны газ. Найважнейшая ўласцівасць М. — яе расшырэнне. Усе скопішчы галактык аддаляюцца адно ад аднаго са скорасцю, прапарцыянальнай іх адлегласці ад назіральніка (гл.Расшырэнне Сусвету). Паняцце М. мае гіпатэтычны характар і часцей ужываецца для вызначэння часткі Сусвету, якую назіраюць. Гл. таксама Касмалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯСЕ́НКАЎ Васіль Рыгоравіч (13.1.1889, г. Новачаркаск, Расія — 12.3.1972),
расійскі астраном, адзін з заснавальнікаў астрафізікі ў СССР. Акад.АНСССР (1935; чл.-кар. 1927). Акад.АН Казахстана (1946). Скончыў Харкаўскі ун-т (1911). Выкладаў у ВНУ. Адзін з арганізатараў Астр. ін-та імя П.К.Штэрнберга (у 1923—30 і 1936—39 дырэктар). Стваральнік Астрафіз. ін-та АН Казахстана (1942; да 1964 дырэктар). З 1945 старшыня К-та па метэарытах АНСССР. Навук. працы па фізіцы Сонца, зорак, планет і метэораў, праблемах касмагоніі і атм. оптыцы. Прапанаваў дынамічную тэорыю задыякальнага святла. Даследаваў яркасць дзённага і свячэнне начнога неба. Сфармуляваў крытэрый прыліўнай устойлівасці нябесных цел.
Тв.:
Солнце и солнечная система: Избр. труды. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНЕ́З (ад бія... + ...генез),
утварэнне арган. злучэнняў жывымі арганізмамі. У шырокім сэнсе біягенез — эмпірычнае абагульненне, якое сцвярджае, што ўсё жывое ўзнікае толькі ад жывога ў арган. эвалюцыі Зямлі. У аснове біягенезу проціпастаўленне жывога нежывому і адхіленая навукай ідэя вечнасці жыцця. У 18—19 ст. тэорыя біягенезу проціпастаўлялася поглядам аб самазараджэнні арганізмаў (працы франц. вучонага Л.Пастэра па мікрабіялогіі). Прыхільнікі біягенезу (ням. вучоны Г.Рыхтэр, 1865, швед. С.Арэніус, 1895) меркавалі, што зародкі жывых істот у стане анабіёзу былі занесены на Зямлю з іншых, больш стараж.нябесных целаў (гіпотэза пансперміі). Лічыцца, што верагодных доказаў магчымасці касм. пераносу формаў пераджыцця няма. Самаст. ўзнікненне жыцця на Зямлі больш верагоднае, што пацверджана эксперыментальна абіягенным сінтэзам бялковападобных і інш. злучэнняў, якія аднаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Абіягенез, Паходжанне жыцця.