помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.
Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 1-й пал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНКЕ́ВІЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 18 ст. на могілках. Царква — трохзрубная з прамавугольнымі ў плане аб’ёмамі роўнай вышыні. Цэнтр. зруб асн. аб’ёму завершаны невысокім чацверыком, накрыты 4-схільным шатром (знутры 8-схільным). Апсіда і бабінец пад вальмавымі дахамі з невял. гранёнымі галоўкамі. На адной восі з царквой пастаўлена зрубна-каркасная званіца; звонку 2-ярусная, мае схаваны прамежкавы ярус, накрыта 4-схільным шатром. У 1978—80 сцены будынкаў вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і аздоблены падзорам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЦЬ,
старадаўняя гасп. пабудова для сушкі збажыны; тып сушні. Была пашырана ў паўн.-ўсх. раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе сушылі снапы. У сял. гаспадарках 19—пач. 20 ст. Асеці будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа. У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́Маркава манастыра.
Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма (засн. ў 1633), знішчанага пажарам.
Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.
Т.В.Габрусь.
Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЙ АПТЭ́КІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1709 у Гродне, уваходзіць у комплекс Гродзенскага кляштара езуітаў. Першапачаткова — прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з мансардай, накрыты вальмавым 2-ярусным дахам. Гал. фасад завяршаўся пяцівугольным франтонам. У 1885 будынак пашкоджаны пажарам і перабудаваны: з левага боку прыбудаваны новы аб’ём, ліквідаваны франтон. У выніку будынак набыў асіметрычную кампазіцыю і стаў тыповым прыкладам архітэктуры эклектыкі. Гал. фасад сучаснага будынка падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы: ніжні з руставанымі лапаткамі і сандрыкавымі завяршэннямі акон, верхні з ажурным балконам і складаным атыкам у цэнтры, фігурнымі ліштвамі, фрызам і карнізам. Зараз у будынку знаходзіцца Гродзенская аптэка-музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ АГІ́НСКАГА.
Пабудаваны ў 1790 (арх. К.Шыльдгаўз) у стылі класіцызму з элементамі нар. дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з рызалітамі ў цэнтры гал. і дваровага фасадаў і 4 алькежамі па вуглах. Асн. аб’ём быў накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам. Фасады дома мелі 2-яруснае вырашэнне: ніжні ярус (1-ы паверх) масіўны з невял. гладкімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, верхні (2-і паверх) — больш высокі, ажурны, з рытмічным радам шырокіх акон з ліштвамі. Рызаліт на гал. фасадзе быў завершаны невял. атыкам, гал. ўваход аформлены стылізаваным порцікам. Разбураны ў 2-й пал. 19 ст.
Гродзенскі дом Агінскага. Чарцёж галоўнага фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял. праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1906 з жоўтай цэглы замест драўлянага касцёла Маці Божай Ружанцовай (17 ст.) на правым беразе р. Іслач. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з трансептам і паўкруглай апсідай. Цэнтр. неф накрыты спічастым 2-схільным, бакавыя (больш нізкія) нефы — пакатымі 1-схільнымі дахамі. На гал. фасадзе шчыпец з зубчастым абрамленнем, 2-ярусныя чацверыковыя вежы, завершаныя высокімі шпілямі. Гал. ўваход вырашаны 3 стральчатымі парталамі з акном-ружай над імі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і контрфорсамі ў пра-. сценках, дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі і паясамі.