альбітафір эфузіўная або жыльная магматычная горная парода з парфіравымі вылучэннямі шчолачнага палявога шпату (пераважна альбіту) і каляровых мінералаў (звычайна біятыту). Асн. маса шчыльная, складаецца пераважна з ізаметрычных або падоўжаных мікралітаў альбіту. Колер буры ці ружаваты. Шчыльн. 2610—2670 кг/м³. Характэрна генетычная сувязь са спілітамі. На Беларусі трапляецца на ПдУ у комплексе вулканічных парод дэвонскага асадкавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЙНІКАВА́ННЕ,
утварэнне ў монакрышталі абласцей з заканамерна змененай арыентацыяй крышт. структуры. Структуры двайніковых утварэнняў з’яўляюцца люстраным адбіткам атамнай структуры зыходнага крышталя (матрыцы) у пэўнай плоскасці (плоскасці Д.) ці ўтвараюцца паваротам структуры матрыцы вакол крышталеграфічнай восі (восі Д.) на пастаянны для дадзенага рэчыва вугал або іншым пераўтварэннем сіметрыі крышталёў. Матрыца з двайніковым утварэннем наз. двайніком.
У залежнасці ад колькасці зрошчаных двайніковых утварэнняў структуры наз. трайнікамі, чацвернікамі ці наогул полісінт. двайнікамі. Д. можа адбывацца пры крышталізацыі, мех. дэфармацыі, зрастанні суседніх зародкаў (двайнікі росту), хуткім цеплавым расшырэнні ці сцісканні, награванні дэфармаваных крышталёў (двайнікі рэкрышталізацыі), пры пераходзе ад адной крышт мадыфікацыі да другой. Напр., у крышталях сегнетавай солі двайнікі ўтвараюцца пры пераходзе крышталя ад рамбічнай структуры да монакліннай (пры т-ры Кюры). Д. ўплывае на мех. (трываласць, пластычнасць, крохкасць), м., магн., аптычныя ўласцівасці крышталёў, пагаршае якасць паўправадніковых прылад. Заканамернасці Д. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі мінералаў, устанаўлення паходжання і ацэнкі некат. мінералаў як прамысл. сыравіны.
Літ.:
Современная кристаллография. Т. 2. М., 1979;
Т. 4. М., 1981.
Р.М.Шахлевіч.
Да арт.Двайнікаванне. Двайнікі росту: а — пірыт; б — кальцыт; в — полісінтэтычны двайнік альбіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЫЙ (лац. Rhodium),
Rh, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 45, ат.м. 102,9055, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 103Rh. У зямной кары 10−7% па масе. Як ізаморфная прымесь уваходзіць у крышт. рашотку мінералаў медна-нікелевых сульфідных руд, мінералаў групы осмістага ірыдыю, самароднай плаціны. Адкрыты ў 1804 англічанінам У.Воластанам, назва ад грэч. rhodon — ружа (ад ружова-чырв. колеру яго солей).
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 1963 °C, tкіп 3727 °C, шчыльн 12 410 кг/м³. У звычайных умовах кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння ўсіх кіслот (у т. л. царскай гарэлкі) і шчолачаў. Здробнены пры 100 °C узаемадзейнічае з сернай к-той, пры 200—600 °C — з галагенамі, серай, селенам; пры 600—800 °C у паветры акісляецца, утвараецца сесквіаксід Rh2O3 (шэрыя крышталі, якія пры t>1000 °C раскладаюцца на метал і кісларод). Выкарыстоўваюць для атрымання сплаваў з плацінай (маюць 7, 10 і 30% Р.) і інш. плацінавымі металамі (каталізатары, тэрмапары), вырабу тыгляў у вытв-сці монакрышталёў, нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты, люстраныя паверхні рэфлектараў, пражэктараў, тэхн. люстраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РНЕР ((Werner) Абраам Готлаб) (25.9.1750, Вераў, каля г. Гёрліц, Германія — 30.6.1817),
нямецкі геолаг і мінералог; заснавальнік навук.геал. Школы. З 1771 вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Лейпцыгскім ун-це; з 1775 выкладаў у Фрайбергскай горнай акадэміі. Распрацаваў класіфікацыю горных парод і мінералаў, заснаваную на вонкавых прыкметах з улікам хім. саставу. Узначальваў кірунак у геалогіі — нептунізм, паводле якога ўсе горныя пароды, у т. л. і вывергнутыя, узніклі як асадкі з вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДЭЗІ́Т,
кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш.мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТАВЫЯ РУ́ДЫ,
мінеральныя ўтварэнні, якія маюць вісмут у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Вядома больш за 60 рудных вісмутавых мінералаў. Асноўныя: вісмут самародны, вісмуцін, тэтрадыміт, казаліт, бісміт, бісмуціт, тэлуравісмуціт. Радовішчы эндагенныя (постмагматычныя і гідратэрмальныя) і экзагенныя. Радовішчы ўласна вісмутавых руд, у якіх больш за 0,2% вісмуту, рэдкія. Асноўнае значэнне маюць вісмутзмяшчальныя руды (0,001—0,1 Ві) вальфрамавых, алавяных, медных, залатарудных і свінцова-цынкавых радовішчаў. Здабыча ў Аўстраліі, Японіі, Перу, Мексіцы, Балівіі, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБАЛІ́Т,
масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫ ПО́ПЕЛ,
вулканічны пыл і пясок (часцінкі 0,1—2 мм), якія ўтвараюцца пры вывяржэнні вулканаў у выніку раздраблення вадкай ці цвёрдай лавы выбухам. Могуць быць абломкі горных парод і мінералаў, што складаюць вулкан (вулканічныя бомбы). Разносіцца ветрам на сотні і тысячы кіламетраў, зрэдку па ўсім зямным шары (вывяржэнне вулкана Кракатаў у Інданезіі ў 1883), можа цалкам засыпаць бліжэйшыя да вулкана населеныя пункты. Уваходзіць у склад вулканакластычнага матэрыялу і вулканічных горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКСІ́ДЫ,
неарганічныя злучэнні металаў агульнай формулы M(OH)n (n — ступень акіслення металу М). Сустракаюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў, напр. Al(OH)3 гідраргіліт, Mg(OH)2 брусіт. Асновы (напр., гідраксіды калію KOH, барыю Ba(OH)2 і інш.) ці амфатэрныя злучэнні. Амфатэрнасць праяўляюць гідраксіды некаторых металаў (напр., алюмінію Al(OH)3, цынку Zn (OH)2 і інш.). Гідраксіды шчолачных, шчолачназямельных металаў і талію Tl (I) наз.шчолачамі.