археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ НІ́ЖНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж. дойлідства. Пабудавана ў 12 ст. майстрамі Гродзенскай школы дойлідства на тэр.Гродзенскага Старога замка. Пасля пажару 1183 да сярэдзіны 13 ст. разбурылася. Яе руіны выяўлены пад фрагментамі больш позняй Гродзенскай Верхняй царквы ў час археал. раскопак 1931—37. Часткова захаваліся рэшткі сцен (да выш. 3,5 м), фрагменты падкупальных слупоў і элементы дэкар. ўпрыгожання.
Паводле плана гэта быў 4-стаўповы храм тыпу ўпісанага крыжа без нартэкса з развітой алтарнай часткай. Фасады аздоблены паліраванымі і неапрацаванымі рознакаляровымі камянямі, маёлікавымі квадратнымі пліткамі і паліванай чашападобнай кафляй. Гал. ўпрыгожанне інтэр’ера — маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагародка. Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі, пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОШ (польск. grosz, ням. Groschen ад лац. denarius grossus цяжкая манета),
1) буйная сярэбраная манета. Выраблялася з 1172 у Італіі, з 1266 у Францыі, стала метралагічным і якасным эталонам для гроша некат. дзяржаў Паўн. і цэнтр. Еўропы. Каля 1300 выраб пачаты ў Багеміі, каля 1337 — у Польшчы, каля 1339 — у Саксоніі, з 1329 — у Венгрыі, з 1535 — у ВКЛ (гл.Грош літоўскі). З 18 ст. біліся і медныя грошы.
2) Лікава-грашовае паняцце ў ВКЛ і Польшчы ў 14—16 ст., Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. 3) Манета і элемент грашовай сістэмы каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі (1815—50), міжваеннай Рэчы Паспалітай (1924—39), Генеральнай губ. (1939—44).
4) Сучасная разменная манета Польшчы (1/100 злотага) і Аўстрыі (1/100 шылінга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя ўгнаенні, якія маюць мікраэлементы, неабходныя раслінам у невял. колькасці. Пры дастатковай забяспечанасці раслін асн. пажыўнымі рэчывамі (азот, фосфар, калій) М. павышаюць ураджайнасць і ўстойлівасць раслін да захворванняў, а таксама паляпшаюць якасць с.-г. прадукцыі. Звычайна ў якасці М. выкарыстоўваюць солі мікраэлементаў, адходы прам-сці (шлакі, шламы), хелаты, што маюць мікраэлементы.
Патрэбнасць с.-г. культур у М. вызначаецца іх біял. асаблівасцямі і колькасцю мікраэлементаў у глебе, якая залежыць ад кіслотнасці глебы і колькасці гумусу ў ёй. Асн. спосабы выкарыстання М.: унясенне ў глебу да сяўбы разам з макраўгнаеннямі, апрацоўка растворамі М. раслін (апырскванне) і насення (перадпасяўное намочванне). Найб. пашыраныя М. — борныя ўгнаенні, медныя ўгнаенні, марганцавыя ўгнаенні, кобальтавыя ўгнаенні, цынкавыя ўгнаенні.
Літ.:
Рекомендации по использованию микроудобрений в земледелии Белоруссии, Литвы, Латвии, Эстонии. Мн., 1987;
Федюшкин Б.Ф. Минеральные удобрения с микроэлементами: Технология и применение. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́СКА,
від стараж. падвесных упрыгожанняў да адзення (часцей жаночага), збруі і інш. Служылі таксама амулетамі. Найчасцей іх насілі разам з каралямі і пацеркамі, на ланцужках, шнурках, прышывалі на адзенне На Беларусі найб.стараж. П. адносяцца да палеаліту (з зубоў жывёл). У бронзавым веку выкарыстоўвалі бурштынавыя П. з вял. адтулінай пасярэдзіне, а таксама медныя акулярападобныя П. У жал. веку пашыраны П. металічныя (бронзавыя і жал.), касцяныя, гліняныя розных геам. форм. У 10—13 ст. з каляровых і каштоўных металаў выраблялі П. ў выглядзе плоскіх сімвалаў нябесных свяціл, жывёл, птушак, бытавых рэчаў, крыжыкаў, званочкаў. П. знаходзяць на паселішчах і ў пахаваннях. Найб. цікавыя П. знойдзены ў Барысаве, Віцебску, гарадзішчы Маскавічы, курганных могільніках каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на і в. Калодзецкая Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТЫ,
тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.
Н.І.Буракоўская.
Боты. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,
рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл.Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЗЯМЛЕ́ННЕ,
электрычнае злучэнне з зямлёю эл. машын, апаратаў, прылад, правадоў і інш., а таксама прыстасаванне, што забяспечвае такое злучэнне. Бывае ахоўнае (для засцярогі людзей), рабочае і маланкаахоўнае.
Ахоўнае З. (карпусоў эл. машын, апаратаў і інш.) засцерагае людзей ад паражэння эл. токам. Яно зніжае да небяспечных значэнняў напружанне дотыку або крокавае напружанне (пры прабоях ізаляцыі ці кароткіх замыканнях). Рабочае З. забяспечвае нармальную работу эл. машын, апаратаў, установак (зазямляюцца нейтралі трансфарматараў, нулявыя правады нізкавольтных ЛЭП, радыётэхн. антэны і інш.). Маланкаахоўнае З. засцерагае эл. ўстаноўкі і абсталяванне ад перанапружання і току маланкі. Зазямляюцца ахоўныя тросы паветраных ЛЭП, разраднікі, маланкаадводы на тэхн. збудаваннях і інш. З. складаецца з метал. электродаў (зазямляльнікаў) і праваднікоў, што злучаюць электроды з аб’ектам. Зазямляльнікі (стальныя трубы, рэйкі, стрыжні, стальныя або медныя лісты, палосы, правады і інш.) забіваюцца або закопваюцца ў зямлю (пажадана на глыбіню ўзроўню грунтавых вод), злучаюцца палосамі з дапамогай зваркі. Эл. супраціўленне кожнага тыпу З. строга рэгламентуецца і падлягае перыядычнай праверцы (замяраецца вымяральнікамі З., якія працуюць паводле прынцыпу вымяральнага моста або па кампенсацыйным прынцыпе з выкарыстаннем дапаможных зондаў-зазямляльнікаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ БАСЕ́ЙН (Great Basin),
нагор’е ва ўнутраным поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, на З ЗША. Абмежавана хр. Сьера-Невада і Каскаднымі гарамі на З Скалістымі гарамі на У. Пл. больш за 500 тыс.км².
У рэльефе спалучэнне кароткіх хрыбтоў (выш. да 3982 м) і вялізных катлавін (басейнаў) тэктанічнага паходжання, днішчы якіх ляжаць на выш. 1200—1500 м (Даліна Смерці на выш. 85 м ніжэй за ўзр. м.). Карысныя выкапні: медныя, кобальтавыя і вальфрамавыя руды, кухонная і глаўберава соль. Клімат пераважна субтрапічны, рэзка кантынентальны, засушлівы, на Пн умераны. Сярэднія т-ры ліп. 20—22 °C (макс. 56,7 °C), студз. 0—2 °C (мінім. -30 °C, у гарах да -60 °C). Ападкаў каля 200 мм за год. Б. ч.тэр. бяссцёкавая, арашаецца кароткімі часовымі водапатокамі. Гал. рэкі — Снейк і Гумбальт, буйныя азёры — Вял. Салёнае возера, Юта і інш. Пашыраны бурыя глебы, шэразёмы, саланчакі і саланцы (у катлавінах), горна-карычневыя (у гарах). Ландшафты паўпустынь і пустынь: на Пн (ад 37°паўн. ш.) — злакава-палынная расліннасць, на Пд — участкі з кактусамі і агавамі. Больш вільготныя схілы ўкрыты крывалессем з хвоі і ядлоўцу. Жывуць у Вялікім Басейне паўзуны — грымучыя змеі, яшчаркі-ядазубы і фрыназомы. На арашальных плошчах — земляробства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАПАДО́БНЫХ КУ́БКАЎ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных і энеалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.Паўн. і Цэнтр. Еўропы, сучаснай Польшчы, паўн.-зах. Украіны і (на познім этапе) паўд.-зах. Беларусі. Назва ад наяўнасці ў кераміцы кубкаў з лейкападобнай (канічнай) шыйкай. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, знаходзілася на стадыі патрыярхату; вырабляла касцяныя і крамянёвыя прылады (сякеры, матыкі, праколкі, наканечнікі дзідаў, нажы, разцы і інш.), зрэдку трапляюцца медныя вырабы. Посуд арнаментаваны зігзагамі, касымі насечкамі, пальцавымі ўцісканнямі, адбіткамі зубчастага штампа ці шнура. Паселішчы размяшчаліся на мысах берагоў рэк ці азёр, некаторыя былі ахаваны равамі і валамі. Жытлы — невял. прамавугольныя ў плане зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя слупавой канструкцыі памерам 5 χ 4 м; будаваліся і вял. жытлы даўж. да 80 м. Унутры іх размяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на бескурганных могільніках, сустракаюцца мегалітычныя збудаванні памерамі да 130 × 15 × 3 м, з некалькімі пахаваннямі пад кожным. Ва ўсх. частцы арэала (Валынь, Брэстчына) помнікі Л.к.к. з’явіліся 3,5—2,5 тыс.г. да н.э. На думку некаторых вучоных, плямёны Л.к.к. маюць дачыненне да этнагенезу стараж. германцаў.