АБАВЯЗА́ЦЕЛЬСТВА,

від цывільных праваадносін, у якіх адзін бок (даўжнік) абавязаны зрабіць на карысць другога боку (крэдытора) пэўныя дзеянні (перадаць маёмасць, выплаціць грошы, выканаць работу і інш.) або ўстрымацца ад іх, а крэдытор мае права патрабаваць ад даўжніка выканання яго абавязку. Крэдыторам і даўжніком могуць быць грамадзяне і юрыд. асобы (прадпрыемствы, установы, акц. т-вы і інш.) любой формы ўласнасці. Абавязацельствы могуць фіксавацца ў пагадненнях аб здзелках, у дагаворах, вынікаць з дзеючых заканадаўчых і адм. актаў і інш. нарматыўных дакументаў або абставін.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВЯШЧА́ННЕ,

распараджэнне грамадзяніна адносна сваёй маёмасці на выпадак смерці, зробленае ў вызначаным законам парадку. У Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін можа пакінуць па З. ўсю сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць ці не ўваходзяць у кола спадчыннікаў па законе, а таксама дзяржаве або пэўным арг-цыям. Завяшчальнік можа пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе, за выключэннем асоб, якія маюць права на абавязковую долю. Завяшчальнік правамоцны ўскласці на спадчынніка выкананне якога-н. абавязацельства (т. зв. завяшчальны адказ) на карысць адной або некалькіх асоб.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ МАЁМАСЦІ (Biens nationaux),

тэрмін, прыняты ў гістарыяграфіі для вызначэння рухомай і нерухомай маёмасці, канфіскаванай дзяржавай у французскую рэвалюцыю 1789—99. Паводле закона ад 2.11.1789 у Францыі былі канфіскаваны зямельныя ўладанні царквы, у лют. 1792 канфіскавана і прададзена маёмасць эмігрантаў, у кастр. 1793 — пакараных смерцю. У сак. 1794 Канвент санкцыяніраваў канфіскацыю маёмасці ва ўсіх «ворагаў рэвалюцыі» і бязвыплатную яе перадачу «патрыётам, якія мелі ў гэтым патрэбу». Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў (1814, 1815) частка непрададзеных зямель вернута б. уладальнікам, за прададзеныя Н.м. яны атрымалі грашовую кампенсацыю.

т. 11, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́БЕЛЕЎСКІ ФОНД, Фонд Нобеля,

прыватная і незалежная адм.-фін. ўстанова, якая распараджаецца спадчынай А.Б.Нобеля. Засн. ў 1900 у Стакгольме паводле тастамента Нобеля, які завяшчаў перавесці яго маёмасць у наяўныя грошы (атрымалася 33 млн. швед. крон, ці 9,2 млн. дол. ЗША) і ўкласці іх у каштоўныя паперы, штогадовыя працэнты ад якіх прысуджаць як Нобелеўскія прэміі. З 1953 дзейнічае як звычайная фін. кампанія, у т. л. пазычае грошы. Кіруючы орган — Савет фонду (уваходзяць прадстаўнікі ўсіх устаноў, што выносяць рашэнні аб прысуджэнні Нобелеўскіх прэмій), які вызначае памер грашовых прэмій для нобелеўскіх лаўрэатаў.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНАЁМ,

дапаможны ў адносінах да дагавору маёмаснага найму або дагавору найму жылога памяшкання цывільна-прававы дагавор, па якім наймальнік здае нанятую маёмасць або яе частку трэцяй асобе — паднаймальніку, застаючыся адказным перад наймадаўцам. У дагаворных адносінах з наймадаўцам паднаймальнік не знаходзіцца, і заключэнне дагавору П. не ўплывае на характар і абавязацельствы бакоў па дагаворы найму. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь наймальнік не можа даць паднаймальніку большы аб’ём правоў, чым мае сам па дагаворы найму. Са спыненнем дагавору найму адначасова спыняецца і дагавор паднайму.

І.​М.​Сямёнава.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСКРЫ́ПЦЫІ (лац. proscriptio аб’ява),

у Старажытным Рыме спіс асоб, публічна аб’яўленых па-за законам. За выдачу ці за забойства ўнесенага ў П. назначалася ўзнагарода, у т. л. рабам, за ўкрывальніцтва — пакаранне смерцю; маёмасць ахвяр П канфіскоўвалася, нашчадкі пазбаўляліся пачэсных правоў і маёмасці. П. вынайдзены правадыром аптыматаў Л.К.Сулай для расправы з прыхільнікамі Г.Марыя (82—81 да н.э.), выкарыстоўваліся ім і яго набліжанымі для ўласнага ўзбагачэння і каб паквітацца з паліт. праціўнікамі. У яшчэ большых памерах, чым пры Суле, П былі аб’яўлены ў 43 да н.э. ў час 2-га трыумвірату.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА ЎЛА́СНАСЦІ,

сукупнасць прававых норм, якія замацоўваюць прыналежнасць маёмасці пэўным асобам, устанаўліваюць аб’ём і змест правоў уласніка, спосабы і межы іх ажыццяўлення, а таксама гарантуюць ахову і абарону правоў і інтарэсаў уласніка. Побач з паняццем П.ў. як сукупнасці юрыд. норм (П.ў. ў аб’ектыўным сэнсе) існуе паняцце П.ў. ў суб’ектыўным сэнсе як устаноўленая заканадаўствам мера дазволеных паводзін уласніка па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю. Уласнік правамоцны ажыццяўляць у адносінах маёмасці, што яму належыць, любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, грамадскай карысці і бяспецы, не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю, гіст.-культ. каштоўнасцям і не ўшчамляюць правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў інш. асоб. Ён мае права адчужаць сваю маёмасць ва ўласнасць інш. асоб, перадаваць ім права валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю, застаючыся ўласнікам, аддаваць маёмасць у залог, распараджацца ім іншым чынам. Уласнік нясе цяжар утрымання маёмасці, што яму належыць, і рызыкі выпадковай яе гібелі або псавання, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам або дагаворам. Змест правамоцтваў уласніка вызначаецца цывільным, канстытуцыйным, зямельным, фінансавым і інш. галінамі права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь замацоўвае 2 формы ўласнасці: дзярж. і прыватную. Суб’ектамі права дзярж. уласнасці выступае Рэспубліка Беларусь (рэсп. ўласнасць) і адм.-тэр. адзінкі (камунальная ўласнасць). Законам вызначаюцца віды маёмасці, якая можа знаходзіцца толькі ў дзярж. уласнасці. Суб’ектамі права прыватнай уласнасці з’яўляюцца фіз. і недзярж. юрыд. асобы. Правы ўсіх уласнікаў абараняюцца аднолькава. Дзяржава гарантуе стабільнасць адносін уласнасці.

І.​П.​Кузьміч.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),

1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.

2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. vindicatio абарона, ахова),

у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л (ад лац. generalis агульны, галоўны),

1) воінскае званне (чын) вышэйшага каманднага саставу ва ўзбр. сілах многіх краін свету. У Рэспубліцы Беларусь існуюць наступныя званні: генерал-маёр, генерал-лейтэнант, генерал-палкоўнік.

2) Службовая асоба земскіх судоў у ВКЛ, галоўны возны. Выбіраўся ваяводамі, старостамі і павятовай шляхтай з асоб, якія мелі нерухомую маёмасць у дадзеным ваяводстве або павеце. Зацвярджаўся на пасаду вял. князем. На першай сесіі земскага суда прымаў адпаведную прысягу. Мог выконваць абавязкі і за межамі свайго павета або ваяводства па ўсёй тэр. ВКЛ.

3) Тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некат. інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)