МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.

М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10​−24—10​−26 г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл. Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.

Літ.:

Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОЙЛЬ (Broglie),

дэ Бральі, французскія фізікі, браты.

Марыс (27.4.1875, Парыж — 14.7.1960), замежны чл.-кар. АН СССР (1927). Скончыў Марсельскі ун-т (1900). Навук. даследаванні па рэнтгенаўскай спектраскапіі, атамнай і ядз. фізіцы праводзіў у сваёй прыватнай лабараторыі. У 1908 эксперыментальна вызначыў зарад электрона, сканструяваў рэнтгенаўскі спектрограф.

Луі Віктор (15.8.1892, г. Дзьеп, Францыя — 19.3.1987), адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Парыжскай АН (1933), замежны чл. АН СССР (1958) і інш. акадэмій, праф. Парыжскага ун-та ў 1928—62. Вучань Марыса Бройля. Скончыў Парыжскі ун-т (1913). Навук. працы па класічнай і квантавай механіцы, тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў (1924) гіпотэзу пра хвалевыя ўласцівасці матэрыі (гл. Хвалі дэ Бройля). Аўтар манаграфій (рус. пер.): «Уводзіны ў хвалевую механіку» (1934), «Па сцежках навукі» (1962), «Рэвалюцыя ў фізіцы» (1965). Нобелеўская прэмія 1929.

Літ.:

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.

Л. дэ Бройль.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТУАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. actualis рэчаісны, сучасны),

працэс пераходу аб’екта, з’явы і г.д. са стану магчымасці ў стан рэчаіснасці. Першапачатковае філас. абгрунтаванне і тэарэт. эксплікацыю атрымала ў працах Арыстоцеля. Сваімі поглядамі на ператварэнне патэнцыі ў рэальнасць праз актуалізацыю Арыстоцель увёў у анталогію прынцып развіцця, узнікнення новага ў быцці. Напр., будаўніцтва дома і ўжо збудаваны дом — гэта актуалізацыя («актуальнасць» дома ў адносінах да матэрыі, з якой ён складаецца — цэглы). Духоўныя асаблівасці чалавека актуалізуюцца ў яго паводзінах. Далейшае развіццё тэорыя актуалізацыі набыла ў творах Г.​Спенсера, Э.​Гартмана, Х.​Гёфдынга, а таксама тамістаў Фамы Аквінскага, К.​Ранера і інш. Яны здолелі актуалізаваць гэты прынцып у адносінах да сучаснай ім сацыяльнай і духоўна-культ. рэчаіснасці. У сучасным грамадска-паліт. развіцці Беларусі як суверэннай і незалежнай дзяржавы вельмі важнае значэнне набывае актуалізацыя прынцыпаў дэмакратыі, правоў чалавека і рыначных адносін ва ўсіх сферах сац. быцця.

Літ.:

Аристотель. Метафизика. М.; Л. 1934.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬБАХ ((Holbach) Поль Анры дэ) (снеж. 1723, Эдэсгайм, каля г. Ландаў-ін-дэр-Пфальц, Германія — 21.6.1789),

французскі філосаф і асветнік. Паводле паходжання ням. барон, б. ч. жыцця правёў у Францыі. Супрацоўнік «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро і Ж.​Д’Аламбера. У гал. філас. творы «Сістэма прыроды, або Пра законы свету фізічнага і свету духоўнага» (т. 1—2, 1770) Гольбах сцвярджаў першаснасць і нестваральнасць матэрыяльнага свету, яго бясконцасць у часе і прасторы, і што існуе ён незалежна ад свядомасці чалавека. Атрыбутам матэрыі лічыў рух, які разглядаў як простае перамяшчэнне цел. Чалавек, паводле Гольбаха, — частка прыроды, цалкам падпарадкаваная яе законам. У палітыцы — прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, у шэрагу выпадкаў — асветнага абсалютызму. Вырашальную ролю ў гісторыі надаваў дзейнасці заканадаўцаў. Шлях да сац. вызвалення людзей бачыў у асвеце. Абараняў ідэі «натуральнага права» і «грамадскага дагавору». Разам з К.Гельвецыем адыграў пэўную ролю ў ідэйнай падрыхтоўцы утапічнага сацыялізму 19 ст.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1963.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБН РУШД, Ібн Рошд Абу-ль-Валід Мухамед ібн Ахмед (латынізаванае Авероэс; Averroes; 1126, г. Кордава, Іспанія — 10.12.1198), арабскі філосаф, вучоны-энцыклапедыст, урач; прадстаўнік усх. арыстоцелізму. Жыў і працаваў у Андалусіі і Марока. Большасць яго прац — каментарыі да твораў Арыстоцеля. У сваёй філас. канцэпцыі зыходзіў з прызнання нястворанасці і незнішчальнасці першаматэрыі і руху. Прызнаваў быццё Бога, якое не папярэднічае быццю матэрыі, а «сувечна» яму, і што Бог з’яўляецца «першарухавіком». Сцвярджаў, што матэрыяльны свет бясконцы ў часе, хоць і абмежаваны ў прасторы. Абвяргаў бяссмерце індывід. душы і замагільнае жыццё, але прызнаваў бяссмерце ўсеагульнага інтэлекту. Абгрунтаваў ідэю пра разыходжанне філас. і рэліг. вывадаў, якая паслужыла асновай дзвюх ісцін тэорыі. У сацыялогіі быў прыхільнікам справядлівага грамадскага ладу. Творчасць І.Р. паўплывала на развіццё еўрап. сярэдневяковай філасофіі 13—16 ст.

Тв.:

У кн.: Избранные произведения мыслителей стран Ближнего и Среднего Востока IX—XIV вв. М. 1961.

Літ.:

Сагадеев А.В. Ибн Рушд (Аверроэс). М., 1973.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРА́РХІЯ ў прыродзе,

супадпарадкаванне функцыянальных сістэм Сусвету, пры якім меншыя падсістэмы складаюць большыя, а апошнія з’яўляюцца падсістэмамі больш буйных сістэм ці надсістэм. Надсістэма ўзнікае ў выніку множнасці прынцыпова падобных сістэм або несістэмных блокаў з утварэннем у зноў сфарміраванай сукупнасці асаблівых, больш складаных якасцей. У аснове іерархічных узаемасувязей з’яў, працэсаў і прадметаў у прыродзе знаходзіцца міграцыя хім. элементаў атмасферы, гідрасферы, літасферы і жывой матэрыі. Вял. значэнне ў пераносе элементаў у прыродзе належыць жывым арганізмам, якія ажыццяўляюць абмен рэчываў з абіятычным (нежывым) асяроддзем.

Экасістэмы кожнага ўзроўню арганізацыі маюць свой кругаварот рэчываў. У арган. свеце І. выяўляецца ў канкурэнтнай барацьбе за прастору, ваду, сонечнае святло і інш. фактары і праяўляецца ў колькасных суадносінах паміж асобінамі і папуляцыямі. У жывёл І. вызначае сістэму паводзінскіх сувязей паміж асобінамі ў групе (І. эталагічная). Гэтая сувязь рэгулюе ўзаемаадносіны і доступ да корму, сховішча, асобін процілеглага полу (дарослыя дамінуюць над маладымі, самцы над самкамі). Можа быць няўстойлівая, зменная ў залежнасці ад абставін (адноснае дамінаванне), або цвёрдая, устойлівая ў часе (абс. дамінаванне).

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІДУА́ЦЫЯ,

1) вылучэнне адзінкавага і індывід. са ўсеагульнага. Ідэя І. сфармулявана ант. філосафамі. Прадстаўнікі «стаіцызму» (Зянон з Кітыёна, Хрысіп, Л.​А.​Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, а пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І. як спалучэнне формы і матэрыі. У сярэдневяковай філасофіі прынцыпам яе называлі пастулат аб пачатках (асновах) І. Існавалі 3 канцэпцыі асноў І.: канцэптуалісцкая (яе прыхільнікі лічылі магчымым існаванне розных рэчаў адной формы), рэалісцкая (пачатак І. не ў колькасных, а ў якасных адрозненнях паміж рэчамі) і наміналісцкая (яе паслядоўнікі сцвярджалі, што пачаткі І. ў вонкавых характарыстыках рэчаў, іх назве, становішчы ў прасторы і часе). Ф.​Шэлінг бачыў аснову І. ў адыходзе ад Бога. Дж.​Лок, А.​Шапенгаўэр яе формамі лічылі прастору і час. 2) У аналіт. псіхалогіі К.​Г.​Юнга І. — працэс станаўлення і развіцця індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага; канчатковы вынік ажыццяўлення І. — самарэалізацыя чалавека, дасягнуць якой могуць найб. мэтанакіраваныя і здольныя людзі. Э.С.Дубянецкі.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁ,

асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.​Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.​Фрэйда і Л.​Шапенгаўэра А.​Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.

Літ.:

Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;

Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;

Зеленков А.И., Водопьянов П.А. Динамика биосферы и социокультурные традиции. Мн., 1987;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕСТ І ФО́РМА,

суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.​Бруна, Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт, Т.​Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.​Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.

З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн. эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.

Літ.:

Аристотель. Метафизика // Соч. М., 1976. Т. 1;

Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;

Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.

Т.​І.​Адула, С.​У.​Пешын.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.​Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.

Літ.:

Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;

Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;

Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)