умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст.Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш. Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМ (франц. impérialisme ад лац. imperium улада),
1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусв. дамінаваннем некалькіх вял. дзяржаў. Пачаўся ў апошняй чвэрці 19 ст. Тэрмін асабліва стаў пашыраны пасля выхаду працы англ. эканаміста Дж.Хобсана «Імперыялізм» (1902).
2) У марксізме вызначэнне вышэйшай стадыі развіцця капіталізму [працы О.Баўэра (Аўстрыя), Р.Гільфердынга, Р.Люксембург (Германія), У.І.Леніна, М.І.Бухарына (Расія)]. Паводле марксісцкай канцэпцыі, з усталяваннем манаполіі над вытв-сцю адбыўся падзел рынкаў збыту, павялічыўся вываз капіталу, узмацніліся барацьба за авалоданне сусв. рэсурсамі і каланіяльная экспансія (гл.Каланіялізм), абвастрыліся супярэчнасці паміж грамадскім характарам вытв-сці і прыватным спосабам прысваення яе вынікаў. Каб пазбегнуць узнікнення сур’ёзных крызісных сітуацый у грамадстве, рэгуляваць дзейнасць манаполій і стрымліваць забастовачную барацьбу працоўных, у эканам. і грамадскае жыццё пачала актыўна ўмешвацца дзяржава, якая адстойвала інтарэсы манаполій. Так узнікла новая форма І. — дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, для якога характэрны колькасны рост дзярж. апарата, мілітарызацыя знешняй палітыкі і яе падпарадкаванне асн. мэтам дзейнасці шматнацыянальных карпарацый.
3) У шырокім сэнсе І. — дзярж. палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне паліт. або эканам. кантролю над інш. дзяржавамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЎРЭНС ((Lawrence) Томас Эдуард) (Лоўрэнс Аравійскі; 15.8.1888, Трэмадок, Вялікабрытанія —19.5.1935),
брытанскі разведчык. Паводле адукацыі археолаг. Скончыў Оксфардскі ун-т (1910). У 1914—19 і 1922—35 у брыт. арміі. У 1916—19 супрацоўнік брыт. Бюро па араб. справах у Каіры. Вёў развед. дзейнасць у Сірыі, Палесціне, Аравіі і Егіпце. У 1916 пераканаў эміра Хусейна — правіцеля тур. ўладання Хіджаз на З Аравійскага п-ва — узняць мясц.араб. насельніцтва на антытур. паўстанне, якое ўзначаліў разам з сынам Хусейна Фейсалам. Паўстанне пашырылася на інш. тэрыторыі і ў далейшым садзейнічала ўключэнню ў склад брыт.калан. імперыі Ірака, Іарданіі, Палесціны. У 1921—22 саветнік па араб. справах у брыт. мін-ве калоній. У 1925—29 у гарадах Карачы і Пешавар (цяпер у Пакістане) арганізоўваў падрыўную дзейнасць супраць Афганістана і СССР. У англ. л-ры часта падаецца як прыхільнік незалежнасці араб. краін, аднак фактычна распрацоўваў ідэю стварэння брыт. дамініёна на Б. Усходзе. Аўтар кніг успамінаў.
Літ.:
«Друг» арабов // Военные разведчики XX в. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПНЯ́К,
асадкавая горная парода, складзеная з карбанатаў кальцыю (кальцыт, радзей араганіт). Мае прымесі даламіту, гліністых і пясчаных часцінак і інш. Нярэдка ўключае рэшткі вапняковых шкілетаў выкапнёвых арганізмаў. Колер белы, шэры з рознымі адценнямі. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³.
Паводле паходжання вапнякі бываюць: арганагенныя — з ракавін (ракушачнікі) або з калоній каралаў, імшанак, водарасцяў; арганагенна-абломкавыя (дэтрытусавыя) — з абломкаў арган. рэшткаў; абломкавыя — з абкатаных карбанатных абломкаў; хемагенныя; перакрышталізаваныя. Вапняк звязаны паступовымі пераходамі з даламітамі, глінамі, пясчанікамі і інш.; пры метамарфізме пераходзіць у мармур. Большасць вапнякоў марскога паходжання, аднак ёсць і вапнякі прэснаводных азёраў, засоленых поймаў, мінер. крыніц (вапнавыя туфы і інш.). Пласты дасягаюць магутнасці ў сотні і тысячы метраў. Здольныя да ўзнікнення з’яў карсту.
На Беларусі вапняк найб. пашыраны ў адкладах дэвону, ардовіку, сілуру, верхняга мелу, трапляецца таксама ў кам.-вуг., пермскай і юрскай сістэмах. Выкарыстоўваецца ў прам-сці (флюсы, выраб фарбаў, шкла, гумы, пластмасаў, лекаў, мыла і інш.), сельскай гаспадарцы (вапнаванне глебы), буд-ве (вапна, цэмент) і архітэктуры, харч. прам-сці (вытв-сць цукру) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВАР ((Bolívar) Сімон) (24.7.1783, г. Каракас, Венесуэла — 17.12.1830),
адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп.калоній у Амерыцы, ваенны і дзярж. дзеяч Паўд. Амерыкі. Адукацыю атрымаў у Еўропе. Актыўна ўдзельнічаў у звяржэнні ісп. панавання ў Венесуэле (1810) і абвяшчэнні яе рэспублікай (1811). Пасля яе разгрому стварыў у жн. 1813 2-ю Венесуэльскую Рэспубліку. У 1814 пацярпеў паражэнне і пакінуў радзіму. У 1815 надрукаваў «Ліст з Ямайкі» — праграму вызвалення Лац. Амерыкі і стварэння незалежных лацінаамер. дзяржаў. У 1816 вярнуўся ў Венесуэлу. Адмена рабства (1816) і дэкрэт пра надзяленне салдатаў вызв. арміі зямлёй (1817) забяспечылі яму падтрымку шырокіх масаў. У 1819 аб’яднаў Новую Гранаду і Венесуэлу ў федэрацыю Вялікая Калумбія і стаў яе прэзідэнтам. У 1822 далучыў правінцыю Кіта (сучасны Эквадор), у 1824 вызваліў Перу, у 1825 узначаліў рэспубліку ў Верхнім Перу, якую ў яго гонар назвалі Балівіяй. У 1826 распрацаваў Канстытуцыю для Балівіі. Прыхільнік ідэі стварэння Вялікай Федэрацыі лацінаамер. дзяржаў, якую не здолеў рэалізаваць на кангрэсе ў Панаме (1826). Сепаратысцкія выступленні прывялі да звяржэння ўлады Балівара ў Перу і Балівіі. На пач. 1830 пайшоў у адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ А́КТЫ (Navigations Acts),
у 14—19 ст. пастановы англ. парламента, якія выдаваліся з мэтай абароны марскога гандлю Англіі ад замежнай канкурэнцыі. Першы Н.а. прыняты ў 1381. Выдадзены 9.10.1651 «Акт аб павелічэнні гандлёвага флоту і падтрымцы мараплавання англійскай нацыі», які ўстанавіў, што тавары з Азіі, Афрыкі і Амерыкі трэба ўвозіць у Англію і яе ўладанні толькі на англ. суднах, а еўрап. тавары — на англ. суднах або суднах краіны-экспарцёра, быў накіраваны супраць галанд. пасрэдніцкага гандлю і рыбалоўства і прывёў да англа-галанд. марской вайны 1652—54 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Пасля паражэння ў вайне Нідэрланды вымушана прызналі акт 1651. Палажэнні гэтага акта захаваліся ў актах 1660, у т. л. «Акт аб падтрымцы і развіцці караблебудавання і мараплавання», і ў 1663, якія патрабавалі, каб у англ. калоніі тавары перавозіліся толькі на англ. суднах і забаранялі экспарт шэрагу тавараў з калоній за мяжу; яны далей развіты ў актах 1672 і 1696. Н.а. адыгралі вял. ролю ва ўмацаванні марскога гандлю Англіі, але сталі непатрэбнымі пры пераходзе да свабоднага гандлю — фрытрэдэрства і адменены ў 1849.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЫ́Н (Ягор Францавіч) (сапр. Георг Людвіг; 27.11.1774, г. Ганаў, Германія — 21.9.1845),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч, вучоны. Ген. ад інфантэрыі (1828), граф (1829), ганаровы чл. Пецярбургскай (1824) і Парыжскай (1844) АН, д-р права (1794). Скончыў Гесенскі і Магдэбургскі (Германія) ун-ты. З 1797 у Расіі: саветнік пры экспедыцыі дзярж. эканоміі ў МУС (з 1803), інспектар замежных калоній Пецярбургскай губ. (з 1809), памочнік ген.-правіянтмайстра Ваен.мін-ва (з лют. 1811). Удзельнік вайны 1812 (ген.-інтэндант 1-й Зах. арміі) і замежнага паходу 1813—14 (з 29.4.1813 ген.-інтэндант). У 1816—20 пры Гал. кватэры ў Магілёўскай губ.; адзін з першых даследчыкаў Барысавых камянёў. У 1823—44 міністр фінансаў; правёў гільдзейскую (1824), грашовую (увядзенне сярэбранага монаметалізму, 1839—43) і інш. рэформы. Аўтар прац (пераважна на ням. мове) «Фрагменты аб ваенным майстэрстве з пункту гледжання ваеннай філасофіі» (1809, 2-е выд 1815), «Аб сродках забеспячэння харчаваннем вялікіх армій» (нап. 1809—10), «Аб ваеннай эканоміі ў час вайны і міру і яе сувязі з ваеннымі аперацыямі» (т. 1—3, 1820—23), «Сусветнае багацце, нацыянальнае багацце і дзяржаўная гаспадарка» (1821), маст. твора «Дагабер, раман з сапраўднай вайны за вызваленне» (1797—98), артыкулаў пра ням. тэатр і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНТ (Nantes),
горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Атлантычная Луара. Каля 250 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 400 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Порт у вусці р. Луара (штогадовы грузаабарот з аванпортам Сен-Назер больш за 20 млн.т), для сувязі пераважна з краінамі Афрыкі. Прам-сць: металургія, авія- і суднабудаванне, хім., папяровая, нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Музеі: выяўл.
мастацтваў, нар.дэкар. мастацтва Брэтані і інш.Арх. помнікі 12—19 ст.
У старажытнасці сталіца галійскага племя намнетаў (адсюль назва). У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, у 497 — франкамі. З 4 ст. сядзіба біскупства. З 9 ст. сталіца Нанцкага графства (часова быў і рэзідэнцыяй каралёў), разам з ім у 12 ст. ўвайшоў у склад Брэтані, якая ў 1532 далучана да Францыі. У час рэлігійных войнаў выступаў на баку Каталіцкай лігі. Месца падпісання Нанцкага эдыкта 1598. У 16—18 ст. адзін з цэнтраў гандлю таварамі з амер.калоній і рабамі. У 17—18 ст. на каланіяльнай сыравіне працавалі мануфактуры. У 1793 Н. — адзін з цэнтраў контррэв. вандэйскага мяцяжу (гл.Вандэйскія войны), а потым змовы жырандыстаў. У 2-ю сусв. вайну горад моцна разбураны ў выніку бамбардзіровак саюзнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́Н ((Washington) Джордж) (22.2.1732, Уэйкфілд, штат Віргінія, ЗША — 14.12.1799),
амерыканскі дзярж. і ваен. дзеяч; галоўнакаманд. амер. арміяй у Вайне за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, першы прэзідэнт ЗША. З сям’і багатага плантатара-рабаўласніка. На пач.Сямігадовай вайны 1756—63 у званні палкоўніка камандаваў войскамі Віргініі. У 1759 выйшаў у адстаўку. Выбіраўся чл. 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў, выступаў супраць калан. палітыкі Англіі. 15.6.1775 прызначаны кангрэсам галоўнакаманд. узбр. сіламі ахопленых паўстаннем англ.калонійПаўн. Амерыкі. Паказаў сябе таленавітым палкаводцам і арганізатарам. Кангрэс неаднойчы даваў Вашынгтону шырокія, нават дыктатарскія паўнамоцтвы. У канцы вайны група афіцэраў арганізавала манархічную змову і прапанавала Вашынгтону карону, ён адмовіўся. У 1787 старшыня Канвента па выпрацоўцы канстытуцыі ЗША, якая з невял. змяненнямі дзейнічае і зараз. На аснове гэтай канстытуцыі Вашынгтон двойчы абраны прэзідэнтам ЗША (1789—97, адзіны ў ЗША прэзідэнт, які атрымаў галасы ўсіх выбаршчыкаў). У 1796 адмовіўся балаціравацца на прэзідэнцкі пост у трэці раз. Адзін з заснавальнікаў двухпартыйнай сістэмы ў ЗША. Прыхільнік паступовай адмены рабства. Паводле завяшчання Вашынгтона вызваляліся ўсе рабы, якія належалі яму асабіста. У знешняй палітыцы выступаў за захаванне ЗША нейтралітэту ў адносінах з еўрап. дзяржавамі. У гонар Вашынгтона названа сталіца ЗША — г. Вашынгтон.
Літ.:
Юзефович И.С. Джордж Вашингтон и борьба за независимость Америки. М., 1941;