КА́РСКІ Сяргей, бел. этнограф і фалькларыст канца 19 ст. Даследаваў побыт некат. рэгіёнаў Беларусі, пераважна Віленшчыны. Аўтар артыкулаў «Эканамічны быт беларусаў Віленскай губерні», «Сямейны быт беларусаў Віленскай губерні», «Дажынкі», «Каляндарныя святы ў беларусаў Віленскай губерні», «Вялікдзень у беларусаў Віленскай губерні» (усе 1891), у якіх падрабязна разглядаў вытв. дзейнасць, промыслы, рамёствы, жыллё, адзенне, сямейна-побытавыя адносіны, каляндарна-агр. святы, абрады і песні, звязаныя з імі.
Тв.:
Народные белорусские свадьбы в Ошмянском уезде Виленской губернии. Вильна, 1888.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЛІКО́ВЫ БАЛА́НС,
суадносіны грашовых патрабаванняў і абавязацельстваў краіны, што ўзнікаюць у выніку гандлёвых і інш. адносін з інш. краінамі за пэўны перыяд або на пэўную дату. Уключае гандлёвы баланс, вываз і ўвоз золата, прадастаўленне крэдытаў, баланс паслуг, турыстаў і даходы ад замежнага турызму, даходы ад замежных інвестыцый, звязаныя з імі расходы і інш. У адрозненне ад плацежнага балансу ўключае не толькі зробленыя плацяжы і паступленні, але і непагашаныя патрабаванні і абавязацельствы, тэрмін пагашэння якіх яшчэ не настаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕК (Аляксандр Альфрэдавіч) (3.1.1903, г. Саратаў, Расія — 2.11.1972),
рускі пісьменнік. Першая аповесць «Курака» (1934) прысвечана вядомаму металургу-доменшчыку з Беларусі. Вядомасць прынесла аповесць «Валакаламская шаша» (1943—44) пра абарону Масквы ў 1941; яе працяг — аповесці «Некалькі дзён», «Рэзерв генерала Панфілава» (абедзве 1960). Аўтар нарысаў, апавяданняў, аповесцяў пра металургаў (зб. «Доменшчыкі», 1946; «Цімафей — Адкрытае сэрца», 1948), раманаў «Маладыя людзі» (1954, разам з М.Лойкам), «Жыццё Беражкова» (1956). Раман «Новае прызначэнне» (выд. 1986) пра маральныя праблемы, звязаныя з камандна-адміністрацыйнай сістэмай 1930—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад лац. glacies лёд + дыслакацыя),
ледавіковыя дыслакацыі, парушэнні залягання горных парод, якія складаюць ложа ледавіка, пад ціскам лёду. Пашыраны ў раёнах сучаснага і старажытна-мацерыковага зледзянення. Звычайна ўзнікаюць там, дзе рухомы ледавік сустракае перашкоду. Пераважаюць каляпаверхневыя дэфармацыі, звязаныя з актыўнымі ледавікамі (складкі, складкава-лускаватыя структуры, насовы і інш.) або з дэградуючым (мёртвым) лёдам (прасадкі, апоўзні, тэрмакарст і інш.). Гляцыядыслакацыі вывучае гляцыятэктоніка. На тэр. Беларусі найб. выразныя і магутныя складкава-лускаватыя (скібавыя) гляцыядыслакацыі — Бярозаўская, Грандзіцкая, Пескаўская, Поразаўская, Салігорская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ ВО́ЛІ,
адзін з відаў крымінальнага пакарання, які заключаецца ў ізаляцыі асуджанага ад грамадства шляхам накіравання яго ў папраўчую калонію з адпаведным рэжымам утрымання. У праве Рэспублікі Беларусь П.в. ўстанаўліваецца на тэрмін ад 6 месяцаў да 25 гадоў. За злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях, і за інш. асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца пажыццёвае зняволенне. Пры назначэнні пакарання асобе, якая не дасягнула 18 гадоў, тэрмін П.в. не павінен перавышаць 10 гадоў, а адбыванне пакарання назначаецца ў выхаваўчай калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШКІ,
радовішча мелу ў Гродзенскім р-не, каля в. Пышкі. 2 пластападобныя паклады, звязаныя з адкладамі верхняга мелу, залягаюць у выглядзе адорвеняў сярод ледавіковых утварэнняў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, белы, у асобных інтэрвалах жаўтаваты, месцамі з плямамі ажалязнення, слаба сцэментаваны, з уключэннямі крамянёвых сцяжэнняў, у верхняй ч. пласта запясочаны. Разведаныя запасы 2 участкаў (Паўн. і Паўд.) 5,2 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 2,4—39,7 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,3—15,4 м. Мел прыдатны на выраб вапны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРСА́ЛЬСКА-ВАШЫНГТО́НСКАЯ СІСТЭМА,
сістэма мірнага ўрэгулявання, устаноўленая дзяржавамі-пераможцамі (гал. чынам Вялікабрытаніяй, Францыяй, ЗША і Японіяй) пасля 1-й сусв. вайны. Яе аснову складалі Версальскі мірны дагавор 1919, звязаныя з ім дагаворы з б. саюзнікамі Германіі (гл.Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919, Нейскі мірны дагавор 1919, Трыянонскі мірны дагавор 1920, Сеўрскі мірны дагавор 1920) і пагадненні, заключаныя на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22.
Падзел свету з пазіцыі сілы паводле Версальска-Вашынгтонскай сістэмы ўзмацніў супярэчнасці паміж буйнымі дзяржавамі. Канчаткова распалася з пачаткам 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ХВАРО́БА,
прафесійная хвароба, якая развіваецца пры сістэматычным працяглым уздзеянні вібрацыі. Асн. клінічныя выявы — змены ў перыферычнай сасудзістай сістэме, касцёва-сустаўным і нервова-мышачным апараце. Пры мясц. уздзеянні вібрацыі (напр., на рукі) адзначаецца боль у кісцях (часцей ноччу), пабяленне пальцаў на холадзе, аняменне і зябкасць рук, болі ў паясніцы і ў вобласці сэрца, паніжэнне адчувальнасці ў руках (часам і ў нагах). Пры агульным уздзеянні вібрацыі выяўляюцца слабасць, хуткая стамляльнасць, галаўны боль, дрэнны сон, раздражняльнасць, парушэнні, звязаныя з дзейнасцю мозга і вестыбулярнага апарату. Лячэнне: вітаміны, фізіятэрапеўтычнае і курортнае, лячэбная гімнастыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці фарміравання і работы псіхікі чалавека ў працэсе ваеннай службы, асабліва ва ўмовах бою. Як асобная дысцыпліна склалася на пач. 20 ст. Актуальныя праблемы ваеннай псіхалогіі — маральна-псіхал. настрой арміі, псіхал. гатоўнасць ваеннаслужачых, адносіны салдата да сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраення. Разглядае пытанні, звязаныя з фарміраваннем эмацыянальнай стойкасці і валявых якасцей воіна, уплывам умоў бою на псіхіку і псіхалогію воінскага калектыву, выяўленнем здольнасцей чалавека пераадольваць цяжкасці паходна-баявога жыцця, устанаўленнем псіхал. крытэрыяў падбору асабовага складу па родах войск, для спец. заданняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНА́Р ((Bonnard) П’ер) (3.10.1867, Фантэнэ-о-Роз, дэп. О-дэ-Сен, Францыя — 23.1.1947),
французскі мастак. У канцы 1880-х г. вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Чл. групы «Набі», зазнаў уплыў П.Гагена і яп. гравюры. Яго пейзажы, быт. сцэны, інтэр’еры, ню і нацюрморты, звязаныя з дэкаратыўнасцю позняга імпрэсіянізму, адметныя лірычнай сузіральнасцю, надзвычайнай вытанчанасцю каларыту: «Пачатак вясны (Маленькія фаўны)» (1903—04), пано «Восень. Збор садавіны» (1912), «Аголеная ў ванне» (1937) і інш.