ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),
вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.
т. 5, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЕКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
захворванне, абумоўленае ўтварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і (або) жоўцевых пратоках. Частата ўтварэння жоўцевых камянёў павялічваецца з узростам і дасягае 50% у жанчын старэй за 80 гадоў. У мужчын жоўцевыя камяні трапляюцца ў 3—5 разоў радзей, у дзяцей — вельмі рэдка. Асн. прычыны ўзнікнення Ж.х.: застой жоўці, запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых шляхоў, змяненне хім. саставу жоўці ў сувязі з парушэннямі абмену рэчываў (спадчынная схільнасць). Жоўцевыя камяні (халеліты) — цвёрдыя ўтварэнні, колькасць якіх можа складаць ад аднаго да некалькіх тысяч, велічыня — да некалькіх сантыметраў у дыяметры, Маса — да 30 г і болей. Асн. праяўленне захворвання — болі ў правым падрабрынні, якія ўзнікаюць пасля ежы, асабліва вострай або тлустай. Часта назіраюцца слабасць, недамаганне, раздражняльнасць, горкая адрыжка, няўстойлівы стул. Ускладненні Ж.х.: флегмона, гангрэна, вадзянка, эмпіема і перфарацыя жоўцевага пузыра, жоўцевы перытаніт, самаадвольны жоўцевы свішч. Лячэнне тэрапеўтычнае, бальнеалагічнае, хірургічнае.
т. 6, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),
грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.
Ю.К.Малевіч.
т. 10, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́НКА ЧЫРВО́НАЯ,
хвароба з групы калагенозаў (гл. Калагенавыя хваробы). Праяўляецца ў формах: дыскоіднай і дысемінаванай — хранічнае захворванне скуры, сістэмнай — хвароба з расстройствамі і пашкоджаннямі ўнутр. органаў. Формы ваўчанкі чырвонай звязаны паміж сабой: дыскоідная можа пераходзіць у сістэмную. Прычыны захворвання канчаткова не высветлены; значная роля належыць вірусам і аўтаімунным працэсам. Правакуюць развіццё хваробы празмерная інсаляцыя, ахаладжэнне, траўмы, ачагі хранічнай гнойнай інфекцыі, дысфункцыя эндакрыннага апарату.
Ваўчанка чырвоная дыскоідная праяўляецца пашкоджаннем скуры ў выглядзе ацёчнай плямы ці інфільтраванай бляшкі, якія павялічваюцца і пакрываюцца густымі лусачкамі, скура станчаецца і ўтвараецца рубцовая атрафія. Лакалізацыя: скура носа, твару, валасістай часткі галавы, верхняй часткі грудзей, спіны. Пры ваўчанцы чырвонай дысемінавай колькасць ачагоў значна большая, яны не здольныя да перыферычнага росту, найменш інфільтраваныя і не заўсёды ўтвараецца рубцовая атрафія. Ваўчанка чырвоная сістэмная характарызуецца пашкоджаннем суставаў, серозных абалонак, скуры, унутр. органаў, ц. н. с. Лячэнне: антымалярыйныя прэпараты, вітаміны, глюкакартыкоідныя гармоны, фотаахоўныя мазі і крэмы.
т. 4, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЁВЫЯ ГРЫБЫ́ (Ustilagenales),
парадак базідыяльных грыбоў. Уключае 2 сям. — устылягавыя і тылецыевыя, больш за 50 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца каля 100 відаў з 7 родаў (сараспорый, тылецыя, тэкафора, урацысціс, устыляга, энталома, энтарыза).
Звычайна спецыялізаваныя паразіты вышэйшых травяністых раслін: пашкоджваюць толькі пэўныя віды і нават асобныя сарты, выклікаюць спецыфічнае захворванне пераважна збожжавых злакаў — галаўню. У цыкле развіцця галаўнёвых грыбоў 3 стадыі (фазы): гаплоідная (кароткачасовая, базідыяспоры і першасны міцэлій), дыкарыятычная (працяглая, другасны паразітны міцэлій) і дыплоідная (вельмі кароткая, спелыя хламідаспоры). Міцэлій шматклетачны, бясколерны, мае гаўсторыі, з дапамогай якіх грыбы жывяцца. Міцэлій можа пранізваць розныя органы раслін, дзе ўтвараюцца спляценні з круглаватымі двух’ядравымі спорамі (хламідаспоры), якімі грыбы размнажаюцца. У некат. відаў утвараюцца спаракучкі з 40—50 і больш спораў. Хламідаспоры маюць ахоўную абалонку і здольныя пераносіць высушванне, захоўваюць жыццядзейнасць на працягу 20 і больш гадоў.
В.С.Гапіенка.
т. 4, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫТАНІ́Т,
запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Грышын.
т. 12, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЦЫ́НЫ,
група імунапрэпаратаў з мікраарганізмаў, што выкарыстоўваюцца для стварэння актыўнага спецыфічнага набытага імунітэту людзей і жывёл з мэтай прафілактыкі і лячэння інфекц. і паразітарных хвароб. Уводзяць вакцыны (вакцынацыя, імунізацыя, прышчэпкі) праз рот, дыхальныя шляхі, на скуру, пад скуру, у мышцы і інш. Упершыню вакцыны выкарыстаў у 1796 англ. ўрач Э.Джэнер, які прышчэпліваў людзям для папярэджання ад захворвання натуральнай воспай воспу каровы (адсюль назва).
Адрозніваюць вакцыны інактываваныя карпускулярныя, жывыя карпускулярныя, хім. і анатаксіны. Інактываваныя вакцыны рыхтуюць з мікраарганізмаў, забітых фіз. (награванне) і хім. метадамі, жывыя вакцыны — са спецыяльна аслабленых культур мікраарганізмаў, якія не здольны выклікаць захворванне, але могуць фарміраваць імунітэт. Хім. вакцыны — рэчывы, вылучаныя з бактэрыяльных клетак, маюць асн. кампаненты, якія ствараюць імунітэт. Вакцыны могуць быць прыгатаваны з узбуджальнікаў адной інфекцыі — монавакцыны або ў выніку камбінацыі двух і болей узбуджальнікаў (асацыіраваныя вакцыны). Прынцып прыгатавання і класіфікацыя вакцын супраць хвароб жывёл не адрозніваюцца ад медыцынскіх. Вакцыны выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння больш як 20 інфекц. хвароб жывёл.
А.П.Красільнікаў.
т. 3, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁНАВЫЯ ХВАРО́БЫ,
інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца асаблівымі бялкамі — прыёнамі. Крыніца інфекцыі для чалавека — мяса (магчыма, і малако) хворых кароў, для жывёл — харч. дабаўкі (касцявая або мясная мука, прыгатаваная з хворых жывёл). У чалавека П.х. выклікаюць павольнае згасанне рэфлексаў ног, гіпатанію, зніжэнне адчувальнасці, парушэнне голасу і глытання, развіццё слепаты, глухаты, расстройствы псіхікі і смерць ад маразму. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да дзесяткаў гадоў. Для чалавека апісаны 6 назалагічных форм П.х.: куру, хвароба Кройтцфельта—Якаба, амітрафічны лейкаспангіёз (апісаны на Беларусі В.А.Вацяковым, Х.А.Протасам, 1957), сіндром Герстмана—Страўслера, фатальная сямейная бяссонніца, прыёнасацыіраваная міяпатыя. У жывёл найб. вылучаюць спангіяформную энцэфалапатыю буйной рагатай жывёлы (т. зв. «шаленства кароў»), ад мяса якіх адбываецца заражэнне людзей (скрыты перыяд у людзей 5—35 гадоў). Захворванне абумоўлена губчастым перараджэннем галаўнога мозга. Дыягностыка П.х. праводзіцца на аснове клінічных даных, заражэння лабараторных жывёл, электроннай мікраскапіі і інш. Асн. прафілакт. мерапрыемствы — вет. нагляд.
Літ.:
Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;
Шлопов В.Г. Прионовые инфекции: медико-социал. и экол. проблемы. Киев, 2000.
А.Л.Астапаў.
т. 13, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯБЕ́Т ЦУКРО́ВЫ, цукровая хвароба,
эндакрыннае захворванне, абумоўленае поўным (інсулінзалежны Д.ц.) або адносным (інсуліннезалежны Д.ц.) недахопам у арганізме гармону інсуліну або яго нізкай біял. актыўнасцю. Характарызуецца парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і пашкоджаннем буйных і дробных крывяносных сасудаў. Д.ц. — вынік недастатковага ўтварэння ў падстраўнікавай залозе інсуліну з прычыны функцыян. прыгнечанасці або арган. пашкоджання β-клетак астраўкоў Лангерганса ў выніку парушэння абмену рэчываў, інфекц. хвароб, выдзялення вял. колькасці гармонаў антаганістаў інсуліну, атрафіі і перараджэння парэнхімы падстраўнікавай залозы, хранічнага пераядання і інш. Пры недахопе інсуліну памяншаецца ўтварэнне глікагену з глюкозы, таму тканкі не засвойваюць цукар і не могуць выкарыстоўваць яго як крыніцу энергіі, што вядзе да павышэння ўзроўню цукру ў крыві (гіперглікемія) і выдзяленню яго з мачой (гліказурыя). У больш цяжкіх выпадках парушаецца функцыя печані: у ёй не сінтэзуецца і не назапашваецца глікаген, не абясшкоджваюцца прадукты распаду бялкоў і тлушчаў, што прыводзіць да ацыдозу, які можа выклікаць дыябетычную кетаацыдатычную кому. У хворых на Д.ц. адзначаюцца празмерны апетыт і смага, выдзяленне вял. колькасці мачы (да 8 л за суткі) з высокай удз. в., скурны сверб, запаленне слізістых абалонак поласці рота і інш. Лячэнне — дыета, інсулін і таблеткі, якія зніжаюць цукар.
Літ.:
Балаболкин М.И. Сахарный диабет. М., 1994;
Справочник по клинической эндокринологии. Мн., 1996.
Т.В.Мохарт.
т. 6, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАДЭРМАТЫ́Т [ад акра... + дэрматыт(ы)],
група хвароб з выключным або пераважным пашкоджаннем скуры канечнасцяў. Атрафічны хранічны акрадэрматыт бывае часцей у жанчын. На скуры тыльнага боку кісці і ступні, каленных і локцевых суставаў з’яўляецца застойна-сінюшная эрытэма, якая паступова распаўсюджваецца па ўсёй канечнасці. Скура атрафіруецца, станчаецца, робіцца падобнай на папяросную паперу. Суб’ектыўныя адчуванні адсутнічаюць, зрэдку — паколванні, неўралгічныя болі. Іншы раз бываюць зацвярдзенні скуры, вузлы каля каленных і локцевых суставаў, трафічныя язвы. Пры пустулёзным акрадэрматыце скура далоняў і тыльных паверхняў пальцаў рук (часцей вакол пазногцяў і каля падушачак), радзей скура пальцаў ног робіцца сінюшна-чырвоная, нацягнутая, бліскучая, пачынае лушчыцца (эрытэматозналушчыльная форма), з’яўляюцца пухіры (везікулёзная форма), часцей паверхневыя гнайнікі (пустулёзная форма). Скура паступова станчаецца, атрафіруецца, пазногці мутнеюць, дэфармуюцца і адпадаюць. Працэс можа пашырыцца на скуру далоняў, падэшвы, іншы раз — на ўсё цела. Суб’ектыўна — паколванні, радзей неўралгічныя болі. Захворванне працяглае з кароткімі рэмісіямі. Энтэрапатычны акрадэрматыт развіваецца часцей у немаўлят і дзяцей ранняга ўзросту. Абумоўлены спадчыннасцю, парушэннямі ўсмоктвання пажыўных рэчываў і цынку ў тонкіх кішках. Характарызуецца пухірковай, гнайнічковай высыпкай вакол рота, вачэй, задняга праходу, у вобласці локцяў, каленяў, пахвінна-сцегнавых складак, на сцёгнах, ягадзіцах, дзе потым утвараюцца бляшкі. Адначасова пашкоджваецца слізістая абалонка рота, пазногці мутнеюць, робяцца ломкія, выпадаюць валасы на галаве, брывах, вейках. Характэрны святлабоязь, блефараспазма, страўнікава-кішачныя расстройствы, якія прыводзяць да знясілення і адставання ў фіз. развіцці дзіцяці.
М.З.Ягоўдзік.
т. 1, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)