сярэдні каменны век, пераходны ад палеаліту да неаліту (каля 10—5-га тыс. да н.э.). Асн.заняткі плямён — паляванне, збіральніцтва, рыбалоўства. Стаянкі былі невял., каротка- і доўгачасовыя, жытлы — наземныя і паўзямлянкі. У М. карысталіся лукам і стрэламі, мікралітычнымі прыладамі працы (разцы, скрабкі, скоблі, нажы і інш.), прыручаны сабака. На тэр. Беларусі вылучаюцца ранні М. (9—7-е тыс. да н.э.) і позні (6—5-е тыс. да н.э.). У познім М. былі заселены ўсе рачныя басейны Беларусі, на З працягвалася развіццё свідэрскай культуры, узнікла нёманская мезалітычная культура, на У — трэнская і сожская (днепра-дзяснінская) культуры. Вядомы помнікі культур кунда, яніславіцкай, каморніцкай, кудлаеўскай (пра кожную гл. адпаведны арт.). Часам М. наз. протанеалітам ці эпіпалеалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФА́ЗІЯ (ад а... + грэч. phasis выказванне),
парушэнне мовы з поўнай або частковай стратай здольнасці карыстацца словамі ці фразамі для выказвання думак або разумець чужую мову пры пашкоджванні пэўных участкаў кары галаўнога мозга, але захаванні функцыі артыкуляцыйнага апарата і слыху. Часта камбінуецца з парушэннем чытання (алексія), пісьма (аграфія), ліку (акалькулія). Узнікае пры інсультах, пухлінах і абсцэсах мозга, чэрапна-мазгавых траўмах і інш. Адрозніваюць афазію маторную (цяжка або немагчыма вымавіць слова, выказаць думку пры захаванні здольнасці вымаўляць асобныя гукі і разумець мову), сенсорную (неразуменне мовы пры нармальным слыху), семантычную (парушэнне разумення сэнсу фраз пры захаванні разумення асобных слоў), амнестычную (хворыя забываюць назвы прадметаў, але даюць ім характарыстыку), татальную (страта хворымі здольнасці гаварыць, разумець, чытаць і пісаць). Пры ўсіх формах афазіі лечаць асн. захворванне, праводзяць заняткі з лагапедам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ-ЛАНКА́СТЭРСКАЯ СІСТЭ́МАўзаемнага навучання,
сістэма навучання ў пач. школе, пры якой старэйшыя вучні, якія больш паспяхова займаліся, пад кіраўніцтвам настаўніка вялі заняткі з астатнімі навучэнцамі. Узнікла ў сувязі з неабходнасцю масавага навучання пісьменнасці. Прапанавана незалежна адзін ад аднаго англ. педагогамі Э.Белам (1791) і Дж.Ланкастэрам (1801). Спачатку ўжыта ў Індыі, потым у Вялікабрытаніі. У пач. 19 ст. шырока практыкавалася ў Францыі, Расіі, ЗША, Даніі і інш. краінах. У Расійскай імперыі ў 1817—19 школы ўзаемнага навучання ўзніклі ў некаторых вайск. часцях і ў маёнтках ліберальна настроеных памешчыкаў. Адной з першых такая школа адчынена для сялян у маёнтку графа М.П.Румянцава ў Гомелі. Супраць Бел-Ланкастэрскай сістэмы выступалі прыхільнікі навучання, якое садзейнічала развіццю асобы. У сярэдзіне 19 ст. Бел-Ланкастэрска сістэма страціла папулярнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 2-й пал. 4-га — 3-м тыс. да н.э. жылі ў бас. Дзясны і на У Пасожжа. Асн.заняткі насельніцтва — паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. Паселішчы пл. 300—600 м² размяшчаліся на прыбярэжных тэрасах, узгорках, якія ўдаваліся ў даліны рэк. Жытлы наземныя або заглыбленыя ў зямлю, прамавугольнай або авальнай формы, пл. 10—12 м². Агнішчы адкрытага тыпу былі ў цэнтры жытлаў. Плямёны Дз.к. выраблялі крамянёвыя, грубаапрацаваныя сякеры, скрэблы, бакавыя і клінападобныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі і інш., грубы гліняны вастрадонны посуд аздоблены круглымі, авальнымі і ромбападобнымі ямкамі, з якіх скампанаваны паясы, рамбічныя і шахматныя кампазіцыі. На познім этапе Дз.к. з’явіліся адбіткі перавітай шнурам палачкі (т.зв. лапчасты арнамент), наколы пад вуглом, што было вынікам уплыву суседніх плямён днепра-данецкай культуры і верхнедняпроўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СНА-ЎРО́ЧНАЯ СІСТЭ́МАнавучання,
арганізацыя навуч. працэсу, пры якой вучні размяркоўваюцца па класах у адпаведнасці з узростам і ведамі, а асн. формай навучання з’яўляецца ўрок. Змест навучання вызначаецца навуч. планамі і праграмамі. Заняткі (урокі) праводзяцца паводле раскладу (складаецца на аснове навуч. плана). Працягласць заняткаў і перапынкаў паміж заняткамі строга рэгламентавана.
К.-ў.с. склалася ў 16 ст. і паступова замяніла індывідуальнае навучанне. Яе ўсталяванне звязваюць з дзейнасцю Страсбургскай школы І.Штурма (1538), якая мела асобныя класы, навучанне праводзілася на аснове навуч. плана, чаргавання навучання і адпачынку. К.-ў.с. была прынята таксама ў езуіцкіх школах і калегіумах. У 16 ст. яе выкарыстоўвалі ў пач. школах Чэхіі, Польшчы, ВКЛ, Венгрыі, Саксоніі, Браўншвайга і інш. Тэарэтычнае абгрунтаванне К.-ў.с. даў Я.А.Каменскі. На Беларусі яе элементы ўпершыню выявіліся ў дзейнасці брацкіх школ, езуіцкіх школах і калегіумах (16—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,
у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-я г. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн.заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст.дзярж. утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ванар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ШКО́ЛА КПЗБ, Падпольная школа КПЗБ у Мінску,
навучальная ўстанова, у якой у 1925—37 праходзілі падрыхтоўку падпольшчыкі Зах. Беларусі. Створана паводле пастановы ЦККПЗБ ад 17.7.1924. Пачала дзейнічаць у пач. 1925 у в. Лошыца (цяпер у межах Мінска); пазней размяшчалася ў б. памешчыцкай сядзібе на вул. Грушаўскай. Штогод у школе навучалася 25—30 падпольшчыкаў парт. і камсам. профілю. Вучоба працягвалася 9—10 месяцаў па спец. праграме. Заняткі праводзілі выкладчыкі з БДУ, інш.ВНУ Мінска, дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху Зах. Беларусі; з дакладамі выступалі кіруючыя работнікі КПП і КПЗБ, сакратары ЦККП(б)Б і старшыні СНКБССР. Усе слухачы і выкладчыкі, звязаныя з падполлем, карысталіся псеўданімамі. Сярод выпускнікоў школы дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.Р.Анісаў, А.Р.Бергман, С.В.Прытыцкі і інш. Перастала існаваць у 1937 у сувязі з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў рэв.-вызв. руху Зах. Беларусі.
Літ.:
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983.