растрэскванне слаёў грунту, фарбы або лаку ў творах жывапісу. Бывае паверхневы ці глыбокі, жорсткі (з вострымі краямі), мяккі, або, плывучы. К. ўзнікаюць ад нераўнамернага высыхання (усадкі) сувязных рэчываў, мех. уздзеянняў (удар, страсенне) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ-МУСА́ТАЎ (Віктар Эльпідзіфоравіч) (14.4.1870, г. Саратаў, Расія — 8.11.1905),
рускі мастак. У 1890—91 і 1893—95 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1891—93 у Пецярбургскай АМ. З 1899 член і адзін з кіраўнікоў Маскоўскага т-ва мастакоў, з 1904 член «Саюза рускіх мастакоў». Выпрацоўваў своеасаблівую жывапісную манеру, заснаваную на вытанчана-прыглушанай гармоніі каларыту, блізкага да пастэлі, на спалучэнні глыбока індывід. перапрацоўкі пленэрнага жывапісу з дэкаратыўнасцю агульнага вырашэння карціны. Асн. творы: «Майскія кветкі» (1894), «Агава» (1897), «Габелен» (1901), «Вадаём» (1902), «Ізумрудныя каралі» (1903—04), «Куст арэшніку» (1905). Яго творчасць паўплывала на станаўленне сімвалізму ў рус. жывапісе пач. 20 ст., асабліва на мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́Н (сапр.Агата Карын; 1653 або 1658, г. Кіёта, Японія — 1743 або 2.6.1716),
японскі жывапісец, каліграф, майстар маст. лаку, кераміст. Вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Агата Сакэн, у Кано Ясунобу і Кано Цунэнобу. Заснавальнік яп.дэкар. школы жывапісу, т. зв. школа Сатацу-Карын. Працаваў у жанрах «кветкі-птушкі», «людзі». Жывапісным творам уласцівы тонкае адчуванне прыгажосці свету, буйныя маштабы выяў, насычанасць каларыту, лёгкасць і раскаванасць манеры пісьма: скруткі «Партрэт Накамура Куранасукэ» (1704), «Азалія каля ручая», «Восеньскія кветкі», «Любаванне касачамі»; парныя шырмы «Квітненне белай і чырвонай слівы» (каля 1710), «36 праслаўленых паэтаў», «Касачы», «Паўліны і мальвы». Размалёўваў вееры, блюды, шкатулкі для пісьмовых прылад і інш.
Карын. Дэталь размалёўкі шырмы «Паўліны і мальвы». Пач. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў (Васіль Мікітавіч) (6.1.1868, г. Ялец, Расія — 26.11.1946),
расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак Расіі (1943). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1882—89), Пецярбургскай АМ (1889—90). Чл. Маскоўскага т-ва мастакоў (з 1893), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Маскве ва ўласнай школе жывапісу і малявання (1892—1917), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1922—23), у Ленінградскай АМ (1937—40). Пісаў жанравыя карціны ў духу позніх перасоўнікаў, пейзажы, партрэты. Сярод твораў: «Лячэнне зубоў» (1891), «Сляпы мастак» (1898), «Трувіль» (1903), партрэты старой (1897), С.М.Будзённага, В.Р.Мянжынскага (абодва 1927), М.І.Калініна (1937), аўтапартрэт (1943) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр.Кальяры; Caliari) Паала
(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),
італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар.жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМЕР (Дэлфцкі) (Vermeer van Delft) Ян (31.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 15.12.1675),
галандскі жывапісец, адзін з буйнейшых майстроў галандскага жанравага і пейзажнага жывапісу. Працаваў у Дэлфце. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам К.Фабрыцыуса. Захавалася каля 30 яго карцін. Ужо ў ранніх творах імкнуўся аб’яднаць узнёсласць вобразаў з іх блізкасцю да натуры («У зводніцы», «Хрыстос у Марфы і Марыі»). З 2-й пал. 1650-х г. піша невялікія карціны з адной ці некалькімі постацямі ў гар. інтэр’еры, залітым сярэбраным святлом («Дзяўчына з пісьмом», «Служанка са збанам малака»), засяроджваючы ўвагу на агульным лірычным настроі сцэны. Стварыў шэдэўры пейзажнага жывапісу «Вулачка» і «Від Дэлфта». Яго творы 1660-х г. больш сузіральныя і вытанчаныя, а іх жывапіс больш халодны («Дзяўчына з жамчужынай»). У пазнейшых творах Вермера алегарызм, акад. прыёмы, сухасць і стракатасць лакальных колераў адлюстроўваюць агульны заняпад галандскага жывапісу; жыццёвы змест і чароўнасць вобразаў захаваліся толькі ў карцінах, дзе ўвасоблены людзі працы, мастацтва і навукі («Каруначніца», «Географ», «У майстэрні», «Урокі музыкі», «Дама за спінетам» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРНА́К (Леанід Восіпавіч) (3.4.1862, г. Адэса, Украіна — 13.6.1945),
расійскі жывапісец, графік. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1905). Бацька Б.Л.Пастарнака. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1885), адначасова вучыўся ў Мюнхенскай АМ. Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1894). Экспанент Т-ва перасоўных выставак (з 1889). Чл.-заснавальнік аб’яднання «Саюз рускіх мастакоў» (з 1903). З 1921 жыў у Германіі, Вялікабрытаніі. Працаваў у жанры партрэта, станковай і кніжнай графікі. Стварыў цыкл твораў, прысвечаных Л.Талстому, партрэты М.Горкага (1906), А.Скрабіна (1909), С.Рахманінава, Э.Верхарна (абодва 1913), А.Эйнштэйна (1924), Р.М.Рыльке (1926), Л.Карынта (1927), Г.Гаўптмана (1930), цыкл натурных партрэтаў У.І.Леніна і інш. Яго партрэтам уласцівы выразнасць, лаканізм, увага да духоўнага жыцця чалавека. Аўтар ілюстрацый да раманаў «Вайна і мір» і «Уваскрэсенне» Талстога, твораў М.Лермантава, жанравых карцін «Ліст з радзімы» (1889), «Дамоў на радзіму» (1891), «Пасяджэнне савета выкладчыкаў Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства» (1902), серыі пейзажаў гарадоў Паўн. Еўропы (1908), малюнкаў дзяцей і інш. Творчасці П. ўласцівы эмац. выразнасць, тонкасць каларыту, зварот да пленэрнага жывапісу, праца пры вячэрнім асвятленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школыжывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант.жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎ (Сяргей Васілевіч) (16.6.1864, г. Руза Маскоўскай вобл. — 16.8.1910),
рускі жывапісец. Прадстаўнік «крытычнага рэалізму». Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878—82, 1884—85), Пецярб.АМ (1882—84). Выкладаў у Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства і Строганаўскім вуч. З 1899 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак, адзін з заснавальнікаў маскоўскага аб’яднання «Саюз рускіх мастакоў» (1903). Раннія творы вылучаюцца натуралізмам і рэв.-дэмакр. накіраванасцю («Каля астрога», 1885, «У дарозе. Смерць перасяленца», 1889). З канца 1890-х г. пісаў карціны на тэмы рус. жыцця 16—17 ст. у больш свабодным і маляўнічым стылі («Прыезд іншаземцаў у Маскву 17 стагоддзя», 1901; «Цар. 16 стагоддзе», 1902).
Літ.:
Грановский И.Н. С.В.Ивамов: Жизнь и творчество. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛАжывапісу,
самабытная галіна ісп.маст. культуры ў 14—15 ст. Сфарміравалася на маст. традыцыях у Каталоніі. Вытокі К.ш. ў грубаватых, але поўных жыццёвай выразнасці царк. размалёўках 11—13 ст. раманскага стылю ў спалучэнні з уплывам жывапісу Сіены і Фларэнцыі (размалёўкі Ферэр Басы ў капэле Сан-Мігель манастыра Педральбес у Барселоне, 1346). Майстры К.ш. стваралі заалтарныя абразы (рэтабла), у якіх элементы, што папярэднічалі мастацтву Адраджэння, спалучаліся з устойлівымі прынцыпамі позняй готыкі. Яны адмаўлялі алейны жывапіс, фігуры ў карцінах пісалі тэмперай, узорыстыя залачоныя фоны, німбы, часткі адзення святых і іх атрыбуты выраблялі са стука. Плоскі рэльеф служыў натуральным пераходам ад плоскасных выяў да арнаментальнай пластыкі і скульптур на рэтабла, садзейнічаў арганічнаму сінтэзу жывапісу ў цэласную арх.-дэкар. кампазіцыю. Творам уласцівы вял. ўвага да апрацоўкі жывапіснай паверхні, імкненне да стварэння індывідуальна-партрэтных вобразаў і дакладнага адлюстравання асяроддзя, яркай і жыццярадаснай апавядальнасці. Для К.ш. 14 — пач. 15 ст. характэрны ўплывы італьян. мастацтва: спроба перадачы трохмернасці твараў і фігур, элементаў глыбіннай перспектывы пры захаванні агульнай плоскаснасці пабудовы кампазіцыі (Л.Бараса, Б.Мартарэль, браты Сера і інш.). У сярэдзіне 15 ст. ўзмацніліся нідэрл. ўплывы, што выявілася ў імкненні да большай пачуццёвасці і напружанасці вобразаў, амаль партрэтнай выразнасці характарыстык святых (Х.Уге і інш.). Пасля аб’яднання Іспаніі (1479) К.ш. заняпала.