БРЭ́СЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Размешчана на ПдЗ краіны, каля граніцы з Польшчай і Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,3 тыс. км². Нас. 1518 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 20 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 гар. пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскія населеныя пункты.

Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на Пд — пераважна нізінны. Вылучаюцца на ПдЗ раўніннае Брэсцкае Палессе, на У нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на ПнЗ Прыбугская раўніна, на Пн Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На ПнУ адгор’і Капыльскай грады. Карысныя выкапні: буд. камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім р-не), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і буд. пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -4,4 °C (Брэст) да -6,1 °C (Баранавічы), у ліп. ад 18 °C на З да 19 °C на У. Вегетац. перыяд 195—208 сут. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на ПдЗ да 645 мм на ПнУ, за летні перыяд — 400—450 мм. Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Зах. Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярац. каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасх. Лактышы, Сялец, Пагост. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле мех. складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на Пд складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%. Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім р-нах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэр., ​2/3 з іх нізінныя. Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біял. разнастайнасці вял. значэнне маюць нац. парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў, 29 ахоўных помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 4270 км² (13% тэр. вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. 470 км² са шчыльн. 5—15 Кі/км². На забруджанай тэр. каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага р-наў.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,6%), жывуць таксама рускія (9,2%), украінцы (3%), палякі (2,5%), яўрэі (0,3%) і інш. Гарадскога нас. 60,4%. Сярэдняя шчыльн. 46,4 чал. на 1 км², сельскага нас. 18,4 чал. на 1 км² і вагаецца ад 25,3 чал. на 1 км² у Брэсцкім да 13,3 чал. на 1 км² у Ганцавіцкім і Маларыцкім р-нах. Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Брэст (294,3), Баранавічы (172,9), Пінск (130,3), Кобрын (51,1), Бяроза (30,5), Пружаны (25,2), Лунінец (24,9). У 1985—95 зніжаюцца нараджальнасць і натуральны прырост, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, адзначаецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва.

Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапр. прам-сці і вытв-сці буд. матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе бел. электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхнал. абсталяванне для лёгкай прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытв-сці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80% электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40% панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30% дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35% цукру, каля 30% кансерваў, амаль 20% мяса і масла, 27% драўнінна-стружкавых пліт, каля 20% клеенай фанеры. Прадукцыя прам-сці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80% прамысл. патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вял. гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытв. аб’яднанне «Граніт» па здабычы буд. каменю, у г. Белаазерск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС. У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харч. (цукр., мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прам-сці, 24 — лясной і дрэваапр., 23 — прам-сці буд. матэрыялаў. Яны працуюць на мясц. сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невял. гарадах і гар. пасёлках. Жыллёвым, меліярац., сельскім і дарожным буд-вам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 буд.-мантажная арг-цыя (1993). Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукр. буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсх. і паўд.-зах. раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтр. і зах. раёнах дадаткова вырошчваюць цукр. буракі, у паўн. раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45% тэр. і складаюць 1475 тыс. га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы (гл. табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі. Больш за 76% пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67% агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сял. гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл. табл. 2). Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага р-наў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага р-наў.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс. км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Праходзяць найважнейшыя міжнар. магістралі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст і гал. чыгунка Палесся Брэст—Гомель. Чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км. Асн. магістралі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель. Вял. значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын—Брэст—Варшаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты.

Л.В.Казлоўская.

т. 3, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБО́ДЖА, Каралеўства Камбоджа (Preahreacheanachakr Kampuchea),

дзяржава ў Азіі на п-ве Індакітай. Мяжуе на З і ПнЗ з Тайландам, на Пн з Лаосам, на У з В’етнамам; паўд.-зах. яе берагі абмываюцца водамі Сіямскага заліва. Пл. 181 тыс. км². Нас. 11163,9 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Пнампень. Падзяляецца на 18 правінцый (кхэтаў) і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Дзярж. мова — кхмерская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 ліст.).

Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы прадстаўнічы орган — Нац. сход (120 членаў, выбіраюцца на 5 гадоў). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Каралеўскі ўрад.

Прырода. Большую ч. краіны займае Камбаджыйская раўніна, размешчаная ў ніжнім цячэнні р. Меконг. На З — горы Кравань выш. да 1813 м (г. Араль), на Пнпаўд. адгор’і куэставага ўступа Дангрэк, на Узах. адгор’і Чыангшон. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, фасфарыты, каменны вугаль, баксіты, алавяныя, свінцова-цынкавыя і вальфрамавыя руды, золата. Буд. матэрыялы: вапняк, пясчанік. базальт, гліна, жвір, мармур, граніт. Запасы каштоўных камянёў (сапфір, рубін, цыркон). Клімат субэкватарыяльны, з сухім сезонам у снеж.—красавіку. Т-ра паветра ўвесь год 25—30 °C. Ападкаў на раўніне 700—1500 мм, у гарах да 2000 мм за год. Рачная сетка густая. Гал. рака — Меконг. Для рэк характэрны ваганні ўзроўню вады (12—15 м у гарах, 7—9 м на раўніне). Глебы чырвоныя і алювіяльныя. Лясы і рэдкалессі займаюць 76% тэр. краіны. На У — лістападныя трапічныя, у гарах — вечназялёныя лясы, шмат каштоўных парод дрэў (сал, цік, лакавае, камфорнае). Пашыраны саванны. На водмелях — мангравыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. У лясах — тыгры, пантэры, чорныя мядзведзі. Шмат птушак. Буйное мелкаводнае воз. Танлесап багатас рыбай. Нац. парк Ангкор, некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Каля 90% насельніцтва — кхмеры, жывуць в’етнамцы (5%), кітайцы (1%), цямы (чамы), таі і інш. Большасць вернікаў — будысты (95%). За час праўлення рэжыму Пол Пота (1975—78) загінула і прапала без вестак каля 3 млн. чалавек; знішчана каля 90% мусульман, усе хрысціяне, большасць прадстаўнікоў нац. меншасцей. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 61,7 чал. на 1 км² Найб. шчыльн. у даліне р. Меконг, на ўзбярэжжы воз. Танлесап і Сіямскага заліва. Гар. насельніцтва 21%. Найб. гарады (тыс. чал.): Пнампень — 920 (1994), Кампонгсаам — 75 (1990).

Гісторыя. Продкі кхмераў (сучасных жыхароў К.) жылі на тэр. краіны з часоў неаліту (5-е тыс. да н.э.). У 1—2 ст. н.э. ў дэльце р. Меконг узнікла дзяржава Фунань. У сярэдзіне 5 ст. засн. дзяржава Чэнла (напачатку васальная Фунані, пазней незалежная). У сярэдзіне 6 ст. правіцелі Чэнлы, выкарыстаўшы дынастычныя спрэчкі ў Фунані, падпарадкавалі ўсю тэр. сучаснай К. У канцы 7 ст. Чэнла распалася на 2 дзяржавы — Чэнлу Зямлі і Чэнлу Вады. У 9 ст. пры ангкорскай дынастыі (заснавальнік Джаяварман II) на землях Фунані і Чэнлы пачала фарміравацца аб’яднаная дзяржава кхмераў Камбуджадэша. На 9—12 ст. прыпадае перыяд паліт. ўздыму і росквіту культуры, пераважна архітэктуры (гл. Ангкор).Пры Джаявармане VII (каля 1181 — каля 1219] Камбуджадэша дасягнула магутнасці і ўключала акрамя К. тэр. сучасных Бірмы, Лаоса, Тайланда, В’етнама і Малайзіі. Сталіцай імперыі быў Ангкор, пануючай рэлігіяй — індуізм. У канцы 13 ст. Камбуджадэша распалася, адначасова тут пашырыўся будызм. Пасля захопу Ангкора тайцамі (1432) сталіца К. перанесена ў Пнампень. У 15 ст. краіна трапіла ў залежнасць ад Сіяма (сучасны Тайланд) і В’етнама. У 16 ст. ў К. прыбылі першыя еўрапейцы. У 1863 кароль Нарадом I прызнаў пратэктарат Францыі, у 1884 К. стала франц. калоніяй (з 1887 у складзе Індакітая Французскага), што ў канцы 19 — пач. 20 ст. выклікала шэраг нац.-вызв. паўстанняў. У 2-ю сусв. вайну К. з 1941 акупіравана войскамі Японіі (да 1945) і Тайланда (да 1946). Пасля вайны нац.-вызв. барацьбу супраць французаў узначалілі рух Свабодныя кхмеры і камуніст. партыя.

У 1949 Францыя прызнала незалежнасць К. ў рамках Франц. Саюза, а ў 1953 дала ёй поўны дзярж. суверэнітэт і вывела свае войскі. Незалежнасць К. пацверджана Жэнеўскімі нарадамі 1954—59. У 1966 кароль К. ( з 1941) Нарадом Сіянук адрокся ад прастола на карысць свайго бацькі Нарадома Сурамарыта і стварыў паліт. арг-цыю Нар.-сацыяліст. супольнасць (Сангкум), якая перамагла на парламенцкіх выбарах 11.9.1955. Урад Сіянука ўзяў курс на пабудову «каралеўскага сацыялізму» (аднапарт. сістэма, планаванне ў эканоміцы, каапераванне ў сельскай гаспадарцы). У 1957 прыняты закон, які замацаваў за К. статус нейтральнай дзяржавы. У 1960 пасля смерці бацькі Сіянук абвешчаны кіраўніком дзяржавы. У час в’етн. вайны 1964—73 тэр. К. выкарыстоўвалася для стварэння баз В’етконга, што стала прычынай інспіраванага ў 1970 ЗША дзярж. перавароту ген. Лон Нола і ўводу ў К. амер. і паўд.-в’етн. войск. Была абвешчана Кхмерская рэспубліка. Сіянук эмігрыраваў у Кітай, дзе заснаваў Нац. адзіны фронт К. (НАФК), у склад якога ўвайшла і мааісцкая фракцыя камуніст. партыі «чырвоныя кхмеры»). НАФК вёў барацьбу супраць урадавых, амер. і паўд.-в’етн. войск, у 1975 яго атрады занялі Пнампень. Улада перайшла да «чырв. кхмераў», іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам; у 1976 Сіянук прымушаны да адстаўкі. Паводле канстытуцыі 1976 К. стала наз. Дэмакр. рэспублікай Кампучыя. У выніку праўлення «чырв. кхмераў», якія шляхам тэрору ўстанавілі рэжым генацыду, за няпоўныя 4 гады загінула да 3 млн. камбаджыйцаў. У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота стварылі Аб’яднаны фронт нац. выратавання Кампучыі, падтрыманы В’етнамам. В’етн. войскі ў студз. 1979 занялі Пнампень. Была абвешчана Нар. рэспубліка Кампучыя. У 1982 Сіянук узначаліў кааліцыйны ўрад у эміграцыі з удзелам груповак (у т. л. «чырв. кхмераў»), якія змагаліся з прав’етн. рэжымам у К. Паводле рашэння Парыжскай міжнар. канферэнцыі 1989 у вер. 1989 В’етнам пачаў вывад сваіх войск з К. У кастр. 1991 на Парыжскай канферэнцыі прынята рашэнне аб стварэнні Найвышэйшага нац. савета на чале з Сіянукам і правядзенні парламенцкіх выбараў пад кантролем Часовай адміністрацыі ААН. На выбарах у маі 1993 перамаглі прыхільнікі Сіянука. У вер. 1993 Канстытуцыйная асамблея абвясціла К. спадчыннай манархіяй, каралём стаў Сіянук. Быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з 2 прэм’ерамі — сынам Сіянука Нарадомам Ранарытам і Хун Сенам. «Чырв. кхмеры», якія байкатавалі выбары, распачалі ўзбр. барацьбу супраць новага ўрада. У ліп. 1997 Хун Сен абвінаваціў Ранарыта ў змове з «чырв. кхмерамі» і накіраваў супраць яго верныя яму войскі; прыхільнікі Ранарыта разбіты, сам ён пакінуў краіну. Прэм’ер-міністрам прызначаны Унг Хуот. К. — чл. ААН (з 1955), АСЕАН (з 1997). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1995.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць Адзіны нац. фронт за суверэнную, незалежную, нейтральную, мірную К., Нар. партыя К., Будыйская ліберальна-дэмакр. партыя, Нац. ліберальны рух К., Федэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. К. — аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7 млрд. дол. ЗША, на душу насельніцтва — 660 дол. ЗША. У сельскай гаспадарцы запята 69% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 31%. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП (%) — 47, прам-сці — 15, сферы паслуг — 35. Апрацоўваецца 2,9 млн. га зямлі (каля 50% пад рысам), каля 0,6 млн. га пад пашай. Пераважае дробнае землеўладанне і пач. формы кааперавання. Пасевы рысу (збор 3390 тыс. т, 1996), кукурузы (60 тыс. т), маніёку, ямсу, батату, соевых бабоў. Вырошчваюць какосавую і цукр. пальмы, цукр. трыснёг, бавоўнік, джут, кунжут, рамі, капок, сезам, арахіс, тытунь. Вял. значэнне маюць плантацыі гевеі. Вытв-сць натуральнага каўчуку каля 30 тыс. т за год. Развіта пладаводства (бананы, апельсіны, мандарыны, ананасы, манга), агародніцтва (баклажаны, гарбузы, перац, капуста і інш.). Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 2,8 (пераважна буйвалы), свіней — 2. Птушкагадоўля (куры, качкі, гусі). У харч. балансе краіны рыба займае другое месца пасля рысу. Улоў рыбы ў 1994—103 тыс. т. Штогод нарыхтоўваюць больш за 100 тыс. м³ каштоўнай драўніны (сандал, цік, палісандр, чорнае дрэва і інш.). У лесе збіраюць кардамон, гутаперчу, сыры лак. Прам-сць развіта слаба і спецыялізуецца пераважна на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Асн. галіны — харч. (рысаачышчальная, мукамольная, цукр., рыбаперапрацоўчая), лёгкая (баваўняная, джутавая, гарбарная), дрэваапр., папяровая, каўчукавая. Гал. цэнтры — Пнампень, Батамбанг, Кампонгсаам, Кампонгцям, Кампот. Ёсць металаапр., аўта- і трактаразборачны, суднарамонтны з-ды ў Пнампені і Кампонгсааме. На імпартнай сыравіне працуе нафтаперапр. з-д у Кампонгсааме. Вытв-сць фасфатных угнаенняў у Батамбанзе, буд. матэрыялаў (цэментны з-д) у Кампоце. Пашыраны невял. прадпрыемствы па вырабе цэглы, мыла, цыгарэт. Вытв-сць электраэнергіі 190 млн. кВт гадз (1995), пераважна на ЦЭС. Невял. здабыча жал. (запасы 6,5 млн. т) і марганцавых (запасы каля 120 тыс. т) руд, фасфарытаў, руд каляровых металаў, каштоўных камянёў, буд. матэрыялаў (запасы мармуру каля 65 тыс. т). Даўж. чыгункі 649 км, аўтадарог 14,8 тыс. км. Аўтапарк 37 тыс. машын, у т. л. 11 тыс. грузавых (1995). Вял. значэнне ў грузаабароце маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па р. Меконг. Гал. рачны порт — Пнампень, марскі — Кампонгсаам. Міжнар. аэрапорт у Пнампені. Экспарт (630,5 млн. дол. ЗША, 1994): каўчук, драўніна, рыс, рыба, фрукты, вострыя прыправы). Імпарт (240 млн. дол. ЗША, 1994): нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, буд. матэрыялы, харч. прадукты). Асн. гандл. партнёры: Сінгапур, Тайланд, В’етнам, Малайзія, Японія, Кітай. Грашовая адзінка — рыель.

Літаратура. Развіваецца на кхмерскай мове. Першыя вядомыя пісьмовыя помнікі — надпісы на камянях 7 ст. на санскрыце (у паэт. формах) і стараж.кхмерскай мове. Росквіт кхмерскай культуры, якая развівалася пад уплывам брахманізму і будызму махаяны, адносіцца да ангкорскага перыяду (9 — сярэдзіна 15 ст.); у гэты час у л-ры выкарыстоўвалася таксама мова палі. Да 15 ст. адносяць паэму «Тум і Тэаў» (зап. ў 19 ст.) пра трагічны лёс двух закаханых. У пасляангкорскі перыяд (сярэдзіна 15 — сярэдзіна 19 ст.) вылучаецца лірычная творчасць караля Сампхія (17 ст.) і яго творы ў жанры цьбапаў (законаў). Асобнае месца займае эпас «Рэамкер», сюжэт яго заснаваны на адной з версій «Рамаяны». Вельмі пашырана была будыйская л-ра (зб. «Панясаджатака»), У перыяд франц. каланіяльнага панавання (сярэдзіна 19 ст. — 1953) л-ра К. прадстаўлена пераважна паэзіяй, а таксама раманамі, сюжэты якіх запазычаны з будыйскіх зборнікаў (джатак). Сучасная проза пачала фарміравацца ў 1930-я г. (Ньёк Тхаем, Рым Кін, Ну Хач і інш.). Распрацоўваліся тэмы «маленькага чалавека», бяспраўя жанчыны, барацьбы з феад. перажыткамі. Адчуваецца некат. ўплыў франц. рамантызму. Пасля атрымання незалежнасці (1953) пачалі выдавацца часопісы, развіваліся публіцыстыка, літ.-знаўства. Прыкметнай з’явай стала творчасць празаіка Кіма Саета. На развіццё нац. культуры, у т. л. л-ры, адмоўна адбіліся падзеі ў краіне 2-й пал. 1970-х г. З 1980-х г. л-ра К. набыла магчымасць далейшага развіцця.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Фарміраваліся пад уплывам інд. мастацтва. Найб. стараж. помнікі — арнаментаваная кераміка неаліту, бронз. вырабы сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. У 6—7 ст. будаваліся свяцілішчы (прасаты) — прамавугольныя ў плане цагляныя вежы, падзеленыя пілястрамі і завершаныя пірамідай з несапраўдных паверхаў (Ангкор-Барэй і Самбор-Прэй-Кук); іх сцены аздаблялі разьбой па стуку, несапраўднымі парталамі. Індуісцкія і будыйскія статуі 2-й пал. 6 ст. вылучаліся абагульненай мадэліроўкай, умоўнай перадачай празрыстага адзення, падпарадкаванасцю архітэктуры. У сярэдзіне 6 ст. пачаў фарміравацца ўласна кхмерскі стыль. У 7—8 ст. з аслабленнем уплываў Індыі скульптура стала больш самабытнай (скульптура Харыхары з храма Прасат-Андэт, 8 ст.). Манум. цэласнасць аб’ёмаў спалучалася з мяккай лепкай аголенага цела і строгасцю фігуры. У 9—13 ст. статуі страцілі арх. залежнасць, набылі строгую франтальнасць, часам статычнасць, маналітную веліч і абагульненасць аб’ёмаў, што спалучалася з графічнай стылізацыяй дэталей. У 9 ст. склаўся тып арх. ансамбля з прасаты і дапаможных будынкаў з агароджай і павільёнамі-брамамі «гапура», пазней з галерэямі і каналамі (Баконг у Ролуасе). У 10 ст. будавалі з латэрыту і пясчаніку, пашырыўся разны дэкор, у пышны раслінны арнамент упляталіся выявы божастваў, нябесных паннаў, жывёл і пачвар (барэльефы ў храме Тула Баці). У 9—13 ст. склаўся гіганцкі комплекс Ангкор. З 14 ст. мураванае дойлідства заняпала, стараж. гаралы пакінуты. Будавалі драўляныя палацы і будыйскія храмы (каралеўскі палац і «Сярэбраная пагада» ў Пнампені; храм у г. Удонг) з галерэямі, аздобленыя разьбой, лепкай, размалёўкай золатам па лаку. Узводзілі каменныя звонападобныя ступы. Каменную скульптуру замяніла драўляная, рэльефы — размалёўка на тэмы будыйскіх паданняў. З 2-й пал. 19 ст. гарады забудоўвалі ў стылі франц. эклектыкі. У жывапісе канца 19 — пач. 20 ст. дэкар. стылізацыя спалучалася з рэаліст. выразнасцю твараў (Окна Тэп Німіт Тлак). З 1950-х г. пачалося планамернае горадабудаўніцтва ў традыцыях мясц. архітэктуры (арх. Ванмаліван) і сучасным стылі Масавая забудова — каркасныя дамы на палях. Развіваліся жывапіс і графіка (Нгок Дзім, Сам Юн). Традыц. нар. рамёствы — ручное шаўкаткацтва, батык, разьба па дрэве і слановай косці, гравіроўка па метале, размалёўка керамікі, вышыўка, выразанне са скуры (ажурныя пано, фігуры тэатра ценяў). У перыяд ваен. дзеянняў 1970—75 і праўлення «чырв. кхмераў» (1975—78) большасць кхмерскіх помнікаў мастацтва знішчана.

Літ.:

Миго А. Кхмсры: История Камбоджи с древнейших времен: Пер. с фр. М., 1973;

История Кампучии: Краткий очерк. М., 1981;

Бектимирова Н.Н., Дементьев Ю.П., Кобелев Е.В. Новейшая история Кампучии. М., 1989;

Бектимирова Н.Н. Кризис и падение монархического режима в Кампучии (1953—1970). М., 1987;

Мосяков Д.В. Кампучия: Особенности рев. процесса и полпотовский «эксперимент». М, 1986;

Яго ж. Камбоджа: внутреннее развитие, 1979—1989. М., 1991.

І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Камбоджы.
Да арт. Камбоджа. Вёска кхмераў.
Да арт. Камбоджа. Верхняя частка вежы храма Баён у Ангкор-Тхоме. 12—13 ст.
Да арт. Камбоджа. Барэльеф у храме Тула Баці.
Да арт. Камбоджа. Храм у г. Удонт.
Да арг. Камбоджа. Вышэйшы тэхналагічны інстытут у г. Пнампень.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)