дакументы, якія даюць іх уладальніку маёмасныя правы і права на атрыманне пэўных грашовых сум, даходаў. У залежнасці ад зафіксаваных у іх правоў адрозніваюць К.п. грашовыя (аблігацыі, вэксалі, чэкі і інш.), таварныя (канасаменты, складскія пасведчанні і інш.) і тыя, што замацоўваюць права ўдзельніцтва ў якой-н. кампаніі (акцыі, сертыфікаты на акцыі і інш.). У залежнасці ад спосабу вызначэння правамоцнасці асобы вылучаюць К.п. на прад’яўніка (уласнікам К.п. прызнаецца асоба, якая валодае дакументам), імянныя (у тэксце дакумента пазначана імя ўласніка), ордэрныя (прадугледжваюць магчымасць быць перададзенымі інш. асобе праз перадатачны надпіс на абаротным боку дакумента — індасамент). К.п. могуць быць аб’ектам куплі-продажу. Афармленне і рэквізіты К.п. павінны адпавядаць вызначаным патрабаванням. Гл. таксама Дзяржаўныя каштоўныя паперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛО́ЧКІ,
дзяржаўныя дзеячы ў ВКЛ герба «Павяла». Родапачынальнік Ян, што жыў у сярэдзіне 15 ст. і пакінуў сыноў Войцеха, Міхну, Мікалая і Алехну. З іх Войцех [каля 1450(?)—1514] служыў ахмістрам вял. княгіні Алены Іванаўны, набыў маёнтак Дарагова ў Новагародскім пав.; у канцы жыцця быў намеснікам ковенскім. Яго сын Мацей (каля 1480—1543), ваявода віцебскі з 1532 і адначасова (з 1533) намеснік Аболецкага маёнтка каралевы Боны Сфорцы, староста жамойцкі з 1542, часам выкарыстоўваў прозвішча Ахмістровіч. Быў жанаты з Кацярынай Глябовіч, спадчынніцай маёнтка Рудка на Падляшшы. У 1528 ставіў са сваіх маёнткаў у войска 65 коннікаў. Памёр без нашчадкаў. Іншыя галіны роду К. згаслі ў 2-й пал. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧУ́КІ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Сястрэнец» у ВКЛ. Родапачынальнік Кучук у 1382 быў каморнікам вял.кн. Ягайлы, удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) валодаў Дакудавам і Жырмунамі ў Лідскім пав., атрымаў ад вял. князя маёнтак Шчучын. Меў сына Яна (каля 1410 — каля 1478), маршалка гаспадарскага ў 1469—78 і намесніка лідскага ў 1473. Сынамі апошняга былі Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі ў 1482, і Войцех (каля 1440 — пач. 1506), маршалак гаспадарскі ў 1492—1505, намеснік уладзімірскі ў 1494 і ваўкавыскі ў 1496. Пасля смерці Войцеха радавыя маёнткі ў Лідскім пав. і выслужанае ім Палонна ў Луцкім пав. праз шлюб яго дачкі перайшлі да С.П.Кішкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род у Рэчы Паспалітай герба «Яніна» (некат. прадстаўнікі роду карысталіся гербам «Забава»). Найб. вядомыя:
Якуб (? — крас. 1587), падкаморы і канюшы каронны ў 1564—74. Канюшы дворны ВКЛ у 1565—87 (з перапынкам), староста геранёнскі, трабскі, ліпнішскі, дзевянішскі. Геранім (?—1630), сын Якуба пісар польны ВКЛ з 1611. Пасол на сеймы 1607 і 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у перагаворах пры заключэнні перамір’я 1618, у вайне з туркамі 1621. Пётр, сын Якуба, староста больніцкі, падваявода віленскі ў 1621. Андрэй, сын Якуба, стольнік брэсцкі ў 1632. Павел, сын Якуба, падсудак навагрудскі, падваявода ў 1633. Геранім (? — каля 1690), сын Паўла, падсудак слонімскі з 1650, падкаморы з 1661, маршалак з 1672. Шматразовы пасол на сеймы. У 1670—78 віцэ-адміністратар Гродзенскай эканоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНІ ДОЎГ,
агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЛІ́НІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак» у ВКЛ. Паходзілі, магчыма, з правасл. баярства Северскай зямлі. У сярэдзіне 15 ст. вядомы Яцка І., які атрымаў ад вял. князя Казіміра пацвярджэнне «отчины и дедины» ў Старадубскім і Радагошчанскім пав., с. Пожанка ў Клецкім княстве. Верагодна, яго братам быў Іван I. (? — каля 1490), намеснік драгічынскі (каля 1475), віцебскі (1482), смаленскі (1487). У канцы жыцця набыў Мір. Меў сыноў Мікалая і Юрыя, ад якіх пайшлі дзве галіны роду. Мікалай (? — каля 1500) быў намеснікам мінскім (1494), маршалкам гаспадарскім (1495), намеснікам смаленскім (1499). Юрый (? — 1527) быў маршалкам гаспадарскім і намеснікам лідскім (1500, паўторна прызначаны ў 1510), брэсцкім (1510), ковенскім (1514), маршалкам дворным (1519). Каля 1510 пабудаваў Мірскі замак. Яго ўнук Юрый (каля 1535 — каля 1565), апошні прадстаўнік роду І., з 1555 карыстаўся тытулам графа на Міры. Асн. маёнткі роду перайшлі да Радзівілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНЫ-ГРЫЧЫ́НАВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»). Паходзяць ад Войны (упамінаецца ў 1528), аднаго з баяр Грычынавічаў з маёнтка Парэчча ў Пінскім пав.Найб. вядомыя: Мацей, сын Войны, рэферэндар і пісар ВКЛ, падкаморы пінскі з 1566. Лаўрын (Ваўжынец; ? — 23.10.1580), сын Мацея. Староста пінскі (1574—80), гарадзенскі, кобрынскі, падскарбі надворны ВКЛ (1569), падскарбі земскі (1576). Сямён (?—1599), сын Мацея. Маршалак гаспадарскі (1584), кашталян мсціслаўскі (1588). Грыгорый (?—1603), сын Мацея, кашталян брэсцкі (1593). Сокал (?—1610), сын Мацея. Кашталян мсціслаўскі (1599), брэсцкі (1603). Габрыэль (?—1.1.1615), сын Мацея. Пісар ВКЛ (1585), падканцлер ВКЛ (1589). Прымаў удзел у ваенных паходах Стафана Баторыя, быў паслом Жыгімонта III Вазы ў Маскву. Бенядзікт (?—1615), сын Мацея. Сакратар вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Стафана Баторыя, біскуп віленскі (1600). Мацей (?—1607?), сын Лаўрына. Пісар ВКЛ (1589), падскарбі надворны ВКЛ (1605). Абрагам (1569—1649), сын Сямёна. Біскуп метонскі, жмудскі (1627) і віленскі (1630).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак». Вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. мелі маёнткі ў Віцебскім ваяв., Гродзенскім, Браслаўскім, Ковенскім пав., на Валыні. Найб. вядомыя:
Павел Юр’евіч, дваранін каралеўскі ў 1556, падкаморы гродзенскі ў 1568, архімандрыт гродзенскі і супрасльскі ў 1568—80. Андрэй Францішак (?—1682), староста гродзенскі з 1652, кухмістр ВКЛ з 1657, адначасова гараднічы віленскі ў 1657—65, пісар вялікі ВКЛ з 1658 і інш.Аляксандр (каля 1622—30.11.1686), царк. дзеяч, сакратар каралеўскі, рэгент вял. канцылярыі ВКЛ. Біскуп смаленскі (з 1672), віленскі (з 1684). Рыгор Юзаф (? — пач. 1724?), харунжы ў 1699—1700 і падстароста ў 1699—1704 гродзенскі, палкоўнік каралеўскі ў 1701, староста гродзенскі з 1706, лоўчы ВКЛ з 1710. Прыхільнік Сапегаў. У час.Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў, потым на баку Станіслава Ляшчынскага. Пасля рэстаўрацыі Аўгуста II у 1709 ваяваў супраць шведаў і Сапегаў, выступаў за вывад рас. войск з ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Ч (Аляксей Васілевіч) (н. 1.6.1945, в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У творчасці пераважае вобраз Мадонны, праз які ён увасабляе ідэалы дабра, чысціні і прыгажосці, сімвал жыцця і адраджэння слав. духоўнасці, боль за лёс духоўнай цывілізацыі; серыі «У раі» (1983—84), «Мадонна з паўшым анёлам» (1984—86), «Залатыя Мадонны», «Сярэбраныя Мадонны» (абедзве 1986—96), «Якая зышла з нябёсаў» (1988—96), «Палескія Мадонны» (1995—96), «Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў» (1996—98), «Дзяржаўныя мадонны», «Пакуты Русі ў 20 стагоддзі» (абедзве 1997—98) і інш. Тэму трагедыі народу раскрыў у творах «Памяці вязняў Гулага» (1975—89), «Прысвячэнне Чарнобылю» (1988), «Дзецям Чарнобыля» (1990) «Д’яблы над Руссю» (1995). Аўтар партрэтаў бел. акцёраў С.Станюты і Г.Макаравай, У.Гасцюхіна, З.Стомы, М.Яроменкі, кінарэжысёраў М.Пташука, В.Турава і інш.
Літ.:
Аляксей Кузьміч: [Альбом]. Мн., 1995.
А.Кузьміч. Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў. 1996—98.