КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.
2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.
3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),
запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАЗВАРО́Т,
рух лімфы ў лімфатычнай сістэме. За суткі ў чалавека з крыватоку крывацёку ў міжтканкавыя поласці фільтруецца каля 20 л вадкасці, у выглядзе лімфы вяртаецца 2—4 л, 50—100% бялкоў плазмы крыві, вугляводы, ліпіды і інш. Л. забяспечваецца: наяўнасцю клапанаў у лімфатычных сасудах, што перашкаджаюць зваротнаму току лімфы; фазнымі рытмічнымі скарачэннямі (з частатой 10—20 за мін) сценак некаторых лімфатычных сасудаў; скарачэннем гладкамышачных капсул лімфатычных вузлоў; адмоўным ціскам у грудной поласці; скарачэннем мускулатуры; гідрастатычным і анкатычным ціскам тканкавай вадкасці. Рэгулюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ДНІ МОСТ,
сукупнасць вузлоў ці асобных агрэгатаў шасі самаходных машын (аўтамабіля, трактара і інш.), якая з’яўляецца апорай задняй часткі машыны і звычайна перадае вярчальны момант ад карданнага вала ці непасрэдна каробкі перадач рухачу. Мае картэр, кажухі паўвосей, гал. перадачу з дыферэнцыялам і паўвосі. На З.м. ўстанаўліваюць колавыя тармазы і калодкі з коламі. Злучаецца з рамай (ці нясучым кузавам) непасрэдна (калі заднія колы маюць незалежную падвеску) або з дапамогай падвескі.
Задні мост аўтамабіля: 1 — вал; 2, 3 — галоўная перадача; 4 — дыферэнцыял; 5 — паўвось; 6 — картэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ЗАВО́Д ГА́ЗАВАЙ АПАРАТУ́РЫ.
Засн. ў 1944 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. як райпрамкамбінат, з 1960 з-д «Металіст», з 1966 сучасная назва, з 1994 адкрытае акц.т-ва. У 1967 уведзены ў дзеянне цэх прылад і рэканструяваны механазборачны, у 1971 рэканструяваны цэх газавых балонаў. У 1976 асвоены выпуск парашковых вогнетушыцеляў для аўтамабіляў. З 1977 працуе цэх па вытв-сці камплектаў вузлоў і дэталей. Асн. прадукцыя (1999): газавыя балоны, апаратура (вентылі, рэдуктары, клапаны), вогнетушыцелі, газабалонныя сістэмы для аўтамабіляў, газавыя воданагравальныя калонкі і быт. прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛУО́КІ (Milwaukee),
горад на Пн ЗША, у штаце Вісконсін. Каля 630 тыс.ж., з прыгарадамі 1,7 тыс.ж. (1998). Порт на воз. Мічыган, пры ўпадзенні р. Мілуокі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр маш.-буд. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць рухавікоў, станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, электраматораў, трансфарматараў, с.-г., дарожна-буд. машын, горнага абсталявання і інш. металаёмістай прадукцыі; аўтамаб. (вытв-сцьвузлоў і дэталей), прыладабуд., ваенная прам-сць. Чорная і каляровая металургія. Хім., нафтахім., харчасмакавая, паліграф.прам-сць. 2 ун-ты, кансерваторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТАНО́СЕЦ,
баявы надводны карабель для групавога базіравання марскіх верталётаў. Мае ўзлётна-пасадачныя пляцоўкі, ангары (пад палётнай палубай) са спец. ліфтамі для пад’ёму верталётаў, памяшканні для іх абслугоўвання і рамонту. Аснашчаецца сродкамі сувязі і кіравання верталётамі, зенітнымі і процікарабельнымі ракетнымі і артыл. комплексамі, процілодачнай зброяй (бамбамёты і інш.). Падзяляюцца на процілодачныя (вядуць пошук і знішчаюць падводныя лодкі, маюць да 32 верталётаў) і дэсантныя (бяруць да 2 тыс. марскіх пехацінцаў для высадкі дэсанту). Водазмяшчэнне да 20 тыс.т, скорасць ходу да 30 вузлоў (55 км/гадз). Карабель для базіравання баявых самалётаў і верталётаў наз.авіяносец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙТАН (Dayton),
горад на ПнУ ЗША, на р. Маямі, у штаце Агайо. Засн. ў 1796. 182 тыс.ж., з г. Спрынгфілд і агульнымі прыгарадамі каля 950 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны цэнтр машынабудавання: вытв-сць станкоў, інструментаў, кавальска-прэсавай і выліч. тэхнікі, авіяц. і ракетнага абсталявання, дэталей і вузлоў для аўтамабіляў, абсталявання для харч. і паліграф. прам-сці, электрабыт. прылад, рознай прамысл. тэхнікі. Развіта таксама металаапр., металургічная, папяровая, хім., паліграф.прам-сць. Перапрацоўка пластмас. 2 ун-ты. Даследчы цэнтр аэранаўтыкі і база ВПС ЗША Райт-Патэрсан. Музей авіяцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАРО́Й (ад гема... + грэч. rheō цяку),
пачачуй, вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.
Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр.вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУЯВА́ННЕ,
стварэнне канструкцыі якога-н. збудавання, машыны, мадэлі, вырабу і інш. паводле праекта, плана або разлікаў. Складаныя вырабы распрацоўваюць спец. арг-цыі — канструктарскія бюро (КБ).
К. пачынаецца з задання, якое дае заказчык. У ім указваюцца зыходныя патрабаванні, напр., для машыны — яе прызначэнне і асн. параметры. КБ складае тэхн. заданне — гал. дакумент для канструктара. Пры К. ствараюць новыя дэталі машыны, падбіраюць існуючыя (камплектуючыя) з улікам стандартызацыі, узаемазамяняльнасці і уніфікаванасці дэталей і вузлоў. Матэрыял для канструкцыі падбіраюць з улікам яго тэхналагічнасці, трываласці і надзейнасці. Побач з інж. К. існуе і мастацкае канструяванне ў адпаведнасці з прынцыпамі тэхнічнай эстэтыкі. Гл. таксама Праектаванне.